У кожнага рэгіёна павінен быць свой унікальны брэнд

- 10:53Інфармацыйная гадзіна

Аб гэтым заявіў міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў на пасяджэнні Полацкага райвыканкама ў час абмеркавання праекта комплексу мер па развіцці Полацкага раёна на перыяд да 2025 года, паведамілі ў прэс-службе Мінэканомікі.

“У мінулай пяцігодцы мы адышлі ад агульнага планавання развіцця рэгіёнаў. У кожнага раёна павінна быць свая дарожная карта, свой эканамічны шлях з улікам асаблівасцей і спецыфікі развіцця. Размова ідзе аб прамысловых магчымасцях, геаграфічным размяшчэнні, чалавечым патэнцыяле канкрэтнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі і многіх іншых фактарах”, — падкрэсліў Аляксандр Чарвякоў.

У Полацкага раёна ёсць свае ўнікальныя магчымасці, якім неабходна задаць маштабны вектар развіцця. Распрацаваны комплекс мер мае мэтавы характар і накіраваны на раскрыццё турыстычнага і гісторыка-культурнага патэнцыялу рэгіёна, а таксама на стварэнне камфортных умоў для жыцця насельніцтва і знаходжання турыстаў.

Паводле слоў міністра, перспектывы развіцця турызму ў Полацкім раёне абмяркоўваюцца не першы год. “Меры, прадугледжаныя дакументам, стануць штуршком для запуску брэнда Полацкага рэгіёна як турыстычнага і гісторыка-культурнага цэнтра. Дзякуючы комплекснай і паслядоўнай рабоце, з’явяцца інфраструктура і новыя рабочыя месцы, палепшыцца якасць пітной вады, павысіцца даступнасць медыцынскай дапамогі і адукацыі. Такія падыходы да стварэння пазнавальнага ўласнага рэгіянальнага аблічча неабходна экстрапаліраваць на кожны раён краіны”, — сказаў ён.

Комплекс мер уключае больш за 80 мерапрыемстваў. На яго рэалізацыю, як адзначыў Аляксандр Чарвякоў, у цэлым неабходна каля Br260 млн.

Распрацоўка гэтага дакумента вялася сумесна з Мінфінам, Міністэрствам спорту і турызму, Мінкультуры, Міністэрствам адукацыі, Міністэрствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі і інш.

Прадстаўнікі гэтых ведамстваў прынялі ўд зел у пасяджэнні Полацкага райвыканкама. Па выніках абмеркавання комплексу мер і наступнай дапрацоўкі плануецца яго зацвярджэнне на ўзроўні ўрада.