У кожнай сталічнай школе і гімназіі плануюць запусціць праекты «Школьны медыяцэнтр» і «Школьны тэатр»

- 10:02Актуально

Мінскі гарадскі адукацыйны форум “Якасць адукацыі сёння — паспяховая будучыня заўтра” сабраў напярэдадні новага навучальнага года педагагічных работнікаў сталіцы. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Поле дзейнасці

У Мінскім гарадскім палацы культуры ў рэжыме адкрытага дыялогу былі абмеркаваны вынікі работы сталічнай сістэмы адукацыі за мінулы год, вызначаны прыярытэтныя напрамкі ўдасканалення адукацыйнага працэсу і кропкі росту, пастаўлены задачы на 2024/2025 навучальны год.

Сталічная сістэма адукацыі дасягнула ў мінулым годзе значных поспехаў. Пра прафесіяналізм мінскіх педагогаў сведчаць вынікі конкурсаў прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” і “Педагагічны дэбют”. Каманда навучэнцаў Мінска заняла 1-е месца на рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах. Паспяхова выступілі сталічныя навучэнцы і на міжнароднай арэне па матэматыцы, хіміі,  фізіцы, біялогіі, рускай мове і літаратуры. 200 лепшых школьнікаў узнагароджаны прэміямі Мінгарсавета. Больш за 80% дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці інтэграваны ў адукацыю на яе розных узроўнях.

— У нас ёсць поле для дзейнасці як у выхаваўчай рабоце, так і ў навучанні. Мы разумеем, што сёння можам абапірацца на традыцыйную сістэму нашай работы, але час патрабуе кожны раз уносіць штосьці новае, — адзначыла старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Марына Ільіна.

Адзін з прыярытэтаў — умацаванне адзі­нага выхаваўчага асяроддзя, заснаванага на ідэнтычнасці і традыцыйных каштоўнасцях, патрыятызме, адказнасці за сваю краіну. Важнейшы прынцып — максімальнае пагружэнне ў яе кожнага дзіцяці: ад выхаванца дашкольнай установы да навучэнца каледжа. У сталіцы ў працэс выхавання ўбудавана сацыякультурная прастора горада. Пашыраецца сетка ваенна-патрыятычных клубаў і класаў. У школах і гімназіях ужо адкрыта больш за 600 музеяў і музейных экспазіцый, вядзецца пошукавая і даследчая работа. Трэцяя частка сталічных устаноў агульнай сярэдняй адукацыі носіць імёны герояў. І гэтая дзей­насць будзе працягнута.

Старшыня камітэта па адукацыі прэзентавала і новыя праекты, якія будуць рэалізоўвацца ў новым навучальным годзе. Адзін з іх — інфармацыйна-асветніцкі праект “Кропка апоры” — гэта серыя сустрэч і дыя­логаў з медыйнымі персонамі, грамадскімі дзеячамі, лідарамі меркаванняў, адкрытыя дыялогі з педагогамі. Таксама ў кожнай школе і гімназіі плануецца запусціць такія праекты, як “Школьны медыяцэнтр” і “Школьны тэатр”. Па сваёй сутнасці гэта клубныя аб’яднанні па інтарэсах, фармат работы якіх — зона псіхалагічнага камфорту, экалагічная бяспека вучняў. Запускаецца і праект для педагогаў “Пра адукацыю і не толькі”, накіраваны на фарміраванне ў педагогаў актыўных адносін да таго, што адбываецца, усведамленне сэнсу сваёй работы і вынікаючай з гэтага прафесійнай і грамадзянскай пазіцыі.

Кропкі росту

Як адзначалася, каб паспяваць за выклікамі часу, неабходна ставіць перад сабой новыя перспектыўныя і амбіцыйныя задачы. Сярод іх — павышэнне якасці вынікаў пры завяршэнні навучання і выхавання ў школе, актыўная арыентацыя на будучую прафесію, рацыянальнае фарміраванне сеткі профільных класаў з прыярытэтам прадметам тэхніка-тэхнічнай накіраванасці. У кожнай установе адукацыі павінна быць выбудавана свая тактыка развіцця класаў прафесійнай накіраванасці (а іх у новым навучальным годзе будзе адкрыта 279), неабходна павялічыць колькасць класаў з вывучэннем кітайскай мовы, нарошч­ваць якасць падрыхтоўкі ў алімпіядным руху.

