Сучасныя інтэрнэт-рэсурсы і тэхналогіі прадастаўляюць іх карыстальнікам вялікія магчымасці арганізацыі ўласнай віртуальнай прасторы альбо прасторы ўзаемадзеяння з іншымі карыстальнікамі.
Эфектыўна і вынікова
З дапамогай шматлікіх электронных сэрвісаў педагогі ствараюць сайты ці блогі, распрацоўваюць уласныя адукацыйныя рэсурсы, інтэрактыўныя практыкаванні, гульні, тэсты, віртуальныя пакоі, апытанні.
Блог We Love English (https://iloveenglishiloveenglish.blogspot.com.by) распрацаваны настаўнікамі і навучэнцамі гімназіі № 1 Старых Дарог. Ён з’явіўся ў працэсе вучэбнай дзейнасці, ажыццяўлення інтэрнэт-праектаў, правядзення пазакласных мерапрыемстваў і акцый.
Блог дазваляе атрымаць зваротную сувязь, арганізаваць эфектыўны цьютарат педагогаў у інтэрнэт-праектах, адукацыйным працэсе або пазаўрочнай дзейнасці па англійскай мове праз стварэнне віртуальнай прасторы для сумеснай дзейнасці і размяшчэнне распрацовак урокаў, пазакласных мерапрыемстваў, майстар-класаў, семінараў, практыкаванняў і прэзентацый і іншай актуальнай інфармацыі.
— Прычыны выбару менавіта блога як інфармацыйна-кансультацыйнага рэсурсу для педагогаў простыя: па-першае, гэта адзін з самых хуткіх спосабаў распаўсюджвання і абмену тэматычна падабранай інфармацыі, па-другое, сярод суполкі інтэрнэт-карыстальнікаў ён з’яўляецца папулярным і даступным інтэрнэт-рэсурсам, якім можа скарыстацца кожны наведвальнік інтэрнэту, і для гэтага яму не трэба ведаць спецыяльныя мовы праграмавання, — адзначае настаўніца англійскай мовы кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст” гімназіі № 1 Старых Дарог Наталля Белазаровіч. — Пры выкарыстанні прасторы блога вырашаецца шэраг задач: сістэматызацыя назапашанага матэрыялу, развіццё прафесійнага партфоліа, пашырэнне адукацыйнай прасторы.
Мэтавая аўдыторыя блога — настаўнікі англійскай мовы, педагогі міжнароднай інтэрнэт-суполкі iEARN, навучэнцы і іх бацькі. Блог уключае 19 старонак, сярод якіх — Home, Vocabulary, Grammar, Olympiads, Presentations, Lessons, After Lessons, At the lesson і інш. На галоўнай старонцы размяшчаецца інфармацыя аб праведзеных і маючых адбыцца мерапрыемствах па англійскай мове ў гімназіі. На старонках Vocabulary і Grammar размешчаны моўныя інтэрактыўныя практыкаванні. Яны сістэматызаваны па тэмах, каля кожнага практыкавання пазначаны дадатак, з дапамогай якога яно было створана, напрыклад, Quislet, Quizizz, Kahoot, Google-форма, Wordwall, Liveworksheets. Там жа размешчаны практыкаванні, убудаваныя ў блог, інтэрактыўныя прэзентацыі. Усе вучэбныя матэрыялы сістэматызаваны па тэмах і ўроках у адпаведнасці з ВМК па англійскай мове для павышанага ўзроўню з 2 па 11 клас на адпаведных старонках блога.
— Простая і зручная сістэматызацыя практыкаванняў дазваляе і вучням, і настаўнікам лёгка і хутка знайсці тое або іншае заданне, — тлумачыць Наталля Мікалаеўна. — Навучэнцы могуць самастойна выконваць гэтыя практыкаванні з мэтай адпрацоўкі граматычных навыкаў, запамінання новай лексікі, паўтарэння вывучанага матэрыялу. У педагогаў ёсць магчымасць арганізаваць работу на ўроку з выкарыстаннем абсталявання лінгафоннага кабінета, мультыборда, планшэтаў ці смартфонаў навучэнцаў. Старонкі пастаянна абнаўляюцца і дадаюцца новыя лексічныя і граматычныя практыкаванні.
