17 верасня ў Студэнцкай вёсцы прайшоў спартыўна-творчы фестываль “Мы разам!”. Перыядычны дождж і моцны вецер не сапсавалі мерапрыемства, якое скончылася познім вечарам.
— Мы вырашылі зрабіць Дзень народнага адзінства максімальна маладзёжным, таму месцам яго правядзення выбралі Студэнцкую вёску, — кажа намеснік начальніка Рэспубліканскага маладзёжнага цэнтра Юлія Сіткевіч. — Тут жывуць не толькі студэнты-беларусы, але і індыйцы, казахі, расіяне, туркмены і г.д.
Фестываль прахо-дзіў на некалькіх пляцоўках. На сцэне выступалі студэнцкія творчыя калектывы. Побач можна было сабраць спілс-карту Беларусі на хуткасць. Тыя, хто хацеў пакінуць памяць аб фестывалі, рабілі сэлфі 360°, фатаграфаваліся ў фотабудцы, здымалі відэа ў неонавым ту-нэлі. Кагосьці зацікавіла сусветнае кафэ ад паслоў Мэт устойлівага развіцця. У манежы праходзілі фінальныя спаборніцтвы па міні-футболе (удзельнічалі каманды БДПУ імя Максіма Танка, БДМУ, МДЛУ) і валейболе (БДУІР, БДМУ, БНТУ, БДУФК). Перамаглі БДМУ і БНТУ адпаведна. На інтэрактыўных пляцоўках жыхары Беларусі, Расіі, Казахстана, Узбекістана, Турцыі і Індыі ў нацыянальных строях прапаноўвалі згуляць у розныя гульні, пачаставацца традыцыйнымі стравамі сваіх краін.
— “Асык” — гэта казахская гульня. У нас на стале ляжыць некалькі асыкаў — костак барановага калена. Іх шліфуюць, часам фарбуюць. Гуляць можна па-рознаму. Напрыклад, падкі-нуць адзін асык і за гэты час схапіць яшчэ 1—2 са стала, — расказвае Аружан Калдыбек, студэнтка БДУІР. — У нас кажуць, што па гульні можна зразумець, будзе нявеста свавольнай ці падатлівай. Калі дзяўчына з рэзкай хваткай, то свавольная, калі мякка падкідае і бярэ асык, то падатлівая.
Дар’я Лоўгач з БДПУ імя Максіма Танка прапаноўвала прагаварыць скорагаворкі. Чым хутчэй гэта зрабіць, тым лепш. За выкананае заданне чалавек атрымліваў фішку, якую можна было абмяняць на салодкі падарунак: блінчык, вінаград, абаранак і інш. Ганна Коўзік, таксама студэнтка педагагічнага ўніверсітэта, запрашала скласці мазаіку аднаго з чатырох замкаў Беларусі: Лідскага, Навагрудскага, Косаўскага ці Нясвіжскага. Прыз — усё тая ж фішка.
Немагчыма было абмінуць і прыгожы ўзбекскі стол. Шахноза Шанхаджаева з БНТУ расказала пра тое, якія стравы можна на ім убачыць: “Катлама — наша нацыянальная страва. Яна зроблена са слоенага цеста ўперамешку са сметанковым маслам. Таксама ў нас тут зялёная гарбата, прывезеная з Узбекістана, і чайнік цёмна-сіняга колеру з выявай белай бавоўны, якая лічыцца нашым нацыянальным скарбам, таму яе называюць белым золатам. Побач ляжыць крышталізаваны цукар, які бывае белага, жоўтага і аранжавага колеру. У шклянках — халвайтар, што ў перакладзе азначае “вадкая халва”. І, канечне, не абысціся без арэхаў, сухафруктаў і мёду”.
Нягледзячы на неспрыяльнае надвор’е, фестываль працягнуўся да 10 гадзін вечара. Кропку ў ім паставіла дыскатэка, на якой можна было сагрэцца ў танцы і адпачыць.
Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара.