У палёт за “жураўлямі”

- 11:34Адукацыйная прастора

Фестываль педагагічных ідэй “Прызванне — педагог” пяты раз прайшоў у Гродне. Яго ўдзельнікамі стала каля 200 маладых настаўнікаў з усіх абласцей Беларусі, госці з Расіі і Малдовы, вопытныя педагогі, члены абласнога і рэспубліканскага клубаў “Крыштальны журавель”.

— Мэта фестывалю — павышэнне прэстыжу педагагічнай прафесіі, метадычная падтрымка маладых педагогаў, уцягванне іх у навукова-даследчую дзейнасць, а таксама трансляцыя і актуалізацыя эфектыўных падыходаў да распаўсюджвання і шырокага ўкаранення ў адукацыйную практыку перадавога педагагічнага вопыту, — расказала рэктар Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі дацэнт Святлана Сяргейка.

— Кожны год фестываль праходзіць пад пэўным дэвізам. Так, некалькі гадоў назад мы запрашалі педагагічныя дынастыі, у гэтым годзе ўпор зроблены на навукова-даследчую дзейнасць маладых педагогаў, што з’яўляецца неад’емнай часткай паспяховай самарэалізацыі спецыяліста, — дадае старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Вера Грышэчка. — Фестываль дае магчымасць непасрэдных зносін маладых спецыялістаў з тымі, хто ўжо адбыўся ў прафесіі, дапамагае асэнсаваць сваё месца ў прафесіі, каб яна стала адзінай на ўсё жыццё.

Вітаючы ўдзельнікаў фестывалю, начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Сонгін падкрэсліў, што ў адукацыі ёсць будучыня, аб чым сведчыць колькасць маладых людзей, якія захацелі стаць удзельнікамі фестывалю, атрымаць новы вопыт у рабоце.

Рэктар ГрАІРА Святлана Сяргейка гаварыла на пленарным пасяджэнні аб прафесійнай самарэалізацыі маладога педагога праз навуковую і інавацыйную дзейнасць, старшыня клуба “Будучыня” настаўнік матэматыкі і інфарматыкі Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна Іван Якіменка — аб умовах паспяховай адаптацыі ў прафесіі, а старшыня Гродзенскага абласнога клуба “Крыштальны журавель” дырэктар сярэдняй школы № 26 Гродна Таццяна Даўгун расказала аб гісторыі фестывалю і яго развіцці.

Цікавую інфармацыю аб рабоце сістэмы адукацыі Малдовы з маладымі настаўнікамі прадставіла выконваючая абавязкі начальніка ўпраўлення адукацыі моладзі і спорту сектара Чэнтру Кішынёва Наталля Стражэска. Аб адаптацыі педагогаў, іх творчай і навуковай дзейнасці расказала настаўніца сярэдняй школы № 29 з паглыбленым вывучэннем асобных прадметаў Смаленска Таццяна Гаўрылава.

Пачаўшыся ў ГрАІРА, фестываль працягнуў сваю работу ў гродзенскай сярэдняй школе № 26. Тут адбылося прадстаўленне абласных і раённых каманд маладых педагогаў, майстар-класы членаў рэспубліканскага і абласнога клубаў “Крыштальны журавель” “Урок ад “А” да “Я”, педагогаў дадатковай адукацыі з гродзенскіх цэнтраў “Спектр” і “Прамень”.

На час маладыя настаўнікі ператварыліся ў вучняў і атрымалі дадатковы вопыт ад сваіх калег, якія прадставілі новыя падыходы да правядзення ўрокаў, падзяліліся новымі ідэямі, методыкамі, творчымі знаходкамі.

— Нам таксама было вельмі цікава, што пакажуць маладыя настаўнікі падчас самапрэзентацый, як яны выканаюць дамашняе заданне, якое атрымалі ў другі дзень фестывалю, убачыць памкненні тых, хто заўтра будзе вызначаць лёс адукацыі нашай краіны, — гаворыць настаўніца іспанскай мовы гімназіі № 2 Ваўкавыска Юлія Касталомава, пераможца абласнога этапу конкурсу “Настаўнік года — 2017”.

Члены клуба “Крыштальны журавель” сустрэліся з выкладчыкамі і студэнтамі педагагічных спецыяльнасцей Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і правялі майстар-класы на факультэтах біялогіі і экалогіі, фізічнай культуры, матэматыкі і інфарматыкі і фізіка-тэхнічным факультэце. Так, 10 эфектыўных парад па арганізацыі каманднай работы, якая дапаможа развіць камунікатыўныя навыкі вучняў, атрымалі ад пераможцы конкурсу “Настаўнік года” настаўніцы гімназіі № 4 Смаргоні Ірыны Клявец і настаўніцы Лугаваслабадской сярэдняй школы Мінскага раёна Алены Гарбар студэнты факультэта біялогіі і экалогіі.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Юліі АНІКЕВІЧ.