У маім сэрцы толькі адно слова: “Дзякуй”…

- 11:08Актуально, Апошнія запісы

У суботу, 20 студзеня, у Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі адбыўся Першы Рэспубліканскі дзіцячы музычны фестываль “Кітайская зорка — 2018”, арганізаваны Пасольствам Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, мінскай гімназіяй № 12 і НЦМТДіМ. Удзельнікамі фестывалю сталі навучэнцы 1—6 класаў 15 устаноў сярэдняй адукацыі Беларусі, у якіх у якасці асноўнай замежнай мовы ці ў якасці факультатыву вывучаецца “чайніз”.

“Першы Рэспубліканскі дзіцячы музычны фестываль “Кітайская зорка — 2018” вельмі сімвалічна называецца менавіта так, — сказаў, вітаючы ўдзельнікаў мерапрыемства, міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Васільевіч Карпенка. — Кожны з прысутных у гэтай зале, магчыма, яшчэ маленькая зорачка, але праз нейкі час вы станеце вялікімі зоркамі ў палітыцы, культуры, адукацыі. Нехта з вас стане добрым інжынерам, нехта — настаўнікам, а некаторыя, я ў гэтым не сумняваюся, стануць вельмі добрымі знаўцамі кітайскай культуры і мовы. Але самае галоўнае, каб вы сталі сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны, каб вы працягвалі традыцыі сяброўства паміж нашымі краінамі і народамі, якія заклалі лідары нашых дзяржаў — Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка і Старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпін. Я перакананы, што гэты фестываль паслужыць добрай справе вывучэння кітайскай мовы ў нашай сістэме адукацыі. А вы ў сваю чаргу будзеце несці ў свет лепшыя традыцыі нашай культуры, багацце беларускай і рускай моў. Няхай гэтае свята запомніцца вам на многія-многія гады!”

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Рэспубліцы Беларусь Цуй Цымін адзначыў: “Для мяне, маёй жонкі і ўсіх маіх калег гэта вялікая радасць — прысутнічаць на Першым Рэспубліканскім дзіцячым музычным фестывалі “Кітайская зорка — 2018”. Гэта наша свята! Хачу выказаць вялікую ўдзячнасць міністру адукацыі вашай краіны Ігару Васільевічу, Нацыянальнаму цэнтру мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, усім установам адукацыі, дзе вывучаецца кітайская мова, і асабліва — настаўнікам. Дзякуй вам за дапамогу і падтрымку! Кітай і Беларусь… Мы самыя добрыя і блізкія сябры, надзейныя партнёры. Дзякуючы кіраўнікам нашых дзяржаў, мы стварылі ўсе ўмовы для добрасуседства і сяброўства. Наша моладзь хоча вучыцца ў Беларусі, хоча вывучаць вашу культуру і вашы традыцыі. А сёння я бачу, што і беларускія дзеці праяўляюць вялікую цікавасць да Кітая, да нашай мовы і культуры. Дзякуй вам! У нас з вамі агульная шчаслівая будучыня. Са святам вас!” Заўважым, што Цуй Цымін у сваёй прамове сказаў некалькі слоў на беларускай мове: “Добрай раніцы, сябры!” і “Са святам!” — чым выклікаў бурныя апладысменты залы.

Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі сапраўды пераўтварыўся ў мінулую суботу ў адмысловы “Чайна-таун”. На ўваходзе ў актавую залу ўсіх віталі дзве вялікія плюшавыя панды, тут жа віселі плакаты ўстаноў адукацыі з агітацыйным “пракітайскім” зместам, дый саміх дзяцей, удзельнікаў фестывалю, можна было лёгка пазнаць па іх кітайскіх прыметах: традыцыйных кітайскіх касцюмах, ліхтарыках і веерах у руках, аднадзённых тату-іерогліфах. Дый наогул, трэба адзначыць, Першы Рэспубліканскі дзіцячы музычны фестываль “Кітайская зорка — 2018” нагадваў хутчэй не музычны фестываль у традыцыйным сэнсе, а вялікае культуралагічнае, краіназнаўчае мерапрыемства — знаёмства з багатай культурай краіны, самай вялікай па колькасці насельніцтва ў свеце. Нават выхады на сцэну калектываў з той ці іншай установы адукацыі суправаджаліся віртуальным раскрыццём вядучымі таямнічых чырвоных канвертаў з чыста кітайскімі пажаданнямі-іерогліфамі: спадарожнага ветру (гэта вельмі прынцыповае для кітайцаў пажаданне), шчасця (кітайцы адрозніваюць пяць відаў шчасця — даўгалецце, багацце, спакой, дабрачыннасць і высокая мараль), поспехаў у вучобе (цікава, што кітайцаў вучаць быць лепшымі, але не ў нейкай канкрэтнай сферы, а ва ўсім, менавіта таму Кітай сёння пачынае займаць лідзіруючыя пазіцыі і ў эканоміцы, і ў мастацтве), хуткага дасягнення жаданых вынікаў (як тут не ўспомніць, што кітайцы, жывучы дзесяцігоддзямі ў адсталай краіне трэцяга свету, здолелі так рэзка скочыць наперад, пачынаючы з канца 80-х гадоў мінулага стагоддзя!), шчасця ў сям’і (паводле Канфуцыя, сям’я — гэта маленькая дзяржава), дабра (зноў жа Канфуцый гаварыў: “Стаўцеся да ўсіх з дабром, нават да сваіх ворагаў. Не таму, што яны варты дабра, а таму, што вы варты дабра”)… Усе ўдзельнікі фестывалю — каля 200 чалавек — атрымлівалі пасля выступлення маленькіх плюшавых пандаў. Але журы ў складзе выкладчыкаў кітайскай мовы вызначылі і лепшыя ўстановы адукацыі ў васьмі намінацыях.

Гэта:

у намінацыі “Лепшае вакальнае выступленне” – гімназія № 2 Оршы (з песняй “Шчасце”) і гімназія № 23 Мінска (з песняй “Шукаю сябра”);

у намінацыі “Лепшае танцавальнае выступленне” – Дзяржынская гімназія (з танцам “Дух стэпавага народа”) і віцебская сярэдняя школа № 44 (з харэаграфічнай кампазіцыяй “Шэпт ветру”);

у намінацыі “Самае яркае шоу” – сярэдняя школа № 3 Оршы (з кампазіцыяй “Маленькая яблынька”);

у намінацыі “Лепшае інструментальнае выступленне” – сярэдняя школа № 16 Оршы (з кампазіцыяй “Кітайская мелодыя”);

у намінацыі “Самы артыстычны ўдзельнік” – мінская гімназія № 12 (з песняй-танцам пра юнацтва);

у намінацыі “Самае арыгінальнае выступленне” – мінская гімназія № 33 (з кунг-фу шоу);

у намінацыі “Лепшае кітайскае вымаўленне” – гімназія № 40 Мінска (з песняй “Легенда”);

у намінацыі “Кітайская зорка” (Гран-пры конкурсу) – Смалявіцкая раённая гімназія (з нумарам “Дзяўчына, якая размахвае крыламі”).

Як паведаміла нашаму карэспандэнту галоўны арганізатар фэсту дырэктар мінскай гімназіі № 12 Кацярына Пятроўна Пятруша, ідэя такога мерапрыемства лунала ўжо даўно і нават пэўны час рэалізоўвалася. “У нашай гімназіі мы вучым кітайскую мову ўжо адзінаццаць гадоў — роўна з таго часу, як кіраўнік нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка вырашыў, што кітайская мова поруч з англійскай, нямецкай, французскай і іспанскай павінна вывучацца як асноўная замежная мова ва ўстановах сярэдняй адукацыі, — сказала Кацярына Пятроўна. — Мы былі тады дый застаёмся самымі смелымі ў гэтым сэнсе. Напрыклад, у Мінску кітайскую як асноўную замежную мову вывучаюць толькі ў трох УСА: нашай гімназіі, гімназіі № 23 і сярэдняй школе № 10. Летась мы выпусцілі першых 16 вучняў з веданнем кітайскай мовы. І яно выдатнае! Адна наша выпускніца як пераможца рэспубліканскага конкурсу на веданне кітайскай мовы вучыцца сёння ў Кітаі. Пасольства КНР само прапанавала ёй бясплатнае навучанне ў любым кітайскім універсітэце — дзяўчына выбрала Далянскі ўніверсітэт”.

“Што тычыцца гэтага фестывалю, — дадала Кацярына Пятроўна Пятруша, — нельга сказаць, што ён узнік з нуля. Ён існаваў і раней пад назвай “Акенца ў Паднябесную”, але праходзіў нерэгулярна. Сёлета ж па ініцыятыве Кітайскага пасольства мы вырашылі адрадзіць гэты конкурс менавіта для дзетак з 1 па 6 клас, каб стымуляваць іх да вывучэння кітайскай мовы. У старшакласнікаў, дарэчы, ёсць свой конкурс “Мост кітайскай мовы”.

Варта назваць усіх удзельнікаў фестывалю “Кітайская зорка — 2018”. Гэта мінскія гімназіі №№ 12, 33, 18, 23, 40, мінскія сярэднія школы №№ 10, 21, 170, сярэднія школы Оршы №№ 3, 16, аршанская гімназія № 2, гімназіі ў Смалявічах і Дзяржынску, сярэдняя школа № 44 Віцебска.

Але ці будзе ў “Кітайскай зоркі” працяг?

На гэтае пытанне адказала ў заключным слове, адрасаваным удзельнікам фестывалю, першы сакратар па справах адукацыі Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Лі Вэньхуа: “Наш фестываль абавязкова стане традыцыйным і будзе праходзіць штогод. Гэта дакладна. Інакш і быць не можа — вы ўсе такія прыгожыя і таленавітыя! У маім кітайскім сэрцы, у самым патаемным яго закутку, засталося толькі адно слова: “Дзякуй”. Дзякуй вам усім: дырэктарам устаноў адукацыі, дзе вывучаецца кітайская мова, настаўнікам, якія вучаць ёй беларускіх дзяцей, Нацыянальнаму цэнтру мастацкай творчасці дзяцей і моладзі за прадастаўленне такой цудоўнай пляцоўкі ў цэнтры Мінска для правядзення фестывалю, дзякуй усім дзецям, якія хочуць навучыцца размаўляць на кітайскай мове. Скажу вам, дзеці, шчыра: гэта ваш самы верны выбар у гэтым жыцці. А мы, кітайцы, у сваю чаргу будзем імкнуцца вывучаць вашу мову. Дарэчы, не толькі рускую, але і беларускую”.

Акрамя міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігара Васільевіча Карпенкі, Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Цуй Цыміна і першага сакратара па справах адукацыі Пасольства КНР у Рэспубліцы Беларусь Лі Вэньхуа, Першы рэспубліканскі дзіцячы музычны фестываль “Кітайская зорка – 2018” палічылі за гонар наведаць і многія іншыя службовыя асобы як з беларускага, так і з кітайскага бакоў: начальнік упраўлення міжнароднага супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Ірына Леанідаўна Шыткоўская, кансультант упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Ларыса Васільеўна Емяльянчык, старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Марыя Станіславаўна Кіндзірэнка, намеснік кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска Віталь Пятровіч Брэль, начальнік упраўлення адукацыі адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска Ала Дзмітрыеўна Куніцкая, саветнікі Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Ло Чжаньхой, Чжэнь Вэйвэй і інш.

Шаноўныя госці і ўсе прысутныя маглі ўбачыць і пачуць шыкоўную, надзвычай разнастайную канцэртную праграму, дзе хапіла месца і сольным пеўчым выступленням, і харэаграфічным пастаноўкам, і драматычным інсцэніроўкам, і нават… кунг-фу шоу!

Усе ўдзельнікі Першага рэспубліканскага дзіцячага музычнага фестывалю “Кітайская зорка – 2018” атрымалі сертыфікаты за подпісамі дырэктара мінскай гімназіі № 12 Кацярыны Пятроўны Пятрушы і першага сакратара па справах адукацыі Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Лі Вэньхуа.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.