У сярэдняй школе № 12 Мазыра адкрыўся ваенна-патрыятычны клуб “Агняборац”. Навучэнцы паспелі ўжо заявіць аб сабе, а ў будучыні ў іх яшчэ будзе час прадэманстраваць свае лідарскія якасці і ўменне ставіць і дасягаць мэты. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Адкрыццё клуба “Агняборац” на базе нашай школы — ганарова і адказна для нас. Гэта знамянальная падзея як для ўстановы адукацыі, так і для Мазырскага раённага падраздзялення МНС, — гаворыць дырэктар сярэдняй школы № 12 Мазыра Канстанцін Хамутоўскі. — У юбілейны год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў нястомна звяртаем увагу падрастаючага пакалення на абарону роднага краю. Наш клуб дапамагае арганізоўваць дзейнасць па грамадзянска-патрыятычным выхаванні. Лічу, што дзякуючы зладжанай рабоце з прадстаўнікамі МНС, нам удасца вырасціць сапраўдных пажарных, якія змогуць абараніць людзей у мірны час ад агню і іншых надзвычайных сітуацый.
На сёння ўдзельнікамі клуба з’яўляюцца 25 навучэнцаў 7—9 класаў, аднак у найбліжэйшы час колькасць прадстаўнікоў аб’яднання значна вырасце.
— У перспектыве ў “Агняборац” будуць залічаны хлопцы і дзяўчаты з іншых школ. Імкнёмся аб’яднаць дзяцей, каб у іх былі адзіныя мэты і задачы, — адзначае Канстанцін Іванавіч. — Такім чынам сфарміруецца калектыў, сапраўдная каманда, дзе ўсе адзін за аднаго. Дарэчы, выхаванцы паспелі ўжо праявіць свае здольнасці, прыняўшы ўдзел у першым для іх рэспубліканскім конкурсе малюнкаў, дзе ўся ўвага была прыцягнута да барацьбы з карупцыяй.
Плануецца, што вучэбныя будні стануць для школьнікаў вельмі насычанымі. У суботнім раскладзе ўжо значацца заняткі з прадстаўнікамі МНС. Далей — больш: страявая і медыцынская падрыхтоўка, баявое разгортванне, элементы рукапашнага бою, а таксама конкурсы, акцыі, мерапрыемствы, экскурсіі, у якіх школьнікі прымуць актыўны ўдзел. Не за гарамі той дзень, калі вучні 7—9 класаў стануць візітнай карткай установы адукацыі. Для іх ужо шыюць форму. Дзеці і самі чакаюць, калі ж можна будзе прайсціся па школе ў абмундзіраванні. Да таго ж форма да многага абавязвае — удзельнікі клуба ўсведамляюць, што да іх прад’яўляюцца высокія патрабаванні і яны стануць прыкладам для малодшых школьнікаў.
— Гадоў 10 назад у 9 класе вучыўся Антон Крыжаноўскі. Ён, убачыўшы пажар, не прайшоў міма, а дзейнічаў па сітуацыі і выратаваў з агню дзіця, — успамінае выпадак са школьнага жыцця дырэктар. — Пасля работнікі МНС прыязджалі да нас, каб пазнаёміцца з адважным школьнікам, паціснуць яму руку і ўручыць памятны падарунак. Спадзяюся, нашы сённяшнія навучэнцы таксама змогуць сарыентавацца ў выпадку неабходнасці і выратаваць чалавека на вадзе або пры пажары. Жыццё так уладкавана, што неардынарныя выпадкі адбываюцца штодзень, але, упэўнены, нашы вучні не змогуць прайсці міма чужой бяды. Выдатна, што цяпер у дзяцей ёсць магчымасць бліжэй азнаёміцца з высакароднай прафесіяй і стаць абаронцамі ў любой сітуацыі.
Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота прадастаўлена Мазырскім раённым падраздзяленнем МНС