З 2015 года Гальшанскі яслі-сад з’яўляецца ўдзельнікам рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі арганізацыі працэсу патрыятычнага выхавання ва ўстанове дашкольнай адукацыі (2015—2020) ”. Патрыятычнае выхаванне ва ўстанове ажыццяўляецца праз усе віды дзіцячай дзейнасці: гульні, заняткі, мерапрыемствы, актыўны адпачынак у розных формах.
Мястэчка Гальшаны славіцца вядомымі ва ўсім свеце гістарычнымі і архітэктурнымі помнікамі: жамчужынамі гісторыі — Гальшанскім замкам і касцёлам, дугой Струвэ — вядомым геадэзічным помнікам, знакамітай жанчынай свайго часу — Соф’яй Гальшанскай, якая дала пачатак роду польскіх каралёў Ягелонаў. Такая багатая гісторыя нашага краю не магла не паўплываць на змест работы ўстановы адукацыі. У кожнай садаўскай групе створаны куточкі “Беларусь — мая Радзіма”, “Мая маленькая радзіма”, у якіх змешчана інфармацыя пра Гальшаны, пра помнікі, памятныя мясціны, ёсць альбомы з фотаздымкамі беларускай прыроды, пейзажамі аграгарадка, аўдыязапісы музычных твораў беларускага фальклору, дыдактычныя гульні “Знайдзі сцяг і герб Рэспублікі Беларусь”, “Знайдзі сцяг і герб аграгарадка Гальшаны”, “Кветкі нашага краю”, “Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь”, “Свет прадметаў”, “Гістарычныя мясціны Гальшан”, “Здагадайся па апісанні” і іншыя. Распрацаваныя дыдактычныя гульні дазваляюць найбольш поўна рэалізоўваць нацыянальна-рэгіянальны падыход у выхаванні дзяцей дашкольнага ўзросту. Яны развіваюць цікавасць да мінулага нашай радзімы, далучаюць выхаванцаў да культурнай спадчыны, дапамагаюць захаваць традыцыі і звычаі, прывіць любоў і павагу да народных каштоўнасцей нашага рэгіёна.
На працягу першага года рэалізацыі праекта ў групах былі створаны міні-музеі “Беларуская саломка”, “Беларускі лён”, “Беларускае ганчарства”, аформлены музейны пакой “Сялянская хатка”. Інтэр’ер, прадметы побыту мінуўшчыны дапамагаюць дзецям зразумець мову гэтых рэчаў, усвядоміць іх культурнае значэнне. Экспанаты музейнага пакоя (вышываныя ручнікі, плеценае з лазы гаспадарчае начынне) прадастаўлены народнымі ўмельцамі Гальшанскага краю. “Падарожжа па Гальшанах” — гэта праект па знаёмстве дзяцей з выдатнымі мясцінамі маленькай радзімы. Па выніках гэтай вандроўкі ва ўстанове створаны стэнд-карта, дзе сабраны ўвесь інфармацыйна-метадычны матэрыял, праз які выхавальнікі знаёмяць дзяцей з інфраструктурай і архітэктурай аграгарадка, фарміруюць у іх любоў да роднай зямлі, яе традыцый, гісторыі. У інфармацыйна-метадычным кабінеце размешчана мультымедыятэка віртуальных музеяў “Мая маленькая радзіма”, “Беларусь — мая Радзіма”, з дапамогай якіх праводзяцца заняткі па азнаямленні выхаванцаў са славутасцямі як Беларусі, так і малой радзімы, з народнымі рамёствамі і з дэкаратыўна-прыкладной творчасцю ўмельцаў Гальшаншчыны. Прадметна-развіццёвае асяроддзе груп уключае ў сябе элементы, якія садзейнічаюць удакладненню і пашырэнню ўяўленняў дзяцей аб малой радзіме. Выхавальнікамі створаны атрыбуты і абсталяванне для сюжэтна-ролевых гульняў “Мой аграгарадок Гальшаны”, “Раскопкі ў Гальшанах”, “Горад майстроў”. Унесены элементы рэгіянальнага кампанента ў гульні “Кафэ”, “Крама”. Так, у старшай групе для арганізацыі сюжэтна-ролевай гульні “Кафэ” меню аформлена з улікам спецыфікі нашага рэгіёна. Праз гульню выхаванцы адлюстроўваюць побыт беларусаў, вучацца беражліва ставіцца да гістарычных помнікаў.
Году малой радзімы прысвечаны міні-праект “Гальшаны — мой любімы край”, распрацаваны педагагічнымі работнікамі нашай установы. Вынікам рэалізацыі праекта сталі складанне комплексу заняткаў, афармленне альбома “Знакамітыя людзі зямлі гальшанскай”, стварэнне віртуальнай экскурсіі “Гальшаны — мястэчка вялікіх здарэнняў”. Гэта напрацоўкі, якія выкарыстоўваюцца штодзённа. А ў святочныя дні садок прыбіраецца ў каларытнае нацыянальнае ўбранне. У час навагодніх і калядных свят паўсюдна можна ўбачыць навагоднія ўпрыгажэнні з элементамі нацыянальнага дэкору, а з надыходам вясны ёлачкі, навагоднія выставы, гірлянды змяняюцца вясновымі кветкамі, птушкамі, матылькамі, упрыгожанымі азбукай беларускага арнаменту, нацыянальнымі сімваламі. Выхавальнікі вельмі ўдала дадаюць беларускасці штодзённым рэчам. Вабяць вока вырабы з лёну і саломкі, гліны і дрэва. Але самае галоўнае, што кожную хвіліну ў садку гучыць жывое беларускае слова.
Наталля ЭЙДЗЮКЕВІЧ,
выхавальніца Гальшанскага ясляў-сада Ашмянскага раёна.