У навуку — з першым званком: у гімназіі Лунінца даследчыкаў рыхтуюць змалку

- 9:00Главная, Образование

Першакласнікі гімназіі Лунінца, толькі пераступіўшы яе парог, адразу трапляюць у вялікі свет навукі. А правадніком для маленькіх даследчыкаў з’яўляецца Таццяна Кароль, настаўніца пачатковых класаў і кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Сацыяльная экалогія”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Свет праз акуляр

Каб у 10 ці 11 класе атры­маць дасведчанага навучэнца, гатовага рабіць сапраўдныя навуковыя адкрыцці, пачынаць яго падрыхтоўку трэба гадоў за дзесяць да гэтага. Таму, каб зацікавіць дзяцей навукай, прывіць прагу да даследаванняў, на базе пачатковай школы гімназіі была створана міні-лабараторыя з залай для правядзення тэарэтычных заняткаў. У ёй дзеці могуць утульна размясціцца на яркіх каляровых крэслах і канапках і паназіраць за гадаванцамі жывога кутка. Тут экскурсаводы з малодшых класаў знаёмяць першакласнікаў і гасцей гімназіі са сваімі мурашкамі, слімаком, чарапахай, акварыумнымі рыбкамі, расказ­ваюць цікавыя факты пра іх і не толькі. Напрыклад, пра правя­дзенне марафонаў для дамашніх ахацінаў (гіганцкіх афрыканскіх слімакоў) і інш.

Сёлетніх першакласнікаў асаб­ліва зацікавіла мурашыная ферма. Яна пачыналася з 24 асобін, уключаючы матку. Цяпер гэта вялікая калонія, сям’я, але гэта яшчэ не мяжа: не ўсе хады абжытыя. Нядаўна былі прымацаваны новыя арэны, і, калі яны будуць заселены, атрымаецца сапраўдны мурашнік, як у лесе. Імкнецца да вялікай сям’і і слімак — нядаўна ён адклаў ажно 35 яек за раз.

Дырэктар гімназіі Ірына Абраменя, размясціўшы на сваёй далоні слімака, расказвае пра ўласцівасці муцыну, што выдзяляе слімак, пра эфект ад працэдур амаладжэння, які з задавальненнем на перапынках і пасля ўрокаў выпрабоўваюць на сабе не толькі навучэнцы, але і настаўнікі.

У госці да “зямлян”

У суседнім памяшканні праводзіць экскурсію Таццяна Ула­дзіміраўна Кароль:

— Усе свае даследаванні мы праводзім у дзіцячай навуковай лабараторыі “Зямляне”. Мы яе стваралі пры фінансавай падтрымцы бацькоў. Тут займаюцца 2—4 класы. Адметнасць лабараторыі ў тым, што ў ёй сумяшчаюцца творчасць і дакладныя навукі. Функцыянуе яна ў межах работы аб’яднання па інтарэсах “Сацыяльная экалогія”. Мы вывучаем усё, што нас акружае: з’явы прыроды, прыроду ў цэлым, разважаем, навошта нам вада і як яе можна захоўваць. Даследавалі папулярныя ў дзяцей напіткі (салодкую газіроўку, пітную і мінеральную ваду), вымяралі іх PH-узровень, вывучалі, якія рэчывы ў іх утрымліваюцца і якую ка­рысць ці шкоду яны могуць прынесці страўніку пры іх рэгулярным ужыванні. Вывучалі якасці солі, цукру і інш. Часам робім кантрольныя закупкі і высвятляем склад прадуктаў. Напрыклад, мы вызначалі, якія чаі натуральныя, а ў якіх ёсць хімічныя араматызатары. Вытворцы пакетаванага чаю часам указваюць наяўнасць у іх сухафруктаў, але мы даследавалі змесціва пакецікаў і далёка не ва ўсіх знайшлі іх. Вывучалі якасці араматызатараў для паветра, а таксама стваралі свае духмяныя сашэ на аснове апілак і натуральных маслаў, вызначалі, як яны ўплываюць на нас, наш настрой, самаадчуванне, калі мы ўдыхаем іх водар.

Кожныя заняткі “зямлян” складаюцца з дзвюх частак. Падчас тэарэтычнай вучні праглядва­юць відаэролікі, знаёмяцца з новым аб’ектам, успамінаюць, што пра яго яны ўжо ведаюць. На практычную частку перахо­дзяць сюды, у лабараторыю, і право­дзяць доследы, падчас якіх або пацвярджаюць тое, што ўжо ведаюць, або даведваюцца штосьці новае для сябе. Напрыклад, нядаўна, калі вывучалі карысныя выкапні, вучні засяродзілі ўвагу на чортавым пальцы. Гэта закамянелыя астанкі малюскаў — белемніт, пра містычныя ўласцівасці якога ходзяць легенды. Напрыклад, лічыцца, што, калі яго расцерці і пасыпаць на ранку, яна хутчэй загойваецца. Праверыць гэта вучням дапамог мікраскоп. Знаёміліся “зямляне” і з хімічным саставам школьнай крэйды, растваралі яе ў розных вадкіх асяроддзях: вадзе, воцаце і інш.

Вельмі цікава для навучэнцаў пачатковай школы прайшоў майстар-клас “Малекулярны бум”. Згодна з сюжэтам, да іх прыляцеў іншаземец Нэа, у якога дома на Марсе ўзарвалася лабараторыя, і папрасіў гімназістаў дапамагчы завяршыць яго малекулярнае даследаванне. Дзеці вывучалі малекулы, праз мікраскопы разглядвалі малекулы вады, праводзілі з імі самыя розныя эксперыменты, каб даведацца, напрыклад, у чым розніца паміж зараджанымі і незараджанымі малекуламі.

Мастацкія эксперыменты

Творчасці таксама ўдзяляецца шмат увагі ў лабараторыі. Пакуль разглядваю ажурныя чыр­воныя шарыкі, раскла­дзеныя на стале, Таццяна Уладзіміраўна тлумачыць:

— Гэта мох. Сёння вельмі папулярныя карціны са стабілізаванага моху. Мы купілі для ўзору гатовы і паспрабавалі такі ж стварыць самастойна. Для гэтага стабілізавалі яго, змясціўшы ў гліцэрыну і пафарбаваўшы чырвонай фарбай. Яшчэ адна партыя ўжо два тыдні ляжыць у гліцэрыне. У такім стане мох “спіць”, але захоўвае ўсе свае якасці. Будзем ствараць з яго карціны. Асвоілі мы і тэхніку эбру — маляванне фарбамі на вадзе, якую папярэдне трэба загусціць, каб яна трымала фарбы на паверхні. Асвойваем і іншыя нетрадыцыйныя методыкі малявання, у прыватнасці, кляксаграфію і маляванне ніткамі. Паспрабавалі прааналізаваць з пункту гледжання псіхалогіі, якія эмоцыі выклікаюць у нас такія вырабы і сам працэс іх стварэння.

У шафе на паліцы — міні-выстава гіпсавых скульптур рук. Для іх стварэння дзеці замешвалі гіпсавы раствор, залівалі яго ў гумавыя пальчаткі, давалі сваім вырабам падсохнуць і знімалі абалонку. Заставалася іх толькі размаляваць. А спалучыць шыццё, маляванне і… азеляненне дзеці спрабавалі, ствараючы экацацкі: насыпалі вільготны грунт унутр сшытага чалавечка з намаляваным тварыкам, сеялі туды насенне травы, завязвалі і назіралі, як яна прарастае праз тканіну, ствараючы шавялюру. Частка чалавечкаў з самымі рознымі прычоскамі адправілася да іх творцаў дадому, а некаторыя пасяліліся тут, у лабараторыі.

Навуковая эстафета

Безумоўна, цікавыя эксперыменты і даследаванні не забываюцца. Мабыць, пра такія рэчы і казаў некалі Канфуцый: “Скажы мне — і я забуду, пакажы мне — і я запомню, дай мне зрабіць — і я зразумею”.

— У маленькіх дзяцей сто тысяч “чаму”. І важна даць ім не проста адказы на пытанні, а магчымасць знайсці іх самастойна. Гэта закладвае ў дзяцей цікавасць да даследаванняў, — гаворыць Таццяна Уладзіміраўна. — Потым, у сярэдняй і старшай школе, яны ўжо ведаюць, як праводзіць доследы, працаваць з мікраскопам, запісваць атрыманыя даныя і г.д. Гэта дапамагае ім у далейшай навуковай дзейнасці. Тым больш што ўсе нашы доследы цесна звязаны з навукай і школьнымі дысцыплінамі, дзеці на практыцы замацоўваюць пэўныя навыкі. Напрыклад, калі мы стабілізавалі мох, вучні самастойна гатавалі растворы і адточвалі свае матэматычныя навыкі: адлівалі пэўны аб’ём гліцэрыны ў мілілітрах, вымяралі аб’ём вады. Вывучаючы прыроду, дзеці ўспаміна­юць усё, пра што яны гаварылі на ўроках “Чалавек і свет”. Яны атрымліваюць веды па хіміі (растварэнне розных рэчываў, насыча­насць і перанасыча­насць раствораў), каларыстыцы (каб атрымаць пэўны колер, трэба ведаць, якія фарбы і ў якіх прапорцыях змяшаць), фізіцы (даследаванне паветра, вывучэнне яго якасцей).

— Калі Таццяна Уладзі­міраўна право­дзіла майстар-класы для настаўнікаў пачатковых класаў горада, тыя былі ў захапленні. Пасля ў нас было столькі прапаноў правесці для іх дзяцей хаця б адны такія заняткі, нават на платнай аснове! І гэта не дзіўна. Сапраўды, заняткі педагога нестандартныя. Я іх называю інтэлект-картамі. Яны пабудаваны так, што дзеці праз гульню асвойваюць вельмі складаныя для іх узросту рэчы і вучацца прымяняць іх у жыцці. Напрыклад, пруг­касць паветра Таццяна Уладзіміраўна прапанавала вывучыць з дапамогай твістынгу — мастацтва ства­раць розныя фігуркі з доўгіх паветраных шарыкаў. У выніку дзеці не толькі засвоілі тэму, але і навучыліся круціць фігуркі з шарыкаў. Захоўваюцца і метапрадметныя сувязі: веды, атрыманыя на адных занятках, прымяняюцца на іншых. І галоўнае — атрымаўшы ў дзяцінстве асалоду ад пазнання навукі, навучэнцы прагнуць новых ведаў, адкрыцці становяцца для іх жыццёвай патрэбай, — з гордасцю гаворыць дырэктар гімназіі.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара