У педагогіку павінна ісці самая дастойная моладзь

- 10:51Актуально, Апошнія запісы

У сераду, 9 верасня, з 11 да 12 гадзін у рэдакцыі “Настаўніцкай газеты” прайшла прамая лінія з удзелам намесніка міністра адукацыі Р.С.Сідарэнка. Да Раісы Станіславаўны на тэлефонную лінію паступіла шмат пытанняў ад нашых чытачоў, бацькоў і педагогаў, якія прысвечаны новаму навучальнаму году і ўвогуле развіццю сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі. Нашых чытачоў цікавіць арганізацыя вучэбнага працэсу ў школе, адкрыццё профільных класаў, зместавае насычэнне шостага школьнага дня, стварэнне падручнікаў і дапаможнікаў, арганізацыя ў школах рэсурсных цэнтраў і шэраг іншых пытанняў. Акрамя тыповых, якія хвалююць большасць нашых чытачоў, ёсць і прыватныя, якія не ў меншай меры выклікаюць турботы. Пахвальна, што нашы чытачы ў час прамой лініі праявілі сябе вельмі актыўнымі, пытанні паступалі як на тэлефон, так і ў пісьмовай форме на пошту рэдакцыі з усіх куткоў нашай краіны, падключыліся рэгіянальныя органы кіравання адукацыяй. Гэта яшчэ раз пацвердзіла неабыякавасць нашага грамадства да таго, як развіваецца сёння адукацыйная галіна. Наша газета пачынае друкаваць адказы Р.С.Сідарэнка на пытанні, якія паступілі. Сачыце за газетай, таму што яны будуць друкавацца ў шэрагу нумароў на працягу гэтага і наступнага месяцаў.

— Ці змогуць навучэнцы педагагічных класаў паступаць ва ўстановы вышэйшай адукацыі педагагічнага профілю без уступных экзаменаў?
— Спачатку патлумачу, што такое педагагічныя класы. Размова ідзе аб групах педагагічнай накіраванасці, якія будуць стварацца альбо ў адной установе адукацыі, альбо на базе адной для некалькіх устаноў адукацыі. Сёння навучэнцы маюць магчымасць на павышаным узроўні вывучаць вучэбныя прадметы. Калі некаторыя з іх збіраюцца паступаць у педагічную УВА, яны дадаткова да гэтых прадметаў, напрыклад, фізікі і матэматыкі, якія вывучаюць на павышаным узроўні, выбіраюць яшчэ факультатыў, які называецца “Уводзіны ў педагагічную прафесію”. Вывучэнне гэтага факультатыву разлічана на два гады, і калі дзіця на працягу гэтых гадоў наведвае дадаткова гэты факультатыў плюс мае рэкамендацыю педагагічнага савета ўстановы і ў час вывучэння гэтага факультатыву да навучэнца прыйшло ўсведамленне, што менавіта педагогіка — гэта яго прафесійны выбар, то магчыма ён будзе мець нейкія льготы пры паступленні. Пытанне, якімі іменна будуць гэтыя льготы, сёння абмяркоўваецца. Сцвярджальна сказаць аб тым, што будзе ажыццёўлены прыём такіх матываваных навучэнцаў без экзаменаў, канечне, пакуль нельга. Таму што конкурс абавязкова павінен быць, і ў педагогіку павінны ісці самыя дастойныя, самыя адораныя людзі, для якіх гэта стане справай жыцця.

— Хто мае права праводзіць псіхасацыяльнае анкетаванне ва ўстанове адукацыі і апрацоўваць яго вынікі, калі згодна з п.10 “Парадку правядзення псіхасацыяльнага анкетавання і медыцынскага агляду навучэнцаў на прадмет ужывання алкаголю, наркатычных рэчываў, псіхатропных рэчываў і іх аналагаў” педагог-псіхолаг (педагог сацыяльны) і класны кіраўнік прыцягваюцца ў якасці кансультантаў?
— Гэтае анкетаванне могуць праводзіць толькі спецыялісты. Гэта педагог-псіхолаг і педагог сацыяльны. Класны кіраўнік не мае права гэтым займацца і тым больш выступаць у якасці кансультанта. Трэба разумець, што такое анкетаванне праводзіцца толькі са згоды бацькоў (калі гэта дзеці ва ўзросце да 14 гадоў) і саміх дзяцей (калі яны маюць узрост пасля 14 гадоў). Абавязкова павінна прайсці адпаведная растлумачальная работа з бацькамі, як дома, так і на бацькоўскіх сходах у навучальнай установе. У нас ёсць спецыяльна падрыхтаваная інструкцыя па прымяненні апытальнікаў для навучэнцаў і бацькоў. У сакавіку — красавіку гэтага года было праведзена пробнае псіхасацыяльнае анкетаванне ў кожным рэгіёне краіны. Вынікі гэтага анкетавання, а таксама меркаванні па яго правядзенні з боку педагогаў, навучэнцаў і іх бацькоў былі дакладна вывучаны і выкарыстаны ў далейшай рабоце па ўдасканаленні гэтага кірунку. Калі ў самой навучальнай установе няма педагога-псіхолага ці педагога сацыяльнага альбо там працуе толькі адзін з іх і не можа адначасова выступаць у якасці кансультанта, у якасці арганізатара і адказнага за гэтае анкетаванне, то ў такім выпадку далучаюцца педагогі-псіхолагі, педагогі сацыяльныя з іншых устаноў адукацыі, у тым ліку з сацыяльна-педагагічных цэнтраў. Яшчэ раз падкрэслю, што гэтым пытаннем павінны займацца толькі прафесіяналы.

— Ці плануецца выданне дадатковага тыражу падручнікаў “Чалавек і свет”, 1 клас; “Беларуская мова”, 1 клас?
— Пакуль не плануецца дадатковае выданне гэтых падручнікаў, бо ў гэтым няма ніякай патрэбы. Так, напрыклад, падручнік “Чалавек і свет” для 1 класа быў выдадзены ў 2012 годзе тыражом 108 тысяч экзэмпляраў. “Беларуская мова” для 1 класа ў 2011 годзе выдадзена тыражом больш за 107 тысяч. У гэтым навучальным годзе ў 1 клас пайшлі 106,5 тысячы дзяцей. Як бачна і як пацвярджае інфармацыя, якая ёсць у Міністэрстве адукацыі, праблем з гэтымі падручнікамі ў цэлым па краіне існаваць не будзе. Размова ідзе хутчэй за ўсё аб неабходнасці пераразмеркавання нашага кніжнага фонду. А гэта ўжо клопат мясцовых органаў кіравання адукацыяй. Паколькі гэтае пытанне паступіла з Гомельскай вобласці, то хачу ўдакладніць звесткі менавіта па гэтым рэгіёне. У 2015/2016 навучальным годзе ў Гомельскай вобласці паступілі ў 1 клас 16 220 дзяцей. Заказ на вучэбнае выданне “Беларуская мова”, 1 клас складае 16 385 экзэмпляраў і на вучэбнае выданне “Чалавек і свет”, 1 клас — 16 355. Як бачна, рэсурсы ёсць у самой Гомельскай вобласці, галоўнае пераразмеркаваць іх згодна з патрэбамі паміж раёнамі. У 2017 годзе абодва гэтыя падручнікі рыхтуюцца да перавыдання.

— Рэсурсныя цэнтры ў сістэме адукацыі — патрабаванне часу. У сістэме прафесійна-тэхнічнай адукацыі іх дзейнасць рэгламентавана і зацверджана адпаведнае палажэнне. Ці плануецца ў бліжэйшы час вырашэнне гэтага пытання для сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі?
— Дзейнасць рэсурсных цэнтраў у школах прадугледжана Палажэннем аб установе агульнай сярэдняй адукацыі п.22, зацверджаным Міністэрствам адукацыі. Мы мяркуем, што такія цэнтры могуць стварацца ва ўстановах адукацыі як структурнае падраздзяленне ўстановы адукацыі, і на сённяшні дзень гэтага больш чым дастаткова. У Мінску, напрыклад, функцыянуе больш за 40 рэсурсных цэнтраў на базе шэрага ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў адпаведнасці з кірункамі работы (прыродазнаўча-матэматычны, гуманітарны, грамадазнаўчы, эстэтычны), па напрамку кіраўніцкай дзейнасці, выхаваўчай работы, а таксама гарадскі рэсурсны цэнтр па абароне дзяцінства і інш. Паралельна, напэўна, мы будзем разглядаць пытанне (а цяпер мы праводзім рэспубліканскі эксперымент) па стварэнні інавацыйных цэнтраў, калі сама ўстанова адукацыі выступае ў ролі інавацыйнай пляцоўкі і атрымлівае за кошт гэтага асобны статус. Па выніках гэтага эксперымента мы будзем прымаць рашэнне і рэгламентаваць дзейнасць інавацыйных цэнтраў неабходнай нарматыўнай дакументацыяй.

— З якога года вучні 9-х класаў пачнуць здаваць экзамены ў профільны клас?
— Сказаць канкрэтна, з якога года, яшчэ немагчыма, таму што профільнае навучанне толькі ўводзіцца з гэтага навучальнага года. На сённяшні момант схема вельмі простая — улічваюцца адзнакі ў пасведчанні аб базавай адукацыі і адзнакі, атрыманыя па профільных прадметах, якія будуць вывучацца на павышаным узроўні. Мы разглядаем гэтае пытанне не асобна, як толькі прыём у профільны клас, а ў цэлым — як вывучэнне прадметаў на павышаным узроўні і атэстацыю за 9 клас. Праз 5 гадоў мы прыйдзем да адноснай завершанасці на базавым узроўні, і тады мы паралельна будзем разглядаць пытанне аб незалежнай атэстацыі і як мы будзем яе праводзіць. На гэты конт у НІА ужо праводзіўся эксперымент, але нас не вельмі задавальняюць яго вынікі. Схема, якую мы прапанавалі, аказалася крыху грувасткай, таму надалей мы будзем працаваць над яе ўдасканаленнем, вывучаць меркаванні ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, разглядаць прапановы, меркаванні бацькоў, навучэнцаў, педагогаў і потым будзем прымаць рашэнне. У гэтым навучальным годзе пакуль нічога не зменіцца.

— Ці прадугледжваецца перавод профільных класаў на шасцідзённы вучэбны тыдзень?
— Сёння ў шосты школьны дзень для 10—11 класаў можна праводзіць факультатыўныя заняткі. Мы разглядаем такую магчымасць, але сказаць жорстка, што 10—11 класы павінны вучыцца ў суботні дзень, мы не будзем. Прэзідэнт дакладна адзначыў, што шосты школьны дзень павінен быць заняты працай, фізічнай культурай і спортам. І гэта абсалютна правільна. У гэты дзень дзеці могуць адпачыць ад вучобы, заняцца справай па душы, развіваць сябе фізічна. У шосты школьны дзень дзеці займаюцца тым, што ім цікава, і ідуць у школу з задавальненнем.

— Ці плануецца ўнесці змяненні ў нарматыўныя прававыя акты па вызначэнні агульных падыходаў да напаўняльнасці 10-х класаў сельскіх школ (не менш за 5 навучэнцаў)?
— Напаўняльнасць класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ўстаноўлена Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі (артыкул 158). Цяпер прадугледжаны дыферэнцыраваны падыход да напаўняльнасці класаў у розных відах устаноў агульнай сярэдняй адукацыі (20 і 25 навучэнцаў).
У адпаведнасці з пунктам 3 артыкула 157 Кодэкса аб адукацыі, кантрольныя лічбы прыёму для атрымання агульнай сярэдняй адукацыі за кошт рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў устанаўліваюцца заснавальнікам установы адукацыі штогод.
З мэтай устанаўлення адзінай напаўняльнасці класаў ва ўсіх відах устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў праект закона “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі” ўключана наступная норма: “Напаўняльнасць класаў (акрамя класаў інтэграванага навучання і выхавання) ва ўстановах адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі, як правіла, не павінна перавышаць 30 навучэнцаў. Рашэнне аб напаўняльнасці класаў ва ўстанове адукацыі, якая рэалізуе адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі, прымае яе заснавальнік”.
Такім чынам, у цяперашні час і пасля ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс аб адукацыі заснавальнік установы агульнай сярэдняй адукацыі будзе мець магчымасць прымаць рашэнне аб напаўняльнасці класаў, у тым ліку і 10-х класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, размешчаных у сельскіх населеных пунктах, з улікам асаблівасцей развіцця рэгіёна.

— У 5-я класы гімназій на падставе конкурснага адбору залічваюцца дзеці, якія маюць станоўчыя гадавыя адзнакі і станоўчыя адзнакі па выніках уступных іспытаў па вучэбных прадметах “Руская мова”, “Беларуская мова”, “Матэматыка”. Станоўчымі адзнакамі з’яўляюцца адзнакі ад 1 да 10 балаў. Ці будуць мяняцца падыходы да залічэння, ці плануецца ўстанаўліваць які-небудзь мінімальны прахадны бал для залічэння ў гімназію?
— У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6 студзеня 2012 года № 15 “Аб некаторых пытаннях прыёму асоб у гімназіі, гімназіі-інтэрнаты, гімназіі — каледжы мастацтваў”, кожны навучэнец мае права прымаць удзел у конкурсе для атрымання базавай адукацыі, сярэдняй адукацыі ў гімназіі.
Прыём асоб у гімназію ажыццяўляецца ў адпаведнасці з кантрольнымі лічбамі прыёму, якія штогод устанаўліваюцца заснавальнікамі ўстаноў адукацыі. Прахадныя балы ўстанаўліваюцца ў кожнай гімназіі па выніках конкурсных іспытаў. Адзначу, што ўстанаўліваць які-небудзь мінімальны прахадны бал мы лічым немэтазгодным.

— Ці плануецца прадоўжыць практыку па забеспячэнні школ комплекснымі кабінетамі фізікі, хіміі, біялогіі або кабінетамі па іншых вучэбных прадметах?
— Для ўмацавання і абнаўлення вучэбна-матэрыяльнай базы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі і стварэння ўмоў для поўнага і якаснага выканання практычнай часткі вучэбных праграм па вучэбных прадметах Міністэрства адукацыі арганізавала цэнтралізаванае аснашчэнне кабінетаў фізікі, хіміі, біялогіі сучасным вучэбным абсталяваннем і сродкамі навучання са сродкаў рэспубліканскага бюджэту.
З 2013 года ў рамках выканання мерапрыемстваў Праграмы развіцця агульнай сярэдняй адукацыі на 2007—2016 гады пачата цэнтралізаванае аснашчэнне кабінетаў фізікі сучасным вучэбным абсталяваннем. У 2013—2014 гадах пастаўлена вучэбнае абсталяванне для 442 вучэбных кабінетаў фізікі. На гэтыя мэты было выдаткавана 177,3 млрд рублёў. У гэтым годзе мы плануем паставіць сучаснае вучэбнае абсталяванне ў 140 кабінетаў фізікі і 35 кабінетаў хіміі на суму 99,8 млрд рублёў.
Плануем, што ў наступным навучальным годзе будзе прадоўжана аснашчэнне сучасным вучэбным абсталяваннем і сродкамі навучання кабінетаў хіміі, а з 2018 года пачнецца аснашчэнне кабінетаў біялогіі.

— Хвалюе пытанне якасці падручнікаў і зместу вучэбных праграм. Ці будзе мяняцца пералік літаратуры для пазакласнага чытання?
— Наша міністэрства не застаецца ўбаку ад гэтай праблемы і імкнецца яе вырашыць. Калі вы выйдзеце на сайт Міністэрства адукацыі, на Нацыянальны адукацыйны партал, то зможаце ўбачыць, што аб’яўлены конкурс па стварэнні падручнікаў. Гэты конкурс будзе арганізаваны крыху па-іншаму і будзе адрознівацца ад папярэдніх. Так, у прыватнасці, раней для таго, каб удзельнічаць у спаборніцтве, трэба было цалкам напісаць падручнік і прадставіць яго ў экспертны савет, дзе ён разглядаўся нараўне з іншымі, а потым выбіраўся лепшы. У гэтым годзе мы прапаноўваем, каб на конкурс прадстаўляўся не ўвесь падручнік, а толькі яго канцэпцыя і адзін, самы складаны раздзел. Усе матэрыялы, якія будуць паступаць ад аўтараў, мы будзем размяшчаць у адкрытым доступе. Акрамя таго, будзе створана адкрытая пляцоўка для абмеркавання новай вучэбнай літаратуры для педагогаў, вучоных, навучэнцаў і іх бацькоў, каб выпрацаваць адзінае меркаванне. Што тычыцца падбору матэрыялаў для літаратурнага чытання школьнікаў, то пасля праведзеных апытанняў, анкетаванняў зацікаўленых асоб да адзінай высновы прыйсці не ўдалося. Як кажуць, колькі людзей, столькі і меркаванняў. Нават сярод вучоных думкі наконт гэтага разыходзяцца. Але, безумоўна, з улікам сучаснага развіцця нашых дзяцей змены патрэбны. Таму сёння мы займаемся карэкціроўкай спісаў літаратурных твораў, прызначаных для іх пазакласнага чытання.

— Ці плануецца ўнясенне змяненняў у працэс праходжання цэнтралізаванага тэсціравання для выпускнікоў, якія вывучалі прадметы на павышаным узроўні?
— Міністэрства адукацыі разам з зацікаўленымі структурамі распрацавала пытанне аб унясенні магчымых змяненняў у парадак правядзення цэнтралізаванага тэсціравання з улікам увядзення профільнага навучання на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі.

— Ці будзе павялічана ў перспектыве колькасць гадзін на вывучэнне беларускай мовы і літаратуры?
— З гэтага навучальнага года на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі ўведзена профільнае навучанне , якое прадугледжвае вывучэнне асобных прадметаў на базавым і павышаным узроўнях, у тым ліку і вучэбных прадметаў “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”. Хачу ўдакладніць, што ў адпаведнасці з тыпавым вучэбным планам у 10 класе на вывучэнне вучэбнага прадмета “Беларуская мова” на базавым узроўні выдзелена 1 гадзіна ў тыдзень, на павышаным узроўні — 3 гадзіны. Пры вывучэнні вучэбнага прадмета “Беларуская літаратура” на базавым узроўні выдзелена 1,5 гадзіны ў тыдзень, на павышаным узроўні — 3 гадзіны ў тыдзень. На сённяшні дзень галіновае міністэрства вядзе работу па пераглядзе вучэбных праграм па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура” ў карэкціроўцы колькасці гадзін на іх вывучэнне ў 2—4 класах.

— Ці плануецца ў найбліжэйшы час у сувязі з пераходам на профільнае навучанне падрыхтоўка прафарыентолагаў, чые функцыі сёння часткова ажыццяўляюць псіхолагі?
— Гэта правільны падыход, калі профільнае навучанне разглядаецца не як вывучэнне прадметаў на павышаным узроўні, а як далейшая прафесійная арыентацыя нашых навучэнцаў. Калі гаварыць пра работу ў профільных класах, то трэба пачынаць дапрофільную падрыхтоўку з 8—9 класаў. У нас ужо ёсць мадэль таго, як ажыццяўляць гэтую работу, і сёння мы выбудоўваем адносіны школ з установамі прафесійнай адукацыі. Пытанне падрыхтоўкі асобных спецыялістаў для прафарыентацыйнай работы сапраўды вельмі актуальнае, і, як яго вырашаць, у тым ліку пакажа сёлетні навучальны год, калі ўводзіцца профільнае навучанне. Магчыма, гэта будзе падрыхтоўка асобнага, з вузкім профілем, спецыяліста, а дадаткова — падрыхтоўка і перападрыхтоўка тых педагогаў, якія ўжо працуюць у школе.

— Ці прадугледжваецца магчымасць вывучаць на павышаным узроўні вучэбны прадмет “Інфарматыка”?
— Вывучэнне вучэбнага прадмета “Інфарматыка” на павышаным узроўні ў 10 класе магчыма на факультатыўных занятках. Праграмы факультатыўных заняткаў, рэкамендаваныя для выкарыстання ў гэтым навучальным годзе, размешчаны на Нацыянальным адукацыйным партале (adu.by/ Учителю/ Образовательный процесс. 2015/2016 учебный год/Компоненты/Программы факультативных занятий).

— У сувязі з профільным навучаннем на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі ці мэтазгодна ўвесці экзамен альбо выніковую кантрольную работу па адным з профільных прадметаў? Ці будуць змяненні ў выніковай атэстацыі?
— У гэтым навучальным годзе змяненні ў парадак і форму правядзення выпускных экзаменаў пасля завяршэння навучання і выхавання на II (9 клас) і III (11 клас) ступенях агульнай сярэдняй адукацыі не ўносяцца.
Для даведкі хачу адзначыць, што пастановай міністэрства ад 25 чэрвеня 2015 года № 70 устаноўлены пералік вучэбных прадметаў, па якіх праводзяцца выпускныя экзамены, формы правядзення выпускных экзаменаў пры правядзенні ў гэтым навучальным годзе выніковай атэстацыі навучэнцаў пры засваенні зместу адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі, адукацыйнай праграмы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі.
Сёння міністэрства прапрацоўвае пытанне аб парадку правядзення выпускных экзаменаў у 11-х класах у 2016/2017 навучальным годзе з улікам увядзення профільнага навучання на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Згодна з Кодэксам аб адукацыі, адпаведная пастанова галіновага міністэрства, якая зацвярджае пералік вучэбных прадметаў, па якіх праводзяцца выпускныя экзамены, формы правядзення выпускных экзаменаў, будзе прынята да пачатку 2016/2017 навучальнага года.

— Ці будзе захаваны фармат правядзення чарговага Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”?
— У 2013—2014 гадах конкурс прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” праводзіўся ў новым фармаце. Яго адметнай асаблівасцю стала ўвядзенне прадметных намінацый. Так, у прыватнасці, конкурс праводзіўся па 7 прадметных намінацыях: “Фізіка, астраномія, матэматыка, інфарматыка”, “Замежная мова”, “Руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура”, “Гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія, хімія, біялогія”, “Пачатковыя класы”, “Музыка, выяўленчае мастацтва, працоўнае навучанне, чарчэнне, фізічная культура і здароўе, дапрызыўная падрыхтоўка”, “Выхавальнік дашкольнай адукацыі”.
Увядзенне прадметных намінацый у прафесійны конкурс нацэліць на ўдасканаленне прафесійных уменняў педагогаў у галіне тэорыі і методыкі выкладання вучэбнага прадмета (кірунку дзейнасці) і на развіццё прадметных методык на аснове абагульнення дасягненняў педагогаў-практыкаў.
Мы плануем, што наступны конкурс “Настаўнік года” будзе праведзены ў гэтым фармаце. Напэўна, у Інструкцыю аб парадку правядзення Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”, якая зацверджана пастановай галіновага міністэрства ад 02.09.2005 № 75 (у рэдакцыі пастановы Міністэрства адукацыі ад 10.06.2013 № 32), будуць унесены асобныя карэкціроўкі з улікам прапаноў, выказаных па выніках правядзення конкурсу “Настаўнік года” ў 2013—2014 гадах.

— Ці магчыма арганізаваць профільнае навучанне для дзіцяці, якое вучыцца дома?
— Улічваючы тое, што навучанне дома арганізоўваецца для тых дзяцей, якія па стане здароўя не могуць наведваць установу адукацыі, тыпавым вучэбным планам агульнай сярэдняй адукацыі на 2015/2016 навучальны год, які зацверджаны пастановай Міністэрства адукацыі ад 11.05.2015 № 38, профільнае навучанне пры арганізацыі навучання дома не прадугледжана.
Разам з тым пры навучанні дома па жаданні навучэнцаў і іх законных прадстаўнікоў можа быць арганізавана правядзенне факультатыўных заняткаў (у межах тыпавога вучэбнага плана для арганізацыі навучання дома), на якіх навучэнцы змогуць паглыбляць і пашыраць веды па вучэбных прадметах.

— Ці абавязкова дзецям наведваць школу па месцы рэгістрацыі альбо вучню дадзена права выбіраць навучальную ўстанову?
— У адпаведнасці з пунктам 1 артыкула 57 Кодэкса аб адукацыі, кожны мае права звяртацца для атрымання адукацыі ў любую ўстанову адукацыі, якая абавязана разглядаць усе кандыдатуры ў адпаведнасці з устаноўленай працэдурай прыёму.
Прыём асоб ва ўстанову адукацыі для атрымання адукацыі ажыццяўляецца ў адпаведнасці з кантрольнымі лічбамі прыёму, патрабаваннямі да напаўняльнасці класаў, устаноўленымі пунктам 13 артыкула 158 Кодэкса аб адукацыі.
У адпаведнасці з Палажэннем аб парадку арганізацыі ўліку дзяцей, якія падлягаюць навучанню на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі, зацверджаным пастановай Савета Міністраў ад 8 лістапада 2006 года № 1493, у мэтах ажыццяўлення ўліку дзяцей, што пражываюць у гарадах і пасёлках гарадскога тыпу, якія з’яўляюцца цэнтрамі раёнаў, гарадскімі, раённымі выканаўчымі камітэтамі і мясцовымі адміністрацыямі прымаюцца рашэнні аб замацаванні за асобнымі ўстановамі агульнай сярэдняй адукацыі, размешчанымі на падпарадкаваных ім тэрыторыях, жылых дамоў. Пры прыёме асоб для атрымання агульнай сярэдняй адукацыі кіраўнік у першую чаргу абавязаны прыняць дзіця, якое пражывае па мікрараёне ўстановы адукацыі. Дзеці з іншых мікрараёнаў прымаюцца пры наяўнасці свабодных месцаў.

— Ці магчыма займацца індывідуальна? Куды трэба звярнуцца, каб было арганізавана навучанне дома?
— Навучанне па індывідуальным вучэбным плане арганізоўваецца для адораных і таленавітых навучэнцаў, а таксама для тых, хто па ўважлівых прычынах пастаянна альбо часова на працягу навучальнага года не можа наведваць вучэбныя заняткі і праходзіць ва ўстаноўленыя тэрміны атэстацыю (у адпаведнасці з пунктам 69 Палажэння аб установе агульнай сярэдняй адукацыі, зацверджанага пастановай Міністэрства адукацыі ад 20.12.2011 за № 283).
Для вырашэння пытання аб арганізацыі адукацыйнага працэсу па індывідуальным вучэбным плане навучэнцу (законнаму прадстаўніку непаўналетняга навучэнца) неабходна падаць заяву на імя кіраўніка ўстановы адукацыі. Рашэнне аб арганізацыі адукацыйнага працэсу па індывідуальным вучэбным плане павінна быць прынята кіраўніком установы адукацыі на працягу дзесяці каляндарных дзён з дня падачы заявы навучэнцам (законным прадстаўніком непаўналетняга навучэнца).
Арганізацыя адукацыйнага працэсу па індывідуальным вучэбным плане можа быць спынена па заяве навучэнца або законнага яго прадстаўніка па рашэнні ўстановы адукацыі альбо навучэнец па выніках атэстацыі атрымаў гадавую адзнаку 0 (нуль) балаў па адным з вучэбных прадметаў, па якім матэрыял ён засвойваў самастойна па індывідуальным вучэбным плане.

— З кожным годам набірае тэмп алімпіядны рух, куды ўключаецца ўсё больш і больш дзяцей. Пераможцы заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах (па ўсіх, акрамя “Працоўнага навучання”) маюць ільготы пры паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Ці будзе ў найбліжэйшы час разглядацца пытанне аб прадастаўленні такіх альбо іншых ільгот для пераможцаў алімпіяд па працоўным навучанні?
— Ільготы пераможцам рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах пры залічэнні ва ўстановы вышэйшай адукацыі вызначаны ў Правілах прыёму асоб для атрымання вышэйшай адукацыі I ступені, зацверджаных Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 07.02.2006 за № 80. Па вучэбным прадмеце “Працоўнае навучанне” ўступныя іспыты ва ўстановы вышэйшай адукацыі не праводзяцца, і ўнясенне змяненняў у гэтай частцы цяпер не плануецца.
Пераможцы рэспубліканскай алімпіяды, у тым ліку і па працоўным навучанні, узнагароджваюцца прэміямі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Узнагароджаныя фондам таксама карыстаюцца льготамі, прадугледжанымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.
У адпаведнасці з Указам прэзідэнта краіны № 199 ад 26.04.2010 “Аб некаторых пытаннях фарміравання, вядзення і выкарыстання банкаў даных адоранай і таленавітай моладзі”, звесткі аб пераможцах рэспубліканскай алімпіяды ўключаюцца ў банкі даных адоранай і таленавітай моладзі.
Кіраўнікі дзяржаўных органаў і іншых арганізацый забяспечваюць стварэнне ўмоў для прафесійнага росту грамадзян, уключаных у банкі даных адоранай і таленавітай моладзі, шляхам замацавання за імі куратарства (шэфства) з боку вопытных спецыялістаў, педагогаў, вучоных, вядомых дзеячаў культуры; накіравання на стажыроўку, перападрыхтоўку, павышэнне кваліфікацыі; далучэння да выкладчыцкай і навуковай дзейнасці; далучэння да ўдзелу ў конкурсным адборы грамадзян, уключаных у банкі даных адоранай і таленавітай моладзі, пры фарміраванні кадравых рэзерваў; прадастаўлення права пазачарговага атрымання жылога памяшкання ў інтэрнаце на перыяд навучання; прадастаўлення іншых гарантый у адпаведнасці з заканадаўствам.

Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.