— Плануецца скарачэнне базавых 10-х класаў да 38%. Патрэба рынку працы ў кваліфікаваных кадрах кожны год расце. Каледжам і школам неабходна сумесна і паступальна прадоўжыць станоўчае пазіцыянаванне і прасоўванне прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. У навучэнцаў павінна скласціся формула: навучанне ў каледжы роўна жыццёвы поспех, — лічыць Марына Ільіна. — Сёлета мы прымем у каманду сталічнай адукацыі шэсць каледжаў вышэйшых навучальных устаноў. Трэба выбудоў­ваць работу такім чынам, каб разумець, якія сёння спецыялісты, прафесіі неабходны, працаваць напрамую з заказчыкамі кад­раў і забяспечваць Мінск кваліфікаванымі работнікамі.

Якасць адукацыі як брэнд

— Мы імкнёмся да таго, каб якасць адукацыі сёння сапраўды стала брэндам нашай краіны. Да гэтага ёсць усе перадумовы, — падкрэсліў міністр адукацыі Андрэй Іванец. — У Беларусі выбудавана дзейсная сістэма кантролю ведаў вучняў. Мы ўжо другі год праводзім ЦЭ і бачым, што гэта аб’ектыўная, справядлівая, празрыстая ацэнка ведаў не толькі нашых выпускнікоў, але і іншых абітурыентаў, якія паступаюць ва ўніверсітэты. Сёлета мы сумясцілі правя­дзенне ЦТ з ЦЭ. Адзіныя тэрміны, адзіныя заданні — і мы ўбачылі, што гэта дало свой вынік у выглядзе празрыстасці праведзенай уступнай кампаніі. Больш за тое, сёлета дастаткова сур’ёзна выраслі прахадныя балы ва ўсе ўніверсітэты. Мы бачым, што навучэнцы становяцца матываванымі, робяць усвядомлены выбар не толькі сваёй будучай прафесіі, але і ўніверсітэта, у які хочуць паступіць.

Андрэй Іванец звярнуў увагу педагогаў на пытанні патрыятычнага выхавання моладзі, навучання дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечных умовах, кадравым забеспячэнні галіны.

— Пытанні прафілізацыі з’яўляюцца асноўнымі для павышэння якасці адукацыі. Вучні, якія закончылі профільныя класы, паказалі больш высокія вынікі на ЦЭ: плюс 10—15 балаў вышэй за тых навучэнцаў, якія вучыліся ў базавых класах. Таму трэцюю ступень адукацыі неабходна зра­біць максімальна прафілізаванай, — лі­чыць міністр. — Сёлета абноўлены вучэбныя праграмы для ўсіх відаў класаў прафесійнай накіраванасці. У прыватнасці, з’явіцца так званы варыятыўны кампанент: раз у месяц вучні будуць наведваць прад­прыемствы нашай краіны.

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава адначыла высокі прафесіяналізм сталічных настаўнікаў.

— Ад педагогаў залежыць будучыня нашай краіны. Дзякую ўсім работнікам сістэмы адукацыі Мінска за вашу працу. Прый­дзе дзіця да вас — і яго неабходна навучыць, каб яно ведала фізіку, матэматыку, умела правільна пісаць, добра гаварыць, было сапраўдным патрыётам сваёй краіны. Гэтая праца няпростая і вельмі важная, бо на вашых плячах ляжыць выхаванне гэтага маладога чалавека. Хачу падзякаваць ветэранам педагагічнай працы за тое, што вы ўсе добрыя традыцыі мінскай адукацыі перадаяце з пакалення ў пакаленне. Вы дасягнулі станоўчых вынікаў. Мінская адукацыя — гэта сур’ёзная работа, — падкрэсліла Наталля Іванаўна.

Закранула Н.Качанава і пытанні працаўладкавання маладых спецыялістаў. У Мінску замацавальнасць педагагічных кад­раў на першых рабочых месцах — больш за 70%.

— Хтосьці можа сказаць: якое дасягненне — застацца ў Мінску? Бо гаворка ідзе не пра аграгарадок і не пра сельскую мясцовасць. Зусім не. Мінская адукацыя — гэта сур’ёзная работа яшчэ і таму, што тут сапраўды больш складаны кантынгент, у тым ліку ў плане бацькоў. А таму перад педагогамі стаяць задачы не толькі добра выконваць сваю работу, вучыць прадмету, выхоўваючы дзіця, але і, безумоўна, працаваць з бацькамі, — пераканана Наталля  Качанава.

У межах форуму прайшла цырымонія ўзнагароджання педагогаў. Нагрудным знакам Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі” ўзнагароджаны настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 імя Ф.Скарыны Таццяна Каўлярова, настаўніца біялогіі гімназіі № 37 Галіна Пракоф’ева, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 26 Анжаліка Чамко.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара і БелТА