Пінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці быў створаны больш за 50 гадоў назад для падрыхтоўкі кадраў Галоўпалессевадбуда Міністэрства меліярацыі і воднай гаспадаркі СССР. За паўстагоддзя ўстанова прафесійнай адукацыі прайшла шлях ад сельскага ПТВ № 43 меліярацыйных работ да прафесійнага ліцэя.
І вучацца, і перамагаюць
Сёння ПТНУ выпускае рабочых не толькі для сельскай гаспадаркі, але і для сферы грамадскага харчавання, гандлю. Ліцэй ажыццяўляе падрыхтоўку кадраў па такіх кваліфікацыях, як “трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці катэгорый А, В, С”, “машыніст экскаватара 5 разраду (катэгорыя F)”, “вадзіцель пагрузчыка 3 разраду”, “вадзіцель аўтамабіля катэгорыі С”, “агароднік”, “кухар 4 разраду”, “кандытар 4 разраду”, “кулінар мучных вырабаў 4 разраду”, “афіцыянт 3 разраду”, “буфетчык 3 разраду”, “прадавец 4 разраду” і “кантралёр-касір (кантралёр) 4 разраду”. Акрамя таго, установа займаецца прафесійнай падрыхтоўкай, перападрыхтоўкай і павышэннем кваліфікацыі рабочых для арганізацый Піншчыны, у тым ліку беспрацоўных па дагаворах і за сродкі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва. Так, для аграпрамысловага комплексу рэгіёна праводзіцца перападрыхтоўка вадзіцеляў на права кіравання колавымі трактарамі катэгорыі В і самаходнымі машынамі катэгорый D і F.
За час навучання ліцэісты могуць атрымаць дадатковую кваліфікацыю з пераліку тых, што ёсць ва ўстанове. Другі год на яе базе арганізавана працоўнае навучанне старшакласнікаў па прафесіі афіцыянт 3 разраду.
— Якасць падрыхтоўкі выпускнікоў — прыярытэтная задача нашага педкалектыву, — гаворыць дырэктар ліцэя І.І.Кузюр. — Для гэтага створаны адпаведныя кадравыя і матэрыяльна-тэхнічныя ўмовы. Так, ва ўстанове дзейнічаюць вучэбна-вытворчыя майстэрні, лабараторыі, аўта- і трактарадром, вучэбная гаспадарка па раслінаводстве і інш. Вучэбная і матэрыяльна-тэхнічная база пастаянна ўдасканальваюцца.
Вялікая ўвага ўдзяляецца развіццю творчай ініцыятывы навучэнцаў і педагогаў, удасканаленню іх інтэлектуальных і прафесійных навыкаў. Пераможцы ўнутрыліцэйскіх конкурсаў прафесійнага майстэрства ўдзельнічаюць і займаюць прызавыя месцы ў абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах, у тым ліку ў WorldSkills Belarus па кампетэнцыях “Кулінарнае мастацтва” і “Кандытарскае мастацтва”. На рахунку ліцэістаў шмат дыпломаў рознай вартасці, атрыманых на абласных конкурсах прафмайстэрства па прафесіях кандытар і афіцыянт.
Навучэнцы развіваюць творчыя і тэхнічныя здольнасці ў розных аб’яднаннях па інтарэсах. Шэраг ліцэйскіх распрацовак адзначаны дыпломамі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама. Сярод іх — стэнд для праверкі разеткі цягава-счэпнага ўстройства, снегаўборачны адвал на круцільнай шнэкавай апоры “Акорд”, ручны інфрачырвоны дэтэктар валют, акцызаў і каштоўных папер, калекцыя брошак “Пад настрой”, электронны мікраскоп ЭМ-1, лаўка-трансформер і інш. Ліцэй ганарыцца таксама пераможцамі мастацка-творчых конкурсаў рознага ўзроўню.
— Прафесійны ўзровень ліцэйскіх выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання адпавядае высокім патрабаванням, якія прад’яўляюцца да падрыхтоўкі сучасных рабочых, — адзначае І.І.Кузюр. — У нашай установе працуе дружны, згуртаваны, актыўны калектыў прафесіяналаў, пра што сведчаць шматлікія дасягненні ў розных аглядах, злётах і конкурсах прафмайстэрства. З 2015 года ліцэй з’яўляецца рэспубліканскай эксперыментальнай пляцоўкай па рэалізацыі інавацыйнага праекта па ўкараненні адукацыйных блогаў як сродку абагульнення і распаўсюджвання станоўчага педагагічнага вопыту.
У інавацыйным рэжыме
Педагогі заняліся эксперыментальна-інавацыйнай дзейнасцю невыпадкова. Інтэрнэт-рэсурсы адыгрываюць вялікую ролю ў розных сферах чалавечай дзейнасці, у тым ліку ў адукацыі, адкрываючы шырокія магчымасці для яе развіцця. На жаль, не ўсе педагогі актыўна выкарыстоўваюць сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі ў сваёй рабоце з-за адсутнасці адпаведнай падрыхтоўкі. Многія арыентуюцца толькі на ўласны вопыт і не заўважаюць патэнцыялу інтэрнэту ў сеткавым узаемадзеянні па актуальных праблемах. Адукацыйныя блогі з’яўляюцца сур’ёзным стымулам да самарэалізацыі і самаразвіцця, паколькі дазваляюць педагогам паспяхова асвойваць не толькі інфармацыйна-камунікацыйныя, але і іншыя сучасныя тэхналогіі, шукаць і знаходзіць нестандартныя рашэнні стандартных пытанняў і праблем. З улікам гэтага ў ліцэі пачалася эксперыментальная дзейнасць, якая затым трансфармавалася ў інавацыйную.
Праект па ўкараненні адукацыйных блогаў як сродку абагульнення і распаўсюджвання станоўчага педагагічнага вопыту рэалізоўваецца пад кіраўніцтвам Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі з мэтай арганізацыі эфектыўнага сеткавага ўзаемадзеяння творчых педагогаў, развіцця іх інфармацыйна-камунікацыйных кампетэнцый, удасканалення метадычнай дзейнасці, павышэння метадычнай культуры, прэзентацыі цікавых адукацыйных прадуктаў і абмену вопытам. У склад творчай групы ўваходзяць намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце А.М.Булчынская, метадыст М.І.Шпіталева, выкладчыца інфарматыкі Н.В.Уласавец і выкладчыца беларускай мовы і літаратуры Т.С.Факадзей.
— Працуючы над праектам, мы вывучылі тэхнічныя магчымасці размяшчэння блогаў на гатовых інтэрнэт-платформах (Blogger, Weebly, LiveJournal, Ucoz, Multiurok, Infourok, Webnode і Jimdo), якія прапаноўваюць шмат розных функцый, — расказвае А.М.Булчынская. — Перавагу аддалі Blogger і Multiurok. Кожная з іх мае свае плюсы і мінусы. Так, Blogger — лепшая бясплатная платформа для блога з поўным кантролем без рэкламы. Простая і зручная ў абыходжанні. Блог лёгка настройваецца. Адсутнічаюць тэхнічныя праблемы ў размяшчэнні мультымедыйнага кантэнту і афармленні дызайну. Разам з тым на гэтай платформе няма сістэматычнай чытацкай аўдыторыі: супольнасцей, сяброў, груп і інш. На галоўнай старонцы блога размешчаны звесткі пра аўтара і запісы блогера ў храналагічным парадку з каментарыямі, якія ўяўляюць сабой тэкставыя і мультымедыйныя матэрыялы, фотаальбомы, тэсты, сцэнарыі, прэзентацыі. Блогер можа адсочваць іх рэйтынг, наладжваць зносіны з наведвальнікамі. Blogger лепш за ўсё падыходзіць для абагульнення і распаўсюджвання станоўчага педагагічнага вопыту, але разлічваць на шырокую мэтавую аўдыторыю там не варта. На гэтай платформе знаходзяцца блогі “Палясянка” (http://belaryska.blogspot.com/), “Інфаблог” (http://info-polozhit.blogspot.com/) і “Кухар-спецыяліст” (http://kulinar161.blogspot.com/).
Адукацыйная платформа Multiurok — сучасная сацыяльная сетка для педагогаў, дзе можна бясплатна стварыць уласны сайт, падзяліцца вопытам, наладзіць зносіны з калегамі, сачыць за іх цікавымі публікацыямі, удзельнічаць у вэбінарах, алімпіядах і конкурсах. Сёння на гэтай платформе зарэгістравана больш за 80 тысяч педагогаў і апублікавана больш за 150 тысяч работ. Як правіла, наведвальнікаў блогаў цікавяць найперш практычныя матэрыялы (тэсты, сцэнарыі, прэзентацыі). Multiurok падыходзіць не толькі для абагульнення і распаўсюджвання станоўчага педагагічнага вопыту, але і для актыўных сеткавых зносін з калегамі. На гэтай платформе размешчаны блогі Т.С.Факадзей (https://multiurok.ru/paliasianka/), Н.В.Уласавец (https://multiurok.ru/vlasnadezhda/) і А.М.Булчынскай (https://multiurok.ru/povar-spietsialist/).
— Сеткавае ўзаемадзеянне — гэта новая форма павышэння кваліфікацыі педагогаў, — гаворыць А.М.Булчынская. — Дзякуючы яму, распаўсюджваюцца інавацыйныя распрацоўкі. Сеткавае ўзаемадзеянне дапамагае праявіць уласную ініцыятыву, абмеркаваць вопыт калег і, не выходзячы з дому, наладзіць з імі дыялог па розных пытаннях.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва ўстановы.