У Парахонскай сярэдняй школе пабудавана эфектыўная сістэма прафарыентацыйнай работы

- 10:16Новости

Падчас нядаўняга візіту на Піншчыну кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка наведаў, акрамя ААТ “Парахонскае”, і мясцовую школу. Чым яна адметная, даведаўся карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Парахонская сярэдняя школа — яскравы прыклад выніковай рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі. Дзякуючы ёй, установа адукацыі, пабудаваная ў 1977 годзе, набыла ў 2010-м сучасны выгляд.

У школе, якую наведваюць 356 дзяцей, паспяхова ажыццяўляецца адукацыйная праграма прафесійнай падрыхтоўкі вучняў Піншчыны для арганізацый аграрна-прамысловага комплексу.

— З мэтай павышэння прэстыжу сельскагаспадарчых прафесій у моладзі з бягучага навучальнага года дзейнічае профільная група аграрнай накіраванасці, — рас­казвае дырэктар школы Мікалай Калесніковіч. — Факультатыўныя заняткі па ўводзінах у аграрныя прафесіі праводзяцца на базе ААТ “Парахонскае”. Заключаны дагаворы аб супрацоў­ніцтве з Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэтам і мясцовай гаспадаркай.

Аграрная група з’явілася не на пустым месцы. На працягу 15 гадоў школа рыхтуе вадзіцеляў колавых трактараў і самаходных машын катэгорыі С. На базе ўстановы старшакласнікі Парахонскай, Сошненскай, Гара­дзішчанскай, Высокаўскай і Купяціцкай сярэдніх школ атрымліва­юць прафесію трактарыста-машыніста сельскагаспадарчай вытворчасці. Калі тэарэтычныя веды юнакі і дзяўчаты набываюць у школе, то практычныя ўменні і навыкі — на базе ААТ “Парахонскае”. На трактарадроме гаспадаркі школьнікі вучацца кіраваць колавымі трактарамі МТЗ-80 і МТЗ-82, якія знаходзяцца на балансе ўстановы адукацыі. З дзецьмі працуюць вопытныя майстры вытворчага навучання Генадзь Валчковіч, Аляксандр Кірыковіч і Мікалай Ляўша.

— За 15 гадоў пасведчанні аб падрыхтоўцы вадзіцеляў механічных транспартных сродкаў і самаходных машын атрымалі 343 выпуск­нікі, у тым ліку 225 вучняў нашай школы, — гаворыць Мікалай Калесніковіч. — Сёння ў ААТ “Парахонскае” працуе 81 чалавек ва ўзросце да 33 гадоў, у тым ліку 23 трактарысты і 13 вадзіцеляў.

У школе пабудавана эфектыўная сістэма прафарыентацыйнай работы. Так, за апошнія 3 гады 22% выпускнікоў працягваюць адукацыю ва УВА, а 73% — у каледжах. Найбольшай папулярнасцю ва ўчарашніх школьнікаў карыстаюцца Пінскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж імя А.Я.Кляшчова, Лунінецкі дзяржаўны аграрны каледж і Столінскі дзяржаўны аграрна-эканамічны каледж.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