«У нас была мэта — перамагчы ворага»: выдатнік народнай асветы Алег Пліндаў аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны

- 12:56Новости

Выдатнік народнай асветы, ветэран, узнагароджаны ордэнамі Вялікай Айчыннай вайны I і II ступеней і двума медалямі “За адвагу”, Алег Пліндаў з болем успамінае ваенныя падзеі і ганарыцца тым, што яму пашанцавала жыць у суверэннай Беларусі. Зусім нядаўна Алег Назаравіч адзначыў стагадовы юбілей. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Прага ведаў

Завучам у сямігадовай школе Алег Пліндаў стаў адразу пасля таго, як крыху акрыяў пасля цяжкага ранення, атрыманага на фронце ў ліпені 1944 года. Яшчэ праз паўгода стаў дырэктарам невялічкай школы ў Магілёўскай вобласці. Яго, 21-гадовага, паставілі кіра­ваць такімі ж не вельмі дасведчанымі калегамі. На той момант за плячыма быў толькі 1 курс літаратурнага факультэта Магілёўскага педінстытута, які ён паспеў скончыць перад Вялікай Айчыннай вайной.

— Нягледзячы на адсутнасць вышэйшай адукацыі, у адносінах да некаторых настаўнікаў, якія тады выкладалі, я быў прафесарам. Мая стрыечная сястра прыехала ў Магілёў вучыцца ў інстытут і жыла ў нас. Я вывучаў яе студэнцкія канспекты і такім чынам удасканальваўся.

Цяжкі пасляваенны час ветэран Вялікай Айчыннай вайны ўспамінае як складаны і радасны адначасова:

— Я тады ў дырэктарах школ хадзіў. Школы адкрываліся адразу пасля вызвалення тэрыторый ад фашыстаў, а настаўнікаў не хапала — яны ваявалі. Часта дзеці вучыліся па хатах, а не ў спецыяльна прыстасаваных памяшканнях. На печцы бабуля сядзіць, а побач малыя з настаўнікам па складах чытаюць. Урок заканчваецца па званку, які дае адзін з вучняў, што едзе на веласіпедзе па вёсцы. Не хапала падручнікаў, не было наглядных дапаможнікаў. Каб купіць паперу, ездзіў у Магілёў на кірмаш. Потым я адправіўся працаваць у расійскі Ліпецк — і там дырэктарам школы быў. Калі вярнуўся дадому, прызначылі інспектарам аддзела адукацыі Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці, а крыху пазней, у 50-я гады, стаў начальнікам гэтага аддзела адукацыі. Раён быў вельмі вялікі, пачатковых школ больш за 100 — ледзь не ў кожнай вёсачцы. Настаўнікаў — амаль 2 тысячы. Што да ўзроўню адукацыі педагогаў, то, вядома, яго і блізка нельга параўноўваць з цяперашнім. Гэта была наша вялікая бяда: усе былі недавучаныя, але лю­дзі вельмі стараліся. Я са скуры лез і рабіў усё, каб нашы педагогі атрымлівалі адукацыю. Сам тады завочна педінстытут скончыў.

Колас благаславіў

Алег Назаравіч называе сябе чыстым гуманітарыем. Ён расказ­вае, што да вайны вучыўся ў першай сярэдняй школе Магілёва і быў лепшым вучнем па літаратуры:

— Сачыненні я пісаў не толькі сабе, але і аднакласнікам. Ну а па матэматыцы мне сябры дапамагалі заўсёды. Такая ў нас была ўзаема­дапамога. У школе быў літаратурны гурток, дзе мы абмяркоўвалі творчасць пісьменнікаў, а таксама вершы, якія пісалі самі. Была мара паступіць у ленінградскі ўніверсітэт. Але бацькі параілі пайсці на літаратурны факультэт Магілёўскага педагагічнага інстытута, куды я і паступіў.

Успамінае Алег Назаравіч і адну даваенную сустрэчу. Магілёў­скі драматычны тэатр у 1939 годзе паставіў па творах Якуба Коласа спектакль “Палескія аповесці”. На прэм’еру Колас прыехаў разам з сябрам Янкам Купалам. Да вечара быў час, і знакаміты пісьменнік выказаў жаданне наведаць найбліжэйшую школу.

