Днямі ў Міністэрстве адукацыі адбылося ўрачыстае ўганараванне пераможцаў і прызёраў XVIII Сусветнай летняй універсіяды, якая прайшла сёлета ў карэйскім Кванджу. Беларуская каманда, нягледзячы на невялікі склад дэлегацыі, здолела паказаць годныя вынікі, што, па сутнасці, стала традыцыяй беларускага студэнцкага спорту.
Нагадаем нашым чытачам, што найбольшы ўклад ва ўніверсіядскую скарбонку каманды зрабілі гімнастка Меліціна Станюта і плывец Яўген Цуркін. На рахунку Меліціны 4 ўзнагароды: залаты медаль у практыкаваннях з лентай, сярэбраны — у кампазіцыі з булавамі і два бронзавыя медалі ў індывідуальным мнагаборстве і практыкаваннях з абручом. Яўген Цуркін стаў чэмпіёнам універсіяды на дыстанцыі 50 м вольным стылем, заваяваў “серабро” на дыстанцыі 50 м батэрфляем і “бронзу” на дыстанцыі 100 м батэрфляем.“Гэта незабыўны момант, калі ты стаіш на п’едэстале, калі гучыць гімн тваёй краіны і сцяг Беларусі ўзвышаецца над усімі”, — адзначыў падчас сустрэчы Яўген.
Меліціна Станюта падкрэсліла, што перамогі ніколі не даваліся ёй лёгка, таму ўзнагароды ўніверсіяды для яе вельмі каштоўныя.
Спартсмены атрымалі не толькі віншаванні ад міністра адукацыі Міхаіла Жураўкова, намесніка міністра адукацыі Віктара Якжыка, дырэктара Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання навучэнцаў і студэнтаў Валянціны Баляба, але і значныя грашовыя прэміі, памер якіх залежаў ад гатунку заваяваных медалёў.
Тэнісістка Лідзія Марозава, кідальніца кап’я Таццяна Халадовіч, кідальнік молата Павел Барэйша, прадстаўніцы акадэмічнага веславання Хрысціна Стараселец і Таццяна Клімовіч — усе яны ўвайшлі ў гісторыю беларускага студэнцкага спорту.
“Тыя намаганні, якія прыкладаюцца для падтрымкі студэнцкага спорту на ўзроўні ўрада і кіраўніка нашай дзяржавы, не застаюцца без выніку, — рэзюмаваў М.А.Жураўкоў. — Гэта пацвярджаюць узнагароды, якія заваёўваюць нашы студэнты на найбуйнейшых міжнародных спартыўных форумах, у тым ліку і на сусветных універсіядах”.
Наталля АЛЁХІНА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.