На старонцы Olympiads размешчаны матэрыялы алімпіяд раённага і абласнога этапаў па замежных мовах, у тым ліку і заданні анлайн-алімпіяды па англійскай мове для 6, 10, 11 класаў. Распрацоўваюцца анлайн-алімпіяды для 7—9 класаў і інфаграфіка для развіцця навыкаў гаварэння па розных тэмах. На старонцы Presentations можна паглядзець і спампаваць прэзентацыі аб Беларусі і горадзе Старыя Дарогі. Гэтыя прэзентацыі створаны навучэнцамі ў працэсе ўдзелу ў міжнародных інтэрнэт-праектах альбо ў працэсе сумеснай работы над вучэбнымі праектамі. Настаўнікі англійскай мовы могуць скарыстацца распрацоўкамі ўрокаў і пазакласных мерапрыемстваў, размешчанымі на старонках Lessons і After Lessons. Усё арганізавана з дапамогай віртуальных дошак Padlet, якія дазваляюць вывучаць матэрыялы анлайн і свабодна спампоўваць размешчаныя на іх файлы, дакументы, малюнкі. Для арганізацыі сумеснай дзейнасці навучэнцаў або педагогаў па стварэнні прэзентацый або праектаў, абмеркавання актуальных пытанняў, абмену рэсурсамі, медыяматэрыяламі, карыснымі спасылкамі падчас семінараў, майстар-класаў выкарыстоўваецца адукацыйная прастора старонкі At the lesson. Нядаўна ў блогу з’явіліся новыя старонкі Workshops і Method Council. Яны дапамагаюць наладзіць узаемадзеянне з педагогамі раёна і вобласці, правесці дыстанцыйнае анкетаванне або апытанне, арганізаваць сумесную работу над праектам.
Нямецкую —з задавальненнем!
Настаўнік нямецкай мовы кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст” сярэдняй школы № 1 імя Б.М.Дзмітрыева Асіповіч Уладзімір Паркалаў актыўна выкарыстоўвае на ўроках электронныя адукацыйныя рэсурсы, як гатовыя, так і ўласныя, аўтарскія. Яны садзейнічаюць павышэнню матывацыі навучэнцаў да вывучэння мовы, пабудовы іх індывідуальнай адукацыйнай траекторыі, фарміраванню інфармацыйнай культуры.
Аўтарская распрацоўка Übung macht den Meister створана на матэрыяле вучэбнага дапаможніка для 8 класа “Нямецкая мова” аўтараў А.Будзько, І.Урбановіч пры дапамозе мовы праграмавання Delphi. Прадукт прадугледжвае трэніроўку і праверку лексікі, граматыкі, чытання, успрымання і разумення маўлення на слых, ён утрымлівае шэраг лагічных гульняў на замежнай мове і разлічаны на выкарыстанне на 38 уроках на працягу навучальнага года.
Сеткавая суполка дае магчымасць арганізаваць узаемадзеянне настаўнікаў дыстанцыйна, прычым рабіць гэта ў пастаянным рэжыме, не звязваючы такую работу з канкрэтнымі датамі і часавымі абмежаваннямі ў адрозненне ад арганізацыі работы ў вочным рэжыме.
Змест усіх заданняў ЭСН заснаваны на лексічным і граматычным матэрыяле папяровага вучэбнага дапаможніка, які складаецца з 7 вучэбных тэм. ЭСН мае 8 раздзелаў: 7 тэматычных і абагульняльны. Кожны тэматычны раздзел складаецца з 2 трэніровачных лексіка-граматычных тэстаў, аднаго тэста па чытанні і аднаго праверачнага тэста.
— Выкананне тэстаў мае некалькі асаблівасцей, якія дазваляюць атрымаць аб’ектыўную ацэнку ведаў навучэнцаў і гнутка рэагаваць пры выстаўленні адзнакі за работу на ўроку, — расказвае Уладзімір Міхайлавіч. — Тэст па відэафрагменце практыкавання падабраны так, каб максімальна ўскладніць магчымасць навучэнцаў “падмануць камп’ютар”. Спачатку праходзіць рэгістрацыя, што дазваляе потым аўтаматычна захоўваць вынікі і праглядаць іх у любы зручны для настаўніка час. Пачаўшы выкананне тэста, вучань не можа спыніць яго да завяршэння. Кожная спроба паўторнага выканання будзе фіксавацца, што дазволіць настаўніку ацаніць толькі першую. Трэніровачныя тэсты па граматыцы і відэафрагментах, у адрозненне ад праверачных, маюць доступ да граматычнага і лексічнага даведніка. Але кожны зварот да яго фіксуецца і можа ў далейшым паўплываць на адзнаку за работу на ўроку. Тэст па чытанні таксама дазваляе прагледзець тэкст паўторна з адпаведнай фіксацыяй. У залежнасці ад узроўню падрыхтоўкі класа настаўнік сам можа ўстанавіць дапушчальную колькасць гэтых зваротаў. Выконваючы заданні, вучань адразу бачыць колькасць памылак у кожным практыкаванні. Пры паўторным выкананні тэста ўсе адказы абнуляюцца. Калі пры рэгістрацыі ўвесці спецыяльны ключ, гэтага не адбываецца, і настаўнік ці вучань можа прааналізаваць адказы і адкарэкціраваць іх. Гэты ключ можна атрымаць пры выкананні праверачнага тэста, і ў першую чаргу ён з’яўляецца інструментам настаўніка. Пры яго выкарыстанні на кожнай старонцы з’яўляецца метка — маленькі вослік, гэта дазваляе настаўніку правільна ацаніць статус вучня, які працуе. Пасля выканання апошняга задання вучань атрымлівае інфармацыю аб выніках сваёй работы: працэнт выканання, колькасць памылак у кожным заданні, колькасць зваротаў да даведніка, дата і час. Яна аўтаматычна захоўваецца і даступна ў любы час. Аналіз праверачнага тэста дае разгорнутую аналітычную інфармацыю, якая ўключае графічную справаздачу і тэкставую ацэнку выніку.
Створаны прадукт выкарыстоўваецца на ўроку, факультатыўных занятках, пры самастойнай падрыхтоўцы дома.
Прастора для ўзаемадзеяння
Школьная сеткавая суполка настаўнікаў англійскай мовы English Teacher Association of School # 4 дзейнічае на базе сярэдняй школы № 4 Салігорска. Яна аб’ядноўвае 12 педагогаў і створана ў межах школьнага метадычнага аб’яднання педагогаў у сакавіку 2016 года на адукацыйнай анлайн-платформе Edmodo.
— Мэтай сеткавай суполкі стала стварэнне адзінай інфармацыйнай прасторы для прафесійнага развіцця настаўнікаў англійскай мовы школы і арганізацыі пазакласнай работы па прадмеце, — тлумачыць настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 4 Салігорска Вольга Круглова.
ЭСН Übung macht den Meister просты ў выкарыстанні, не патрабуе інтэрнэту для выканання асноўных заданняў і працуе на любым сучасным абсталяванні пад кіраваннем аперацыйнай сістэмы Windows.
Як расказала Вольга Мікалаеўна, пасяджэнні школьнага метадычнага аб’яднання праводзяцца анлайн, арганізоўваецца дыскусія і абмен думкамі па пэўнай метадычнай тэме. Настаўнікі дзеляцца цікавымі рэсурсамі, распрацоўкамі вучэбных матэрыялаў. Так, летась педагогі абмеркавалі пытанні сацыяльна-эмацыянальнага навучання і абмяняліся вопытам прымянення тэхнік развіцця эмацыянальнага інтэлекту і практык усвядомленасці. А школьная анлайн-канферэнцыя “Інтэрнэт-тэхналогіі як сродак актывізацыі адукацыйнага працэсу” дазволіла педагогам азнаёміцца з сучаснымі тэндэнцыямі ў адукацыі і абмеркаваць эфектыўнасць іх выкарыстання. Яе вынікам стала размяшчэнне педагогамі ў агульнай прасторы сеткавай суполкі сваіх артыкулаў і распрацовак, а таксама стварэнне банка інтэрнэт-рэсурсаў і ідэй па выкарыстанні інтэрнэт-тэхналогій.
З выкарыстаннем інфармацыйнай прасторы суполкі рыхтуюцца розныя вучэбныя мерапрыемствы з навучэнцамі. Напрыклад, для правядзення тыдня англійскай мовы кіраўнік метадычнага аб’яднання размяшчае тэматычныя матэрыялы ў дапамогу настаўнікам. У межах тыдня ў анлайн-рэжыме прайшлі конкурс праектаў Creative Minds для навучэнцаў 6—8 класаў, калектыўны праект Travel Blog для навучэнцаў 7 класаў на інтэрактыўнай сцяне Padlet і інш. Выкарыстоўваючы інфармацыйную прастору суполкі, педагогі правялі з вучнямі 5-дзённы марафон па сацыяльна-эмацыянальным навучанні 5-Day Self Love Challenge для навучэнцаў 9 і 11 класаў.
Вопыт работы паказвае, што метадычная работа, арганізаваная ў анлайн-фармаце, патрабуе ад настаўнікаў большай актыўнасці і адказнасці, часта больш выніковая і эфектыўная, чым традыцыйныя вочныя мерапрыемствы.
Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.