— У нас здарыўся перапалох: “Якуб Колас ідзе, прымаць яго трэба”. Сагналі ўсіх вучняў у актавую залу, мабілізавалі, так бы мовіць. Мы павінны былі паказаць Якубу Коласу, што ў нас нават гурток літаратурны ёсць. Выйшаў наш кіраўнік і прачытаў вершы на рускай мове, зрэшты, як і іншыя школьнікі, сярод якіх быў і я. Якуб Колас спытаў: “Чаму ты на беларускай мове не пішаш?” Я адказаў: “У мяне бацька і мама на рускай мове размаўляюць. Я паспрабую”. Колас сказаў: “Добра, хлопчык, паспрабуй”. Я тады ганарыўся, што сам Якуб Колас мяне благаславіў на літаратурную справу, — прыгадвае Алег Назаравіч.

Юнацтва скончылася з пачаткам вайны

Алег Пліндаў ніколі не забу­дзе, як для яго пачалася Вялікая Ай­чынная вайна. Студэнт у нядзелю 22 чэрвеня разам з сяброўкай рыхтаваўся да экзамену па псіха­логіі. Успамінае, як раптам брат аднакурсніцы адкрыў акно і закрычаў: “Алег, уключай прыёмнік: вайна!”

— Я ўключыў прыёмнік і пачуў голас старшыні Савета народных камісараў СССР Вячаслава Молатава пра вераломнае нападзенне гітлераўскай Германіі на Савецкі Саюз. Мы з сяброўкай панесліся  ў сквер ля кінатэатра, дзе збіралася моладзь. Настрой у нас быў ба­дзёры. Нас як выхоўвалі? Калі на нас нападуць, мы адразу адпор да­дзім — разаб’ём ворага ўшчэнт. Цешыліся, што нарэшце прыйшоў час, калі мы будзем з ворагамі разбірацца. А потым пачаліся бам­бёжкі Магілёва і ў горадзе з’явіліся бежанцы. На фронт мяне не ўзялі: па ўзросце не падыходзіў. Я ўступіў у партыйна-камсамольскі батальён па барацьбе з нямецкімі дыверсантамі, сфарміраваны галоўным чынам з ліку непрызыўной моладзі і старых. Афіцэр сказаў, што калі будуць высаджвацца нямецкія парашутысты, то мы павінны не раздумваючы ў іх страляць з выдадзеных вінтовак. Але потым знайшоўся разумны чалавек сярод каман­дзіраў, які загадаў нас адправіць на ўсход з адыходзячымі часцямі Чырвонай Арміі. Я трапіў у горад Ялец. Ужо адтуль студэнтаў накіравалі набываць спецыяльнасць у Варонежскае ваеннае вучылішча сувязі.

Цуды здараюцца

Вайсковы шлях Алега Пліндава звязаны з удзелам у баявых дзеяннях у складзе Заходняга, Калінінскага, 3-га Беларускага франтоў. Усё, што з ім адбывалася, юнак імкнуўся запісваць у дзённікі, якія вёў на фронце да ліпеня 1944-га, калі ў баях за Віцебск атрымаў цяжкае раненне ў шыю.

У наступленні дапамагаў каціць гармату, — успамінае ветэран. — Побач ірваліся снарады, і тут асколкам міны мяне шаснула па шыі. Кроў як лінула, быццам з водаправоднага крана. Мае таварышы парвалі на сабе гімнасцёркі і перабінтавалі мяне. Да канца вайны заставаўся яшчэ год, а я пайшоў па шпіталях. Пасля вярнуўся да сябе на Магілёўшчыну і знайшоў маці.

Алег Пліндаў ніколі не забу­дзе, як для яго пачалася Вялікая Ай­чынная вайна. Студэнт у нядзелю 22 чэрвеня разам з сяброўкай рыхтаваўся да экзамену па псіхалогіі. Успамінае, як раптам брат аднакурсніцы адкрыў акно і закрычаў: “Алег, уключай прыёмнік: вайна!”

Яго памяць трывала захавала ваенныя эпізоды, якія сёння ўспрымаюцца як дзівосныя гісторыі. Кажа, неяк камбат папрасіў у яго процівагаз, а ў сумцы салдата яго не было. Там ляжалі зборнікі вершаў Блока, Твардоўскага і Гётэ.

— Камандзір закрычаў: “Ты немца чытаеш?!” А я ў адказ: “Я з Гітлерам ваюю, Гітлер — гэта ганьба Германіі, а Гётэ — яе слава. Ён вялікі нямецкі паэт”.

На Смаленшчыне з байцом адбыўся дзіўны выпадак падчас бою за чарговую вёску. Чырвонаармейцы хаваліся ад варожага агню за сценамі сховішча для агародніны.

— Ну ніякай магчымасці ісці ў атаку, — падкрэслівае франтавік. — Раптам побач з намі ўпаў велізарны снарад, выпушчаны з гаўбіцы. Я стаяў і лічыў: “Раз… два… тры…” Уявіце: снарад упаў за метр ад нас і не разарваўся.

Успамінае ветэран і гісторыю, калі прыйшлося выклікаць агонь на сябе. Старшы сяржант Пліндаў на пасадзе памочніка камандзіра ўзвода артылерыйскай разведкі сачыў за перамяшчэннямі вой­скаў непрыяцеля на наглядальным пункце. Ён размяшчаўся на гарышчы адной з хат у закінутай вёсцы. Побач было балота, за якім стаялі фашысцкія падраздзяленні. Раніцай баец пачуў нямецкую гаворку:

Мы зразумелі, што фашысты прабіраюцца да нас. Звязаліся з камбатам па тэлефоне. Я сказаў: “Утрох мы немцаў не спынім. Таму выклікаю агонь на сябе!” Толькі мы паспелі залезці ў склеп побач з хатай — нашы ўдарылі! Калі мы вылезлі з хованкі, убачылі, што хата, нягледзячы на абстрэл, цэлая.

Тады Алег Пліндаў быў узнагароджаны медалём “За адвагу”. Чарговы раз франтавыя таварышы здзівіліся шанцаванню байца, калі разрыўная нямецкая куля трапіла ў прыклад яго аўтамата, а яго са­мога не кранула.

Пра Перамогу Алег Пліндаў даведаўся, калі ўжо быў парторгам у Цяцерынскім сельсавеце Круглянскага раёна Магілёўскай вобласці.

— Гэта была вялікая ра­дасць. Людзі абдымаліся, радаваліся і танцавалі. Нельга словамі перадаць, што мы адчувалі ў той дзень, — кажа ветэран.

Адказнасць за будучыню

Педагог-арганізатар Юлія Назаранка разам са старшакласнікамі гомельскай сярэдняй школы № 8 наведваюць ветэрана вайны Алега Пліндава, які цяпер жыве ў Гомелі недалёка ад навучальнай установы. Дзеці слухаюць аповеды Алега Назаравіча і шчыра здзіўляюцца, калі даведваюцца пра страшныя падзеі ваеннага часу ад непасрэднага іх сведкі.

— Чаму мы перамаглі ў вайне? Таму што былі адзіныя і ў нас была мэта — перамагчы. Здараецца, пісьменнікі расказваюць пра вайну ў рамантычных фарбах. Але насамрэч вайна — гэта катаржная праца. Тым не менш мы змаглі перамагчы страшнага ворага! — падкрэсліў Пліндаў.

Усё сваё жыццё я імкнуся рабіць дабро людзям. І вы дапамагайце людзям бескарысліва — атрымаеце сапраўднае задавальненне. Галоўнае ў жыцці — умець дараваць і рабіць дабро людзям.

Ветэран актыўна ўключаны ў палітычны парадак дня і гатовы яго абмяркоўваць у тым ліку са школьнікамі. Стагадовы ветэран прызнаецца, што глыбока перажывае па­дзеі ў суседніх краінах. Ба­чыць, як у Еўропе цяпер актыўна спрабуюць сказіць гістарычныя факты, зно­сяць помнікі, право­дзяць маршы нацыстаў. Ён уважліва слухаў пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу:

— Для мяне асабіста было важна пачуць ад Аляксандра Лукашэнкі словы пра тое, што кожны жыхар суверэннай Беларусі нясе рэальную адказнасць за сваю будучыню і за зямлю, на якой жыве. Увогуле, да нашага Прэзідэнта нават ворагі прыслухоўваюцца. А ўсё таму, што краінай кіруе палітык сусветнага маштабу.

Не пакідае ветэран і свайго захаплення паэзіяй. У яго літаратурным багажы — чатыры паэтычныя зборнікі: “Я бы мог погибнуть в сорок третьем”, “Рукопожатие”, “Отставший от стаи”, “Какими мы были”. Ну а дзецям, якія яго слуха­юць затаіўшы дыханне, раіць ста­віць перад сабой вялікія мэты і даводзіць усе справы да канца:

— Вось пасядзеў я з вамі, бачу, якія вы выдатныя маладыя лю­дзі. Усё сваё жыццё я імкнуся рабіць дабро людзям. І вы дапамагайце людзям бескарысліва — атрымаеце сапраўднае задавальненне. Галоўнае ў жыцці — умець дараваць і рабіць дабро людзям.

Ірына АСТАШКЕВІЧ
Фота аўтара