У Дабравольскай сярэдняй школе Свіслацкага раёна адразу акунаешся ў музейную прастору. Музей лесу дапаўняюць шматлікія міні-музеі і інсталяцыі ў вучэбных кабінетах і нават на калідорах. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Ва ўстанове адукацыі на тэрыторыі Нацыянальнага парку “Белавежская пушча” яшчэ ў 1989 годзе быў адкрыты музей лесу. З цягам часу ён мяняўся і цяпер мае эколага-краязнаўчы кірунак. За апошні час былі створаны 4 міні-музеі і некалькі інсталяцый, і ў выніку музейная прастора ахапіла амаль усю тэрыторыю школы, удала дапаўняючы адукацыйны працэс.
— Ідэя ў дадатак да музея лесу адкрыць яшчэ і міні-музеі знайшла падтрымку сярод настаўнікаў і навучэнцаў, — расказвае дырэктар Дабравольскай сярэдняй школы Людміла Уладзіміраўна Петрасян. — Калі мы нешта ствараем, то абавязкова робім гэта разам з дзецьмі, у чым бачым важны выхаваўчы аспект. Пачынаецца ўсё з даследчай работы, пошуку і сістэматызацыі інфармацыі, што затым выліваецца ў навуковы прадукт. Мы знайшлі сваю сцяжынку, ахапілі ўсе напрамкі дзейнасці — ад вучэбнай да выхаваўчай. Ствараючы экспазіцыі, школьнікі вывучаюць гісторыю родных мясцін, экалогію і разам з тым вучацца берагчы прыроду, любіць Радзіму, сваіх блізкіх. Гэта як адно цэлае. І дзеці гараць гэтай справай. Дарэчы, большая частка педагогаў — выпускнікі нашай школы, таму для іх установа адукацыі як родны дом.
Музей лесу складаецца з 8 раздзелаў экспазіцыі і налічвае больш за 500 экспанатаў. Яго кіраўнік Ірына Пятроўна Амельчанка аб’яднала вакол сябе апантаных маладых людзей, якія не толькі з задавальненнем праводзяць экскурсіі для наведвальнікаў, але і актыўна займаюцца даследчай работай.
— Першы раздзел “Дрэвы Белавежскай пушчы” знаёміць з асноўнымі відамі дрэў, — пачынае экскурсію васьмікласніца Міраслава Іванюк, старшыня савета музея. — Пра багатую і разнастайную арнітафаўну нашай мясцовасці, якая ўключае больш за 20 відаў птушак, расказвае раздзел “Птушкі Белавежскай пушчы”. Вельмі цікавыя раздзелы “Жывёлы Белавежскай пушчы”, “Жыхары поля, лугу, вадаёма” і “Міфалогія лесу”. Музей лесу — шматгранны адукацыйны рэсурс, які дае прастору не толькі для вучэбнай, але і для творчай, праектнай дзейнасці. Адным словам, гэта іскрынка нашай школы.
Нядаўна быў створаны раздзел “Водар Белавежжа”. Цяпер наведвальнікі музея могуць не толькі ўбачыць экспанаты, але і паслухаць гукі пушчы, адчуць лясныя водары.
На базе музея рэалізоўваўся праект “Духмяны кубак белавежскага чаю”. Дзеці навучыліся не толькі збіраць карысныя травы, але і далучыліся да здаровага ладу жыцця, нават сталі прыдумляць свае рэцэпты фітачаёў.
Музей лесу даўно пашырыў свае межы. Так, у рамках аднайменнага праекта, накіраванага на захаванне прыродных багаццяў, быў створаны выязны музей “Дзверы ў зялёны дом”. Ён складаецца з 5 раздзелаў, якія расказваюць пра птушак і жывёл з Чырвонай кнігі, пра грыбы і ягады.
— Экспазіцыя створана дзецьмі, — падкрэслівае Ірына Амельчанка. — Напрыклад, насякомыя і расліны яны збіралі на прышкольнай тэрыторыі. А раздзел “Перад кім здымаеш капялюш”, які знаёміць з грыбамі, выкананы на занятках гуртка “Адраджэнне”, іншыя — на гуртку “Умелыя ручкі”. Шмат работ з дрэва створана народным умельцам вадзіцелем школы Святаславам Лешчуком.
У яшчэ адзін цікавы міні-музей вылілася інсталяцыя “Здабытае страчанае малой радзімы”. Макеты раней існуючых на тэрыторыі раёна храмаў таксама зроблены рукамі настаўнікаў і дзяцей.
Побач — макет музея пад адкрытым небам “Страчаная спадчына Свіслацкага краю”. Яго аўтар — настаўніца беларускай мовы і літаратуры Зоя Аляксандраўна Урбановіч. На пляцоўцы, якая ўяўляе сабой геаграфічную карту раёна, размешчаны аб’екты, прысвечаныя зніклым хутарам і вёскам. У 2019 годзе праект удзельнічаў у рэспубліканскім конкурсе “100 ідэй для Беларусі“.
— Некалі Беларусь была краінай хутароў. На жаль, яны знікаюць, а разам з імі і незвычайныя назвы, за якімі хаваецца гісторыя роднай зямлі, — расказвае вучаніца 9 класа Настасся Урбановіч. — Узнікла пытанне: а чым мы, моладзь, можам дапамагчы? Калі мы не ўратуем вёску ці хутар, якія знікаюць, то можам хаця б захаваць памяць аб іх для будучых пакаленняў. Так узнікла ідэя стварыць макет музея пад адкрытым небам.
Вельмі цікавая інсталяцыя “Міфічны свет вачыма продкаў”. Ініцыятарам яе стварэння выступіла кіраўнік навуковага таварыства “Пралеска” З.А.Урбановіч. Калі трапляеш у гэты міфалагічны свет, немагчыма застацца абыякавым. Тут можна не толькі ўбачыць, але і патрымаць у руках незвычайных лялек, сярод якіх уладар пушчанскай зямлі Пушчавік, добрыя Дамавік і Дамася, Гуменнік і яго жонка Гуменніха, Хлеўнік і Хлеўніца, Палявік, Лесавік, Гаюн, Вадзянік, Лазавік і іншыя істоты.
— У 6—7 класах вывучаецца раздзел міфалогіі, у якім дзеці знаёмяцца з творамі, звязанымі з міфічнымі істотамі. У сувязі з гэтым у нас узнікла ідэя стварыць міні-інсталяцыю, каб паказаць навучэнцам багацце міфічнага свету беларусаў. Зрабіць экспанаты дапамагла кіраўнік гуртка “Умелыя ручкі” Людміла Мікалаеўна Лобач разам з вучнямі, — расказала З.А.Урбановіч.
Аснова даследчай дзейнасці школьнікаў — краязнаўства. Яны пішуць навуковыя работы, здымаюць відэаролікі, удзельнічаюць у конкурсах даследчых работ. Добра развіты турыстычны напрамак, дзеці шмат ходзяць у катэгарыяльныя паходы і атрымліваюць дыпломы рэспубліканскага ўзроўню. Школа з’яўляецца абласным рэсурсным цэнтрам “Арганізацыя дзейнасці па праваслаўным краязнаўстве ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі”.
Ірына АНІКЕВІЧ
Фота аўтара