З 9 снежня 2019 года па 10 студзеня 2020 года ў Мінскай вобласці, як і па ўсёй краіне, праходзіць навагодняя дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”. Акцыя стартавала ў Дзяржынскім гарадскім доме культуры, дзе прайшоў II Абласны фестываль творчасці дзяцей-інвалідаў “Запалі сваю зорку”.
У мерапрыемстве прыняло ўдзел больш як 200 навучэнцаў з АПФР з усіх раёнаў Мінскай вобласці і Жодзіна. Яны прадставілі сваю творчасць у 7 намінацыях: “Вакал”, “Літаратурная творчасць”, “Выкананне на музычных інструментах”, “Харэаграфія”, “Тэатральнае мастацтва”, “Прыкладное мастацтва” і “Выяўленчая творчасць”. У танцавальнай зале Дзяржынскага гарадскога дома культуры ў гэты дзень разгарнулася ўнікальная выстава дзіцячых работ, сярод якіх — унікальныя пейзажныя замалёўкі, вышыўка, фларыстычныя карціны, работы з элементамі бісерапляцення. Праграма гала-канцэрта фестывалю ўключала музычныя і харэаграфічныя кампазіцыі, выкананне песень, чытанне паэтычных твораў.
У зале прысутнічалі кіраўнікі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, пры падтрымцы якіх акцыя “Нашы дзеці” стала добрай традыцыяй. Удзельнікаў і гасцей фестывалю вітаў намеснік старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта І.С.Маркевіч. Артыстызм і майстэрства пакуль яшчэ маленькіх зорачак — фіналістаў фестывалю былі адзначаны дыпломамі. Кожнае дзіця атрымала сваю зорачку — сімвал фестывалю, а таксама салодкія падарункі і, вядома, шмат шчырай увагі і цёплых слоў падтрымкі. Кульмінацыяй свята стала з’яўленне ў зале Дзеда Мароза.
Сярод удзельнікаў фестывалю “Запалі сваю зорку” былі прадстаўнікі Маладзечанскай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем зроку. З песняй “Вядзі мяне” выступіў навучэнец 9 класа Данііл Савеня — стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі і Міжнароднага дабрачыннага фонду Юрыя Розума. Юнак з’яўляецца лаўрэатам Міжнароднага фестывалю-конкурсу “Пад крыламі Арыёна”, конкурсу “Маладыя таленты Беларусі”, пераможцам Міжнароднага інклюзіўнага дзіцяча-юнацкага фестывалю-форуму “СаТварэнне”, Міжрэгіянальнага інтэграцыйнага фестывалю “Зорная карусель” у Маскве, конкурсу “Салют талентаў” у Санкт-Пецярбургу і іншых. Данііл неаднаразова выконваў гімны Беларусі і іншых краін на міжнародных хакейных матчах у “Мінск-Арэне”. Ён піша вершы і музыку, займаецца гукарэжысурай, захапляецца камп’ютарнай тэхнікай, праводзіць тэсціраванне праграм для невідушчых людзей.
“З 6 класа я наведваю студыю “Спяваем разам” у Маладзечне, дзе са мной працуе кампазітар Алена Віктараўна Атрашкевіч, — расказаў Данііл. — Люблю выконваць вакальныя творы, у якіх можна прадэманстраваць магчымасці голасу, такія як песня “Вядзі мяне” латвійскага спевака Інтарса Бусуліса. Аднойчы мне пашчасціла разам з ім праспяваць гэтую кампазіцыю”. У наступным годзе Данііл паступае ў Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў па напрамку “Мастацтва эстрады (спевы)”. Ён марыць адкрыць сваю вакальную студыю, стаць прадзюсарам, каб дапамагаць творча адораным людзям рэалізоўваць свае мары.
Дыпломамі II Абласнога фестывалю творчасці дзяцей-інвалідаў “Запалі сваю зорку” была ўзнагароджана і навучэнка Вілейскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната Аліна Таргонская ў намінацыі “Прыкладная мастацкая творчасць”. Трынаццацігадовая дзяўчынка прадставіла некалькі сваіх работ — вышыўку крыжом і вырабы з дрэва — анёлка і сурвэтніцу. У школьны гурток сталярнага майстэрства да Івана Серафімавіча Шаблыкі Аліна ходзіць з 3 класа. Яна стала адзінай дзяўчынкай сярод хлопчыкаў, якія выпальвалі і выпілоўвалі лобзікам па дрэве. У будучыні Аліна плануе стаць цырульнікам.
Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Марыі АРЭХ.