Больш за 40 гадоў у сярэдняй школе № 4 Мінска існуе ўласнае тэлебачанне. Дзеці ствараюць навіны, рэпартажы, вядуць хроніку ўсіх школьных мерапрыемстваў. У школе мяне сустракаюць дзве маладыя вядучыя — Дар’я Грыневіч і Марыяна Лефтэр. Адразу адчуваецца іх захапленне блакітным экранам: пра сваё хобі яны расказваюць з вялікім энтузіязмам, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
— Я вучуся ў 11 класе, — гаворыць Даша. — Работы шмат, але заўсёды знаходжу час на любімую справу. Вяду школьныя перадачы ўжо другі год. Аднойчы я проста падышла да нашага педагогаарганізатара і сказала: “Хачу быць дыктарам школьных навін”, і мне далі зялёнае святло. Дапамагло тое, што раней я займалася ў тэатральным гуртку і ў мяне была добрая дыкцыя. Выступаю і вядучай на розных школьных мерапрыемствах, пішу вершы і сцэнарыі. Нядаўна, напрыклад, рэжысіравала наш школьны літаратурны вечар. І ў кадры адчуваю сябе ў сваёй стыхіі.
З будучай прафесіяй дзяўчаты яшчэ не вызначыліся. Аднак яны ўпэўнены, што навык работы на камеру дапаможа ім у будучыні, у зносінах з людзьмі.
— Я адразу бачу дзяцей, якім цікава журналістыка, заўважаю, як у іх гараць вочы, — адзначае педагог-арганізатар школы Марыя Кісялеўская. — У мяне ёсць вопыт работы на тэлеканалах, якім я і дзялюся з дзяўчынкамі. Але яны і самі малайцы, усё ловяць на ляту.
Дзевяцікласніца Марыяна з мікрафонам на “ты” ўжо тры гады і прызнаецца, што камеры зусім не баіцца, галоўная праблема — знайсці вольны час на любімую справу:
— Я люблю выступаць на публіцы, прымаць удзел у розных конкурсах. У мінулым годзе заняла 1-е месца на раённым этапе конкурсу юных карэспандэнтаў — журы высока ацаніла маё эсэ на тэму “Мінск да і пасля Вялікай Айчыннай вайны”. Для школьнага тэлебачання да розных свят мы здымаем відэа і аб’ядноўваем іх у невялікія сюжэты па 15 мінут. Робім ролікі на розныя конкурсы — “Энергамарафон”, “Выконваем законы дарог”, а таксама патрыятычныя ролікі. Адпачываць няма калі!
Чытайце матэрыял Лізаветы МІЦКЕВІЧ у нумары ад 3 сакавіка 2023 года.