У самым цэнтры

- 11:55Родная земля, Рознае

Быць у цэнтры ўвагі, жыць у цэнтры горада, займаць цэнтральнае месца, чытаць цэнтральныя навіны, глядзець цэнтральны тэлеканал… Няцяжка здагадацца, што слова “цэнтр” — сінонім якасці, важнасці, актуальнасці. Гэта тычыцца і геаграфічнага цэнтра Беларусі — Пухавіцкага раёна. Мясцовыя школы — цэнтры якаснага навучання і выхавання, вёскі — цэнтры захавання спрадвечных народных традыцый і звычаяў, лясы — цэнтры грыбнога і ягаднага, а рэкі і азёры — рыбнага багацця. Нават тыповы беларускі краявід у самым цэнтры краіны выглядае па-асабліваму чароўна і ўрачыста.

Дэтэктыўная гісторыя

Слова “цэнтр” — сінонім не толькі якасці, важнасці, актуальнасці, але і таямнічасці. І самую першую таямніцу пухавіцкай зямлі, упэўнены, спрабаваў раскрыць кожны журналіст, які прыязджаў сюды ў камандзіроўку. Яшчэ б! У камандзіровачным лісце пазначана “Пухавіцкі раён”, а пячатку ставім у Мар’інай Горцы. Прыязджаем цягніком у Мар’іну Горку, а выходзім на чыгуначнай станцыі Пухавічы, хоць да населенага пункта з такой назвай некалькі кіламетраў. Містыка? Чыясьці памылка? І ні містыка, і ні памылка, а сапраўдная дэтэктыўная гісторыя. 1870-я гады. Ідзе будаўніцтва Лібава-Роменскай чыгункі. Усе, і ў першую чаргу памешчыкі, разумеюць, што ў тых населеных пунктах, праз якія пройдзе чыгунка, пачнецца актыўнае развіццё гандлю, прамысловасці, рамяства.

Разумеў гэта і будучы міністр унутраных спраў Леў Савіч Макаў, якому ўдалося пераканаць інжынераў-праекціроўшчыкаў змяніць першапачатковы маршрут і пракласці чыгунку не праз Пухавічы, а праз Мар’іну Горку, дзе знаходзіўся яго маёнтак. Пераканаў, відаць, не зусім законным чынам, бо, каб камісія, якая праязджала па толькі што пракладзеным палатне, не заўважыла змен, на чыгуначнай станцыі ў Мар’інай Горцы была вывешана шыльда “Пухавічы”. Але гэта ўсяго толькі аматарская версія. Гісторыкі называюць іншую прычыну блытаніны з шыльдамі: грузы, што перавозіліся па чыгунцы, адпраўляліся ў валасны цэнтр Пухавічы, таму і чыгуначную станцыю ў Мар’інай Горцы назвалі Пухавічы.

Пухаўчане

І ўсё ж чаму райцэнтр Мар’іна Горка, а раён Пухавіцкі? Мар’інагорскі раён таксама гучыць нядрэнна. Для раскрыцця гэтай таямніцы адправімся ў гісторыка-краязнаўчы музей Пухавіцкай сярэдняй школы. Па словах кіраўніка музея Вадзіма Анатольевіча Кушнярова, Пухавічы хоць і далі назву раёну, аднак райцэнтрам былі ўсяго адзін год: з ліпеня 1924 па ліпень 1925 года. Адміністрацыйны цэнтр быў перанесены ў Мар’іну Горку пасля таго, як у Пухавічах адбыўся вялікі пажар. З таго часу на працягу амаль стагоддзя жыхары Пухавіч па-ранейшаму лічаць сябе жыхарамі райцэнтра, няхай і неафіцыйнага. І права ў іх на гэта ёсць: раён усё ж Пухавіцкі, а не Мар’інагорскі. “Я — з Пухавіч”, — з вуснаў ураджэнцаў старадаўняга мястэчка гэтыя словы заўсёды гучаць ганарова, узвышана. Ганарова і ўзвышана расказваў пра гісторыю роднай школы і юны экскурсавод вучань 9 класа Дзмітрый Радзюк:

