Напружанне ў пачатку навучальнага года ў асноўным абумоўлена неабходнасцю пільнага планавання дзейнасці ўстаноў адукацыі па ўсіх кірунках адукацыйнага працэсу. Адна з першачарговых задач — стварыць умовы навучання, пры якіх навучэнцы маглі б у поўнай меры падрыхтавацца да жыцця ў сучасным высокатэхналагічным канкурэнтным свеце. Яе вырашэнню садзейнічае не толькі абноўлены змест адукацыі ва ўмовах пераходу на профільнае навучанне, але і рэалізацыя паэтапнай цэласнай сістэмы прафарыентацыйнай работы. Невыпадкова Міністэрства адукацыі вызначае прафарыентацыйную работу як абавязковы этап прафілізацыі.
“Чалавек нараджаецца двойчы”, — сцвярджаюць многія, разумеючы пад другім сваім нараджэннем выбар прафесіі. Нараджэнне чалавека як прафесіянала — працэс складаны і індывідуальны. Сучаснай моладзі вельмі складана знайсці сваё месца ў жыцці, бо даводзіцца рабіць выбар з вялікай колькасці спецыяльнасцей. У свеце налічваецца больш за 50 тысяч прафесій. Лічбы ўражваюць! Як жа сарыентавацца ў гэтай разнастайнасці нашаму выпускніку? Хочацца падзяліцца вопытам арганізацыі псіхолага-педагагічнага суправаджэння прафесійнага самавызначэння навучэнцаў у Слонімскім раённым ліцэі.
Самавызначэнне як прафесійнае, так і асобаснае становіцца цэнтральным новаўтварэннем старэйшага падлеткавага ўзросту. Гэта новая ўнутраная пазіцыя, якая ўключае асэнсаванне сябе як члена грамадства, прыняцце свайго месца ў ім. Гэтым фактарам тлумачацца асаблівасці арганізацыі прафарыентацыйнай работы на трэцяй ступені навучання.
10—11 класы — гэта апошні этап (арыентацыйна-ўдакладняльны) прафарыентацыйнай падтрымкі сацыяльнага сталення выпускніка. У гэты перыяд навучэнцы ажыццяўляюць дапрафесійную дзейнасць на базе паглыбленага вывучэння вучэбных прадметаў, да якіх у іх выявіліся ўстойлівыя інтарэсы, засяроджваюць увагу на фарміраванні прафесійна значных якасцей, кантролі і карэкцыі прафесійных планаў, спосабах ацэнкі вынікаў работы.
У кантэксце задач па фарміраванні гатоўнасці старшакласнікаў да ўстойлівага прафесійнага самавызначэння псіхолага-педагагічнае суправаджэнне разглядаецца як інтэрактыўная псіхолага-педагагічная тэхналогія. Яна ўяўляе сабой цэласную адкрытую сістэму дыягнастычных, развіццёвых, карэкцыйных мерапрыемстваў.
Згодна з даследаваннямі, якія штогод праводзяцца ў нашай установе адукацыі, толькі 30—33% навучэнцаў маюць цвёрдыя прафесійныя намеры. Каля 70% не маюць дакладнай пазіцыі, сумняваюцца ў сваім выбары. Гэта сур’ёзная праблема, якую даводзіцца вырашаць.
Ідэя псіхолага-педагагічнага суправаджэння ў нашым ліцэі заключаецца ў тым, каб не засцерагаць навучэнца ад складанасці выбару, не вырашаць праблемы за яго, а ствараць умовы для ўдасканалення ім асэнсаванага, адказнага самастойнага выбару.
Прафарыентацыйная работа ва ўстанове праводзіцца з усімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу, дзе асноўным кантынгентам з’яўляюцца вучні.
