Беларускі і армянскі народы былі і застануцца блізкімі. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Арменія, пастаянным паўнамоцным прадстаўніком пры статутных і іншых органах СНД Арменам Хачатранам з нагоды завяршэння яго дыпламатычнай місіі ў Беларусі.
Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь і Арменія як дзве дзяржавы займаюць абсалютна аднолькавыя пазіцыі па ўсіх пытаннях міжнароднага парадку дня. “Мы абсалютна разумеем тую палітыку, якую праводзіць цяперашняе кіраўніцтва Арменіі і праводзіла былое кіраўніцтва”, — прадоўжыў кіраўнік дзяржавы.
Разам з гэтым прэзідэнт заўважыў: “Ёсць вострыя пытанні — у армян, у беларусаў. Дапусцім, Нагорны Карабах. Адкрыта вам скажу: гэта не наша пытанне, гэта не маё пытанне. Нам там рабіць няма чаго. Ёсць бакі канфліктуючыя, якія павінны ў гэтым разабрацца. Але калі ў мяне Прэзідэнт Арменіі ці ў Арменіі пытаюцца аб гэтым, або ў Азербайджане прэзідэнт ці азербайджанцы аб гэтым пытаюцца, то ў мяне пазіцыя, дзе б я ні быў, адна: людзі дастойны жыць дастойна. Далей я кажу: не веру, што сёння ў Нагорным Карабаху людзі жывуць добра і дастойна. Якое гэта “дастойна”, калі ты кожны дзень адчуваеш, што табе на галаву нешта можа зваліцца і ў цябе жыццё можа скончыцца? Таму наша пазіцыя адназначная: Арменія і Азербайджан без усялякіх пасрэднікаў, гэта маё асабістае меркаванне — не трэба гэтых пасрэднікаў — ні моцных, ні слабых, павінны сесці за стол і вырашыць праблему. Калі яны захочуць некага ў гаранты ўзяць, яны ўдваіх няхай вызначацца. Сёння ёсць такі момант, каб вырашыць гэтае пытанне”.
Але галоўнае, як лічыць Аляксандр Лукашэнка, гэта людзі: “Нельга ў палітыцы разыгрываць гэтую карту, калі гінуць людзі і гаруюць людзі. Вось гэта наша непахісная пазіцыя па ўсіх канфліктных кропках у свеце”.
Кіраўнік дзяржавы таксама прадоўжыў: “Вы павінны ведаць самае галоўнае: мы былі блізкімі народамі, мы такімі і застанёмся. Да Азербайджана Арменія ставіцца па-рознаму, але гэта таксама наш блізкі народ, дзяржава, з якой мы былі ў адной краіне. Чаму мы павінны з Азербайджанам ці з Арменіяй сварыцца? Можа, мы Азербайджану і Арменіі калі-небудзь спатрэбімся. Не пасрэднікамі. Але вось калі-небудзь спатрэбімся. Таму навошта мне лезці туды, куды мяне не просяць? Гэта такая пазіцыя, зыходзячы з мудрасці і беларускага народа, і армянскага”.