У Мінску 13—16 мая пройдзе V Рэспубліканскі чэмпіянат прафесійнага майстэрства

- 11:08Новости

У V Рэспубліканскім чэмпіянаце прафесійнага майстэрства выступяць 335 канкурсантаў па 49 прафесійных кампетэнцыях. Будуць удзельнічаць і столькі ж экспертаў, расказаў карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» рэктар РІПА Валерый Галубоўскі.

Па яго словах, пачынаючы з 2014 г., калі быў праведзены першы чэмпіянат, кампетэнцый было толькі 20. Як бачна, за папярэднія гады іх колькасць істотна пабольшылася, і, магчыма, ёсць куды расці. Павялічваецца і колькасць тых кампетэнцый, якія пройдуць у анлайн-фармаце. Гэта такарныя, фрэзерныя работы, кулінарнае мастацтва, хлебапячэнне, рэстаранны сервіс. Конкурс па іх будзе праводзіцца ў цэнтрах кампетэнцый і дэманстравацца на маніторы асноўнай пляцоўкі чэмпіянату ў Мінску. На кожным чэмпіянаце практыкуецца ўстаноўка дэманстрацыйных пляцовак для школьнікаў. Акрамя таго, для іх арганізуюць экскурсіі, сустрэчы з канкурсантамі, вытворцамі. У рамках новага чэмпіянату адбудзецца конкурс JuniorSkills. Сёлета ён упершыню будзе арганізаваны на базе дзіцячага тэхнапарка.

Як адзначыў В. Галубоўскі, конкурс дае магчымасць для школьнікаў і іх бацькоў убачыць, у чым сутнасць той ці іншай прафесіі, і вызначыцца ў выбары далейшага навучання. Акрамя таго, гэта пляцоўка для ўзаемадзеяння адукацыйнай галіны з заказчыкамі кадраў. На папярэднім этапе падрыхтоўкі да чэмпіянату наймальнікі ўдзельнічаюць у складанні заданняў, дапамагаюць аснасціць пляцоўкі. Аналізуючы потым якасць падрыхтоўкі канкурсантаў, прадпрыемствы і арганізацыі выбіраюць сабе патэнцыяльных работнікаў.

Пераможцы сёлетняга чэмпіянату будуць мець ільготы пры паступленні на ўзровень сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі ў 2023 г. Дарэчы, яго конкурсная пляцоўка раскінецца на базе футбольнага манежа па адрасе: пр. Пераможцаў, 20/2.

Інтэрв’ю з рэктарам РІПА Валерыем Галубоўскім чытайце ў бліжэйшых нумарах «Настаўніцкай газеты».

Ала КЛЮЙКО