У Мінскай вобласці будуць папулярызаваць кітайскую мову

- 9:51Образование, Образование: Беларусь — Китай

У абласным рэсурсным цэнтры па кітайскай мове ў сярэдняй школе № 25 Барысава быў арганізаваны практыкум для настаўнікаў кітайскай мовы, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Падчас сустрэчы майстар-клас і вучэбныя заняткі для калег правяла настаўніца кітайскай і англійскай мовы сярэдняй школы № 3 Любані імя Г. Сечкі Ірына Куляшэўская. Настаўніца, дарэчы, сёлета будзе прадстаўляць Мінскую вобласць у фінале рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства «Настаўнік года».

Кітай — гэта пра культуру, мудрасць, а сёння яшчэ і пра сучасныя тэхналогіі, — сказала І. Куляшэўская. — А кітайская мова адкрывае новыя грані ўспрымання рэальнасці: навучэнцы пачынаюць бачыць свет пад іншым вуглом. Перападрыхтоўка ў Рэспубліканскім інстытуце кітаязнаўства імя Канфуцыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і вывучэнне кітайскай мовы далі мне магчымасць далучыцца да гіганцкай скарбніцы кітайскай культуры, азнаёміцца са старажытнай гісторыяй КНР і перадаваць гэтыя веды сваім навучэнцам. Да таго ж разумець мову краіны, з якой у нашай рэспублікі пабудаваны сістэмныя эканамічныя, палітычныя, культурныя зносіны, важна і актуальна.

Я як настаўнік з упэўненасцю магу сказаць, што педагогам пад сілу зацікавіць дзяцей гэтым няпростым, але вельмі цікавым прадметам. А каб гэта было лягчэй і больш даступна, у сваёй рабоце прымяняю ўсе магчымыя сродкі навучання, укараняю ІКТ, інтэрактыўныя падыходы і метады.

Абмен вопытам з калегамі дапамагае мне развівацца ў гэтым кірунку, ён удасканальвае набытыя веды, надае ўпэўненасці ў дзейнасці, а прыемным бонусам з’яўляюцца парады, рэкамендацыі калег.

На мерапрыемстве ў абласным рэсурсным цэнтры прысутнічалі дырэктары Інстытута Канфуцыя ў МДЛУ Шэн Сюэмэй (з кітайскага боку) і Таццяна Дзям’яненка (з беларускага), выкладчык Інстытута Канфуцыя ў МДЛУ Лю Бао, а таксама супрацоўнікі вучэбна-метадычнага аддзела грамадска-гуманітарных дысцыплін Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, якія падзяліліся карыснымі метадамі і прыёмамі навучання для праектавання адукацыйнага працэсу па кітайскай мове.

Напрыканцы сустрэчы было абмеркавана падпісанне дагавора аб супрацоўніцтве паміж сярэдняй школай № 25 Барысава і Інстытутам Канфуцыя Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта з мэтай супрацоўніцтва ў сферы папулярызацыі і вывучэння кітайскай мовы і культуры.

Наталля САХНО