Абмяняцца вопытам, падзяліцца ідэямі і дзейснымі прафесійнымі напрацоўкамі — такія магчымасці прадаставіў магілёўскім педагогам фестываль эфектыўных педагагічных практык праграмы “Настаўнік для Беларусі”.
Мерапрыемства прайшло на базе Магілёўскага абласнога інстытута развіцця адукацыі і аб’яднала больш за 100 настаўнікаў з розных куткоў рэгіёна. Дэвізам фестывалю стаў слоган “Больш чым настаўнік”. На метадычных пляцоўках абмяркоўваліся спосабы павышэння педагагічнага майстэрства.
Праз тэматычныя майстар-класы педагогі азнаёміліся з метадамі фарміравання функцыянальнай дасведчанасці навучэнцаў, сучаснымі тэхналогіямі візуалізацыі ўрока, матывуючай арганізацыяй адукацыйнага асяроддзя, а таксама паразважалі аб прафесійным выгаранні і тым, як знаходзіць рэсурсы для прадукцыйнай працы.
У дэталях магілёўскім педагогам расказалі і аб самой праграме “Настаўнік для Беларусі”. Унікальны адукацыйны праект рэалізуецца фондам “Новая школа” сумесна з Міністэрствам адукацыі і ААТ “Ашчад Банк”. Мэта ініцыятывы — прыцягнуць у школы вёсак і невялікіх гарадоў крэатыўных педагогаў з актыўнай жыццёвай пазіцыяй.
— Сваёй асноўнай задачай бачым прадастаўленне добрай адукацыі навучэнцам з малых гарадоў і сельскай мясцовасці. Для гэтага пастаянна шукаем творчых педагогаў, якія ўмеюць спраўляцца з цяжкасцямі і хочуць прыўнесці ў прафесію цікавыя новаўвядзенні, — паведаміла дырэктар фонду “Новая школа” Людміла Рыбчынская.
Працягласць удзелу ў праграме складае два гады. За гэты час педагогам неабходна арганізаваць якаснае навучанне з акцэнтам на патэнцыял кожнага вучня і рэалізаваць праект, які будзе садзейнічаць пераўтварэнню школы ў сацыяльны цэнтр населенага пункта. Далучыцца да змен павінен і ўвесь калектыў школы-партнёра.
Зараз у краіне ідзе пошук кандыдатаў на шосты набор праграмы. Для ўдзелу настаўнікам неабходна запоўніць анкету на сайце, а затым прайсці дыстанцыйнае інтэрв’ю і анлайн-тур. Завяршальны этап адбору — летні інтэнсіў, падчас якога адбываецца напрацоўка педагагічных навыкаў. Фіналістам аказваецца ўсебаковая падтрымка. Пры пераездзе педагогу цалкам кампенсуюцца выдаткі на жыллё, да заработнай платы дабаўляецца стыпендыя, а для работы прадастаўляецца ноўтбук. Акрамя таго, удзельнікі праграмы атрымліваюць куратарскую, метадычную і праектную дапамогу.
Магілёўскае настаўніцтва зацікавілася прапановай. Шэраг заявак кіраўніцтва праграмы атрымала непасрэдна падчас фестывалю. Былі таксама заключаны дагаворы аб метадычным супрацоўніцтве з установамі адукацыі вобласці.
— Мы шукаем будучых удзельнікаў праграмы, але асноўны лейтматыў фестываляў — метадычнае ўзаемадзеянне, абмен перадавым педагагічным вопытам. Бо прафесійны рост і самаўдасканаленне настаўнікаў — важкі ўклад у развіццё беларускай школы, — падкрэсліла менеджар адукацыйнай часткі праграмы “Настаўнік для Беларусі” Таццяна Багдановіч.
Фота Аляксандра Грэбянёва