У Мінскім аўтамеханічным каледжы адкрыюць экспазіцыю «Іх лёс апаліла вайна…»

- 13:58Новости

Іх лёс апаліла вайна… Пад такой назвай у Мінскім дзяржаўным аўтамеханічным каледжы імя акадэміка М.С.Высоцкага хутка з’явіцца экспазіцыя, якая складаецца з 22 біяграфічных старонак і фотаздымкаў выпускнікоў, удзельнікаў вогненных падзей 1941—1945 гадоў.

Пачалося ўсё са звычайнай штатнай сітуа­цыі. Сакратар прынесла Валерыю Рыгоравічу Кірыленку, дырэктару ўстановы адукацыі, 8 папак асабовых спраў, у якіх заканчваўся 75-гадовы вызначаны тэрмін захавання.

Згодна з інструкцыяй, дакументы варта было зні­шчыць. Але вопытны кіраўнік адкрыў адну з папак, і яго ўвагу прыцягнуў маленькі пажаўцелы партрэт прыгожага юнака, на вайсковай кашулі якога віднелася ўзнагародная планка. Зацікавіў і акуратны почырк гэтага выпускніка на старонцы аўтабіяграфіі: “Я, Белавусаў Васіль Кузьміч, нарадзіўся 30.09.1925 у сяле Пены Курскай вобласці ў сям’і вайскоўца… 20.02.1943 добраахвотна мабілізаваўся ў Савецкую армію. Удзельнічаў у баях пры вызваленні Украіны, Румыніі, Венгрыі і інш. …Узнагароджаны ордэнам Славы ІІІ ступені, двума медалямі “За адвагу” і медалём “За перамогу над Германіяй”. У 1948 годзе быў дэмабілізаваны…”

Кіраўнік каледжа адразу запрасіў да сябе ў кабінет Ларысу Аляксандраўну Страмбурскую, ветэрана педагагічнай працы і вопытнага загадчыка музея баявой славы.

Пасля размовы калегі зразумелі — у спісах ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны юнак чамусьці не значыцца. Пачалі адкрываць іншыя папкі… І ў выніку, як аказалася, работы непачаты край!

Ларыса Аляксандраўна амаль месяц — радок за радком — вывучала ваенныя біяграфіі былых выпускнікоў. Горкі, страшны лёс напаткаў ­Майсея Белякова і Івана Кургановіча. Яны былі сведкамі генацыду беларускага народа. Дзесяцігадовы Майсей родам з вёскі Ляўковічы Барысаўскага раёна. Хлопчык падчас вайны перажыў страшную трагедыю — нечаканую для яго смерць матулі і бацькі. Самога Майсея разам з іншымі жыхарамі сяла ворагі загналі ў лагер смерці. І толькі дзякуючы салдатам Чырвонай Арміі, хлопчык і іншыя ўцалелыя вязні былі вызвалены. Пасля Майсей з іншымі сіротамі быў адпраўлены ў дзіцячы дом № 10 Рэчыцы. Тут ён скончыў 7 класаў мясцовай сямігадовай школы № 6. У 1948 годзе, стаўшы ўжо юнаком, паспяхова паступіў і да 1952 года вучыўся ў Мінскім аўтамеханічным тэхнікуме.

Сямнаццацігадовы Іван Кургановіч у 1943 годзе быў таксама забраны нямецкімі захопнікамі з роднай вёскі Арэшкавічы Пухавіцкага раёна і вывезены ў горад Катавіцы, дзе працаваў на вугальных шахтах. У 1944 годзе юнаку ўсё ж такі ўдалося ўцячы з палону, і да канца вайны ён знаходзіўся ў партызанскім атра­дзе на тэрыторыі Чэхаславакіі. Вярнуўшыся на Радзіму, Іван з 1945 да 1946 года працаваў падсобным рабочым у адной з ваенных часцей ужо на тэрыторыі Беларусі. А пазней разам з Майсеем Беляковым вучыўся ў аўтамеханічным тэхнікуме. Вось так, прайшоўшы пекла і паставіўшы перад сабой мэту атрымаць прэстыжную адукацыю і прафесію, паядналіся скалечанымі лёсамі.

Хлопчыкі-падлеткі, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны сталі народнымі мсціўцамі ў партызанскіх атрадах (дванаццацігадовы Жэня Папіхайлік (фота ў асабовай справе адсутнічае), Барыс Сабалеўскі, Майсей Юшчанка і Іван Майсяёнак), пазней сыдуцца на парозе ўсё таго самага Мінскага аўтамеханічнага тэхнікума.

З 22 навучэнцаў 16 змагаліся ў радах Чырвонай Арміі. Цікавым, неардынарным шляхам па франтах вайны прайшлі Віктар Абалонкін, Уладзімір Бакіноўскі, Сцяпан Барсукоў, Сяргей Барцоў, Міхаіл (Моня) Берман, Аляксей Гарцуеў, Адам Кароткі, Васіль Лёвін, Якаў Пярэльман, Перац Рэўзін, Уладзімір Саўчын, Іван Скараводзін, Багдан Цахніцкі, Уладзімір Чаркасаў, Леа­нід Эпштэйн…

У сваёй аўтабіяграфіі Уладзімір Бакіноўскі піша, што 03.07.1944 быў прызваны ў дзеючую армію. 20 жніўня гэтага ж года атрымаў раненне ў раёне Беластока. Прымаў удзел у штурме Берліна. Узнагароджаны медалямі “За ўзяцце Берліна”, “За перамогу над Германіяй”, “30 гадоў Савецкай арміі і флоту”.

Адразу ж пасля вызвалення родных мясцін 7 ліпеня 1944 года мабілізаваўся і Аляксей Гарцуеў, які служыў разведчыкам 62-й стралковай дывізіі 3-га Беларускага фронту. У лістападзе 1944 года юнак атрымаў раненне. Затым працягнуў службу ў якасці камандзіра разведаддзялення, камандзіра аўтаматнага ўзвода ў розных палках. Узна­гароджаны ордэнамі Славы ІІІ ступені і “Айчыннай вайны” ІІ ступені.

Усе вышэйпералічаныя героі прайшлі неверагодны жыццёвы, франтавы шлях, які можа паслужыць сцэнарыем для мастацкай кінастужкі ваеннай тэматыкі. Усе 22 юнакі амаль адначасова будавалі Мінскі аўтамабільны завод, а вечарамі вучыліся ў аўтамеханічным тэхнікуме.

На 22 лёсаапісальных старонках, вернутых з васьмі архіўных папак, ёсць яшчэ адзін тыповы запіс: “Пасля заканчэння тэхнікума далейшы шлях выпускніка невядомы”. Будзем спадзявацца, што пошук працягнецца…

Васіль МАРКАЎ