У ПВТ падведзены вынікі апрабацыі праграмы «Інфарматыка без разеткі — для кожнага дзіцяці»

- 12:12Новости

Вынікі апрабацыі праграмы «Інфарматыка без разеткі — для кожнага дзіцяці» абмеркавалі падчас круглага стала ў ПВТ з удзелам намесніка міністра адукацыі Аляксандра Кадлубая, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Праграма дадатковай адукацыі «Інфарматыка без разеткі — для кожнага дзіцяці» распрацавана ПВТ пры падтрымцы Міністэрства адукацыі. Яна накіравана на развіццё лагічнага мыслення і фарміраванне алгарытмічных уменняў без выкарыстання камп’ютара ў дзяцей ва ўзросце 6—7 гадоў з АПФР, у тым ліку з РАС. Праграма створана на аснове пяцігадовага вопыту рэалізацыі адукацыйнага праекта ПВТ «Інфарматыка без разеткі».

— Разам з ПВТ мы рэалізуем розныя адукацыйныя праекты пачынаючы з 2015 г., — адзначыў А. Кадлубай. — Вельмі важна, што сёння супрацоўніцтва развіваецца ў ключы інклюзіі, што да назвы ўжо вядомага праекта «Інфарматыка без разеткі» дабавілася фраза «для кожнага дзіцяці». Арганізаваць адукацыйны працэс для дзяцей з РАС даволі складаная задача. Таму хочацца пачуць пра вынікі ініцыятывы, зыходзячы з розных крытэрыяў, у тым ліку з пункту гледжання медыцыны.

Штуршком да стварэння праекта «Інфарматыка без разеткі — для кожнага дзіцяці» і новай спецыялізаванай праграмы дадатковай адукацыі амаль два гады назад паслужыў заклік Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталлі Качанавай звярнуць увагу на праблемы работы з дзецьмі з РАС. ПВТ адгукнуўся, і ўжо ў жніўні 2023 г. адбылася сустрэча з прадстаўнікамі розных міністэрстваў і арганізацый для абмеркавання пытання. Тады і нарадзілася ідэя адаптаваць напрацоўкі «Інфарматыкі без разеткі» для дзяцей з РАС ва ўзросце 6—7 гадоў.

Для рэалізацыі гэтай амбіцыйнай задачы была створана міжведамасная рабочая група, у склад якой увайшлі практыкуючыя педагогі-псіхолагі, настаўнікі-дэфектолагі і выхавальнікі, якія штодзень працуюць з дзецьмі з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі. Неабходна было не толькі зрабіць набор дыдактычных гульняў, але і апрабаваць іх. Быў вывучаны перадавы міжнародны вопыт. У выніку карпатлівай работы створана 250 дыдактычных гульняў, з якіх адабрана 149 лепшых. Яны выдадзены ў выглядзе зборніка, а таксама даступныя для спампоўвання ўсім жадаючым на сайце ПВТ.

— Апрабацыя праграмы дадатковай адукацыі «Інфарматыка без разеткі — для кожнага дзіцяці» праводзілася з верасня 2024 г. па май 2025 г. у 35 установах дашкольнай і спецыяльнай адукацыі, а таксама дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, — паведаміла кіраўнік праекта намеснік начальніка аддзела адукацыйнай дзейнасці Сакратарыята Назіральнага савета ПВТ Наталля Карлюкевіч. — З 62 выхаванцамі дашкольнага ўзросту працавалі 55 педагогаў, якім прадаставілі поўны комплекс вучэбна-метадычных матэрыялаў. Педагогі прайшлі падрыхтоўку на адукацыйнай платформе ПВТ (вывучылі тэарэтычную частку зместу праграмы з пункту гледжання інфарматыкі), азнаёміліся з метадычнымі рэкамендацыямі па правядзенні гульняў па кожнай тэме праграмы, а пасля прыступілі да падбору дыдактычных гульняў і практыкаванняў з прапанаванага зборніка для работы з выхаванцамі. Трэба адзначыць, што ў зборніку кожная гульня мае асобныя рэкамендацыі: як можна гульню спрасціць або ўскладніць, якія могуць узнікнуць цяжкасці ў дзіцяці падчас выканання гульнявых правіл. Усе матэрыялы былі разгледжаны і ўзгоднены Міністэрствам адукацыі.

Удзельнікі праекта даслалі больш за 4 тыс. справаздач па выніках апрабацыі. Абсалютная большасць спецыялістаў сцвярджае, што праграма вельмі эфектыўная, у дзяцей назіраецца станоўчая дынаміка ў развіцці камунікатыўных, сацыяльных, кагнітыўных і маторных навыкаў. Яшчэ большага выніку ў рабоце з выхаванцамі можна дасягнуць, калі да заняткаў далучацца іх бацькі.

Самааддача педагогаў, гатоўнасць дзяліцца вопытам ляглі ў аснову поспеху гэтага праекта. Установы і спецыялісты, якія найбольш актыўна ўдзельнічалі ў праекце і ўнеслі ў яго рэалізацыю значны ўклад, былі адзначаны падзякай ад ПВТ. У 2024/2025 навучальным годзе ПВТ аказаў спонсарскую дапамогу ў памеры больш за 40 тыс. рублёў установам адукацыі, якія ажыццяўляюць навучанне дзяцей з РАС у Бабруйску, Барысаве, Гомелі, Кобрыне, Мінску і Полацку.

На праграму дадатковай адукацыі «Інфарматыка без разеткі — для кожнага дзіцяці» было атрымана станоўчае экспертнае заключэнне ад прафесара кафедры псіхіятрыі, наркалогіі, псіхатэрапіі і медыцынскай псіхалогіі з курсам павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДМУ, доктара медыцынскіх навук, дацэнта Таццяны Емяльянцавай:

— БДМУ сумесна з ПВТ распрацаваны дыягнастычны інструментарый ацэнкі эфектыўнасці праграмы для развіцця дзяцей. Атрымаўся дапаможнік па ацэнцы ступені развіцця агульных і спецыфічных ментальных функцый, базісных вучэбных навыкаў у дзяцей з аўтызмам ва ўзросце 6—7 гадоў.

Сярод найбліжэйшых задач — маштабаванне праекта ва ўсіх рэгіёнах Беларусі, стварэнне курса падрыхтоўкі цьютараў і арганізацыя суполкі педагогаў, якія задзейнічаны ў ім.

Падчас круглага стала ўдзельнікі падзяліліся вопытам рэалізацыі праекта з калегамі, якія плануюць далучыцца да праграмы ў наступным навучальным годзе.

— Па праекце «Інфарматыка без разеткі — для кожнага дзіцяці» мы працуем першы год. У ім задзейнічаны два выхаванцы з РАС і два педагогі — выхавальнік і настаўнік-дэфектолаг, — паведаміла загадчыца дзіцячага сада № 542 Мінска Алена Цыкунова. — Дзеці з РАС звычайна не прымаюць удзел у сюжэтна-ролевых гульнях. Унікальным дасягненнем для нашага выхаванца было жаданне далучыцца да гульні пад назвай «Паштальён». Пры выкананні задання малы праяўляў уважлівасць, а ўвечары, калі мама прыйшла яго забіраць, паказаў ёй сваю паштоўку, спрабаваў расказаць, што быў паштальёнам. Дома хлопчык працягнуў маляваць паштоўкі і раздаваў іх усім членам сям’і. Унікальным з’яўляецца і жаданне дзіцяці прыняць удзел у тэатральнай пастаноўцы казкі «Калабок». Малы выканаў ролю мядзведзя, перадаў характэрную хаду звера, стараўся рыкаць.

Другому выхаванцу спадабаліся гульні з праходжаннем і складаннем лабірынтаў. Пасля заняткаў выхавальнік па суправаджэнні назірала, як дзіця выбудоўвае лабірынт з канструктара, а затым праязджае па ім машынкамі. Яркім было і тое, што малы на занятках па развіцці маўлення пры апісанні зялёнай канапы сказаў, як і было патрэбна, што канапа «не сіняга колеру». Педагогі, якія працавалі па новай праграме, адзначылі, што дзеці не баяцца ўдзельнічаць у новых для іх відах дзейнасці, кантактуюць з дарослымі. І што ў іх сфарміраваліся ўменні прытрымлівацца інструкцыі пры выкананні задання. Бацькі гаварылі, што іх дзеці з задавальненнем ідуць на заняткі.

— Вучэбны матэрыял мы адаптавалі пад канкрэтных дзяцей. Двое малых, якія ўдзельнічалі ў апрабацыі гульняў, не размаўляюць, але чуюць і разумеюць, калі да іх звярнуцца, — падзялілася загадчык дзіцячага сада № 22 Рэчыцы Таццяна Стасевіч. — Для іх мы выкарыстоўвалі візуальныя падказкі. Яшчэ адно дзіця паўтарае словы і называе прадметы. Іх бацькі таксама з вялікім задавальненнем далучыліся да праекта. Правядзенне заняткаў нам палегчылі маленькія хітрасці. Пры неабходнасці мы задавалі малым навадныя пытанні і нагадвалі правілы гульні або спрашчалі іх, замянялі прадметы, прапанаваныя ў зборніку дыдактычных гульняў, на любімыя прадметы дзяцей.

Хацелася б расказаць аб нечаканым прагрэсе ў выхаванца пасля апрабацыі гульні «Шлях», дзе неабходна было прайсці зададзены маршрут, выконваючы дзеянні, намаляваныя на картках. Малы з натхненнем паглыбіўся ў гульню. Адчуўшы ўпэўненасць, пачаў азірацца на іншых дзяцей. Падышоў да равесніка і перадаў яму картку. Той з цікавасцю далучыўся да гульні, а затым і яшчэ адно дзіця ўключылася. Так выхаванец, які быў замкнёны, пазбягаў калектыўных гульняў, змог натхніць іншых на ўдзел у іх. І дома ўцягнуў у гульню сваіх родных. Яшчэ адзін наш выхаванец пасля апрабацыі гульні «Выканай танец» пачаў з задавальненнем наведваць музычна-рытмічныя заняткі, якія раней выклікалі ў яго непажаданыя паводзіны, што заняткі даводзілася перапыняць. Зараз гульня настолькі яму спадабалася, што просіць паўтарыць яе шмат разоў.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара і прадастаўлены ПВТ