У полі зроку — славянскія мовы

- 12:50Навіны рэгіёнаў, Рознае
На філалагічным факультэце БрДУ імя А.С.Пушкіна адбылася VІ Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Славянскія мовы: сістэмна-апісальны і сацыякультурны аспекты даследавання”. Арганізавала мерапрыемства, якое праводзілася з мэтай каардынацыі навуковых даследаванняў у галіне функцыянавання і развіцця славянскіх моўных сістэм, кафедра агульнага і рускага мовазнаўства.

Па словах арганізатараў, папярэднія канферэнцыі паказалі, што іх праблемнае поле стабілізавалася і выклікае інтарэс у навукоўцаў-славістаў Беларусі, Украіны, Польшчы і Расіі. Сёлета аргкамітэту было прапанавана больш за 160 тэм дакладаў (ад Беларусі паступіла 100 заявак, ад Украіны — 40, ад Расіі — 9, ад Польшчы — 8).
Пленарнае пасяджэнне адкрыў прафесар член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі А.А.Лукашанец. У сваім выступленні ён расказаў пра вынікі ХV Міжнароднага з’езда славістаў, які прайшоў сёлета ў Мінску.
Дэлегацыю расійскіх навукоўцаў узначальвала прафесар Смаленскага дзяржаўнага ўніверсітэта Н.А.Максімчук, а дэлегацыю польскіх — доктар філалогіі прафесар універсітэта ў Седльцэ Данута Крамарска.
Аналіз сёлетніх секцыйных дакладаў паказаў, што яны выйшлі за межы педагагічнай тэматыкі і скіроўвалі ўвагу на сацыякультурныя працэсы ў славянскіх мовах і нацыянальна-культурную спецыфіку мастацкіх тэкстаў. Акрамя таго, пашырылася тэматыка дакладаў, прысвечаных методыцы выкладання рускай мовы як замежнай. Гэтае пытанне надзвычай актуальнае для БрДУ імя А.С.Пушкіна, дзе замежныя студэнты навучаюцца ўжо 7 гадоў.
На канферэнцыі таксама былі прадстаўлены стэндавыя даклады, дасланыя прафесарам Цімохам Ліякумовічам з Чыкага (ЗША), аспірантам Іванам Пасохіным з Браціславы (Славакія) і магістранткай Ганнай Гурынай з Шанхая (Кітай).
Арганізатары канферэнцыі ўпэўнены, што такія мерапрыемствы карысныя найперш для моладзі, бо яны дазваляюць асабіста пазнаёміцца з вынікамі работы прадстаўнікоў розных навуковых школ.

 Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.