Мэта конкурсу — выяўленне і заахвочванне лепшых маладых работнікаў, якія дасягнулі значных поспехаў у прафесійнай і грамадскай дзейнасці, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Ва ўрачыстай цырымоніі прыняў удзел першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Бахановіч. Ён зачытаў прывітальны адрас міністра адукацыі Андрэя Іванца і аб’явіў пераможцаў спаборніцтва.
У намінацыі «SuperПРОФІ ў сферы адукацыі і навукі» лепшым стаў старшы выкладчык кафедры тэлебачання і радыёвяшчання факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Максім Цюцянькоў. Як ён адзначыў, прафесія выкладчыка вельмі важная для грамадства і непасрэдна для кожнага чалавека. Настаўнік — той чалавек, хто ў школьнай і студэнцкай аўдыторыі гадуе прафесіяналаў, і такія конкурсы — гэта не толькі дэманстрацыя асабістых уменняў і навыкаў, але і матывацыя ўдасканальваць сябе самога і сваіх выхаванцаў.
У намінацыі «SuperПРОФІ ў сферы работы з моладдзю» перамагла метадыст аддзела падтрымкі маладзёжных праектаў і ініцыятыў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Наталля Гузевіч. Усяго пераможцаў вызначалі ў 18 намінацыях.
— У фінале ўдзельнічалі 95 прадстаўнікоў 18 сфер дзейнасці, — паведаміла старшыня Рэспубліканскага савета працуючай моладзі пры Міністэрстве адукацыі Анастасія Бядуліна. — Конкурс праходзіў другі раз. У параўнанні з мінулагоднім істотна павялічылася колькасць намінацый і ўдзельнікаў з ліку маладых работнікаў і спецыялістаў ва ўзросце да 31 года. Перад тым, як сустрэцца ў фінале, канкурсанты прайшлі спаборніцтвы лакальнага, раённага і абласнога ўзроўняў. Удзельнікі прадстаўлялі вядучыя прадпрыемствы краіны, а таксама ўстановы адукацыі. Сутнасць конкурсу была ў тым, каб не толькі паказаць, наколькі крэатыўная, таленавітая, ініцыятыўная моладзь працуе ў вытворчай сферы і адукацыйнай галіне, але і здзейсніць так званы піяр-ход у прафарыентацыйнай рабоце і скіраваць увагу навучэнскай моладзі на дзейнасць прадпрыемстваў і арганізацый, дзе яны будуць працаваць у далейшым.
У фінале кожны ўдзельнік прадставіў прэзентацыю — відэаролік, зняты на сваім прадпрыемстве, дзе была адлюстравана яго дзейнасць. Потым трэба было расказаць «Чаму мая прафесія лепшая» і прадэманстраваць свае таленты ў творчым нумары.
У другі дзень спаборніцтва працавалі адукацыйныя секцыі, праводзіўся трэнінг-практыкум і семінар для працуючай моладзі, таксама былі арганізаваны экскурсіі на прадпрыемствы Мінска, у тым ліку на «Камунарку», Мінскі завод колавых цягачоў і інш. Адбыўся і адукацыйны семінар «Маладая сям’я ў кантэксце дзяржавы».
Конкурс «SuperПРОФІ-2024» прадэманстраваў выдатную падрыхтоўку ўдзельнікаў, іх неардынарнасць, творчасць і крэатыўны падыход да выканання заданняў. Кожны з іх быў па-свойму ўнікальным і непаўторным.
Ала КЛЮЙКО
Фота БелТА