Па ступені сфарміраванасці прафесійных планаў сярод ліцэістаў можна вылучыць наступныя катэгорыі:
• старшакласнікі, якія вызначыліся з выбарам прафесіі, аднак маюць патрэбу ва ўдакладненні прафесійнага маршруту, г.зн. у выбары шляхоў далейшай адукацыі і навучальнай установы, у якой можна атрымаць пэўную спецыяльнасць;
• навучэнцы, якія не маюць канкрэтных жыццёвых, прафесійных планаў (яны маюць патрэбу ў інфармацыйна-асветніцкай дапамозе);
• навучэнцы, якія выбралі прафесію, але па супрацьпаказаннях (напрыклад, па стане здароўя) авалоданне пэўнай прафесіяй для іх абмежавана або супрацьпаказана (у гэтым выпадку неабходна пераарыентацыя такіх старшакласнікаў);
• старшакласнікі, якія выбралі некалькі прафесій супрацьлеглага характару (асноўная работа з такімі дзецьмі — выпрацоўка ўстойлівага і мэтанакіраванага прафесійнага выбару шляхам прафесійнага кансультавання).
Асноўнымі задачамі прафарыентацыйнай работы на ІІІ ступені навучання з’яўляюцца: актуалізацыя ў падлеткаў значнасці прафесійнай дзейнасці, аказанне дапамогі ў асэнсаванні імі сваіх інтарэсаў, магчымасцей, асаблівасцей, фарміраванне актыўнай жыццёвай пазіцыі і высокага маральнага аблічча асобы старшакласніка, фарміраванне здольнасці навучэнцаў старшых класаў да асэнсаванага выбару прафесіі.
Псіхалагічная частка прафарыентацыйнай работы прадугледжвае правядзенне маніторынгу прафесійных намераў старшакласнікаў, арганізацыю псіхалагічнай дыягностыкі, аказанне псіхалагічнай падтрымкі паглыбленай прафарыентацыі вучняў.
Асноўныя кірункі ў рабоце педагога-псіхолага — прафесійная дыягностыка, прафесійная асвета, прафесійная кансультацыя, псіхалагічная карэкцыя.
Прафарыентацыйная работа пачынаецца з псіхалагічнай дыягностыкі — маніторынгу прафесійных намераў вучняў у пачатку 10 класа, г.зн. з моманту паступлення вучняў у ліцэй — і працягваецца на працягу ўсяго навучання. Вывучэнне індывідуальных псіхалагічных асаблівасцей ліцэістаў ажыццяўляецца разнастайнымі спосабамі: ад простага назірання за дасягненнямі ў асваенні вучэбных дысцыплін да выкарыстання анкет, апытальнікаў, методык па самавызначэнні навучэнцаў. Камп’ютарная дыягностыка, што выкарыстоўваецца ў рабоце (электронны дапаможнік “Профіль”), дапамагае ўбачыць профіль будучай прафесіі, выявіць інтарэсы і схільнасці вучня, падабраць канкрэтныя прафесіі і навучальныя ўстановы, якія адпавядаюць яго інтарэсам і схільнасцям.
Наяўнасць прафарыентацыйнай карты ў кожнага старшакласніка дазваляе адсачыць змены ў прафесійных інтарэсах, схільнасцях, намерах, а таксама ў адносінах бацькоў навучэнцаў да выбранай прафесіі/спецыяльнасці. Па выніках дыягнастычных методык даюцца рэкамендацыі кожнаму ўдзельніку адукацыйнага працэсу.
Псіхалагічная асвета — ад зін з галоўных кірункаў прафарыентацыйнай работы, звязаны з павышэннем псіхалагічнай дасведчанасці навучэнцаў, бацькоў, педагогаў, з інфармаваннем аб сутнасці і сацыяльным прэстыжы разнастайных прафесій, спосабах і шляхах іх атрымання, патрабаваннях, якія прад’яўляюцца прафесіяй чалавеку. Псіхалагічная асвета ў асноўным носіць групавы характар.
