У плыні сусветных тэндэнцый

- 16:18Дашкольная адукацыя, Рознае

Міністэрства адукацыі нашай краіны актыўна вядзе палітыку пашырэння міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы адукацыі з іншымі краінамі свету. Вось і нядаўна спецыялісты галіновага міністэрства, кіраўнікі дашкольных устаноў з розных рэгіёнаў краіны, спецыялісты абласнога і раённага ўзроўню, якія курыруюць сістэму дашкольнай адукацыі, прадстаўнікі іншых міністэрстваў і ведамстваў пабывалі ў Германіі і Чэхіі, дзе абмяркоўвалі з замежнымі калегамі прыярытэты развіцця дашкольнай адукацыі ў плыні сусветных тэндэнцый. Не менш важнай была паездка беларускай дэлегацыі пад кіраўніцтвам намесніка міністра адукацыі В.А.Будкевіча ў Румынію на міжнародную канферэнцыю “Умацаванне сістэм адукацыі ў раннім узросце: інвестыцыі на раннім этапе для забеспячэння эфектыўнага навучання”. Больш падрабязна аб міжнародных візітах беларускай дэлегацыі нашай газеце расказвае намеснік міністра адукацыі В.А.БУДКЕВІЧ і начальнік аддзела дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі А.Л.ДАВІДОВІЧ.

— Альбіна Леанідаўна, якія маршруты былі прадугледжаны ў праграме візіту ў Германію? Ці наведвалі вы дашкольныя ўстановы? Якія асаблівасці арганізацыі іх дзейнасці ў параўнанні з нашымі?
— Спецыялісты сістэмы дашкольнай адукацыі нашай краіны прынялі ўдзел у міжнароднай праграме прафесійнай мабільнасці работнікаў сістэмы адукацыі пад назвай “Сучасныя тэхналогіі, выхаванне і навучанне ва ўстановах дашкольнай адукацыі”. У рамках гэтага праекта мы пазнаёміліся з сістэмай дашкольнай адукацыі Германіі і Чэхіі, а таксама наведалі міжнародную выставу “Дыдакта-2014”, якая прайшла ў Штутгарце.
Згодна з праграмай, было запланавана вывучэнне вопыту работы прыватных устаноў дашкольнай адукацыі ў Германіі і Чэхіі. У нямецкіх гарадах Дрэздэне і Штутгарце беларускія спецыялісты наведалі два дзіцячыя сады, дзе пазнаёміліся з іх дзейнасцю. Адукацыйны працэс у дрэздэнскім садзе па формах і метадах работы, па арганізацыі адукацыйнага асяроддзя ў дастатковай меры нагадвае звычайны дзіцячы сад, які працуе ў нашай краіне. У будынку дзіцячага садка знаходзяцца асобныя памяшканні для заняткаў і гульняў дзяцей, а для арганізацыі прагулак ёсць прысядзібны ўчастак. Для арганізацыі сну ёсць спецыяльныя памяшканні, але яны прадугледжаны для дзяцей толькі ранняга ўзросту. Для дзяцей узростам больш за 3 гады такіх асобных памяшканняў для сну няма.
Фінансуюцца дзіцячыя садкі часткова з мясцовага бюджэту, які прадугледжвае аплату працы работнікаў дзіцячага садка, а таксама некаторыя капітальныя ўкладанні, якія прадугледжаны на рамонт. Усе астатнія расходы, у тым ліку звязаныя з арганізацыяй харчавання, набыццём сродкаў навучання, дадатковых паслуг, у тым ліку карыстанне саўнай, аплачваюцца за кошт сродкаў бацькоў альбо спонсараў. Прыгатаванне харчавання для выхаванцаў дзіцячага садка прадугледжана толькі ў прыватных установах. У дзяржаўных установах дашкольнай адукацыі, калі ёсць такая неабходнасць, харчаванне гатуецца ў спецыялізаванай арганізацыі і прывозіцца ва ўстанову. У прыватным дзіцячым садзе харчаблок звычайна арганізаваны на месцы. Што тычыцца дыетычнага харчавання, якое арганізавана ў нашых установах, то ў дзіцячых садах Германіі яно не прадугледжана, а звычайна з’яўляецца клопатам саміх бацькоў. Сацыяльныя льготы, якія прадастаўляюцца нашым работнікам дашкольных устаноў, у тым ліку памер адпачынку, працягласць рабочага тыдня, у большасці сваёй аналагічныя з нямецкімі калегамі. Напрыклад, выхавальнік павінен адпрацаваць не менш за 35 гадзін у тыдзень (у нас 36). Штогадовы адпачынак крыху меншы, чым маюць нашы выхавальнікі, і складае 29 дзён (у нас — 42 дні), але прадугледжаны яшчэ дадатковыя тыдні адпачынку ў сувязі з некаторымі святамі. Згодна з тыпавымі штатамі, у дзіцячым садзе Дрэздэна няма кіраўніка фізічнага выхавання, музычнага кіраўніка. Усе гэтыя функцыі ажыццяўляе выхавальнік. Не прадугледжана там і медыцынскае абслугоўванне. Аб здароўі сваіх дзяцей клапоцяцца толькі бацькі. Папячыцельскі савет і бацькоўскі камітэт, створаныя ў дашкольнай установе Германіі, займаюцца набыццём для дзіцячага сада сродкаў навучання выключна за кошт спонсараў. У адрозненне ад нашай краіны, дзяржаўныя сродкі ў Германіі на гэта не прадугледжаны. Актыўна далучаюць да работы ў садзе гэтай краіны практыкантаў з ліку студэнтаў каледжаў, універсітэтаў, якія вучацца на сацыяльных педагогаў, а таксама валанцёраў. Увогуле патрабаванні да кваліфікацыі работнікаў дзіцячых садоў там даволі высокія. Як правіла, усе яны скончылі ўстановы сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, пастаянна ўдасканальваюць свае прафесійныя навыкі.
У кожным рэгіёне Германіі есць свая канцэпцыя развіцця дашкольнай адукацыі, свае адукацыйныя стандарты, дзе вызначаны галоўныя прынцыпы рэалізацыі дашкольнай адукацыі на гэтай тэрыторыі. На ўзроўні рэгіёна задаюцца асноўныя прыярытэты развіцця дашкольнай адукацыі. Кожная ўстанова на аснове гэтай канцэпцыі распрацоўвае сваю вучэбна-праграмную дакументацыю. Ёсць і яшчэ адна акалічнасць. У адрозненне ад нашай краіны, дзе існуюць спецыялізаваныя садкі, інтэграваныя групы для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, прыватныя ўстановы Германіі адукацыйных паслуг для такіх дзяцей не ажыццяўляюць.
Дзіцячы сад у Штутгарце працуе па методыцы Вальдорфскай педагогікі, і ўсё адукацыйнае асяроддзе там пабудавана на прынцыпах гэтай педагогікі. Вальдорфская педагогіка мае экалагічную накіраванасць у шырокім сэнсе слова. Цэласнае ўяўленне жыцця прыроды, яе заканамернасцей фарміруецца не толькі за кошт ведаў, але і праз вопыт перажывання прыродных з’яў. Таму сутнасць гэтай педагогікі заключаецца ў тым, каб дзеці цесна ўзаемадзейнічалі з навакольным асяроддзем і з прыродай і пры гэтым развівалі творчае ўяўленне. Асноўным метадам развіцця гэтых якасцей з’яўляецца паўтарэнне дзецьмі дзеянняў за дарослымі і непасрэдна за педагогамі, што дазваляе больш трывала замацаваць атрыманыя веды. Усе гульнявыя сродкі і сродкі навучання ў гэтым садку створаны з натуральных прыродных матэрыялаў. Цяпер у Германіі існуе цэлы саюз дзіцячых устаноў, якія працуюць па Вальдорфскай педагогіцы. Таксама гэтая тэхналогія вельмі папулярная і сярод школ.
Асаблівасцю невялікага прыватнага дзіцячага садка, які наведала наша дэлегацыя ў Празе (Чэхія), з’яўляецца тое, што там адукацыйны працэс арганізаваны па трох кірунках у залежнасці ад узросту іх выхаванцаў. Гэта групы для дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў, 3—6 гадоў, а трэцяя група сфарміравана з дзяцей ва ўзросце ад 2,5 года да 6 гадоў, якія займаюцца англійскай мовай з моманту паступлення ў сад.

— Раскажыце, калі ласка, пра выставу, арганізаваную ў Штутгарце. Якія яе экспанаты найбольш запомніліся?
— Знамянальным для беларускай дэлегацыі было наведванне выстаўкі ў Штутгарце пад назвай “Дыдакта-2014”, дзе цэлы яе раздзел быў прысвечаны дашкольнай адукацыі. Там былі прадстаўлены сродкі навучання, розныя методыкі работы з дзецьмі ранняга і дашкольнага ўзросту (найбольш папулярныя Вальдорфская і Мантэсоры-педагогіка), сродкі сістэмы бяспекі, гульнявое і надворнае абсталяванне з розных матэрыялаў.
Асабліва нас зацікавілі сродкі навучання для арганізацыі эксперыментальнай даследчай дзейнасці з дзецьмі дашкольнага ўзросту, а таксама распрацаваныя камп’ютарныя праграмы для работы кіраўнікоў устаноў. Так, у прыватнасці, такія тэхналогіі дазваляюць сістэматызаваць даныя аб самой установе, аб работніках, якія там працуюць. У сістэму закладваецца падрабязная інфармацыя аб кожным дзіцяці, пачынаючы ад звестак аб даце і месцы нараджэння, аб складзе сям’і. У даныя занесены фота бацькоў і блізкіх людзей, якія маюць права забіраць дзіця, а таксама кантактныя даныя тых спецыялістаў, да якіх можна звярнуцца ў экстранных сітуацыях. Такая камп’ютарная праграма дапамагае кіраўніку дашкольнай установы кантраляваць яе дзейнасць нават не знаходзячыся ў дадзены момант на рабочым месцы, дастаткова толькі мець доступ у інтэрнэт. Дзякуючы гэтым тэхналогіям, можна адсочваць месцазнаходжанне кожнага выхаванца ўстановы: ці ёсць ён у садку, ці забіраюць яго бацькі і ці пакінуў ён ужо ўстанову. Як бачна, з дапамогай такой праграмы можна гарантаваць бяспечнае знаходжанне выхаванцаў дашкольнай установы.
На выставе таксама былі прадстаўлены матэрыялы, якія выкарыстоўваюцца ў дашкольнай адукацыі па мастацкім развіцці дзяцей. Акрамя таго, вялікі інтарэс наведвальнікаў экспазіцый выклікалі лялькі, якія створаны для навучання дзяцей замежнай мове. Такія лялькі выконваюць ролю партнёра ў зносінах з дзіцем у час вывучэння замежнай мовы. Хачу сказаць, што ўвесь прадстаўлены матэрыял на выстаўцы быў вельмі пазнавальным і карысным для членаў беларускай дэлегацыі. Акрамя таго, наведвальнікі маглі набыць для асабістага ўжывання раздатачны матэрыял і каталогі вытворцаў.

— Васіль Антонавіч, а цяпер пытанне да вас. Раскажыце, калі ласка, больш падрабязна пра міжнародную канферэнцыю, якая нядаўна прайшла ў Бухарэсце. Якія напрамкі развіцця адукацыі там абмяркоўваліся? Як выглядае наша нацыянальная адукацыя на фоне сусветнай?
— Наша дэлегацыя, у склад якой уваходзілі, акрамя мяне, начальнік аддзела дашкольнай адукацыі Альбіна Леанідаўна Давідовіч і прадстаўнік Дзіцячага фонду ў Рэспубліцы Беларусь (ЮНІСЕФ) Марына Генадзьеўна Ананенка, пабывала ў Бухарэсце (Румынія) на міжнароднай канферэнцыі высокага ўзроўню “Умацаванне сістэм адукацыі ў раннім узросце: інвестыцыі на раннім этапе для забеспячэння эфектыўнага навучання” для краін рэгіёнаў Еўропы і Цэнтральнай Азіі. Канферэнцыя праводзілася Міністэрствам нацыянальнай адукацыі Румыніі і Сусветным банкам сумесна з ЮНІСЕФ. Асноўнай мэтай канферэнцыі з’яўлялася абмеркаванне розных аспектаў развіцця сістэмы адукацыі ў раннім узросце і забеспячэння эфектыўнага навучання. У ёй прынялі ўдзел 18 дэлегацый з розных краін свету.
На пасяджэнні разглядаліся пытанні, якія актуальныя і для нашай краіны. Гэта неабходнасць інвесціравання ў інфраструктуру адукацыі дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту, узняцце на больш высокую ступень сацыяльнага статусу педагагічных работнікаў, павышэнне заробку выхавальнікаў дзіцячых садоў, абавязковая дашкольная адукацыя для дзяцей 5-гадовага ўзросту. У нашай краіне, як вядома, ужо ўстаноўлены дзяржаўны сацыяльны стандарт 100-працэнтнага ахопу падрыхтоўкай да школы ўсіх дзяцей 5-гадовага ўзросту. Але такая практыка існуе не ва ўсіх краінах, і многія з іх імкнуцца да таго, каб стварыць роўныя стартавыя магчымасці для дзяцей на момант іх паступлення ў школу. Важным аспектам у абмеркаванні стала павышэнне патрабаванняў да адукацыйнага ўзроўню спецыялістаў, якія працуюць з дзецьмі ранняга і дашкольнага ўзросту. У многіх краінах педагагічныя работнікі, якія працуюць у дашкольных установах, не маюць дастатковай адукацыі, і гэтую праблему трэба вырашаць. Абмяркоўваліся таксама пытанні адукацыйных стандартаў, асабліва ў частцы ацэнкі якасці дашкольнай адукацыі, пераемнасці дашкольнай і пачатковай адукацыі і аптымізацыі пераходу дзіцяці з дзіцячага сада на наступны ўзровень адукацыі, далучэння прыватнага сектара ў інвесціраванне розных праграм дашкольнага навучання.
Наша дэлегацыя прыняла ўдзел у рабоце розных секцый, дзе абмяркоўваліся пытанні даступнасці, інклюзіі і вызначэння гатоўнасці дзяцей да навучання ў школе. У рамках пасяджэнняў канферэнцыі былі ўзняты пытанні ацэнкі якасці дашкольнай адукацыі з дапамогай інструментарыю SABER (сістэмны падыход да паляпшэння вынікаў адукацыі), забеспячэння даступнасці якаснай дашкольнай адукацыі, ацэнкі ўмоў, якія створаны ва ўстанове для аказання адукацыйных паслуг для дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту. У ходзе дыскусіі абмяркоўваўся вопыт Румыніі, дзе былі прадстаўлены здабыткі румынскіх калег па рэалізацыі праграмы інклюзіўнай дашкольнай адукацыі, стварэння мультыфункцыянальных цэнтраў, развіцця прыватнага і дзяржаўнага партнёрства. Дарэчы, пытанне далучэння іншых крыніц фінансавання для развіцця розных паслуг у сферы дашкольнай адукацыі актуальнае для многіх краін — удзельніц канферэнцыі. Малдова прадставіла вопыт кіравання якасцю адукацыі з асобным акцэнтам, які быў зроблены на павышэнне кваліфікацыйнага ўзроўню педагагічных работнікаў сістэмы дашкольнай адукацыі. Таксама быў прадстаўлены вопыт літоўскіх калег па фінансаванні дашкольнай адукацыі, шведскіх — па ацэнцы ўмоў, якія ствараюцца ва ўстановах дашкольнай адукацыі для аказання адукацыйных паслуг, а канадская дэлегацыя прадэманстравала свае здабыткі па ацэнцы гатоўнасці дзяцей да школы. Асобным блокам была прадстаўлена дзейнасць асацыяцыі “Крок за крокам” , якая ўжо даўно працуе ў сферы дашкольнай адукацыі і ў гэтым годзе будзе адзначаць сваё 25-годдзе. Прадстаўнікі асацыяцыі звярнулі ўвагу на інструментарыі для ацэнкі якасці работы педагагічных работнікаў ва ўстановах, якія прадастаўляюць паслугі для дзяцей ад 3 да 10 гадоў і такім чынам ахопліваюць пачатковую школу. Нам быў вельмі цікавы такі падыход. Увогуле мы прыйшлі да высновы, што наша дзяржаўная палітыка ў сферы адукацыі ідзе ў рамках сусветных тэндэнцый. Усе тыя падыходы, якія сёння ажыццяўляюцца ў нашай дашкольнай адукацыі, сугучныя з міжнароднымі патрабаваннямі.
У ходзе каферэнцыі мне як кіраўніку дэлегацыі давялося сустрэцца з кіраўніцтвам галіновых міністэрстваў Румыніі, Малдовы, Грузіі, Таджыкістана, Расіі, Літвы, з прадстаўнікамі ЮНІСЕФ і Сусветнага банка. У рамках гэтых перамоў абмяркоўваліся магчымыя варыянты дзяржаўнай палітыкі, якія забяспечваюць роўны доступ дзяцей да якаснай дашкольнай адукацыі, эфектыўныя падыходы ў фінансаванні, распрацоўку зместу адукацыі. Згодна з гэтымі кірункамі, у ходзе размовы намеціліся перспектывы ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў гэтых пытаннях. З румынскімі калегамі мы абмяркоўвалі прыярытэтныя кірункі развіцця дашкольнай адукацыі і падрыхтоўкі кадраў і згадзіліся, што важнай задачай з’яўляецца забеспячэнне даступнасці якаснай адукацыі і стварэнне роўных стартавых магчымасцей для дзяцей дашкольнага ўзросту. У рамках канферэнцыі абмяркоўваліся пытанні далейшага супрацоўніцтва з ЮНІСЕФ. У ходзе размовы прадстаўнікі ЮНІСЕФ высока ацанілі дасягненні нашай краіны ў сферы адукацыі, у прыватнасці, у дасягненні мэт Дакарскіх рамак дзеяння ў галіне адукацыі, прынятых у 2002 годзе. Была падкрэслена неабходнасць працягнуць работу ў гэтым кірунку непасрэдна ў пашырэнні і ўдасканаленні адукацыйных паслуг, прапанаваных для дзяцей дашкольнага ўзросту.
Дыскусійным стала пытанне неабходнасці ацэнкі індывідуальных вынікаў дзіцяці. У тым, што неабходна ацэньваць якас ць дашкольнай адукацыі, згаджаліся ўсе, але не было адзінага меркавання ў тым, ці неабходна пры гэтым ацэньваць індывідуальныя вынікі дзіцяці. Значная частка спецыялістаў усё ж выказала меркаванне аб неабходнасці ацэнкі якасці адукацыі праз узровень падрыхтоўкі педагагічных работнікаў, якія ажыццяўляюць адукацыйны працэс, і праз умовы, якія ствараюцца ўстановай для паўнацэннай падрыхтоўкі дзяцей на наступным узроўні адукацыі. Меншасць выступала за ацэнку індывідуальных вынікаў дзяцей дашкольнага ўзросту.
Безумоўна, наш візіт у іншыя краіны, выкарыстанне міжнароднага вопыту будзе спрыяць нашай сістэме адукацыі ў сферы менеджменту якасці дашкольнай адукацыі, развіццю прыватнага і дзяржаўнага партнёрства і ў выніку станоўча паўплывае на павышэнне якасці і даступнасці дашкольнай адукацыі ў нашай краіне. Згодна з гэтым, мы намецілі перспектывы ў далейшай рабоце. Так, у прыватнасці, будуць перагледжаны крытэрыі ацэнкі якасці дашкольнай адукацыі з улікам тых падыходаў, якія былі абазначаны ў час візіту. Таксама будзем працаваць над карэкціроўкай адукацыйных стандартаў з улікам падыходаў у ацэнцы якасці дашкольнай адукацыі і па распрацоўцы інструментарыю ацэнкі якасці. Не менш важным будзе і напрамак па развіцці прыватнага і дзяржаўнага партнёрства ў сферы дашкольнай адукацыі.

 

Гутарыла Ала КЛЮЙКО.