У Шаняўской сярэдняй школе імя Міколы Засіма на Пружаншчыне па суботах працуе школа актыўных бацькоў

- 16:45Образование, Приложение, Шестой день

Вольга Мікалаеўна Граб, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце, шмат гадоў наладжвае супрацоўніцтва з бацькамі школьнікаў. Цяпер яна разам з імі рэалізоўвае і свой праект шостага школьнага дня ШАР (“Школа активных родителей”). Падрабязнасці у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Я 12 гадоў працавала ў нашай школе настаўніцай геаграфіі, і заўсёды маімі аднадумцамі і галоўнымі памочнікамі ў выхаванні навучэнцаў былі іх бацькі. Але гэта тычылася далёка не ўсіх іх, таму стая­ла пытанне аб стварэнні самаразвіццёвай сістэмы, пры якой бацькі нашых навучэнцаў сталі б больш актыўнымі, ініцыіравалі б і ўмацоўвалі нашы традыцыі, адчувалі сябе паўнавартаснымі ўдзельнікамі ўсяго таго, што адбываецца ў школе. Якраз на гэта і арыентаваны наш праект, — расказвае Вольга Мікалаеўна.

Па яе меркаванні, каб зацікавіць не толькі дзяцей, але і бацькоў, трэба пашыраць тэматычны спектр школьных мерапрыемстваў і выкарыстоўваць розныя фарматы іх правядзення. Пры гэтым бацькам прапаноўваць
стаць ініцыятарамі і ўдзель­нікамі, а не пакі­даць ім ролю толькі гледачоў. У прыватнасці, усе мерапрыемствы праекта маюць сямейны характар.

Так, мамы і таты ўжо аб’ядноўваліся творчымі сіламі са сваімі дзецьмі ў гульнявых праграмах “7-Я”, “Мая сям’я — маё багацце”, конкурснай праграме “Сям’я — саюз родных сэрцаў”. Самымі папулярнымі сталі менавіта творчыя майстэрні. Свята гульні і цацкі “Разам з мамамі гуляем”, інтэрактыўная пляцоўка “Тата можа ўсё, што заўгодна”, творчая студыя па сямейных традыцыях “Ад роду да народу”, конкурсы калажаў “Традыцыі маёй сям’і”, “Я і мая сям’я” — толькі іх частка. 

Вызначаліся сярод удзель­нікаў праекта і самыя моцныя і вынослівыя падчас конкурсна-фізкультурных праграм “На стадыён усёй сям’ёй”, “Пяць алімпійскіх кольцаў”, на малых Алімпійскіх гульнях. Без сваіх мам і татаў дзеці ні ў адзін паход не схадзілі, хаця іх было мноства, асабліва летам. Татам і мамам было цікава завітаць з імі і ў вёску Шубічы да ветэрана Марыі Аляксандраўны Бабрук, якой нядаўна споўнілася 100 гадоў, прагуляцца з экскурсіяй па сядзібе Дзьяконскіх, што знахо­дзіцца ў вёсцы Каштанаўка, ці, захапіўшы рукзак, адправіцца са школьнікамі ў больш далёкую вандроўку па Пружаншчыне. Палюбілі бацькі і папулярныя ў дзяцей гульні-квес­ты “Сцяжынкамі роднага краю”, “Пазнаем свет ра­зам” і інш. Духмяны чай, водар дамашняй выпечкі і абмен яе рэцэптамі аб’ядноўваў дзяцей і бацькоў на “Сямейных пасядзелках”, а на “Сямейных вячорках” удзельнікі па­дзяліліся вопытам святкавання сямейных свят.

Вольга Граб, аўтар праекта: Толькі сумеснымі намаганнямі можна дасягнуць пэўных вынікаў у развіцці і выхаванні дзіцяці. Калі школа зробіць бацькоў сваімі саюзнікамі, то яна стане мацнейшай ва ўсіх адносінах.

Пра многія гэтыя школьныя падзеі дзеці і іх бацькі ўжо напісалі ў школьную газету “Сям’я мая ад “А” да “Я”. Некаторыя артыкулы на гэтым тыдні толькі рыхтуюцца. Фота і відэа з сямейных мерапрыемстваў змяшчае на старонцы школы ў Instagram Вольга Граб.

— На школьную старонку падпісаны бацькі ўсіх нашых навучэнцаў. Мабыць, назіраючы за тым, як весела можна праводзіць час, нават тыя, хто і не надта імкнуўся да нас далучыцца, ужо засумняваюцца і скарэкціруюць планы на найбліжэйшыя суботы, — гаворыць Вольга Міка­лаеўна.

Дарэчы, у Instagram бацькі не толькі сочаць за актыўным школьным жыццём, але і прымаюць удзел у розных фотачэленджах. Напрыклад, цяпер ён прысвечаны Дню бацькі “Мой тата — самы лепшы” і ў ім удзельнічаюць таты.

— Існаванне знакамітага трохвугольніка паміж установай адукацыі, навучэнцамі і бацькамі заўсёды было актуальнай тэмай. Сённяшні час не выключэнне. Толькі цеснае супрацоўніцтва з бацькамі дазволіць нам, педагогам, эфектыўна выхоўваць маладое пакаленне. Галоўнае, каб і настаўнік, і бацькі ра­зумелі, што ўсё гэта дзеля трэцяга складніка, дзеля таго, каб дзіця вырасла добрым, разумным, актыўным, моцным, адказным, творчым чалавекам, — падсумоўвае Вольга Граб.

Святлана НІКІФАРАВА