У паход да перамог

- 11:10Гродзеншчына, Прэс-тур

Капцёўская сярэдняя школа Гродзенскага раёна знаходзіцца на вуліцы Перамогі. Перамог і дасягненняў на рахунку школьнага калектыву шмат, канечне, не толькі з гэтай нагоды. Сельская школа за некалькі кіламетраў ад абласнога цэнтра развіваецца, вызначыўшы некалькі прыярытэтных кірункаў дзейнасці, і выхоўвае актыўных, матываваных навучэнцаў. Ну а рулявы гэтага калектыву — дырэктар Людміла Мікалаеўна Санюковіч — у 2013 годзе была прызнана лепшым кіраўніком установы адукацыі Гродзенскай вобласці.

— Першы інавацыйны праект па стварэнні мадэлі выхаваўча-прафілактычнай работы з навучэнцамі мы пачалі ажыццяўляць у 2006 годзе, — расказвае Людміла Мікалаеўна. — Потым удзельнічалі ў рэспубліканскім эксперыменце па апрабацыі электроннага сродку навучання “Спартыўна-аздараўленчы турызм”. На працягу 2012—2016 гадоў былі ўдзельнікамі рэспубліканскага інавацыйнага праекта па ўкараненні методыкі навучання спартыўна-аздараўленчаму турызму з прымяненнем ЭСН “Спартыўна-аздараўленчы турызм”.

Турысцка-краязнаўчы кірунак выхаваўчай работы стаў своеасаблівым брэндам Капцёўскай сярэдняй школы. Турыстычны клуб “НОРД” ахоплівае 22% навучэнцаў школы. Толькі за апошнія тры гады атрыманы 70 дыпломаў абласнога ўзроўню па спартыўна-турысцкім кірунку. А ўвогуле ўсе вучні з’яўляюцца членамі дзіцячых і маладзёжных арганізацый і аб’яднанняў.

Паходы, удзелы ў турыстычных спаборніцтвах вельмі важны і цікавы для навучэнцаў кампанент школьнага жыцця. У школе завадатарам гэтага руху з’яўляецца настаўнік фізічнай культуры і здароўя вышэйшай катэгорыі С.Ю.Паўленка, які з’яўляецца пераможцам раённага і дыпламантам абласнога этапу конкурсу “Настаўнік года”.

— Турызм мае вялікі выхаваўчы складнік, — гаворыць Сяргей Юр’евіч, — менавіта так мы арганізоўваем работу, каб падрыхтаваць не толькі фізічна развітога чалавека са свядомым выбарам здаровага ладу жыцця. Турызм — гэта і выхаванне характару, адказнасці, уменне працаваць у камандзе, ды і прафарыентацыйная работа. Многія нашы выпускнікі паступаюць у навучальныя ўстановы МНС і вельмі добра там вучацца.

Кожнае лета адпраўляюцца дзеці ў паходы па Беларусі. Паходы рознай катэгорыі складанасці правялі іх дарогамі Беларусі: ад Капцёўкі — да Мінска, Віцебска, Маладзечна. Працягласць некаторых паходаў складае больш за сто кіламетраў. А ў мінулым годзе здзейснілі сваю даўнюю мару — пакарылі Карпаты. У гэтым годзе плануюць маршрут на Магілёўшчыну. Распрацаваны турыстычны маршрут “Пазнай Радзіму — выхавай сябе” заняў 1-е месца на абласным конкурсе на лепшы пешаходны турыстычны маршрут.

У школе створаны вельмі добрыя ўмовы для заняткаў спортам і турызмам, але ёсць тут і мара — узвесці сцяну для скалалажання.

Капцёўская школа ўражвае яшчэ сваім зялёным афармленнем. На другім паверсе расцвіў сапраўдны сад са 126 дэкаратыўных раслін, у кожным класе ёсць зялёныя куточкі. Паўсюль парадак, чысціня, вельмі ўтульна, неяк па-хатняму. І да гэтага яшчэ адна дэталь — рамонт у школе апошні раз праводзілі ў 2008 годзе. А на пытанне, як падтрымліваюць такі парадак, дырэктар школы расказвае аб выхаванні гаспадарскіх адносін да свайго школьнага дома ў кожнага вучня і настаўніка.

Сёння школа ажыццяўляе яшчэ адзін рэспубліканскі інавацыйны праект па ўкараненні мадэлі фарміравання сацыяльнай паспяховасці навучэнцаў. А прыкладамі такога выхавання могуць стаць наступныя факты: двое навучэнцаў унесены ў рэспубліканскі банк даных адоранай моладзі Рэспублікі Беларусь, двое ўзнагароджаны прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, два вучні з’яўляюцца дэпутатамі маладзёжнага парламента пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў, два вучні абіраліся кіраўнікамі асацыяцый школьных сістэм самакіравання “Садружнасць” Гродзенскага раёна, на працягу апошніх пяці гадоў каманда школы займае прызавыя месцы ў гульнях “Што? Дзе? Калі” і “Брэйн-рынг” і з’яўляецца ўладальнікам пераходнага кубка, тры дыпломы атрымалі навучэнцы на абласным конкурсе “Хрустальная альфа” і два — на Рэспубліканскім конкурсе даследчых работ. І гэта пры тым, што вучацца ў капцёўскай школе 163 вучні.

З членамі аб’яднання “Крынічка” навучэнцам 10 класа Антонам Кохнам і адзінаццацікласніцай Наталляй Бандаровіч пазнаёміліся падчас іх творчага выступлення. Наталля спявае беларускія песні, а Антон прафесійна і з гумарам чытае вершы, байкі, выступае ў ролі вядучага на школьных мерапрыемствах. Творчасцю займаецца з 1 класа, а яшчэ узначальвае школьнае і раённае самакіраванне. Быць актыўным яго вучаць у школе.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Ігара ГРЭЧКІ.