Сярод форм прафесійнай асветы вылучаюцца:
— псіхалагічная асвета педагогаў, якая ажыццяўляецца праз правядзенне семінараў-практыкумаў, гутарак, тэматычных выступленняў на педсаветах, метадычных аб’яднаннях класных кіраўнікоў;
— псіхалагічная асвета бацькоў, якая арганізоўваецца праз выступленні на агульналіцэйскіх і класных бацькоўскіх сходах (“Роля сям’і ў прафесійным самавызначэнні старшакласнікаў”, “Як дапамагчы вучням у працэсе падрыхтоўкі і здачы экзаменаў”, “Прафесіі, якія выбіраюць нашы дзеці” і інш.), на пасяджэннях клуба “Праметэй” (“Здольнасці дзіцяці і выбар прафесіі”), распрацоўваюцца буклеты, памяткі;
— псіхалагічная асвета навучэнцаў, якая ажыццяўляецца праз лекцыі, прафарыентацыйныя ўрокі, выступленні на класных гадзінах (“Як правільна выбраць прафесію?”, “На парозе дарослага жыцця”, “Час выбірае нас”, “Як псіхалагічна падрыхтавацца да экзаменаў”, “Прыёмы эфектыўнага запамінання”, “Хутка ЦТ!” і інш.).
Важная роля ў рабоце педагога-псіхолага адводзіцца арганізацыі і ўдзелу ў правядзенні агульналіцэйскіх мерапрыемстваў па прафарыентацыі (дні адкрытых дзвярэй ва УВА, ССНУ, кірмашы прафесій, прафарыентацыйныя экскурсіі, сустрэчы са спецыялістамі разнастайных прафесій, са студэнтамі УВА і ССНУ, навукова-даследчая работа вучняў, месячнік прафарыентацыі (люты — сакавік), дзелавыя гульні, конкурсы, віктарыны, агітбрыгады па прафарыентацыі і інш.).
Актыўна выкарыстоўваецца інфармацыйная прастора ліцэя: інфармацыйны стэнд “Табе, выпускнік!”, сайт ліцэя. Тут размяшчаюцца матэрыялы прафарыентацыйнага кірунку: адрасы афіцыйных сайтаў, якія ўтрымліваюць інфармацыю па прафарыентацыйнай рабоце, рэкамендацыі вучням, бацькам па выбары прафесіі.
У рабоце педагога-псіхолага выкарыстоўваецца і рэспубліканскі штомесячны часопіс для старшакласнікаў, іх бацькоў і педагогаў “Кім быць?”.
Важнай формай правядзення мерапрыемстваў прафарыентацыйнай накіраванасці ў ліцэі, як ужо згадвалася, з’яўляецца месячнік прафарыентацыі, падчас якога праходзіць выстава літаратуры па прафарыентацыі, адбываецца прафесійная агітацыя і рэклама. На класных і інфармацыйных гадзінах навучэнцы ў актыўнай форме з выкарыстаннем сучасных інфармацыйных тэхналогій працягваюць знаёміцца са светам прафесій. У рамках месячніка прафарыентацыі стала традыцыяй правядзенне навукова-практычнай канферэнцыі, на якую навучэнцы 11 класаў рыхтуюць інфармацыю пра УВА, факультэты рознага профілю (спецыяльнасці, прахадныя балы, конкурс).
Работа з бацькамі — важная частка ў сістэме прафарыентацыі навучэнцаў. Практыка паказвае, што бацькі прымаюць актыўны ўд зел у вызначэнні жыццёвых і прафесійных планаў сваіх дзяцей. Разам з тым гэтыя пытанні з’яўляюцца складанымі як для саміх навучэнцаў, так і для іх бацькоў. Не заўсёды бацькі ведаюць і аб’ектыўна ацэньваюць інтарэсы і здольнасці дзяцей. Жаданні бацькоў і прафесійныя намеры падлеткаў у большасці выпадкаў не супадаюць. Усё гэта выклікае неабходнасць арганізацыі спецыяльнай работы з бацькамі, якая накіравана на аказанне дапамогі сям’і ў падрыхтоўцы іх дзяцей да асабістага росту і прафесійнага самавызначэння з выхадам у самастойнае жыццё. Менавіта таму ў нашай установе адукацыі арганізоўваецца індывідуальная работа з бацькамі навучэнцаў, іх запрашаюць выступіць на класных гадзінах, прыняць удзел у правядзенні круглых сталоў, канферэнцый, экскурсій.
Кансультацыйны кірунак мае на ўвазе садзейнічанне педагога-псіхолага ліцэя выбару навучэнцамі прафесіі з улікам іх матываў, інтарэсаў, схільнасцей, асабістых праблем ці асаблівасцей светапогляду. У працэсе прафкансультацыі адбываецца стымуляванне роздуму падлеткаў аб перспектывах іх асобаснага і прафесійнага самавызначэння, прадстаўленне ім пэўных арыенціраў для ацэнкі ўласнай падрыхтаванасці да рэалізацыі намечаных прафесійных планаў.
Псіхалагічная карэкцыя ажыццяўляецца праз правядзенне заняткаў у трэнінгавым рэжыме “Трэнінг прафесійнага самавызначэння” (11 клас), рэлаксацыйных заняткаў для выпускнікоў, практычнага курса “У пошуках свайго прызвання” (10 клас), прафарыентацыйных гульняў. На занятках навучэнцы ставяць рэальныя прафесійныя мэты, выпрацоўваюць навыкі ўпэўненых паводзін, што дазваляе ім прыйсці да ўзважанага выбару прафесійнай дзейнасці.
Усе пералічаныя кірункі работы ўзаемазвязаны, знаходзяцца ва ўзаемадзеянні і дапаўняюць адзін аднаго.
Вопыт работы ў рамках прафарыентацыі паказвае, што наша дзейнасць эфектыўная, бо ў рабоце з навучэнцамі ўлічваюцца іх узроставыя асаблівасці; арганізоўваецца ўзаемадзеянне з класнымі кіраўнікамі, настаўнікамі-прадметнікамі, а таксама адміністрацыяй і бацькамі; улічваецца, што старшакласнікі бяруць пад увагу не толькі звесткі аб асаблівасцях прафесій, але і шмат іншай інфармацыі, праз якую педагог-псіхолаг уздзейнічае на прафесійнае самавызначэнне навучэнцаў (работа з сям’ёй, мікрагрупамі, педагагічным калектывам і асобай старшакласніка). Эфектыўнасць работы па прафесійным самавызначэнні старшакласнікаў пераносіць акцэнты з агульнага знаёмства са светам прафесій на канкрэтныя варыянты выбару. На гэтым этапе вырашаюцца кагнітыўныя задачы (даведачна-інфармацыйная, дапамога ў самапазнанні, планаванні і выбары) і фарміруецца маральна-эмацыянальная ўстойлівасць падлетка, якая дазваляе рыхтаваць яго да магчымых канкрэтных цяжкасцей падчас падрыхтоўкі і рэалізацыі сваіх прафесійных намераў.
І ў заключэнне хочацца акцэнтаваць увагу на тым, што вера ў міф аб адзіным правільным прафесійным шляху, выбары прафесійнай нівы на ўсё жыццё можа моцна ўскладніць працэс прафесійнага самавызначэння падлеткаў, пасеяць страх “не паступіць”, “не ўладкавацца”, “страціць час”. На наш погляд, дарослы, які займаецца прафарыентацыйнай дзейнасцю, павінен заўсёды памятаць, што важна не толькі дапамагчы, але і не нашкодзіць сваімі дзеяннямі складанаму працэсу прафесійнага самавызначэння сваіх падапечных. Станоўчы эфект ад гэтай дзейнасці магчымы толькі ў тым выпадку, калі мы з вамі самі добра разбіраемся ў пытаннях прафарыентацыйнага характару. Таму лічым важным павышаць уласную кампетэнцыю, удзяляць час самаадукацыі, самаразвіццю ў галіне прафарыентацыі.
Наталля ДЗЯТЧЫК,
педагог-псіхолаг Слонімскага раённага ліцэя.