У “Плыні” кафедры журналістыкі

- 11:27Адукацыйныя магчымасці

Чуткі пра гэтае падраздзяленне разносяцца хутчэй за магчымасці сацыяльных сетак. Дэкан называе яго адным з лепшых на факультэце, а студэнты лічаць, што іх сіла — у адрозненнях. Знаёмцеся: кафедра журналістыкі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ імя Янкі Купалы.

Першае, за што чапляецца вока, калі завітваеш на кафедру, — шмат дыпломаў і фотаздымкаў з аўтографамі медыяперсон на сценах. Па ажыўленым абмеркаванні выкладчыкаў разумееш, што жыццё тут кіпіць пастаянна.


Кафедра, якой нядаўна споў­нілася 13 гадоў, з’яўляецца выпускаючай па трох спецыяльнасцях: “Журналістыка”, “Інфармацыя і камунікацыя” — на першай ступені — і “Журналістыка (Медыяменеджмент)” — на ўзроўні магістратуры. Зараз тут вучацца больш за 200 студэнтаў.

— Кафедра ў нас актыўная. Калектыў малады, але амаль усе выкладчыкі — кандыдаты навук. Большасць з іх маюць вопыт работы ў СМІ, рэкламе, аддзелах па сувязі з грамадскасцю і сумежных галінах, — расказвае загадчык кафедры Іна Іванаўна Мінчук.

У склад кафедры ўвахо­дзяць 3 філіялы, размешчаныя на пляцоўках “Гродзенскай праўды”, тэлерадыёкампаніі “Гродна” і гарадскога тэлеканала “Грод­на Плюс”. Дзякуючы гэтаму, не­каторыя заняткі праходзяць у рэ­дакцыях — іх вядуць намеснікі рэдактараў, загадчыкі аддзелаў і вядучыя карэспандэнты. Дарэчы, вялікая колькасць супрацоўнікаў зга­даных СМІ — выпускнікі кафед­ры журналістыкі.

Нярэдка журналісты­практыкі самі завітваюць на факультэт: са спецыялістамі абмяркоўваюць арганізацыю вучэбнага працэсу, іх запрашаюць на конкурсы і фестывалі ў якасці журы, а рэдакцыі звяртаюцца па дапамогу студэнтаў у асвятленні буйных мерапрыемстваў. Па словах Іны Мінчук, на 4 курсе няма ніводнага студэнта, які не ўмеў бы працаваць у пэўнай сферы журналістыкі. Нездарма дэвіз кафедры — “У прафесіі з першага курса”.

Неад’емнай часткай кафедры з’яўляецца студэнцкі медыя­цэнтр — вучэбная лабараторыя, дзе адбываецца практычная, навуковая і вытворчая падрыхтоўка моладзі (тут запісваюцца вучэбныя перадачы, ствараюцца навуковыя і крэатыўныя праекты). Некалі гэта быў студэнцкі праект, а з 2015 года ён атрымаў статус лабараторыі. Дзейнасць аб’ядноўвае некалькі кірункаў: вучэбны працэс, стварэнне праектаў і навуку. У медыяцэнтры ёсць кабінет перыядычнага друку і фотажурналістыкі, вучэбныя радыё­ і тэлестудыя, дзе вядуцца заняткі па дысцыплінах спецыялізацыі.

— Навуковы напрамак уключае выкананне практычнай часткі навуковых работ выкладчыкаў і студэнтаў. Адзін з прыкладаў, які адлюстроўвае яго сутнасць, — сайт “Медыядом”. Праект з’яўляецца дыпломнай работай студэнта, які зараз вучыцца ў магістратуры, і курсавой работай студэнта першай ступені, — тлумачыць Іна Іванаўна. — На пляцоўцы медыяцэнтра хлопцы стваралі мультымедыйныя матэрыялы, пісалі курсавую, дыпломную работу і навуковыя артыкулы. У выніку атрымаўся праект, які мае навуковую аснову і рэальна функцыя­нуе. Цяпер нам цяжка ўявіць жыццё без “Медыя­дома”, бо гэта жывая частка кафедры.

Каб такі вялікі калектыў працаваў зладжана, на думку Іны Мінчук, дастаткова толькі аднаго: праца­ваць. Дапамагае ў гэтым канцэпцыя студэнтацэнтраванага навучання:

— Сёння выкладчык перастаў быць крыніцай ведаў. Гэта мене­джар, праваднік, памочнік, цьютар — чалавек, які матывуе студэнта вучыцца, падае прыклад, падказвае і накіроўвае, — заўважае Іна Мінчук. — Падобны падыход адлюстроўвае дзейнасць кафедры ўжо даўно. Вакол кожнага выкладчыка з часам збіраецца гурток студэнтаў, з якімі ён супрацоўнічае, якіх матывуе і якім дапамагае ствараць праекты і навуковыя артыкулы.

Кафедра журналістыкі шчыльна працуе з абітурыентамі і школьнікамі. Так, штогод набіраюць слухачоў студыя юнага журналіста “МедыяSTARt” (право­дзіцца ў вочна­завочным фармаце для навучэнцаў 9—11 класаў) і “Школа медыяпісьменнасці” (праект разлічаны на гродзенскіх падлеткаў). Акрамя таго, для старшакласнікаў право­дзіцца алімпіяда па журналістыцы; адукацыйная праграма #яўсетцы вучыць школьнікаў 5—8 класаў бяспечным паводзінам у сацыяльных сетках.

Паліна Тарыма з гімназіі № 2 Гродна хоча стаць журналісткай. З кафедрай дзяўчына пазнаёмілася на майстар­класах, а некаторых студэнтаў запомніла па эфірах YouTube­праекта “Плынь”. Школьніца гаворыць, што журналістыка спадарожнічае ёй па жыцці: дзякуючы гэтаму, яна навучылася хутка фармуляваць свае думкі і правільна іх выказваць.

Дзесяцікласніца Ксенія Раманчук і адзінаццацікласніца Дар’я Кечаш вучацца ў 40­й школе Гродна. На факультэт яны прыйшлі разам. Дар’я збіраецца паступаць у ГрДУ сёлета, таму вырашыла ўзя ць з сабой сяброўку, якая пакуль вызначаецца. Адзінаццацікласніца сочыць за актыўнасцямі кафедры паўгода. Нядаўна яна паспрабавала адну з іх на сабе — стала ўдзельніцай алімпіяды па журналістыцы сярод школьнікаў. Даша расказвае, што ў будучыні хоча стаць адным з найлепшых фатографаў Гродна.

— Тут вельмі ветлівыя і крэатыўныя людзі. Пры гэтым няма розніцы, хто перад табой — выкладчык ці студэнт. Усе ахвотна падказваюць табе, тлумачаць, пастаянна дзеляцца сваімі задумамі. І, галоўнае, яны ўзаемазвязаны адно з адным, — дзеляцца ўражаннямі сяброўкі.


Нават вечарам у медыяцэнтры ажыўлена: гэта маладыя лю­дзі працуюць над “Плынню” — штотыднёвай праграмай, дзе інтэрв’ю даюць цікавыя для аўдыторыі асобы: куратары, супрацоўнікі ўніверсітэта, студэнты і журналісты. Аўтары праграмы нешта абмяркоўваюць, прыдумваюць анонсы, наладжваюць гук і святло. У кожнага — свая мова: нехта выказваецца праз тэхніку, нехта — праз тэксты інтэрв’ю або пасты ў сацыяль­ных сетках. Бывае, сюды таксама завітваюць абітурыенты. У такія моманты, калі застаецца час перад запісам эфіру, хлопцам і дзяўчатам расказваюць пра алгарытмы паступлення, факультэцкія і кафедральныя цікавосткі, адказваюць на іх пытанні.

Над кожным выпускам працуе каля 12 чалавек: інтэрв’юеры, “гукачы”, крэатыўшчыкі, спецыялісты па сацыяльных сетках, фатографы. Аднак маладыя лю­дзі адказваюць не толькі за свой участак работы — яны могуць замяніць любога з каманды. Сакрэт у тым, што студэнты стараюцца набыць як мага больш навыкаў, якія могуць спатрэбіцца ім у прафесіі.

— Пераважная коль­касць студэнтаў, якія працуюць над эфірам, — першакурснікі, учарашнія абітурыенты. Цяжка ска­заць, каму з нас больш пашанцавала ў рабоце адно з адным. Але думаю, што мне. Усе яны добра ве­даюць сваю работу і адточваюць тыя навыкі, якія спатрэбяцца ім у будучыні, — усміхаецца Іна Іванаўна. — На праф­арыентацыйных мерапрыемствах мы часта гаворым, што набраць студэнтаў на нашы спецыяльнасці нескладана. Складана знайсці матываваных, зацікаўленых і таленавітых лю­дзей. І работа кафедры ў гэтым напрамку накіравана не на тое, каб сагіта­ваць паступіць, а на тое, каб разгле­дзець талент дзіцяці. Студэнты, якіх мы набралі ў мінулым годзе, якраз такія “зорачкі” — зацікаўленыя, актыўныя. Яны матываваны не на тое, каб проста атрымаць дыплом, а на тое, каб стаць журналістамі. Сакрэту ў гэтым ніякага няма: мы стараемся набіраць такіх абітурыентаў, з якімі хацелі б працаваць заўтра. 

Іна Мінчук адзначае, што воб­раза добрага студэнта не існуе. Яна пераканана: колькі студэнтаў — столькі ж індывідуальных асоб. Сіла студэнтаў — у адрозненнях, бо кожны з маладых лю­дзей разумее і развівае свае найлепшыя прафесійныя якасці. З вык­ладчыкам салідарныя і студэнты. Сёлета група журналістаў­першакурснікаў была прызнана лепшай на факультэце.

Ігар Пташыц — студэнт 1 курса. Пра журналістыку пачаў задумвацца ў 9 класе: хацелася прафесійна наладжваць камунікацыю з людзь­мі, браць інтэрв’ю. Таксама яго цікавіў тэхнічны бок — настройка камеры і гуку. І хоць хлопец выбіраў паміж некалькімі спецыяльнасцямі, перавагу аддаў журналістыцы.

Першымі ўражаннямі пас­ля паступлення стала здзіўленне ад сустрэчы з групай. Па словах Ігара, яго прыемна ўразіла, што аднагрупнікі не раздзяліліся, а з самага пачатку пачалі ўзаема­дзейнічаць поўным калектывам. За год хлопец не памятае выпадку, каб група нечага не падзяліла.

— Многія думаюць, што вучыцца журналістыцы лёгка. Маўляў, пішаш тэксты, здаеш, зноў пішаш. Але ўсё не так проста, бо з кожнай падзеяй ты развіваешся, вырашаеш новыя задачы, — гаворыць студэнт.

Ксюша Салей вучыцца разам з Ігарам і ўжо зараз працуе ў штаце студэнцкага медыяцэнтра. Па словах першакурсніцы, выбіраючы прафесію, спачатку яна разглядала напрамкі, звязаныя з прыродазнаўчымі навукамі. Аднак хутка зразумела, што журналістыка ёй бліжэй, таму і напісала свой першы матэрыял для “Іўеўскага краю”.

— ГрДУ быў заўсёды на слыху, інфармацыя пра ўніверсітэт часта з’яўлялася ў навінах. На дні адкрытых дзвярэй я пагаварыла з Інай Іванаўнай. Гэта была не размова выкладчыка з абітурыентам, а гутарка на сяброўскай аснове. Я падумала: тут, мабыць, класна вучыцца, — успамінае Ксюша. — Пасля пазнаёмілася з некаторымі студэнтамі (яны былі такімі ж адкрытымі і актыўнымі, як педагогі), даведалася пра падрыхтоўчыя курсы. І чым больш знаёмілася з універсітэтам, тым больш прывязвалася да яго. Гэта была эйфарыя!

Цяпер, перад другім курсам, Ксенія смела разважае пра будучую прафесію. На пытанне, у якой гістарычнай асобы яна хацела б узя ць інтэрв’ю, дзяўчына адказвае: “У Юрыя Левітана”. Першакурсніца гаворыць, што хацела б даведацца, як падаваліся навіны ў ваенны час, пра цяжкасці, якія нельга абмінуць, і пра вострыя вуглы прафесіі.

Па словах Ксеніі, студэнты пастаянна знахо­дзяцца ў гушчы падзей, крэаты­вяць і актыўні­чаюць. Для кожнага, хто мае адносіны да кафедры журналістыкі, гэта не проста месца, дзе яны вучацца або працуюць, а гурток аднадумцаў.

Ірына ІВАШКА.
Фота з архіва кафедры журналістыкі.