У кожным раёне Беларусі па выніках даследчай дзейнасці навучэнцаў будзе створаны каталог аб’ектаў воінскай славы

- 9:00Главная, Новости

Пра патэнцыял музейнай і пошукавай дзейнасці ва ўстановах адукацыі на канкрэтных прыкладах карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» расказала дырэктар Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Алена Ануфровіч.

— Ва ўстановах адукацыі краіны сёння дзейнічае каля 1500 музеяў, з іх больш за 200 — ваенна-гістарычнага профілю. Створана больш за 2800 экспазіцый, прысвечаных генацыду. Арганізавана работа больш як 580 пошукавых аб’яднанняў, — адзначае А. Ануфровіч. — Так, у Пастаўскай гімназіі Віцебскай вобласці дзейнічае аб’яднанне «Пошукавікі-даследчыкі». У 2023 г. яго ўдзельнікі былі задзейнічаны ў рабоце, арганізаванай пракуратурай Пастаўскага раёна, па вызначэнні месца расстрэлу мясцовых жыхароў у лістападзе 1942-га ў вёсцы Лучай Навасёлкаўскага сельскага Савета Пастаўскага раёна. А пошукавы атрад сярэдняй школы № 40 Віцебска далучыўся да работ па пад’ёме астанкаў 127 байцоў, якія загінулі на подступах да Віцебска і ў далейшым былі ўрачыста перапахаваны 28 ліпеня ў аг. Вароны. Комплексная работа па шэрагу напрамкаў праводзіцца пошукавым клубам «Пунсовыя пагоны» Гомельскага кадэцкага вучылішча, які вясной 2023 г. сумесна з 52-м пошукавым батальёнам і следчай групай працягнуў работы ў Чэнкаўскім лесе. Летам была праведзена пяцідзённая экспедыцыя па пошуку новых пахаванняў, пад’ёме астанкаў і рэкультывацыі пахавальных ям.

Навучэнцы працуюць з архівамі ўстаноў нашай краіны і замежжа, са звесткамі, прадстаўленымі на сайтах АБД «Мемарыял», «Подзвіг народа», «Памяць народа» і ў іншых пошукавых электронных базах, праводзяць разведвальныя экспедыцыі і паходы. Выяўленыя няўлічаныя пахаванні, устаноўленыя імёны загінуўшых і другая інфармацыя перадаецца ў раённыя ваенныя камісарыяты і ва ўпраўленне па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл, у тым ліку для ўнясення ў аўтаматызаваны банк даных «Кніга памяці» Рэспублікі Беларусь.

— Так, у маі 2023-га навучэнцы сярэдняй школы № 1 Баранавіч імя С.І. Грыцаўца ўстанавілі прозвішчы 7 невядомых воінаў, пахаваных у пасёлку Першамайскі Баранавіцкага раёна. Таксама ўстаноўлены прозвішчы 36 салдат і афіцэраў, якія загінулі пры вызваленні горада і памерлі ў шпіталях горада з ліпеня 1944 па май 1945 года. Звесткі пра іх адсутнічалі ў спісах воінскіх пахаванняў і базах Міністэрства абароны, дакументы перададзены для разгляду ў адпаведныя органы, — падзялілася суразмоўніца.

Пошукавыя аб’яднанні вядуць архіўна-даследчую работу па выяўленні невядомых (няўлічаных) месцаў пахаванняў загінуўшых воінаў і мірных жыхароў, устанаўленні іх імёнаў, наладжванні кантактаў са сваякамі, а таксама па навядзенні парадку на тэрыторыі аб’ектаў воінскай славы.

У рамках правядзення «Вахты памяці» ва ўсіх рэгіёнах краіны памятныя аб’екты (пахаванні воінаў і мірных жыхароў, помнікі і мемарыяльныя комплексы) замацаваны за ўстановамі адукацыі. Арганізавана іх добраўпарадкаванне і правядзенне цырыманіяльных мітынгаў і нясенне Вахты Памяці.

Плануецца, што ў 2024 г. вынікам даследчай дзейнасці навучэнцаў стане стварэнне ў кожным раёне каталогаў аб’ектаў воінскай славы з іх апісаннем.

***

Як далучыць навучэнцаў да дзейнасці па захаванні гістарычнай спадчыны краіны? Праз практычныя справы, удзел у праектах.

— У сакавіку гэтага года прайшоў адкрыты конкурс «Вогненныя сёстры Хатыні», прысвечаны Хатынскай трагедыі. Па выніках выдадзены зборнік творчых работ школьнікаў, — працягвае А. Ануфровіч. — Трэці год рэалізуюцца мерапрыемствы Усебеларускай маладзёжнай экспедыцыі «Маршрутамі памяці. Маршрутамі адзінства». Асаблівая ўвага ўдзелена распрацоўцы маршрутаў ваенна-гістарычнай накіраванасці і іх наведванню моладдзю краіны. Дзякуючы рэспубліканскім праектам па тэме Вялікай Перамогі практычна кожны можа ўключыцца ў тыя ці іншыя конкурсы і акцыі. У лістападзе будуць падведзены вынікі патрыятычнай акцыі «Іх подзвіг у памяці нашчадкаў захаваем». 620 праектаў навучэнцаў прадстаўляюць даследаванні аб подзвігах землякоў на франтах і ў тыле, а таксама мерапрыемствы, накіраваныя на ўвекавечанне і захаванне памяці аб гераізме і мужнасці беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Па выніках даследчай работы папаўняюцца інфармацыйныя рэсурсы звесткамі аб земляках, удзельніках вайны.

***

Сёння рэалізуецца праект па стварэнні рэспубліканскай інтэрактыўнай карты, на якой будзе прадстаўлена комплексная інфармацыя аб усіх музеях устаноў адукацыі краіны (мы пісалі аб гэтым тут). Многія з іх ужо ўключаны ў пералік рэгіянальных турыстычных маршрутаў, у іх арганізаваны экскурсіі як у афлайн, так і ў анлайн-рэжыме. Пастаўлена задача забяспечыць папаўненне фондаў музеяў ваенна-гістарычнага профілю, музейных экспазіцый, стварыць новыя экспазіцыі па тэме Вялікай Айчыннай вайны на аснове мясцовага краязнаўчага матэрыялу.

— У маі 2023 г. у Мінску прайшоў рэспубліканскі форум музеяў устаноў адукацыі. Створаны прэзентацыйныя ролікі аб дзейнасці школьных музеяў, якія размешчаны для выкарыстання на платформе «Патриот.by», — расказала А. Ануфровіч. — Знакавай падзеяй у гэтым годзе стала правядзенне Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства і Нацыянальным гістарычным музеем сумеснага музейнага праекта, у рамках якога штомесяц лепшыя профільныя музеі краіны прадстаўляюць свае экспазіцыі ў «Гасцёўні Уладзіслава Галубка» — філіяле Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры. Так, напярэдадні Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа была адкрыта і дзейнічала выстава ўнікальных экспазіцый музеяў устаноў адукацыі ваенна-гістарычнага профілю з усіх абласцей і Мінска.

У гэтым навучальным годзе стартаваў рэспубліканскі конкурс «Лепшыя практыкі і метадычныя інструментарыі ў патрыятычным выхаванні». Запланавана рэалізацыя праекта «Панарама педагагічнага вопыту «Музеі ўстаноў адукацыі: эфектыўныя практыкі грамадзянска-патрыятычнага выхавання»». Мерапрыемствы праекта пройдуць з лістапада 2023 па май 2024 года і ахопяць усе рэгіёны Беларусі.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота Ігара ГРЭЧКІ і з архіва ўстановы