Кожны дзень конкурсы, квесты, спартыўныя і творчыя спаборніцтвы — лета маладыя педагогі, муж і жонка Сечко, праводзяць не сумна, а актыўна і пазітыўна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Педагогі-філолагі Артур Юр’евіч і Аліна Юр’еўна Сечко — выпускнікі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна. Ён працуе настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе № 5 Ваўкавыска, а яна прывівае дзецям любоў да роднай мовы ў Субацкай сярэдняй школе. І вось ужо другое лета запар муж з жонкай працуюць важатымі ў летнім аздараўленчым лагеры “Рось”, што ў вёсцы Цеалін Ваўкавыскага раёна.
— Працаваць тут даволі весела. На плечы выхавальнікаў кладзецца ўся крэатыўная праца, якую ў іншых лагерах могуць, напрыклад, выконваць педагогі-арганізатары. Мы не толькі сочым за побытам дзяцей, але і праводзім разам з імі ўвесь вольны час, прыдумваем і рыхтуем штодзённыя танцавальныя, песенныя, тэатральныя нумары і іншыя творчыя выступленні, — расказвае Артур Юр’евіч. — Кожны дзень займаемся нейкім відам спорту. Гуляем у футбол, валейбол, баскетбол, настольны тэніс, ходзім плаваць на возера.
Сустракацца Аліна і Артур пачалі ў часы студэнцтва, шэсць гадоў назад, а пажаніліся ў мінулым жніўні, так што зусім хутка іх чакае першая сямейная ўрачыстасць — гадавіна вяселля. Артур Сечко ўпершыню адправіўся працаваць у “Рось” тры гады назад. Новы вопыт сумяшчэння педагогікі і адпачынку яму спадабаўся, і ўжо праз год ён прыехаў сюды са сваёй будучай жонкай. Сёння яны працуюць у чацвёртым атрадзе, дзе ў іх 27 падапечных 11—13 гадоў. Дарэчы, сярод дзяцей нямала тых, хто прыязджае адпачыць у лагер не першы раз і ўжо добра знаёмы з важатымі, таму гэтым летам хацеў трапіць менавіта на іх змену, да іх у атрад.
— Калі я пераехала жыць у Ваўкавыск з роднага Брэста, Артур прапанаваў мне папрацаваць летам разам, — прыгадвае, як стала важатай, Аліна Сечко. — Кожны дзень тут праходзіць насычана, весела і пазнавальна. У лагеры вельмі прыемная атмасфера. Амаль увесь час дзеці праводзяць без тэлефонаў, а таму ўцягнуты ва ўсе актыўнасці, якія прадугледжаны праграмай змены. Смартфоны ім выдаюцца на пару гадзін па вечарах, каб яны маглі патэлефанаваць родным, сфатаграфавацца, зняць відэа, праверыць стужкі сацсетак. На працягу змены за добрыя, карысныя і важныя справы выхаванцы ўсіх атрадаў зарабляюць бонусы на карысць атрада ці для сябе. У мінулым годзе, калі была змена “Горад маёй мары”, выхаванцы збіралі грошы-цеалінкі, каб набыць будынкі для горада сваёй мары, а ў гэтым годзе яны збіраюць гадзіны і мінуты. Тэма гэтай змены — “Патруль часу”, таму і мясцовая валюта сімвалізуе час. Такі спаборніцкі момант матывуе хлопчыкаў і дзяўчынак быць актыўнымі ў грамадскай рабоце, дапамагаць у навядзенні парадку на тэрыторыі, паліве кветак. Да таго ж такая дзейнасць згуртоўвае дзяцей. Праз чатыры-пяць дзён яны ўжо сябруюць усім атрадам, а потым і атрадамі. Асабліва прыемна глядзець, як старэйшыя дапамагаюць малодшым. Саперніцтва за перамогу ў конкурсах цудоўным чынам спалучаецца з узаемадапамогай і выручкай. Літаральна на 10—15 мінут спаборніцтва яны становяцца канкурэнтамі, а ўвесь астатні час застаюцца лепшымі сябрамі.
Кожны вечар выхаванцы лагера, запаўняючы экран настрою, зафарбоўваюць клетачку, якая сімвалізуе пройдзены дзень, пэўным колерам. Чырвоны сімвалізуе ўзнёслы настрой, жоўты — вясёлы, зялёны — спакойны і г.д. Цёмныя колеры на экране адлюстроўваюцца нячаста. Звычайна іх можна ўбачыць у пачатку змены, калі дзеці яшчэ не знаёмы адно з адным, адаптуюцца да новых умоў і новых людзей.
Як настаўнікі беларускай мовы і літаратуры педагогі праводзяць конкурсы, прысвечаныя веданню роднай мовы, беларускай культуры. Іх выхаванцам асабліва падабаюцца конкурсы накшталт “Сваёй гульні”, калі можна, выбіраючы заданні нізкага і высокага ўзроўняў складанасці, зарабляць правільнымі адказамі розную колькасць балаў, разгадваючы метаграмы, шарады, рэбусы. Увогуле, вывучаць беларускую мову дзецям больш за ўсё падабаецца праз гульні.
Познім вечарам і выхаванцы, і выхавальнікі, дабраўшыся да ложка, імгненна засынаюць. На пытанне, ці ўдаецца сумяшчаць работу ў лагеры з адпачынкам, педагогі адказваюць, што гэта ўдаецца тым, хто аддае перавагу актыўнаму адпачынку, а не пасіўнаму.
Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота аўтара