У настаўніцы са Шчучына кожнае 1 студзеня — двайное свята: пачатак года каляндарнага і жыццёвага

- 14:16Новости

Для настаўніцы беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 2 Шчучына Алены Волчак 1 студзеня — не проста першы дзень каляндарнага года. У яе жыцці гэта заўсёды дзень павышанай увагі з нагоды яшчэ і асабістага свята. Як гэта — прымаць віншаванні з днём нараджэння ў чырвоны дзень календара, педагог больш чым з 30-гадовым стажам расказала карэспандэнту “Настаўніцкай газеты”.

— Часта знаёмыя і калегі з пэўным шкадаваннем адзначаюць, што ўсё жыццё свята “не таго парадку”. А я гэта ніколі не лічыла нязручным. Наадварот, святочны настрой са мной падзяляе як мінімум уся краіна, як максімум — увесь свет! — з усмешкай заўважае педагог з больш чым 30-гадовым стажам.

З году ў год 1 студзеня для яе — гэта нагода сабраць усю сям’ю з улікам двайнога свята. Вось і гэтым разам яна па традыцыі чакае ў госці дачку са сталіцы і гатова прымаць адно з галоўных віншаванняў — ад мамы-педагога, прыклад якой у свой час для Алены Іванаўны стаў вызначальным у выбары прафесіі.

На старонках нашага выдання часта можна сустрэць гісторыі, калі родная ўстанова стала першым месцам работы. У выпадку з нашай гераіняй гэтая сувязь яшчэ больш моцная. Яна не проста скончыла школу, дзе сёння працуе. Тут жа беларускую мову і літаратуру больш за 30 гадоў выкладала яе маці.

— Некалькі гадоў з маёй Ганнай Браніславаўнай Пільчук мы былі нават калегамі. Наш сумесны педагагічны стаж складае больш за 70 гадоў. Шмат хто ў калектыве добра памятае маму, ды і яна нязменна цікавіцца справамі ў школе і ў жыцці педагогаў, з якімі працавала.

Са слоў суразмоўніцы, тая школа, парог якой яна ўпершыню пераступала як педагог у 1992 годзе, вельмі адрознівалася ад сучаснай. Галоўным чынам гэта датычыцца яе афармлення і тэхнічнага абсталявання. Тады маладыя педагогі і ўявіць не маглі, што такое камп’ютар. Сёння ён ёсць практычна ў кожным кабінеце. Але і дзеці сталі іншымі. Каб утрымаць іх увагу і ціка­васць, трэба пастаянна трымаць руку на пульсе.

— Цешыць, што і тады, і сёння дзеці любяць беларускую мову і літаратуру. У мяне шмат алімпіяднікаў. Мае выхаванцы штогод трапляюць у лік прызёраў, а сёлета шасцікласніца сама падышла і папрасіла дапамагчы ў пад­рыхтоўцы. Калі ёсць вучнёўская зацікаўленасць, можна многага дасягнуць.

Алена Іванаўна прыгадвае, што ў год яе паступлення на філалагічны факультэт ГрДУ імя Янкі Купалы конкурс складаў больш за тры чалавекі на месца. Паспяховае паступленне гарантавалі толькі адзнакі “выдатна” па ўсіх чатырох іспытах.

— Бывае, з аднакурснікамі сустракаюся ў Гродне на курсах павышэння кваліфікацыі. Многія засталіся ў прафесіі. Шчыра сказаць, калі была б магчымасць вярнуцца ў свае 17 гадоў, і сёння не зрабіла б выбар на карысць іншай прафесіі. Педагог — гэта не заўсёды проста, але вельмі цікава!

Захапляецца суразмоўніца і сёлетнімі маладымі педагогамі. Некаторыя з іх на апошніх курсах сумяшчаюць вучобу з работай па спецыяльнасці. Сярод такіх яе падапечная — малады спецыяліст Настасся Раманаўна Баг­дзевіч.

— Ужо ў першы год працы па размеркаванні яна добра разумела, як арганізавана работа ў школе і якія патрабаванні прад’яўляюцца да педагогаў. Думаю, гэта вельмі важна для ўпэўненага старту.

Алена Іванаўна пераканана, што камфорт у прафесіі шмат у чым вызначаюць людзі, з якімі ты працуеш. Ёй на такіх заўсёды вельмі шанцавала. Гэтага яна шчыра жадае ўсім педагогам краіны ў новым годзе. А зрэшты — заўсёды!

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара