Свірскія далягляды. Мядзельшчына славіцца не толькі возерам Нарач

- 14:12Родная земля

Мядзельскі раён — гэта не толькі маляўнічая Нарач. Разам з педагогамі пройдземся заснежанымі берагамі возера Свір, палюбуемся вежамі старадаўніх храмаў, а яшчэ завітаем у госці да крывічан — нашчадкаў славутых крывічоў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Выдатны адпачынак

Камандзіроўка на Мядзельшчыну — заўсёды адпачынак. І не важна, з якім рэдакцыйным заданнем і ў якую пару года адпраўляешся ў гэты край. У цябе абавязкова будзе магчымасць надыхацца чысцюткім паветрам, налюбавацца чароўнай прыродай і абавязкова сустрэцца з цікавымі педагогамі…

Нядаўняя зімовая камандзі­роўка стала своеасаблівым працягам майго летняга велападарожжа. Тады пасля шматгадзіннай дарогі пад спякотным сонцам я з вялікім задавальненнем адпачываў у цені разгалістай бярозы на беразе возера Свір, слухаў пошум лістоты і шапаценне хваль, затым узняўся на высокае гара­дзішча і адтуль амаль гадзіну любаваўся прыгожай панарамай гарадскога пасёлка Свір.

Уражанняў было мноства. Не хапала толькі аднаго — захапляльнага аповеду мясцовых педагогаў. Зімовае падарожжа гэты недахоп выправіла.

15 цудаў

Калі настаўніца гісторыі Свірскай сярэдняй школы Святлана Юр’еўна Драгун пачала знаёміць з праектам “15 цудаў Свіры”, у мяне адразу ж узнікла пытанне: “Чаму 15? Звычайна ж вызнача­юць 7 цудаў?” Адказ быў наступным: “З калегай Аленай Анатольеўнай Мілаш мы маглі б спыніцца і на лічбе 7, але адметнасцей так многа, што нават у лічбу 15 яны ледзь умясціліся”.

Педагогі паспрабавалі са­браць у праекце цуды, якія зацікавяць у першую чаргу школьнікаў. Яшчэ адным крытэрыем выбару была малавядомасць. Сапраўды, што гэта за цуд, калі пра яго можна лёгка знайсці звесткі ў інтэрнэце? І ўзначальвае топ-15… Не, не возера Свір і нават не старажытнае гарадзішча, з якога адкрываецца выдатная панарама. Першымі ў спісе стаяць кліматычныя ўмовы. “Хіба ж гэта цуд?” — адразу мільг­нула думка. Аказалася, што цуд, ды яшчэ які!

— Улетку нашы землякі часта гавораць такую фразу: “Зноў Свір дождж абмінуў!” Усё тлумачыцца геаграфічным становішчам. Справа ў тым, што Свір знаходзіцца на Свянцянскай градзе, якая была сфарміравана ў выніку адыходу апошняга ледавіка. Шчыльнасць грады настолькі высокая, што паверхня зямлі ў нашым рэгіёне дастаткова хутка награваецца і вельмі павольна астывае. Награванне зямлі выклікае ўтварэнне цёп­лых узыходзячых патокаў павет­ра, якія, падымаючыся, літаральна разганяюць дажджавыя хмары. Таму дождж над Свір’ю ідзе толькі тады, калі паверхня грады дастаткова астыне. Градкі даво­дзіцца палі­ваць часцей, затое загараць можна амаль усё лета, — з усмешкай адзначыла Святлана Юр’еўна.

На другім радку размясцілася само возера Свір. Унікаль­насць яго не толькі ў маляўнічасці, памеры (яно адно з самых доўгіх у Беларусі і распасціраецца на 15 км) або ў рыбным багацці (сярод вялікай колькасці розных відаў рыб, што водзяцца ў возеры, асаб­ліва каштоўны вугар). Унікальным з’яўляецца і хімічны састаў вады.

— За кошт сапрапелевых адкладаў шчыльнасць вады дастаткова высокая. Усё гэта стварае выдатныя ўмовы для трэніроўкі спартсменаў-байдарачнікаў. Даўжыня возера дазваляе ім добра разагнацца і набраць высокую хуткасць, а шчыльнасць вады спрыяе актыўнай рабоце мышцаў, — адзначыла настаўніца.

Ёсць у свірскім топе-15 і архі­тэктурныя аб’екты. Самы галоўны — касцёл Святога Мікалая. Узведзены першапачаткова ў XV стагоддзі як драўляны, у XVII—XX стагоддзях ён шмат разоў перабудоўваўся. Сёння гэты мура­ваны будынак з’яўляецца прык­ладам эклектыкі ў архітэктуры. Здзіўляешся не толькі арыгінальнаму экстэр’еру, але і таму, наколькі ўдала фундатары выбралі месца для храма. З любога пункта Свіры і наваколля бачна велічная вежа. А калі забрацца на свірскую горку, то тут адкрываецца самы маляўнічы від на пасёлак. Сярод заснежаных дахаў шэрай змейкай (або лепш сказаць вугром) пад табой віецца цэнтральная вуліца. У самым яе канцы і ўзвышаецца храм.

Аповед пра горку, дарэчы, таксама ўваходзіць у праект “15 цудаў Свіры”. Пра яе ўтварэнне існуе мноства легенд. Напрыклад такая: земляное ўзвышэнне насыпалі шапкамі салдаты войска Стэфана Баторыя. Легенда цікавая, але не праўдападобная. Утварылася земляное ўзвышэнне ў выніку адыходу ледавіка. На высокім месцы людзі пасяліліся ў жалезным веку. У ХІІІ стагоддзі князь Даўмонт нават пабудаваў тут драўляны замак. У гады Вялікай Айчыннай вайны ля падножжа гарадзішча ў брацкай магіле былі пахаваны воіны Чырвонай Арміі, якія вызвалялі Свір ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У 1954 годзе на магіле паставілі абеліск. З таго часу гэтае месца даглядаюць настаўнікі і вучні Свірскай сярэдняй школы. Па словах намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Алены Рыгораўны Рыбалт, традыцыйна ў маі каля абеліска праводзяцца вахты Памяці, а 22 чэрвеня выхаванцы прышкольнага лагера прыходзяць сюды на ўрокі Памяці.

Са свірскай горкі бачны яшчэ некалькі мясцовых цудаў. Гэта, у прыватнасці, будынкі былога яўрэйскага квартала. Сярод іх вы­лучаецца колішняя двухпавярховая карчма. Галоўная адметнасць будынка — старыя драўляныя дзверы, зробленыя мясцовым майстрам у пачатку мінулага стагоддзя. Масіўныя, разныя. Такія, напэўна, не сустрэнеш больш ні­дзе ў Беларусі. Іх бы рэстаўрыраваць, надаць новае жыццё…

Усяго толькі шэсць цудаў (дзверы можна лічыць сёмым цудам), а колькі цікавай і карыснай інфармацыі мы ўжо даведаліся! А ёсць у Свіры яшчэ і стараабрадніцкі храм, яўрэйскія і стараабрадніцкія могілкі з унікальнымі надмагільнымі плітамі, былы будынак школы… Калі б складаўся поўны спіс цудаў Свірскага краю, то, думаю, у школьным праекце фігуравала б лічба і 30, і нават 50.

Жывое слова экскурсавода

Звесткі пра самыя значныя архітэктурныя і прыродныя аб’екты Свіры можна пачуць ад мясцовых настаўнікаў і вучняў не толькі падчас асабістай сустрэчы, але і ў анлайн-фармаце.

— Разам са Святланай Юр’еўнай і маёй мамай Аленай Анатольеўнай, якая працуе педагогам-арганізатарам, мы ўдзельнічаем у розных праектах. Яркім прык­ладам з’яўляецца праект “Духоўная спадчына зямлі нарачанскай”, які мы размясцілі на платформе izi.TRAVEL, — дзеліцца вучаніца 8 класа Арына Мілаш. — Нягле­дзячы на тое, што Свір — невялікі пасёлак, нам ёсць чым пахваліцца. Першы адметны помнік — гэта стараабрадніцкі храм, які стаіць на самым беразе возера. Пабудаваны ён хутчэй за ўсё ў ХІХ стагоддзі. Чаму “хутчэй за ўсё”? Дакладная дата яго ўзвядзення, на жаль, невядомая. Храм хоць і дзейнічае, але набажэнствы праводзяцца толькі па вялікіх святах і тра­піць усярэдзіну праблематычна. А калісьці стараабрадніцкая абшчына Свіры была вялікай і храм адчыняўся кожныя выхадныя. Ёсць у Свіры і праваслаўная царква Святых Кірыла і Мяфодзія. Узве­дзена яна нядаўна, і для праваслаўных вернікаў яе адкрыццё стала сапраўднай падзеяй. Асобна варта сказаць пра касцёл Святога Мікалая…

Тут мы спынімся. Атрымаць больш падрабязныя звесткі пра касцёл, як і пра іншыя, ужо агучаныя Святланай Юр’еўнай цуды Свіры, вы можаце, спампаваўшы на свой смартфон дадатак izi.TRAVEL. Знайдзіце на карце Свір — і слухайце ў сваё задавальненне. Калі Арына расказвала пра родную Свір, міжволі падумаў: “І чаму не ведаў пра арыгінальны аўдыягід летам? Як цудоўна было б сядзець на зялёнай траве свірскай горкі ў цені дрэў, углядацца ў панараму возера, былога мястэчка і слу­хаць павольны аповед свірскіх края­знаўцаў”.

Анлайн-экскурсія — гэта, канечне, цікава. Але ўсё ж ніякі аўдыягід не заменіць жывога слова экскурсавода.

Гэтую думку дапоўніла метадыст Мядзельскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Ларыса Віктараўна Севярын:

— Мне пашчасціла доўгі час працаваць экскурсаводам. У той час і па 9 км за адну экскурсію магла набегаць з групай па Блакітных азёрах. А вы, калі там былі і ве­даеце мясцовы рэльеф, уяўляеце, наколькі гэта няпроста. Дык вось, ніякі аўдыягід, якім бы цудоўным і папулярным ён ні быў, не зможа стаць паўнавартаснай заменай жывога слова экскурсавода. Харызма, размова твар у твар, адказы на дадатковыя пытанні — усё гэта характэрна толькі для афлайн-экскурсіі. Аднак для агульнага азнаямлення можна праслухаць і анлайн-экскурсію, тым больш што не заўсёды ёсць магчымасць заказаць паслугі экскурсавода, асабліва калі ты знаходзішся ў невялікім населеным пункце.

Мы хоць і бачым азёры кожны дзень, але яны ніколі не перастаюць здзіўляць, у любую пару года ўражваюць. Я сама нарадзілася на Нарачы, маё дарослае жыццё праходзіць у Мядзеле, на беразе возера Мястра. А ёсць у нас і Свір, і Блакітныя азёры з розным колерам вады: ад бірузовай да сіняй і нават карычневай. Усяго 52 возеры ўпрыгожваюць Мядзельскі раён. Дарэчы, наш райцэнтр летам адсвяткуе 700-годдзе. Я люблю свае азёры. Нават калі паедзеш адпачываць на мора, заўсёды цягне на бераг роднай Нарачы з яе пясчаным беражком, меднастволымі соснамі, прэснай вадой.

Выдатным дапаўненнем да знаёмства з 15 цудамі Свіры можа стаць наведванне школьнага гісторыка-краязнаўчага музея “Паходня”. Па словах яго кіраўніка Святланы Юр’еўны Драгун, музей разнастайны па тэматыцы. У некалькіх раздзелах прадстаўлены прадметы ад старажытных часоў да сучаснасці. Прычым у напаўненні экспазіцыі актыўна ўдзельнічаюць вучні, якія займаюцца ў краязнаўчым гуртку “Спадчына”.

— Дзеці з задавальненнем прыносяць сюды розныя рэчы падчас акцыі “Падары музею экспанат”, якую мы праводзім у маі ў Міжнародны дзень музеяў. Асабліва багатай з’яўляецца этнаграфічная калекцыя, шмат прадметаў побыту і працы міжваеннага перыяду, напрыклад, рознага сталярнага начыння. Калі знаёмім гасцей з экспанатамі, то абавязкова прапануем патрымаць і нават адчуць асаблівы водар драўлянай формы для захоўвання масла. Дзецям падабаюцца такія інтэрактыўныя моманты, у тым ліку квест, падчас якога ім даецца заданне знайсці пэўныя прадметы і вызначыць іх прызначэнне, — паведаміла настаўніца.

Будслаўская святыня

Самы вядомы помнік архітэктуры Мядзельскага раёна — будслаўскі касцёл Узнясення Дзевы Марыі.

Узводзіўся ён у перыяд з 1633 па 1643 гады і з’яўляецца выдатным прыкладам позняга барока. У XVIII стагоддзі храм быў перабудаваны з-за высокай колькасці паломнікаў. У такім выглядзе і дайшоў да нашага часу.

Кожны год палюбавацца святыняй прыязджаюць тысячы лю­дзей з розных куточкаў Беларусі і свету. Паломнікаў прыцягвае цудадзейная ікона Божай Маці, а турыстаў, аматараў даўніны і мастац­твазнаўцаў — унікальны экстэр’ер храма, яго ўнутранае ўбранства.

Сярод вялікай колькасці барочных храмаў на Беларусі касцёл у Будславе, безумоўна, займае асаблівае месца. У адрозненне ад той жа Полацкай Сафіі, якая нібыта ляціць над зямлёй, будслаўскі храм, здаецца, цвёрда стаіць на зямлі, пры гэтым вежамі элегантна цягнецца да неба.

Унікальны будынак уваходзіць у дзясяткі турыстычных маршрутаў, у тым ліку і адукацыйных для навучэнцаў Мядзельскага раёна.

Нашчадкі крывічоў

Няцяжка здагадацца, адкуль пайшла назва гарадскога пасёлка Крывічы. Менавіта на гэтых землях калісьці жылі прадстаўнікі знакамітага саюза плямён…

Як выглядалі гэтыя людзі, у што апраналіся, якімі прыладамі карысталіся ў што­дзённым побыце і працы — пра ўсё гэта мы можам даведацца дзякуючы археалагічным раскопкам. А вось тое, якім быў характар тых людзей, падкажуць іх непасрэдныя нашчадкі — крывічане, жыхары сучасных Крывічоў. Асабіста для сябе пасля размовы з крывіцкімі педагогамі адзначыў тры важныя рысы: гасціннасць, неабыякавасць і любоў да роднай зямлі.

— Гісторыя нашага пасёлка — асобная старонка мінулага Бацькаўшчыны. Упершыню ў гістарычных дакументах Крывічы згадваюцца ў 1493 го­дзе. З пакалення ў пакаленне перадаецца легенда пра тое, што калісьці недалёка адсюль на беразе ракі Сэрвач стаяў замак. І жыў у тым замку князь. Была ў яго прыгожая дачка. Пакахала яна простага хлопца з роду Крывічоў. Князь не пярэчыў каханню. Але аднойчы з’явіўся ў нашых мясцінах чужынец. Заехаў ён у замак, убачыў дачку гаспадара і папрасіў аддаць дзяўчыну яму ў жонкі. Князь адмовіў. Тады чужынец вырашыў заваяваць замак і навакольныя землі, а прыгажуню зрабіць сваёй жонкай сілаю. Аднак князёўна з каханым таемным ходам перабраліся на другі бераг Сэрвачы. Замак узялі прыступам, але прыгажуню не знайшлі. Пагнаў чужынец у рабства ўсіх дзяўчат, а старых, мужчын і дзяцей забіў. Але ж род крывіцкі не ўдалося яму знішчыць, бо маладая князёўна і хлопец з роду Крывічоў засталіся жывымі, — паведаміла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Крывіцкай сярэдняй школы Святлана Казіміраўна Язневіч.

Не толькі прыгожыя легенды збіраюць настаўнікі і вучні. Аб’ектамі краязнаўчых даследаванняў становяцца храмы Крывічоў (Свята-Троіцкая царква XIX стагоддзя і Андрэеўскі касцёл XVIII стагоддзя), падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Па кожнай з названых тэм створана некалькі грунтоўных работ. Але хацелася б спыніцца на тэме, можа, не надта папулярнай у краязнаўчым асяроддзі, але ад гэта­га не менш цікавай і важнай — даследаванні малых архітэктур­ных помнікаў, у прыватнасці паклонных крыжоў.

Некалькі гадоў такой справай займаецца настаўніца гісторыі Ала Сігізмундаўна Ермаковіч.

— Крыж суправаджае хрысціян усё жыццё, пачынаючы з хрышчэння. Нацельны но­сяць на шыі, крыж вянчае купал храма, на зямлі ставіцца малельны, паклонны, падзячны крыж — каля храма, дарог, у полі і іншых, самых розных месцах. На тэрыторыі Мядзельскага раёна мы з вучнямі даследавалі 18 паклонных крыжоў, вывучылі іх тыпы, канфігурацыю, дадатковую інфармацыю, зрабілі дыяграмы і нанеслі на карту. Большасць крыжоў, даследаваных намі, васьміканцо­выя. Мы выявілі, што з 18 крыжоў пяць з’яўляюцца шасціканцовымі, астатнія 13 — васьмі­канцовымі.

Ёсць і арыгінальныя. Адзін з такіх крыжоў устаноўлены каля вёскі Задубенне. Ён адразу прыцягвае ўвагу вандроўнікаў. Наверша крыжа — чатырохсхільны дах, пад якім ёсць абразок і свое­асаблівая драўляная спаднічка з карункаў. Айцец Мікалай растлумачыў нам, што такая ініцыятыва вернікаў прадыктавана тым, што яны хацелі як мага даўжэй заха­ваць драўляны крыж ад разбурэння і таму змянілі традыцыйнае афармленне крыжа са згоды святара. Ад мясцовых жыхароў мы даведаліся, што крыжу каля вёскі Задубенне каля 50 гадоў. Улічваючы тое, што ён драўляны, можна сказаць, што гэта значны ўзрост. Вернікі даглядаюць крыж, устанавілі адлітыя з бетону падпоркі, кожны год высаджваюць кветкі, рамантуюць агароджу. Захаваць старажытную традыцыю для іх вельмі важна, як і важна перадаваць духоўны вопыт маладому пакаленню. Цікавы праваслаўны крыж знаходзіцца каля вёскі Вераб’і. Асаб­лівасць яго ў тым, што стаіць побач з каталіцкім, так званым маёвым, — паведаміла Ала Сігізмундаўна.

Цікавасць уяўляюць не толькі самі праваслаўныя крыжы. Унікальнасць краязнаўчага даследавання яшчэ і ў тым, што яго аўтар па веравызнанні каталічка. Гасціннасць, неабыякавасць, любоў да роднай зямлі… А яшчэ павага да людзей іншых канфесій. Гэта чацвёртая, таксама вельмі важная рыса характару. Такія яны, нашчадкі крывічоў — крывічане.

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара