У настаўніцкай сям’і з Магілёўшчыны ўжо больш за 160 гадоў педагагічнага стажу на ўсіх

- 17:36Новости

Педагагічная дзейнасць патрабуе ад чалавека незвычайных якасцей — дыпламатычнасці, упартасці, тактоўнасці, вытрыманасці і шырокага кругагляду. Таму мне вельмі прыемна, што я з’яўляюся прадстаўніком трэцяга пакалення педагагічнай дынастыі.

Пачалося ўсё з бабулі

Камусьці здасца, што тры пакаленні — гэта не так і многа. І, магчыма, з гэтым можна пагадзіцца. Але я характарызую нашу дынастыю як гарызантальную, бо ў кожным з яе трох пакаленняў ёсць хаця б два педагогі.

Кацярына Мікалаеўна Будніцкая з мужам, Міхаілам Міхайлавічам Будніцкім

Пачалося ўсё з маёй бабулі Кацярыны Мікалаеўны Будніцкай (у дзявоцтве — Навоевай). Пасля васьмі класаў яна спрабавала паступіць у Гомельскі політэхнічны тэхнікум, але падвяла, як успамінала бабуля, матэматыка, выпаў занадта складаны варыянт кантрольнай работы. Толькі пасля заканчэння сярэдняй школы з адзнакай у 1966 годзе бабуля трапіла на педагагічную сцежку — у Гомельскае музычна-педагагічнае вучылішча. Там яна атрымала спецыяльнасць настаўніка пачатковых класаў з правам выкладання музыкі (бабуля іграла на домры). Цікава, што, яшчэ не здаўшы дзяржаўныя іспыты ў вучылішчы, бабуля паступіла на завочнае аддзяленне Мазырскага педагагічнага ўніверсітэта імя Н.К.Крупс­кай, дзе вучылася, адначасова працуючы ў школе настаўніцай пачатковых класаў. Менавіта размеркаванне закінула бабулю ў Кіраўскі раён Магілёўскай вобласці, дзе яна знайшла свой лёс — пазнаё­мілася з маім дзядулем і пабралася з ім шлюбам.

З 1968 года бабуля працавала спачатку ў Самадумаўскай пачатковай школе, а пасля — у Хвайніцкай школе, якіх, на жаль, больш няма. Бабуля казала, што ніколі не задумвалася аб змене прафесіі. Такім чынам, мая мама і яе сёстры ад самага нараджэння знаходзіліся ў школьным асяроддзі.

Нарадзіўся дзякуючы школе

Жанна Міхайлаўна Рышкевіч

Мая матуля Жанна Міхайлаўна Рышкевіч з дзяцінства не бачыла сябе ў іншай сферы, акрамя педагогікі, таму пасля 8 класа паступіла па накіраванні ад калгаса, якому ў той час належаў дзіцячы сад у нашай роднай Хвайніцы, у Магілёўскае педагагічнае вучылішча імя К.Д.Ушынскага на аддзяленне дашкольнай адукацыі. Скончыла яго мама ў няпросты час. У пачатку 1990-х гадоў у школах назіраўся моцны дэфіцыт кадраў, і маму ўзялі без адукацыі працаваць настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, праз некаторы час яна перайшла працаваць настаўніцай пачатковых класаў. У 1991 годзе паступіла на завочнае аддзяленне толькі што створанага факультэта беларускай філалогіі і культуры ў БДПУ ў Мінску. Працавала ў школе да 2007 года, калі Хвайніцкая школа была рэарганізавана ў пачатковую школу — сад, некаторы час займала пасаду педагога-арганізатара, была кіраўніком МА класных кіраўнікоў, працавала ў тэатральным гуртку “Батлейка”, займала прызавыя месцы на конкурсе “Настаўнік года”.

Анатоль Васільевіч Рышкевіч

У Хвайніцкай школе мая матуля пазнаё­мілася з маім бацькам Анатолем Ва­сільевічам Рышкевічам, таму не будзе перабольшаннем сказаць, што я нарадзіўся дзякуючы школе. Тата не збіраўся быць педагогам, хаця яго цётка Галіна Барысаўна Альшанік выкладала ў Скачкоўскай школе беларускую мову і літаратуру. Для яго гэта хутчэй нечаканы паварот лёсу. Ён вучыўся ў Магілёўскім машынабудаўнічым інстытуце па спецыяльнасці “Інжынер-механік”, пасля інстытута 3 гады працаваў у Мінску на электратэхнічным заводзе імя В.І.Казлова. Але бацьку моцна цягнула на малую радзіму, жыццё ў вялікім горадзе яму не падабалася. Таму ў 1990 годзе ён вярнуўся ў родны Скачок. Адна з яго суседак працавала ў той час у аддзеле адукацыі і, паколькі педагогаў тады не хапала, прапанавала яму пайсці працаваць настаўнікам фізікі і матэматыкі ў адну са школ раёна. Бацька пагадзіўся і прыйшоў у Хвайніцкую школу. Праз некалькі гадоў ён атрымаў спецыяль­насць “Інжынер-педагог” у Мазырскім педагагічным інстытуце і да 2007 года выкладаў розныя прадметы ў Хвайніцкай школе — матэматыку, фізіку, хімію, працоўнае навучанне, астраномію. Дарэчы, брат бацькі Уладзімір Васільевіч Рышкевіч таксама мае педагагічную адукацыю і доўгі час працаваў майстрам вытворчага навучання ў Кіраўскім дзяржаўным прафесійным ліцэі № 15.

Я часта ўспамінаю бацькавы ўрокі, асаб­ліва першы ўрок матэматыкі ў 5 класе, на якім мы доўга лічылі электрычныя лямпы ў класе, але толькі пад канец урока зразумелі, што лічбы “раз” не існуе. Тата пастаянна ўдзельнічаў у пастаноўках гуртка “Батлейка”, прадстаўляў школы, у якіх працаваў, на раённых мерапрыемствах. Да дзяцей баць­ка заўсёды ставіўся як да роўных, з павагай, звяртаўся да іх на вы. І сёння, праз столькі гадоў, ён з удзячнасцю ўспамінае сваіх настаўнікаў, якія прывілі яму любоў да навукі, — Валянціна Іосіфавіча Сівакова, Мікалая Уладзіміравіча Бяляўскага, Івана Васільевіча Пятруніна, Галіну Барысаўну Альшанік і іншых.

У школе адчула, што жыве

Таццяна Міхайлаўна Смірнова

Педагогамі сталі і мае цёткі — Таццяна Міхайлаўна Смірнова, якая сёння працуе настаўніцай пачатковых класаў у 1-й гімназіі Бабруйска, і Алена Міхайлаўна Кавалёва, якая выкладае беларускую мову і літаратуру ў Вейнянскай сярэдняй школе Магілёўскага раёна. Іх шлях да педагогікі быў няпростым. Цётка Таня ў 1991 годзе паступіла ў Магілёўскі педагагічны каледж, аднак на першым годзе вучобы доўга хва­рэла і ледзь не кінула вучобу, бо баялася, што не зможа нагнаць увесь прапушчаны матэрыял. Але ёй удалося справіцца з цяжкасцямі. Пасля каледжа яна паступіла дзякуючы дапамозе маёй мамы, якая практыкавалася з ёй па беларускай мове і літаратуры, на дзённае аддзяленне ў Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт. Вучылася цётка добра, скончыла ўніверсітэт з дыпломам з адзнакай і атрымала размеркаванне ў Магілёў. Але лёс распарадзіўся інакш, і яна трапіла ў Бабруйск. Работа з пачатковымі класамі прыносіць ёй сапраўднае задавальненне, асабліва калі ўдаецца хутка і якасна растлумачыць дзецям нейкія складаныя для іх рэчы. Цётка Таня гаво­рыць: спачатку тлумачым па навуцы, потым сваімі простымі словамі, а потым элементарнымі паняццямі. Пры такой схеме даходзіць да кожнага.

Алена Міхайлаўна Кавалёва

Больш цікавым быў шлях да школы маёй другой цёткі, Алены Міхайлаўны Кавалёвай. Падчас яе вучобы ў школе там ужо працавалі мая мама і мой бацька, які ставіўся да яе з асаблівай “любоўю”, — яна ў якасці радні часта працавала каля дошкі і адказвала дамашняе заданне. Пасля заканчэння школы паступіла ў Магілёўскі будаўнічы каледж на бухгалтарскую спецыяльнасць, скончыла яго з адзнакай, але падчас першага года работы зразумела, што гэта ўсё ж не яе лёс. Таму вырашыла паспрабаваць свае сілы ў педагагічнай установе. З-за кур’ёзнай памылкі ва ўступным дыктанце паступіць ёй не ўдалося, але яна не апусціла рукі — з 2002 года стала працаваць лабарантам на кафедры нямецкай мовы ў МДУ, а ў 2003-м, з другой спробы, паступіла на завочнае аддзяленне філфака. З 2008 года пачала педагагічную дзейнасць у якасці выкладчыка беларускай мовы і літаратуры ва ўніверсітэце. Калі нагрузкі ва ўніверсітэце не засталося, перайшла працаваць у школу, спачатку гарадскую, а потым і сельскую. Цётка Лена сцвярджае, што толькі ў школе яна адчула, што па-сапраўднаму жыве і робіць штосьці карыснае і неабходнае для грамадства.

Дар’я Анатольеўна Рышкевіч

Педагогам не так даўно стала і мая малодшая сястра Дар’я Анатольеўна Рышкевіч. Яна ў 2019 годзе скончыла факультэт дашкольнай адукацыі МДУ імя А.А.Куляшова, пераехала ў Маскву і сёння працуе над падрыхтоўкай дашкольнікаў да паступлення ў школу, выкарыстоўваючы самыя перадавыя педагагічныя методыкі.

Мне прыемна бачыць яе адказнае стаўленне да працы, прыемна слухаць, з якім захапленнем яна расказвае пра сваіх выхаванцаў, прыемна назіраць за яе прафесійным і асобасным ростам.

Дарэчы, педагогам працуе жонка майго малодшага брата Хрысціна Васільеўна Рышкевіч, якая пераехала да мужа ў Кіраўск і сёння працуе ў дашкольным цэнт­ры развіцця дзіцяці.

Жыццёвы выбар

Яўген Анатольевіч Рышкевіч

Сам я не бачыў для сябе іншага лёсу, акрамя лёсу настаўніка. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў 2009 годзе паступіў на гістарычны факультэт МДУ імя А.А.Куляшова. Там сустрэў многа людзей, якія сталі для мяне прыкладам адданасці прафесіі і цвёрдасці перакананняў, дапамаглі сфарміраваць сталае, крытычнае мысленне і канчаткова ўпэўніцца ў любові да роднай культуры і гісторыі, якую фарміравалі яшчэ школьныя настаўнікі, такія як мая матуля, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Барчыцкай школы Уладзімір Міхайлавіч Каралёў і іншыя. Пасля заканчэння ўніверсітэта ў 2014 го­дзе я атрымаў размеркаванне ў Паўлавіцкую сярэднюю школу роднага Кіраўскага раёна, а ў 2016 годзе перайшоў у Барчыцкі вучэбна-педагагічны комплекс, які сам скончыў, на пасаду намесніка дырэктара. Сёння працую ў Дашкаўскай школе Магілёўскага раёна. Работа з дзецьмі ў наш час — справа нялёгкая, але я ніколі не сумняваўся ў правільнасці свайго выбару. Сярод дзяцей я адчуваю сябе камфортна. А дзякуючы таму, што выкладаю гісторыю, я таксама, як і калісьці мае настаўнікі ў адносінах да мяне, магу тлумачыць дзецям, дзе праўда, а дзе мана, хто сапраўдны герой, а хто здраднік, дзе сапраўдныя каштоўнасці, а дзе штампы.

Такім чынам, наша педагагічная дынастыя пачалася ў 1960-я гады і налічвае 10 чалавек. Істотная частка сэрца кожнага з нас належыць нашым вучням і выхаванцам — былым, цяперашнім і будучым. Калі прыблізна ацаніць агульны педагагічны стаж маёй дынастыі, то атрымаецца больш за 160 гадоў, і я ведаю, што гэта яшчэ далёка не канец.

Яўген РЫШКЕВІЧ,
настаўнік гісторыі Дашкаўскай
сярэдняй школы Магілёўскага раёна
Магілёўскай вобласці
Фота прадастаўлены аўтарам
Фота з архіва БелТА носіць ілюстрацыйны характар