У настаўніцы беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 38 Мінска Святланы Жураўкінай склалася выніковая сістэма работы па падрыхтоўцы вучняў да напісання сачыненняў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Аналіз існуючай практыкі падчас работы з тэкстамі пры напісанні сачыненняў выявіў шэраг супярэчнасцей, — адзначае Святлана Іванаўна. — Па-першае, паміж сацыяльнай запатрабаванасцю актыўнай камунікатыўнай дзейнасці вучня і яго інтэлектуальнай пасіўнасцю пры чытанні, разуменні і стварэнні тэкстаў, па-другое, паміж узроўнем тэарэтычных ведаў навучэнцаў і адсутнасцю ў іх практычных уменняў пры авалоданні прыёмамі работы з тэкстам. Па-трэцяе, паміж аб’ёмам інфармацыі, што пастаянна ўзрастае, і няўменнем навучэнца атрымліваць актуальныя інфармацыйныя звесткі з розных крыніц, сістэматызаваць матэрыялы, вызначаць каштоўнасць набытых ведаў. Імкненне пераадолець названыя супярэчнасці заахвоціла мяне да пошуку ўмоў, якія спрыялі б рацыянальнай рабоце навучэнцаў з тэкстам і фарміраванню ў іх камунікатыўных уменняў і чытацкай адукаванасці.
Для фарміравання ў вучняў чытацкай адукаванасці пры напісанні сачыненняў педагог выкарыстоўвае як добра вядомыя прыёмы, так і ўласна распрацаваныя. Сярод гэтых прыёмаў — згортванне і разгортванне тэксту, работа з рознафарматнымі тэкстамі: суцэльнымі, несуцэльнымі, змешанымі, множнымі, вывучэнне сукупнасці тэкстаў, у структуры якіх выкарыстаны гіперспасылкі на дадатковыя матэрыялы візуальнага і невізуальнага характару. А таксама параўнанне, супастаўленне і супрацьпастаўленне тэматычна звязаных тэкстаў, вызначэнне тыпу/стылю/жанру, прымет тэксту, якое прадугледжвае выяўленне аўтарскай задумы, аналіз не толькі тэкставай структуры і кампазіцыі на аснове вядомай і даступнай інфармацыі, але і кантэкстнае, сітуацыйнае прымяненне прачытанага.
Пры напісанні ў 7 класе сачынення па мастацкім апісанні знешнасці чалавека на адным з этапаў педагог выкарыстоўвае прыём разгортвання тэксту з мэтай навучыць дзяцей каменціраваць факты, прыклады, аргументаваць тэзісы. Вучням прапаноўваецца заданне: “Прачытайце прыказкі, вызначце, якая з іх раскрывае сэнс паняцця “лепшы сябар” і можа стаць эпіграфам да вашага сачынення. Аргументуйце свой выбар:
1. З кім павядзешся, ад таго і набярэшся.
2. Лепш сто сяброў, як сто рублёў.
3. Не той сябар, хто вусны мёдам мажа, а той, хто ў вочы праўду кажа.
4. Няма сябра, дык шукай, а ёсць — дык беражы.
5. Прыяцеля за грошы не купіш.
6. Той не можа быць другам, хто абыдзе ў бядзе кругам.
7. Новых сяброў набывай, але старых не забывай.
8. Не карай, Божа, нічым, як сябрам ліхім”.
Альбо настаўніца прапануе вучням такое заданне: “Вызначце, якія рысы характару чалавека можна аднесці да станоўчых, а якія да адмоўных. Размяркуйце іх у два слупкі. Утварыце ад выдзеленых прыметнікаў назоўнікі і дзеясловы. З дапамогай гэтых слоў працягніце сказы: “Мне падабаецца, што мой сябар (які?)…”, “Я лічу яго лепшымі рысамі характару (што?)…”, “Мяне радуе, што мой сябар не ўмее (што рабіць?)…”.
Рысы характару: самакрытычны, жорсткі, міласэрны, абыякавы, добры, чулы, чуллівы, спагадлівы, ветлівы, лянівы, акуратны, працавіты, неахайны, добры, рашучы, настойлівы, аптымістычны, шчыры, мужны, спакойны, верны, спагадлівы, камунікабельны, ліслівы, кемлівы, прагны, зайздросны, хітры, абыякавы, літасцівы, кепскі, ганарлівы”.
Дазваляюць павысіць пазнавальную актыўнасць вучняў і аўтарскія прыёмы, распрацаваныя педагогам. Напрыклад, прыём “Палітра”, які дае магчымасць развіць мастацкае ўяўленне навучэнцаў. Пры падрыхтоўцы да сачынення-апісання Святлана Іванаўна прадстаўляе вучням чорна-белую рэпрадукцыю карціны вядомага мастака (напрыклад, В.Цвіркі “Прыпяць”) і прапануе “размаляваць” яе з дапамогай чароўнай палітры, супаставіць выявы, намаляваныя пры дапамозе сваёй фантазіі, з тымі, што паказаў жывапісец.
Цікавы аўтарскі прыём “Чароўны куфэрак”: у куфэрак (скрыначку) складаюцца прадметы “з карціны”. Напрыклад, пры рабоце з палатном У.Сулкоўскага “Елка ў пары з хваіною” ў куфэрак трапілі: гузік, лісток, яловая і хваёвая лапкі, каменьчык, травінка. Дзеці вымаюць па чарзе (не гледзячы) які-небудзь прадмет і вызначаюць, ці ёсць ён на карціне. Прыём дазваляе ўдумліва і ўважліва разгледзець карціну. Праўда, у куфэрак могуць трапіць і тыя прадметы, якіх няма на карціне, напрыклад, гузік. Дзеці, уважліва разгледзеўшы пейзаж, прыходзяць да высновы, што гэты прадмет адсутнічае на карціне. Настаўніца тлумачыць, што спецыяльна паклала гузік, каб вучні не забыліся пра мастака-стваральніка, аўтара жывапіснага палатна. Хутчэй за ўсё гэта гузік з яго паліто.
— Паслядоўная, сістэмная і рацыянальная работа з тэкстамі на ўроках беларускай мовы прыводзіць да таго, што ў большасці вучняў фарміруецца чытацкая адукаванасць, а таксама павышаецца ўнутраная матывацыя да навучання і ўзровень пазнавальнай актыўнасці, знікае боязь выказваць думкі, ствараецца стымул для ўдумлівага чытання тэкстаў, з’яўляецца жаданне ўдзельнічаць у алімпіядах, інтэлектуальных конкурсах і навукова-практычных канферэнцыях, арганізоўваецца паэтапная падрыхтоўка да выпрабаванняў па беларускай мове ў 9 класе, — адзначае Святлана Жураўкіна.
Педагогам распрацавана сістэма ўрокаў па напісанні сачыненняў розных тыпаў на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі з выкарыстаннем прыёмаў і заданняў па фарміраванні чытацкай адукаванасці “Практыка напісання сачыненняў”. Кніга праходзіць апрабацыю і рэцэнзаванне настаўнікамі ВМА гімназіі, пасля чаго будзе падрыхтавана да выдання.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара