Другога верасня горад Глыбокае гасцінна запросіць да сябе шматлікіх гасцей з розных куточкаў Беларусі на Дзень беларускага пісьменства і друку. Гэтай значнай падзеі ўжо сёння з нецярпеннем чакаюць настаўнікі і вучні Глыбоцкага раёна. Азярэцкая сярэдняя школа-сад не выключэнне.
Да свята беларускага пісьменства, а таксама да Года кнігі калектыў школы падрыхтаваў шмат мясцовай рэкламна-выдавецкай прадукцыі, аддрукаванай у Глыбоцкай друкарні.
Так, дзякуючы плённай працы настаўніцы гісторыі Зоі Рубніковіч (яна і выдатны краязнаўца) у суаўтарстве з настаўнікамі Азярэцкай школы Людмілай Каліцкай, Нінай Пярэдняй і Аленай Грышанковіч, у свет выйшлі “Летапіс вёскі Азярцы”, краязнаўчы буклет “Азярэччына ад А да Я”, “Азярэччына ад старажытнасці да сучаснасці”. Цікавымі і змястоўнымі атрымаліся таксама зборнікі Зоі Рубніковіч “Турыстычна-краязнаўчыя маршруты Глыбоччыны” і “Глыбоччына ў перыядычным друку”.
Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Алена Ластоўская падрыхтавала да Дня беларускага пісьменства розныя віды календароў і шэраг краязнаўчых буклетаў.
Алена Грышанковіч, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, творча пашчыравала над выпускам памятных паштовак “Мая Азярэччына”, краязнаўчай кнігі “Па родным краі” і брашуры “Быў. Ёсць і будзе настаўнікам”, у якой распавядаецца пра былога дырэктара школы Ізраіля Гінзбурга.
Акрамя гісторыка-краязнаўчых і інфармацыйных выданняў, у Азярэцкай школе з’явіўся літаратурны альманах “Паэтычны россып”, прадстаўлены ў дзвюх частках — “Творцы паэтычнага радка” і “Маладыя галасы”. Яго аўтар — настаўніца беларускай мовы і літаратуры Людміла Шырынава — змясціла на старонках зборніка вершы былых і сённяшніх настаўнікаў і вучняў школы. Настаўніца інфарматыкі Таццяна Труханава эстэтычна аформіла альманах.
Уся ўзгаданая рэкламна-выдавецкая прадукцыя творчага калектыву Азярэцкай школы атрымалася інфармацыйна-пазнавальнай, якаснай і цікавай. Яна стала цудоўным падарункам не толькі для гасцей на свяце пісьменства ў Глыбокім, але і для мясцовых жыхароў, і для вучняў школы.
Людміла ГУЙДА,
настаўніца Азярэцкай сярэдняй школы Глыбоцкага раёна.