У пінскім каледжы запатрабаваны спецыяльнасці, якія даюць тэхнічную і педагагічную адукацыю адначасова

- 10:19Актуально, Образование

Пінскі індустрыяльна-­педагагічны каледж — не проста месца для атрымання прафесіі, а цэлая экасістэма, дзе навучэнец можа набыць якасную адукацыю, запатрабаваную спецыяльнасць, развіць свае таленты, знайсці сяброў і ўпэўнена стартаваць у дарослае жыццё. Пра сучаснасць і будучыню ўстановы карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагаварыла з яе дырэктарам Сяргеем Дубнавіцкім.

Цэнтр фарміравання асобы

— Сяргей Канстанцінавіч, з якімі дасягненнямі каледж падышоў да 70-годдзя?

— Наш каледж — адна са старэйшых устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі краіны. Яго гісторыя пачалася 25 кастрычніка 1955 года. Тады 120 юнакоў і дзяўчат пачалі вучыцца ў Пінскім індустрыяльным тэхнікуме, каб у хуткім часе стаць тэхнікамі-механікамі і майстрамі вытворчага навучання. Затым наша ўстанова некалькі разоў мяняла назву. У 2017 годзе адбылася рэарганізацыя і каледж стаў філіялам
БрДТУ.

Увесь час свайго існавання каледж дынамічна развіваецца, інтэгруючы ў адукацыйны працэс інфармацыйна-камунікацыйныя і педагагічныя тэхналогіі, накіраваныя на падрыхтоўку практыка-­арыентаваных спецыялістаў. Адно з ключавых дасягненняў — запатрабаванасць выпускнікоў. Дзякуючы цесным сувязям з прадпрыемствамі і якаснай пад­рыхтоўцы, 100% выпускнікоў пас­пяхова працаўладкоўваюцца па спецыяльнасці.

А яшчэ мы ганарымся тым, што каледж тройчы заносіўся на Дошку гонару Пінска (у 2021, 2022 і 2024 гадах). Гэта сведчанне пас­пяховай дзейнасці ўстановы, у якой зараз вучыцца амаль 750 навучэнцаў на дзённым навучанні і 100 — на завочным, а адукацыйны працэс ажыццяўляюць 79 педагагічных работнікаў.

Сёння мы рыхтуем кадры па чатырох спецыяльнасцях на дзённым аддзяленні: “Эксплуатацыя энергетычнага абсталявання ў сельскай гаспадарцы (педагагічная дзейнасць)” (кваліфікацыя “тэхнік-электрык, майстар вы­т­ворчага навучання”), “Тэхнічнае абслугоўванне і рамонт транспартных сродкаў (педагагічная дзейнасць)” і “Тэхнічнае абслугоўванне і рамонт сельскагас­падарчай тэхнікі (педагагічная дзейнасць)” (кваліфікацыя “тэхнік-механік, майстар вытворчага навучання”), “Дрэваапрацоўчая вытворчасць” (кваліфікацыя “тэхнік-тэхнолаг”). У бягучым го­дзе на гэтыя спецыяльнасці мы на­бралі 225 першакурснікаў.

На завочным аддзяленні пад­рыхтоўка вядзецца па дзвюх спецыяльнасцях: “Тэхнічнае абслугоўванне і рамонт сельскагас­падарчай тэхнікі” (кваліфікацыя “тэхнік-механік”) і “Эксплуатацыя энергетычнага абсталявання ў сельскай гаспадарцы” (кваліфікацыя “тэхнік-электрык”). Дарэчы, на іх набор пачаўся толькі 15 каст­рычніка і прадоўжыцца да 31 лістапада.

— Ад чаго залежыць развіццё вашай установы і якія традыцыі ў ёй захоўваюцца?

— Наш каледж — складаная эка­сістэма, якая знаходзіцца пад уплывам знешніх і ўнутраных фактараў. Як установа з ярка выражаным індустрыяльным складнікам каледж напрамую зале­жыць ад запытаў рэальнага сектара эканомікі.

Выкладчыкі і майстры вы­творчага навучання — сэрца каледжа. Іх кваліфікацыя, педагагічнае майстэрства, гатоўнасць да бесперапыннай самаадукацыі і засваення новых методык з’яўляюцца вырашальным фактарам якасці адукацыі. Я перакананы, што сістэма павышэння кваліфікацыі, стажыроўкі на вытворчасцях і маральная матывацыя персаналу крытычна важныя. Дарэчы, педагагічныя дынастыі і выпускнікі, якія вяртаюцца ў каледж у якасці выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання, — лепшы паказчык здаровай унутранай культуры.

Зразумела, што развіццё ўстановы немагчыма без сучаснай матэрыяльна-тэхнічнай базы, прычым не толькі майстэрань, але і бібліятэчнага фонду, лічбавых рэсурсаў, лабараторый, спартыўных залаў і інтэрнатаў. Камфортнае тэхналагічнае адукацыйнае асяроддзе напрамую ўплывае на эфектыўнасць навучання. А таму мы пастаянна абнаўляем абсталяванне кабінетаў, дзе праводзяцца лабараторныя і практычныя заняткі. Для развіцця прафесійных навыкаў навучэнцаў актыўна супрацоўнічаем з рэспуб­ліканскімі цэнтрамі кампетэнцый.

Традыцыі каледжа — гэта не толькі рытуалы, а жывая практыка, якая фарміруе карпаратыўны дух і пераемнасць. Увогуле, развіццё каледжа — дынамічны працэс адаптацыі да знешніх выклікаў, заснаваны на трывалым падмурку ўнікальных традыцый, якія ператвараюць яго з простай установы адукацыі ў сапраўдную кузню кадраў і цэнтр фарміравання асобы.

Комплексна і сістэмна

— Колькі выпускнікоў штогод выходзіць са сцен кале­джа? Куды яны размяркоўваюцца і ці замацоўваюцца на першых працоўных месцах?

— Сёлета мы выпусцілі 166 спецыялістаў. Усе яны накіраваны на работу. Прадстаўнікі арганізацый — заказчыкаў кадраў рэгулярна ўдзельнічаюць у круглых сталах і педсаветах, тэматыка якіх звязана з размеркаваннем і замацаваннем выпускнікоў. На сённяшні дзень каледж цесна ўзаемадзейнічае з базавымі арганізацыямі, прадпрыемствамі аграрнага сектара эканомікі, вядучымі прадпрыемствамі Пінска і мноствам каледжаў, для якіх мы і рыхтуем спецыялістаў.

Нашы выпускнікі адпавяда­юць высокім патрабаванням сучаснага спецыяліста, добра знаё­мы са спецыфікай работы, метадамі кіравання, арганіза­цыяй працоўнага працэсу, здольны да прыняцця абгрунтаваных кіраўніцкіх рашэнняў.

Зараз першае працоўнае месца для маладога спецыяліста — гэта сацыяльная гарантыя дзяржавы. Пры размеркаванні мы ўлічваем, дзе нарадзіўся выпускнік, якія ўмовы для яго створаць у арганізацыі. Мяркуючы па водгуках работадаўцаў, можна канстатаваць: у нас створана і паспяхова рэалізуецца комплексная сістэма падрыхтоўкі кадраў. Дарэчы, большасць каледжаў Піншчыны ўзначальваюць выпускнікі нашай установы. Гэта заканамерна: у нас ужо шмат гадоў выпускаюцца майстры вытворчага навучання, а якасная падрыхтоўка і ўсебаковае асобаснае развіццё дазваляюць выпускнікам заслугоўваць павагу калег і кіраўніцтва, быць заўважанымі і атрымліваць адказныя даручэнні і пасады.

— Якія спецыяльнасці найбольш запатрабаваны абітурыентамі, а якія — заказчыкамі кадраў?

— Як паказвае вопыт, найбольш запатрабаваны спецыяльнасці з магчымасцю атрымання тэхнічнай і педагагічнай адукацыі адначасова: “Тэхнічнае абслугоўванне і рамонт транспартных сродкаў (педагагічная дзей­насць)” і “Тэхнічнае абслугоўванне і рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі (педагагічная дзей­насць)” з атрыманнем рабочай прафесіі вадзіцель аўтамабіля з правам кіравання механічным транспартным сродкам катэгорыі С, а таксама спецыяль­насць “Эксплуатацыя энергетычнага абсталявання ў сельскай гаспадарцы (педагагічная дзейнасць)”. Рынак працы адчувае недахоп у майстрах вытворчага навучання і спецыя­лістах у галіне аўтамабільнага транспарту.

Мы імкнёмся дасягнуць такога ўзроўню, калі абітурыенты будуць марыць вучыцца менавіта ў нас, а педагогі — ганарыцца работай у каледжы.

— А што робіцца для таго, каб зацікавіць абітурыентаў мэтавым навучаннем?

— Праводзім сістэмную прафарыентацыйную работу з выкарыстаннем сучасных інфармацыйных тэхналогій і адукацыйных рэсурсаў. У каледжы часта праходзяць дні адкрытых дзвярэй, экскурсіі, кірмашы прафесій і мэтавай падрыхтоўкі, выязныя прафарыентацыйныя промаакцыі. Да таго ж аналізуем рынак працы для ўзгаднення адукацыйных патрэб моладзі з запатрабаваннямі работадаўцаў. Мы шмат увагі ўдзяляем самапазнанню навучэнцаў і дапамагаем ім выбраць спецыяльнасць у тым ліку з выкарыстаннем анлайн-платформы “ПрофіТэст”. А яшчэ мы імкнёмся распаўсюджваць якасны інфармацыйны кантэнт праз сайт каледжа і сацыяльныя сеткі. З дапамогай інтэрнэт-тэхналогій і электронных адукацыйных рэсурсаў папулярызуем нашы спецыяльнасці.

Вучыць і выхоўваць

— Сяргей Канстанцінавіч, выконваючы шматлікія абавязкі дырэктара, якія функцыі лічыце прыярытэтнымі?

— Маё прафесійнае крэда — “Кіраваць — значыць не загад­ваць, а ствараць умовы для дасягнення мэт”. Як кіраўнік каледжа са шматгадовым вопытам будую сваю работу на некалькіх ключавых прынцыпах, якія вызначаюць і штодзённыя рашэнні, і стратэгічнае развіццё ўстановы. Па-першае, заўсёды ў прыярытэце якасць вучэбнага працэсу. Акадэмічная строгасць, актуальнасць праграм і практыкаарыентаванасць — аснова даверу навучэнцаў і работадаўцаў. Па-другое, чалавекацэнтрыч­насць: патрэбы, бяспека і прафесійны рост навучэнцаў і п­е­дагогаў — на першым месцы.

Трэці прынцып, якім кіруюся, — адкрытасць, празрыстасць рашэнняў і гатоўнасць да дыялогу з калектывам, навучэнцамі і баць­камі. Безумоўна, адзін у полі не воін, а таму вельмі важна, каб побач былі аднадумцы — нераўнадушныя калегі-педагогі, якія робяць усё магчымае і нават больш для развіцця каледжа. Разам мы нацэлены на стратэгічнае развіццё, прычым не проста стараемся рэагаваць на змяненні ў адукацыі, а апярэджваць іх: укара­няць новыя тэхналогіі, наладжваць партнёрства з прадпрыемствамі, удзельнічаць у міжнародных праектах. Да таго ж мы ніколі не забываем пра выхаваўчы аспект. Бо каледж не толькі дае веды, але і арганізуе асяроддзе, якое фарміруе агульначалавечыя каштоўнасці.

А яшчэ адзін з важных прыярытэтаў маёй дзейнасці — канкурэнтаздольнасць выпускнікоў, каб заказчыкі кадраў гаварылі: “Вашы выпускнікі — нашы лепшыя супрацоўнікі”, а прафесійны шлях нашых навучэнцаў ператвараўся ў рэальныя гісторыі поспеху. Мы прыкладаем шмат намаганняў, каб ства­рыць сапраўднае асяроддзе для росту, каб праз 10 гадоў былыя вучні сказалі: “Гэты каледж змяніў маё жыццё”.

— На што нацэлены каледж у перспектыве?

— У найбліжэйшых планах — адкрыццё новай спецыяльнасці “Тэхнічная праца і чарчэнне” з прысваеннем кваліфікацыі “настаўнік”, а таксама павелічэнне мэтавага набору. Працягнем развіваць інавацыйную дзейнасць, якая з’яўляецца найважнейшым інструментам павышэння якасці і канкурэнтаздольнасці адукацыі, запатрабаванасці маладых спецыялістаў на рынку працы. Дарэчы, з 2024 года каледж ажыццяўляе эксперыментальную дзейнасць па тэме “Распрацоўка і апрабацыя навукова-метадычнага забеспячэння педагагічнага модуля пры падрыхтоўцы спецыялістаў у каледжах з прысваеннем кваліфікацыі “майстар вытворчага навучання” сумесна з РІПА.

Увогуле, мы імкнёмся да самаўдасканалення, сочым за сучаснымі тэхналогіямі і методыкамі навучання, стараемся быць не проста на грэбені хвалі, але наперадзе яе. Нашы навучэнцы — актыўныя і мэтанакіраваныя — штогод перамага­юць у конкурсах і спаборніцтвах. Тым самым яны даказваюць, што сілы педагогаў, укладзеныя ў іх, не дарэмныя.

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота прадастаўлены ўстановай