— 16 лістапада 1863 года ў Пухавічах было адкрыта пачатковае народнае вучылішча. Праз год на сродкі мясцовых жыхароў быў узведзены цагляны будынак, куды мясцовыя хлопчыкі спяшаліся атрымліваць веды. Архіўныя звесткі сведчаць, што іх было 27, а першым настаўнікам быў Грынько, выпускнік Нясвіжскай семінарыі. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі школе быў перададзены трохпавярховы драўляны будынак. У гады Вялікай Айчыннай вайны многія настаўнікі і вучні змагаліся на фронце. Таксама ў нашай школе навучаліся будучыя Героі Савецкага Саюза Мікалай Канстанцінавіч Шут і Васіль Іванавіч Тарлоўскі. У савецкі час вучылішча было ператворана ў сямігодку, а ў 1939 годзе адбыўся першы выпуск сярэдняй школы. У 1944 годзе школа аднавіла асветніцкую дзейнасць. Шмат работы для аднаўлення яе матэрыяльнай базы зрабілі дырэктары. Наша школа ганарыцца сваімі выпускнікамі. Напрыклад, генерал-лейтэнантам Яўгенам Васільевічам Мікульчыкам, доктарам медыцынскіх навук вучоным у галіне нейрахірургіі Арнольдам Фёдаравічам Смеяновічам, галоўным рэдактарам Выдавецкага дома “Звязда” Алесем Мікалаевічам Карлюкевічам.

Мар’інагорцы

“Я — з Мар’інай Горкі”, — з вуснаў ураджэнцаў райцэнтра гэтыя словы гучаць не менш узвышана і ўрачыста, чым з вуснаў жыхароў старадаўніх Пухавіч. І расказваюць мар’інагорскія педагогі пра родны горад і родную школу з не меншай любоўю. А калі гэты аповед дапаўняецца матэрыяламі музея адкрытага тыпу, то аповед атрымліваецца асабліва цікавым. Менавіта такі незвычайны музей дзейнічае ў сярэдняй школе № 2 Мар’інай Горкі. Адметнасць яго ў тым, што экспазіцыя размешчана не ў асобным кабінеце або памяшканні, а ў школьным калідоры, што станоўча ўплывае на колькасць наведвальнікаў. Кожны перапынак дзясяткі вучняў самага рознага ўзросту знаёмяцца з піянерскай атрыбутыкай і школьнымі прыладамі мінулых эпох, вучнёўскім партфелем, штодзённай і святочнай школьнай формай і абавязкова лістом ад Юрыя Аляксеевіча Гагарына з яго аўтографам, які лётчык-касманаўт накіраваў школе ў якасці падзякі за жаданне назваць піянерскую дружыну яго імем. Несумненна, музей адкрытага тыпу — новае і галоўнае эфектыўнае паняцце ў музейнай педагогіцы.

Музей гісторыі школы быў урачыста адкрыты 31 кастрычніка мінулага года ў гонар 100-годдзя школы. Сабраныя матэрыялы раскрываюць асноўныя этапы гісторыі ўстановы адукацыі, расказваюць пра яе настаўнікаў і выпускнікоў. 140 каштоўных прадметаў захоўваюцца ў такіх раздзелах экспазіцыі, як “Школа — цэнтр ідэйна-палітычнага і маральнага выхавання”, “Школа — цэнтр працоўнага выхавання”, “Школа — цэнтр інтэлектуальнага і творчага развіцця”, “Знакамітыя выпускнікі”, “Дасягненні нашых выпускнікоў”, “Нашы дасягненні”, “Куток школьнай сімволікі” і “Залаты фонд школы”, “З гісторыі школьных прылад”.

— У 1915 годзе па шматлікіх просьбах чыгуначнікаў у Мар’інай Горцы была адкрыта пачатковая школа. У 1921 годзе школа была перайменавана ў чыгуначную ІІ ступені (сямігадовую) з беларускай мовай навучання. У 1933 годзе школа пачала працаваць у новым будынку, узведзеным на месцы сучаснага. У 1934 годзе адбыўся першы выпуск сямікласнікаў, а ў 1937 — дзесяцікласнікаў. У гады Вялікай Айчыннай вайны школьны будынак згарэў. Пасля вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1944 годзе школа адкрылася ў прыстасаваным будынку і знаходзілася паблізу цяперашняга будынка Палаца культуры. Школьнікі тых гадоў акрамя вучобы актыўна аказвалі дапамогу калгасам, збіралі ўгнаенні, яйкі вадаплаўных птушак (была ўстаноўлена норма на кожнага вучня — 3 яйкі), распаўсюджвалі літаратуру сярод насельніцтва, — паведаміла дырэктар сярэдняй школы № 2 Мар’інай Горкі Дзіна Мікалаеўна Паўлава.

Дзейнасць установы адукацыі ў пасляваенны перыяд і да нашага часу можна коратка ахарактарызаваць адным словам — дасягненні. І дасягненні гэтыя былі б немагчымы без актыўнай працы дырэктараў. У 1959 годзе, калі школа перайшла ў новы трохпавярховы будынак, кіраўніком установы была прызначана Вера Рыгораўна Іванова. Школа хутка стала адной з лепшых у раёне. Ідэалагічнае, ваенна-патрыятычнае, маральнае выхаванне падрастаючага пакалення было пастаўлена на высокім узроўні. Нядзіўна, што ў 1962 і ў 1966 гадах школа стала ўдзельніцай ВДНГ СССР, а дырэктар была ўзнагароджана ордэнам Леніна, ёй прысвоілі званне “Заслужаны настаўнік школ БССР”. У школе актыўна працуе музей Вялікай Айчыннай вайны, прызнаны ў 1967 годзе лепшым у рэспубліцы сярод школьных музеяў.

З 1974 па 1994 год дырэктарам школы працаваў Сяргей Мікалаевіч Сяргееў. Выдатнік народнай адукацыі БССР і СССР з уласцівай яму энергіяй і энтузіязмам узяўся за справу. Дзякуючы яго намаганням, у 1983 годзе быў узведзены новы вучэбны корпус з актавай і спартыўнай заламі, сталовай, стралковым цірам, швейнай майстэрняй, аформлены і абсталяваны вучэбныя кабінеты. За добрую працу па навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення настаўнікі школы Аляксей Якаўлевіч Хільковіч і Анатоль Ільіч Новік у жніўні 1982 года былi накіраваны на ВДНГ СССР у Маскву.

— У 1985 годзе Рэспубліканскім навукова-метадычным кабінетам быў абагульнены вопыт работы мар’інагорскай установы адукацыі па працоўным выхаваннi, школа зноў стала ўдзельніцай ВДНГ СССР. З больш чым 100 школ з усіх рэспублік Саюза наша школа была ўзнагароджана дыпломам ІІІ ступені. У школу за перадавым вопытам пачалі часта прыязджаць дэлегацыі з Кубы, Венгрыі, ГДР. Традыцыі працягваюцца. І цяпер кожны год наша школа становіцца прызёрам і пераможцай шматлікіх конкурсаў абласнога, рэспубліканскага, міжнароднага ўзроўню, — падзялілася Дзіна Мікалаеўна.

Decoro Дукору

Пакуль пухаўчане і мар’інагорцы вызначаюць, які населены пункт мае большае права на званне райцэнтра, жыхары Дукоры ўпэўнены, што больш маляўнічага, больш чароўнага месца ў Пухавіцкім раёне не знайсці. І няхай Дукора ніколі не была райцэнтрам, затое багаццем свайго мінулага яна дакладна не саступае, а то і пераўзыходзіць і Пухавічы, і Мар’іну Горку. Асабліва ваколіцы Дукоры вылучаюцца сваёй маляўнічасцю. Нездарма самая распаўсюджаная версія паходжання назвы населенага пункта сведчыць пра тое, што слова “дукора” ўтварылася ад лацінскага decoro, што значыць “упрыгожваю”. Дукорскія настаўнікі і вучні на практыцы пацвярджаюць гэтую версію: упрыгожваюць сваё жыццё ўсмешкамі, тэрыторыю школы — кветкамі, а экспазіцыю школьнага музейнага пакоя — цікавымі экспанатамі. А як яны прыгожа расказваюць пра Дукору! Не аповед, а песня. Вось паслухайце:

“Праз лясы i маляўнічыя ўзгоркі ціха нясе свае воды ў Бярэзіну рака Свіслач. Па яе цячэнні на скрыжаванні аўтамабільных дарог Мінск — Бабруйск і Рудзенск — Свіслач шырока i прывольна раскінулася ў акружэнні палёў, лугоў i лясоў старадаўняя Дукора, вядомая па гістарычных дакументах з канца XV стагоддзя. Існуе думка, што назва Дукора ўтворана ад прозвішча Дукора. У балтыйскіх народаў слова “дукра” значыць “дачка”. Мясцовы настаўнік-краязнавец і драматург Васіль Гарбацэвіч лічыў, што назва паходзіць ад лацінскага decoro”.

Прыгажосць ля школы, прыгажосць у школе, але самы галоўны дукорскі дэкор — гэта рэшткі палацава-паркавага комплексу, якія знаходзяцца каля будынка школы і дзе цяпер знаходзіцца сядзібна-паркавы турыстычны комплекс “Дукорскі маёнтак”. Настаўнікі і вучні цесна супрацоўнічаюць з комплексам, дапамагаюць яго работнікам наводзіць чысціню ў парку. У знак падзякі адміністрацыя бясплатна катае дукорскіх вучняў і настаўнікаў у брычцы, праводзіць экскурсіі, у любы час вучні мясцовай школы могуць пакарыць вяровачны гарадок, прымаюць удзел у традыцыйным фестывалі выпускнікоў. Акрамя таго, праца на тэрыторыі маёнтка ў летні перыяд — выдатная магчымасць для старшакласнікаў зарабіць грошы.

Пазнай Радзіму — зарабі грошы

З Дукорскім маёнткам актыўна супрацоўнічае і Цэнтр турызму дзяцей і моладзі Пухавіцкага раёна. Па словах яго дырэктара Сяргея Анатольевіча Махнача, такое супрацоўніцтва наладжана невыпадкова, паколькі ў краіне актыўна развіваецца турыстычны аграсектар. Супрацоўнікамі цэнтра створаны каталог аграсядзіб, якія ўвайшлі ў турыстычныя маршруты па малой радзіме. Гэта не толькі Дукорскі маёнтак, але і знакамітыя Дудуткі. Распрацавана вялікая колькасць маршрутаў веласіпедных і пешых паходаў. Нездарма на рэспубліканскім конкурсе турыстычных паходаў “Пазнай Радзіму — выхавай сябе” ў мінулым годзе навучэнцы і педагогі цэнтра занялі 2 першыя месцы. Актыўна распрацоўваюцца маршруты і па краіне, у тым ліку вытворчыя маршруты. Актыўная экскурсійная дзейнасць прыносіць выдатныя вынікі. Так, за мінулы год сукупны грашовы абарот ад аказання платных экскурсійных паслуг цэнтрам дасягнуў 1 млрд 800 млн недэнамінаваных рублёў.

Каплун на стале

Вернемся ў Дукору. Як паведаміла дырэктар Дукорскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Святлана Міхайлаўна Гацман, з канца XVIII стагоддзя маёнткам пачынаюць валодаць Ашторпы. У часы іх гаспадарання ў канцы XVIII — пачатку XIX стагоддзя сядзібны комплекс у стылі класіцызму ўключаў прыгожы двухпавярховы мураваны палац, уязную браму, пейзажны парк з сажалкай. Дзякуючы акварэлі Напалеона Орды 1876 года захаваўся ранейшы выгляд комплексу. Палац стаяў сярод старога парку, які разам з садам і гаспадарчымі будынкамі займаў плошчу каля 40 га. Парк перасякала шырокая дарога, якая выходзіла да Ігумена і Смілавіч. З боку Смілавіч узведзена арачная мураваная ўязная брама, завершаная высокай чатырохграннай вежай са шпілем, на якім размяшчалася гербавая харугва. Па абодва бакі дарогі стаялі гаспадарчыя будынкі: стайні, кухня, карэтная, флігель.

— Лявон Ашторп, пры якім маёнтак дасягнуў асаблівага росквіту, быў цікавы чалавек, хлебасол, вялікі гастраном. У Дукоры ў яго быў тэатр, карцінная галерэя, тут госці балявалі тыдні напралёт. Уявім, што дзверы ашторпаўскага палаца адчыніліся для нас. Праходзім па пярэдняй. Насустрач — сам гаспадар, з паклонамі ён бярэ пад руку і праводзіць да стала. Спачатку — закускі за фуршэтным сталом. Паласаваўшыся закускамі, мужчыны падстаўляюць локці дамам, і паважная працэсія пад гукі паланэза рухаецца да вялікага абедзеннага стала. Прасядзець за ім давядзецца ніяк не менш як гадзіны чатыры. Інакш не справіцца з багаццем страў і закусак. Адам Мальдзіс, зазіраючы ў часы, блізкія гаспадаранню Ашторпаў у Дукоры, расказвае аб застоллі так: “У торт саджалі жывых птушак, якія ўзляталі падчас “вівата”. На стол падавалі цэлых дзікоў, напоўненых знутры каўбасамі, індычкамі, курапаткамі, або доўгіх шчупакоў, затушаных у галаве, звараных усярэдзіне і падсмажаных у хвасце”. Традыцыйнай сенсацыяй застолля быў цэлы каплун (певень, якога адмыслова гадавалі на мяса, напаўнялі праз палівачку малаком і яечнымі жаўткамі, а потым усё разам варылі ў кіпені). Рыбу фаршыравалі свінінай, свінняў — індычынай, індычак — рыбай. Птушкам… перакрыўлялі… ногі, крылы, галовы, рабілі постаці, на стварэнні Божыя не падобныя, і такія пачастункі лічыліся самымі моднымі і смачнымі…”, — прыгожа, па-дукораўску паведаміла кіраўнік музейнага пакоя настаўніца беларускай мовы і літаратуры Наталля Канстанцінаўна Крукоўская.

Жывых птушак, што вылятаюць з торта, вам, канечне, не абяцаюць, аднак розныя іншыя прысмакі, якімі некалі частавалі сваіх гасцей Ашторпы, вы можаце пакаштаваць. Для гэтага варта наведацца ў Дукорскі маёнтак. А вось калі вы захочаце даведацца пра багатую гісторыю Дукоры, пра лёс знакамітых выпускнікоў школы, вам варта завітаць у мясцовую школу.

Турыстычны брэнд

Падчас падарожжа па Пухавіцкім раёне абавязкова трэба наведаць геаграфічны цэнтр Беларусі, які знаходзіцца ў ваколіцах вёскі Антанова. Каб не заблудзіць і хутка адшукаць неабходны знак, папярэдне завітайце ў Бор-Слабадскі дзіцячы сад — базавую школу. Менавіта за настаўнікамі і вучнямі гэтай установы адукацыі замацаваны памятны знак. Кожны год яны наводзяць тут чысціню, абкошваюць яго. Як паведаміла дырэктар школы Наталля Уладзіміраўна Валянкова, памятны знак быў устаноўлены ў маі 1996 года пасля правядзення спецыяльнай экспедыцыі. Вызначэнне геаграфічнага цэнтра Беларусі адбывалася з дапамогай высокадакладнай спадарожнікавай сістэмы. Было ўстаноўлена, што геаграфічны цэнтр Беларусі знаходзіцца каля вёскі Антанова Навасёлкаўскага сельсавета Пухавіцкага раёна.

Якую практычную карысць для Пухавіцкага раёна можа прынесці вызначэнне геаграфічнага цэнтра краіны? У першую чаргу турыстычна-фінансавую. Геаграфічны цэнтр можа стаць адным з брэндаў не толькі раёна, але і краіны. Брэсцкая крэпасць, Белавежская пушча, Мір, Нясвіж, сталічны праспект Незалежнасці, з якімі мы знаёмім нашых замежных гасцей, варта дапоўніць і ваколіцамі Мар’інай Горкі, тым больш знаходзіцца яна адносна недалёка ад сталіцы. Каб турысты сюды паехалі, для пачатку трэба вырашыць пэўныя пытанні з інфраструктурай. Калі беларускі журналіст яшчэ пагодзіцца дзеля аднаго кадра прайсці тры кіламетры па пераараным восеньскім полі, то замежныя госці наўрад ці. Патрэбна хаця б нешырокая, але ўтаптаная сцяжынка і ўказальнік, які б дазволіў не заблудзіць сярод бяскрайняга поля і аператыўна заўважыць знак.

Сімвал якасці

Жыць у цэнтры краіны — значыць быць у цэнтры ўвагі, а быць у цэнтры ўвагі — заўсёды адказна, бо кожны твой крок, кожны ўчынак не застаецца незаўважаным. Калі ствараць школьны музей — дык адметны, адзін з лепшых у краіне. Калі займацца краязнаўствам — дык грунтоўна, да драбніц вывучаць родны край. Калі выхоўваць маладое пакаленне — дык шчырымі патрыётамі. Гэта і робяць педагогі Пухавіцкага краю. А можа, усё ж такі Мар’інагорскага?

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.