У Нёманскай школы Уздзеншчыны – 160-гадовы юбілей. Як зберагаюць сяброўства настаўнікі школы і яе выпускнікі?

- 14:20Путевка в жизнь

Калі Магільнянска-­Нёманская сярэдняя школа імя І.Д.Гурскага святкавала 160-­гадовы юбілей, была магчымасць пагутарыць з яе настаўнікамі і былымі выпускнікамі пра тое, як зберагаюцца праз гады сяброўскія сувязі паміж імі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Яскравая старонка ў летапісе

У краіне многія школы адзначаюць 160-гадовы юбілей: за царскім часам у 1864-м, так склаліся абставіны, па Беларусі адкрылася шмат народных вучылішчаў. І на Уздзеншчыне гэта ўжо чацвёртае свята, як сказала на ўрачыстасці Вольга Кароль, начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Уздзенскага райвыканкама. Сабраліся ж у Магільнянска-Нёманскай школе цяперашнія настаўнікі, выпускнікі розных гадоў, ветэраны педпрацы і шаноўныя госці.

Настаўніца Любоў Собаль і дырэктар школы Святлана Роўная вітаюць гасцей свята

Свята школы — гэта свята соцень лю­дзей, якія маюць і мелі да яе дачыненне. Сувязь-пераемнасць пакаленняў сімвалізавалі шэсць вядучых: былыя выпускнікі Галіна Грышчук і Ігар Дубовік, старшакласніцы Аліна Лучына і Карына Амбарнікава, малодшыя вучні Назар Савановіч і Вікторыя Есіна. Ім дапамагала настаўніца беларускай мовы і літаратуры Любоў Собаль — рэжысёр і аўтар сцэнарыя, а таксама цёплых вершаў, якія гучалі ў канве свята. Удзельнічала ў падрыхтоўцы сцэнарыя і маладая настаўніца гісторыі Алёна Кушнер. Грунтоўным быў аповед Святланы Роўнай, дырэктара школы, пра мінулае ўстановы адукацыі, яе сённяшні дзень. Былі віншаванні, узнагароды, падарункі ад ганаровых гасцей і спонсараў, спявалі-танцавалі вучні, дзетсадаўцы, выс­тупалі выпускнікі. Шматслойнае па сэнсах і вобразах, бы святочны торт, школьнае свята. Быў і сімвалічны торт, ля якога фатаграфаваліся на памяць.

Дарэчы, пазней я пачуў: а варта б і сцэнарый, святочныя фотаздымкі дадаць у грунтоўны “Асветніцкі летапіс”, створаны да свята. Гэта вялікі том, у які кожны выпускнік ці настаўнік можа ўнесці карэктывы і прапановы, даўнія здымкі. А з часам варта б рукапіс і кнігай выдаць. Пра тое казалі асноўныя летапісцы: настаўніцы-па­дзвіжніцы Любоў Собаль, Алена Каладзінская, Анастасія Шкуратава. Сімвалічна, што яны перадалі летапіс малодшым калегам з наказам прадаўжаць традыцыі Магільнянс­ка-Нёманскай школы і ўпісваць у яго новыя, прыгожыя старонкі.

Шчырую ўдзячнасць настаўнікам за пуцёўкі ў жыццё выказвалі выпускнікі. Андрэй Лычкоўскі, вядомы на Уздзеншчыне мастак, падарыў школе карціну з прынёманскім краявідам. Цёплую песню “Радзіма” выканаў пад гітару супрацоўнік Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС Яўген Собаль. І зала падпявала, калі ўласную песню “Настаўніцкі вальс” пад гітару спявала выпускніца школы, паэтэса, настаўніца біялогіі і хіміі Валянціна Рогач-Чарнюк. Дарэчы, за перамогі вучняў на прадметных алімпіядах яе імя было ўнесена ў рэестр таленавітых настаўнікаў Мінадукацыі Рэспублікі Беларусь. І цяпер спадарыня Валянціна, як яна сказала, пры важнай педагагічнай справе: гадуе-выхоў­вае ўнукаў.

Педагогіка як праца мастака

Пажадалі стаць часцінкай школьнага, сямейнага свята людзі розных пакаленняў. Быў, скажам, выпускнік 1965 года Барыс Сяргеевіч Лыч. Працаваў ён у лясной гас­падарцы, дырэктарам Нёманскага дома культуры, падчас свята хораша дэкламаваў верш. Святочная праграма “Школа — гэта радасць” уключала ў сябе ўшанаванне як настаўніцкай каманды, так і вучняў-выпускнікоў, ветэранаў педпрацы і тых, хто працуе ў школе па гаспадарцы, у яе сталовай, дзіцячым садзе. Большасць выпускнікоў былі з юбілейных выпускаў: тыя, хто закончыў школу 5, 10, 15 і г.д. гадоў назад.

І ўсе пайшлі ў творчыя майстэрні нас­таўніц Людмілы Дзесюкевіч, Ліза­веты Хмель і Анастасіі Шкуратавай. Разгарнулася і мастацкая галерэя: карціны Андрэя Лычкоўскага, былога дырэктара школы Іосіфа Жагалко­віча, Дар’і Баранавай, выпускніцы 2020 года, і Арсена Мігуна, вучня 8 класа. Згаданы Іосіф Іосіфавіч кіраваў Магільнянс­кай школай у 1971—1976 гадах, быў нас­таўнікам фізікі, прымаў на работу многіх цяперашніх настаўнікаў. Вельмі любіў мясцовую прыроду і ўслаўляў яе прыгажосць у сваіх карцінах. І тыя традыцыі жывыя.

Выпускнік школы 1973 года Андрэй Лычкоўскі скончыў педінстытут імя А.М.Горкага, працаваў педагогам ва Уздзе, шмат малюе сам. Карціны не прадае, а до­рыць у музейныя калекцыі: лічыць, што такім чынам больш людзей іх пабачаць.

Каго з настаўнікаў ён згадвае з удзячнасцю? У першую чаргу тых, хто прымушаў працаваць, старанна вучыцца. Мастак згадаў Аляксандра Ільіча Гладкіх (быў яго класным кіраўніком, выкладчык рускай мовы і літаратуры) і Веру Якаў­леўну, яго жонку: “Дысцыпліна ў іх была на ўроках жалезная: чуваць, як муха ці камар праля­ціць. Так ціха сядзелі. Яна выкладала матэматыку, класы былі невялікія: чалавек па 12—15. Дык я тэарэму паслухаю — і запомню ўсё… Тут педагогіка як праца мастака, тут штучная вытворчасць “твораў”. Усе адно аднаго ведалі, настаўнікі з нашымі бацькамі ў кантакце былі, прычым бадай што ў кожнага і свой агарод быў, свая гаспадарка”.

Андрэй Лычкоўскі з дзяцінства любіў маляваць, але ў пачатковай школе ў Яршах яго талент не разгле­дзелі. “Прыйшоў сюды ў 5 клас, нас­таўнікам выяўленчага мастацтва быў Людвіг Аляксанд­равіч Мілкоўскі — самавук, талент з народа. І ў мяне тут пайшлі пяцёркі! Гэта натхняла на творчасць, да таго ж настаўнік вёў і фотагурток. Мы вучыліся бачыць кампазіцыю, святло, мысліць вобразамі. Я ўдзячны лёсу, што такія таленавітыя настаўнікі былі на маім жыццёвым шляху”.

Творы мастака на выставе светлыя і аптымістычныя. Я сказаў бы, што гэта рамантычны рэалізм, напоўнены святлом. Андрэй Міхайлавіч усміхаецца: “Мастацтвазнаўцы пра такое пішуць: лірычны пейзаж у тэхніцы пастознага жывапісу… Каб быць у добрай форме, малюю штогод па 40 і больш пейзажаў. Перадаю іх у музеі, карціну сёння і школе падару”.

Падарыў! Яго наднёманскі пейзаж будзе натхняць ужо новых вучняў Нёманскай школы.

Алена Каладзінская і яе светлыя фарбы

Скончыўшы педінстытут імя А.М.Горкага, яна гады тры адпрацавала настаўніцай матэматыкі. З мужам, эканамістам сельгас­вытворчасці, апынулася ў Магільным, дзе ў школе ўжо былі матэматыкі, таму ёй далі весці заняткі ў групе прадоўжанага дня.

Алена Каладзінская і яе дочкі

“Калега мая Анастасія Мікалаеўна Шкуратава, якая працавала з пачаткоўцамі, сказала: “У цябе з дзецьмі так добра ўсё атрымліваецца!..” — прыгадвае Алена Іванаўна. — І ўгаварыла паехаць на курсы перападрыхтоўкі ў Мінск, у МАІРА. Адтуль я прыехала іншым чалавекам. Як акунулася з галавой у працу з дзецьмі ў пачатковых класах, то і прапала. І ўжо маю 40 гадоў педстажу. Прычым аніводнага дня не пашкадавала, што змяніла спецыяльнасць. Малыя дзеці, як па мне, падаўжаюць нашае жыццё і расквечваюць яго светлымі фарбамі. Мы ніколі з імі не састарымся: і на фізкультуры займаемся разам, і спяваем, і танцуем, і вершы дэкламуем”.

Я ў тым і сам пераканаўся: у зале прысеў на радзе побач з ёй. “Вы потым пасуньцеся крышку: мае дзеці падыдуць”, — папрасіла настаўніца. Я здзівіўся, бо яе дочкі ўжо сядзелі непадалёк. А калі, выступіўшы, да яе прыбегла ўзбуджаная чародка малых, усё зразумеў… Па ходзе свята не раз “яе дзеці” выбягалі на сцэну: спявалі і тан­цавалі. Прычым і памкнёная наперад, з агнём у вачах Алена Іванаўна, здавалася, была разам з імі — хоць і сядзела. Падбадзёрвала, падпявала, такт адбівала… І дочкі яе захоплена паглядалі — то на маму, то на дзетак…

“Мы кожны вечар з ёй па тэлефоне гаворым, і штораз яна пра дзетак расказвае, прычым у дэталях і дробязях, — сказала потым Святлана. — То мы з Верай, калі яны рыхтавалі нумары на юбілей, і песні ўсе гэтыя з ёй развучвалі: маглі б, калі што, быць дублёрамі ў дзетак”. (Смяецца.)

Святлана — вядучы эканаміст у мінскай арганізацыі, цяпер у дэкрэце: малодшай дачушцы сем месяцаў. Скончыла сельгас­акадэмію, выбрала прафесію бацькі. Сярод школьных настаўнікаў ёсць у яе тыя, каму аддала сваё сэрца. Гэта найперш матэматык Роза Уладзіміраўна Дубовік. “Захапляюся ёй як чалавекам і прафесіяналам, — гаварыла Святлана. — Яркая зорка ў педагогіцы, прычым у нас з ёй асаблівыя, даверлівыя адносіны. Я ў алімпіядах і на вобласці выступала. Гэтая настаўніца жыве сваім прадметам, яе з матэматыкай не раздзя­ліць: гэта стыль жыцця Розы Уладзіміраўны, зносін са светам. Праз матэматыку я ад яе навучылася глядзець на цяжкасці як на выклікі ў жыцці. А калі нешта вельмі цяжкае было, то яна казала нам: “Гэта задачка з зорачкай”.

Акадэмію Святлана скончыла з чырвоным дыпломам. Як сама прызналася, станоўча паўплываў на яе лёс і школьны настаўнік фізкультуры Леа­нід Лыч: “Фізкультура і для яго, і для мяне — своеасаблівы лад жыцця, самадысцыпліна, уменне працаваць у камандзе. Я займалася ў школе рознымі відамі спорту: валейболам, біятлонам, трыятлонам, мнагаборствам — усюды выступала. Здаро­вае харчаванне, фізічныя нагрузкі, уменні рыхтавацца да спаборніцтваў, прыслухоўвацца да свайго арганізма, пры­трымлівацца рэжыму працы і адпачынку… Мы ў Леаніда Іванавіча многаму вучы­ліся”.

Сястра Святланы Вера працуе намес­нікам дырэктара па кіраванні персаналам вялікай групы беларускіх ІТ-кампаній. Дзякуючы ёй, былой выпускніцы, школа сёння атрымлівае важкую і пастаянную спонсарскую дапамогу.

“З усіх маіх вучняў я найперш ганаруся дочкамі. Як маці, як іх настаўніца ў пачатковых класах, — сказала Алена Каладзінская. — Абедзве з маленства вельмі самастойныя. Цяпер замужам: Вера Жагалковіч і Святлана Ярмак. Ды і ўвогуле, на каго ні пагляджу з маіх вучняў, усе яны дастойныя людзі. Мой любімы вучань і Яўген Собаль: працуе ў сістэме МНС. Я крыху ўмею іграць на гітары, то дзеткам, бывала, шмат іграла: гаджэтаў яшчэ ж не было. Колькі песень спявалі разам! Хлопчыкі прасілі: “Алена Іванаўна, калі ласка, навучыце іграць!” І амаль усе яны сёння іграюць на гітары, прычым значна лепш за мяне.

Для мяне гонар, што зернейкі любові да музыкі і песні я пасеяла ў іх душах, і яны прараслі, далі плён. З ліку маіх выхаванак і Марына Шымкевіч — мнагадзетная мама траіх дзетак, дваіх з якіх я вучыла ў пачатковых класах. І Яўген Саўчанка — мой вучань, цяпер ён майстар лесу ў нашым лясгасе”.

“Я люблю ўсіх дзетак”…

З усіх выпускнікоў, якія сабраліся на свята, Ігар Дубовік вылучаўся ростам, абаяльнай усмешкай. Родам ён з вёскі Замосце, выпускнік 2002 года. З любімых настаўні­каў згадвае найперш Анастасію Шкуратаву: “Мая настаўніца пачатковых класаў самая чулая і добрая, на мой погляд, — падбірае ён словы. — Пра яе ўсё, што ні ўспомню, самае лепшае. Клас у нас быў немалы, чалавек 23—25, і да кожнага яна змагла, як кажуць, падабраць ключык”.

Ігар Іванавіч — інжынер у інфатэхналогіях, сістэмны аналітык. Скончыў Белдзяржуніверсітэт, факультэт радыёфізікі і электронікі. Сувязі са школай застаюцца трывалымі, яго мама — тая настаўніца матэматыкі Роза Уладзіміраўна, якую Святлана Ярмак згадала з удзячнасцю. Вядома ж, яе ўплыў на выбар прафесіі сынамі відавочны: Ігар і Уладзімір скончылі той жа факультэт БДУ. Таксама ў ІТ-сферу пайшоў Дзмітрый Абрамчык, сын настаўніцы французскай мовы.

“Прыемна ўсведамляць, што і сёння калектыў школы захоўвае лепшыя традыцыі папярэднікаў, — сказаў Ігар Дубовік. — Многіх настаўнікаў ведаю, цаню іх прафесіяналізм, дабрыню, адкрытасць. Бадай што кожны зрабіў нешта для майго выхавання і навучання. Настаўнікі давалі мне шмат шансаў, каб змог сябе праявіць, раскрыць здольнасці. Прыгадваю конкурсы, алімпіяды, школьныя імпрэзы, самадзейнасць — ва ўсім удзельнічаў. І вершы пісаў — яны ёсць у школьных зборніках. Яшчэ і калі ва ўніверсітэце вучыўся, то сумяшчаў фізіку і лірыку”.

Калі я сфатаграфаваў Анастасію Шкуратаву разам з Ігарам, яна прызналася: у дзяцінстве гэта быў такі жыўчык-свавольнік! Бацькі нават не ведалі, як з ім справіцца. Цікава, і як яна ўтаймоўвала свавольніка? Усміхаецца: “Знайшла падыход, і мы з ім пасябравалі. Маці дзівілася: “Няўжо гэта мой Ігар? Не можа быць…” Так і казала. Я люблю ўсіх дзетак, нікога не вылучала — усе мне дарагія. А нашу любоў дзеці адчу­ваюць — як цеплыню ад сонца, печкі ці жывога агню”.

Настаўніца прыгадвае выпуск, які быў два гады назад. Тыя дзеткі прыйшлі ў 1 клас і на лінейцы ані хвілінкі пастаяць не маглі: круціліся. Мама аднаго за руку трымала ўвесь час, прыгаворваючы: “Як жа ты будзеш вучыцца?” Пра той клас пагалоска па вёсцы пайшла, на вуліцах пыталіся: “Як вы там з імі змагаецеся?” А я іх усіх за чытыры гады “прыручыла”, і сябравалі ўсе і да гэтага часу ў добрых адносінах, — дзеліцца досведам настаўніца. — Згаданы Сярожа Клочка ўжо ў 4 класе пісаў даследчую работу “У прыроды ёсць чаму павучыцца”. Паехалі з ім на раён, потым на вобласць, і нам далі спецдыплом. Цяпер ён у тэхналагічным універсітэце ў Мінску вучыцца. І Сярожа Мыслівец там вучыцца. Ён жа, наадварот, быў вельмі сціплы. Праз даследчыя работы мы рухаліся, развіваліся. Увогуле, я шмат увагі ўдзяляла такой дзейнасці. Мая вучаніца Юлія Страмавус пасля 9 класа паступіла ў Ліцэй БДУ. Мы тры работы з ёй зрабілі, адна з іх — “Ці багаты чалавек, улюбёны ў коней?”, бо ў іх у гаспадарцы быў конь і ёй было вельмі цікава даследа­ваць гэтую тэму. Усе работы стваралі на беларускай мове, яна ж у школе і мова наву­чання з 1 класа”.

Букет белых руж

Больш стрыманая, але таксама цёп­лая размова ў нас была з Яўгенам Собалем, сынам Любові Анатольеўны. Працуе ён на адказнай пасадзе ў сістэме МНС. Спяваў на свяце песню “Радзіма”. Яўген Мікалаевіч потым уручыў букет белых руж сваёй першай настаўніцы Алене Іванаўне Каладзінскай. “Памятаю, як нам яна іграла на гітары, — успамінае Яўген Мікалаевіч. — І мне ў душу запала жаданне асвоіць інструмент. Потым яно ўзмацнілася, былі абставіны, у 6 класе. А іграць я вучыўся ў суседа, які быў з кансерваторскай адукацыяй. Мы спачатку пісалі-малявалі акорды, я іх развучваў, і потым настаўнік мой правяраў дамашняе заданне: я іграў, ён даваў парады. Вядома ж, спачатку пальцы левай рукі — у кроў, на вялікім пальцы правай — цвёрды мазоль. Усе гітарысты праз такое праходзяць. І вось іграю, спяваю па гэты час”.

Пасля 9 класа Яўген Собаль вырашыў стаць… настаўнікам пачатковых класаў. Вучыўся ў Нясвіжскім педкаледжы, атрымаў яшчэ і спецыяльнасць кіраўніка музычнай студыі. Папрацаваў у школе педагогам-арганізатарам і потым стаў ратавальнікам. Прычым, кажа, веды, атрыманыя ў педкаледжы, яму вельмі спатрэбіліся на новай рабоце. З нясвіжскіх педагогаў добрым словам успамінае Віталя Канстанцінавіча Раманчука і Алену Васілеўну Жураўлёву.

Яўген Собаль цёпла згадаў яшчэ школьных педагогаў Яніну Бондар (выкладала рускую мову і літаратуру) і настаўніка фізкультуры Леаніда Лыча. “Яніна Эдуардаўна дапамагала нам спасцігаць свет уласнай душы, а Леанід Іванавіч займаўся выхаваннем характараў, — гаворыць іх былы вучань. — Мы былі хлопцы моцныя, трэніраваныя ў тым ліку вясковай працай, таму, напрыклад, за школу і за наш калгас гулялі ў футбольнай камандзе. А Леанід Іванавіч заўсёды з намі разам быў на стадыёне, і не толькі на занятках, прычым і летам,
і зімой.

Памятаю, як улетку, калі па гаспадарцы справы ўжо былі зроблены, жывёла пакормлена, выглядваў: калі ёсць святло з вокан спартзала на стадыёне — туды. Альбо ў спартзал зімой беглі. І нас­таўнік з намі быў, хоць і сям’я ў яго, і свая гаспадарка”.

Сувязі са школьнымі сябрамі, настаўнікамі, роднымі людзьмі ў Яўгена Собаля і сёння моцныя, і ў яго дзяцей-мінчан з беларускай мовай аніякіх праблем: яна для іх родная.

Прызнанне ў любові

Адна з настаўніц (назавём яе Марыя Іванаўна), былая выпускніца Магільнянс­кай школы, у размове са школьнымі сяб­роўкамі прыгадала, што яе вучні актыўна ўдзельнічалі ў алімпіядах па прадмеце, які яна выкладала ў іх класе. Пазней, праз гады пасля выпускнога, адзін з вучняў прызнаўся: “Ды не любілі мы вашу хімію… Мы вас любілі, Марыя Іванаўна!..” У адказ на такую шчырасць настаўніца прыабняла юнака за плечы і ўсміхнулася: “Дык і я ж вас, вучняў-алімпіяднікаў, любіла больш, чым гэтую сваю хімію!”

Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара