Веліч храма і святло веры… Як у Кармянскай сярэдняй школе выхоўваюць навучэнцаў

- 14:20Образование, Родная земля

Архітэктурнымі жамчужынамі Добрушскага раёна з’яўляюцца не толькі прамысловыя аб’екты. Не менш велічныя і праваслаўныя храмы, у першую чаргу Свята­-Пакроўскі ў аграгарадку Карма. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Унікальная з’ява: у школьным двары — праваслаўны манастыр. Тут, як кажуць, сам Бог распара­дзіўся наладзіць супрацоўніцтва. Духоўна-маральнае выхаванне навучэнцаў на традыцыях беларускага народа вядзецца ў Карме ўжо многія дзесяцігоддзі. Не спынялася яно і ў часы атэізму. Вучні і іх бацькі актыўна наведвалі храм, захоўвалі традыцыі сваіх продкаў. А пра адну падзею варта сказаць асобна: у 1974 годзе ў Добрушскім раёне новы будынак сельскай школы ўзводзіцца каля дзеючага праваслаўнага храма.

Для таго часу выпадак вы­ключны, неверагодны. Хаця для веруючага чалавека нічога неверагоднага тут няма, улічваючы той факт, што менавіта ў гэтых мясцінах калісьці служыў святаром Іаан Гашкевіч, сёння вядомы як святы праведны Іаан Кармянскі. Мясцовыя вернікі ўпэўнены, што дзякуючы яго малітвам, а таксама заступніцтву Божай Маці і вернасці праваслаўным традыцыям мясцовых жыхароў, святло праваслаўнай веры не згасала ў гэтым краі нават у самыя няпростыя часы. Сёння ж гэтае святло гарыць яркім полымем. Асабліва моцна яно разгарэлася пасля таго, як каля храма (помніка архітэктуры, узведзенага ў 1907 годзе) пачало наладжвацца манастырскае жыццё.

— Думаю, мы адзіная школа ў краіне, якая так блізка мяжуе з храмам. Таму і адукацыйны працэс мае свае асаблівасці. Напрыклад, першы ўрок у Дзень ведаў праходзіць у храме, куды ўсе жадаючыя вучні ідуць на малебен. Лінейка, прысвечаная апошняму званку, у нас таксама адбываецца не так, як па ўсёй краіне. Справа ў тым, што на 31 мая выпадае дзень памяці Іаана Кармянскага. У Карму з’язджаюцца тысячы вернікаў, і ва ўрачыстасцях актыўны ўдзел прымае школа, таму са згоды галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама ў нашай школе лінейка пераносіцца на адзін дзень.

А.І.Краўчанка праводзіць экскурсію па тэрыторыі кармянскага Свята-Пакроўскага храма

Напрыклад, на велікодным тыдні любы вучань або педагог можа падняцца на званіцу і на практыцы азнаёміцца з сакрэтамі званарства. Раскрывае іх наш настаўнік працоўнага навучання Аляксандр Іванавіч Краўчанка, які служыць у храме дзяком. Дапамагае яму ў гэтай справе шасцікласнік Ілья Сухамлін. Патрыятычнаму выхаванню навучэнцаў садзейнічае таксама ўдзел у мітынгу з нагоды Дня Перамогі ля помніка загінуўшым аднавяскоўцам. Святары праводзяць малебен аб загінуўшых воінах, мы ж з калегамі ўскладаем кветкі, расказваем дзецям пра землякоў-франтавікоў, — паведаміла дырэктар Кармянскай сярэдняй школы Кацярына Іванаўна Балюнова.

Важная роля ў духоўна-маральным выхаванні моладзі адведзена сустрэчам і гутаркам з настаяцелем Свята-Пакроўскага храма айцом Феадосіем. Часта школу наведвае архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Сцяфан. У многім дзякуючы яму і вядзецца цеснае супрацоўніцтва школы і царквы. Справа ў тым, што ўладыка пачынаў у кармянскім храме сваё пастарскае служэнне, таму гэты куточак Добрушскага краю яму асабліва дарагі.

Штогод вучні Кармянскай школы ўдзельнічаюць у раённай алімпіядзе па праваслаўнай культуры, інтэлектуальнай гульні “Фавор”, становяцца пераможцамі раённых, абласных і рэспубліканскіх канферэнцый.

Гэта “Святыні зямлі кармянскай”, “Біблійныя сюжэты ў творах выяўленчага мастацтва”, Тураўскія чытанні. У мінулым навучальным годзе перамаглі ў Гаазаў­скіх чытаннях, навукова-практычнай канферэнцыі “Гомельская вобласць — край родны”, дзе выступалі з работай “Свята-Пакроўскі храм — цэнтр духоўнасці сяла Карма”. У гэтым навучальным годзе вусны часопіс “Выхаваць чалавека”, прысвечаны памяці Героя Беларусі мітрапаліта Філарэта, быў адпраўлены на абласны этап рэспубліканскага конкурсу.

— Дзеці і настаўнікі вя­дуць даследчую дзейнасць па права­слаўнай тэматыцы: вывучаюць гісторыю Свята-Пакроўскага храма і Свята-Іаана-Кармянскага манастыра, гісторыю здабыцця мошчаў, кананізацыі святога праведнага Іаана Кармянскага, гісторыю іншых праваслаўных святынь, якія знаходзяцца ў нашым храме, — дадала Кацярына Іванаўна.

Іерэй Іаан Гашкевіч на працягу многіх гадоў служыў у Свята-Мікалаеўскім храме вёскі Агародня былога Гомельскага павета (сёння гэта Агародня-Кузьмініцкая Добрушскага раёна). Разам з вялікай сям’ёй (многія яго сыны таксама сталі святарамі) жыў сціпла і ўсе свае матэрыяльныя сродкі, сілы накіроўваў на добраўпарадкаванне храма і дапамогу аднавяскоўцам. У гутарках з прыхаджанамі ён часта паўтараў словы апостала Іакава: “Вера без спраў мёртвая”.

Зямное жыццё айца Іаана скончылася ў 1917 годзе. У віхурах драматычнага ХХ стагоддзя храм, у якім ён служыў, быў разбураны, на некаторы час было страчана і месца пахавання святара. Аднак памяць пра гэтага чалавека жыла сярод людзей, што і падтурхнула сённяшняга ўладыку Сцяфана на пошукі магілы бацюшкі. Былі знойдзены і рэшткі прастола храма, і магіла Іаана Гашкевіча. Прычым астанкі практычна не пачалі тлець. Пасля кананізацыі мошчы захоўваюцца ў Свята-Пакроўскім храме.

Асабіста для мяне знаёмства з жыццём святога праведнага Іаана Кармянскага стала сапраўдным адкрыццём. Звычайна, калі чытаеш апісанні подзвігу хрысціянскіх святых, перад табой паўстаюць падзеі вельмі далёкага мінулага, а тут усё адбывалася літаральна два-тры пакаленні назад. А што тычыцца цудаў, якія здараліся пасля малітваў у кармянскім храме, то пра іх ведаюць многія жыхары Добрушскага раёна. Ды і самі людзі, пазбаўленыя цялесных і душэўных хвароб, жывуць сярод нас. З імі нават можна пазнаёміцца, калі прыехаць 31 мая ў Карму на дзень памяці святога.

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара