У рэжыме інавацыі

- 10:24Адукацыйная прастора

З бягучага навучальнага года ў Маларыцкай раённай гімназіі рэалізоўваецца інавацыйны праект “Укараненне мадэлі творчай самарэалізацыі асобы ў адукацыйнай прасторы вольнага часу event-менеджменту мастацка-эстэтычнай накіраванасці ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі”. Інавацыйнай пляцоўкай гімназія будзе на працягу 3 гадоў. У праекце задзейнічаны 76 вучняў і 10 педагогаў.

— Еvent-менеджмент — гэта комплекс мерапрыемстваў па стварэнні масавых свят як вялікай падзеі ва ўстанове адукацыі, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі Наталля Асіпук. — Задача падзейнага менеджменту заключаецца ў тым, каб зрабіць з мерапрыемства падзею, якая вылучаецца выключнасцю, арыгінальнасцю, значнасцю і цікавасцю.

Пры рэалізацыі інавацыйнага праекта асноўная ўвага скіроўваецца на арганізацыю вольнага часу дзяцей, іх полікультурнае выхаванне, вывучэнне культуры роднага краю, папулярызацыю здаровага ладу жыцця. У полі зроку педагогаў-інаватараў — мастацкае чытанне твораў, віртуальная творчасць вучняў, адукацыйны турызм і дзейнасць гімназічнага агіттэатра.

Прагназуецца, што стварэнне прасторы вольнага часу event-менеджменту мастацка-эстэтычнай накіраванасці павысіць якасць адукацыйнага і выхаваўчага працэсу, сарыентаваўшы яго на творчую самарэалізацыю вучняў.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.