У школе № 1 Касцюковіч добра ведаюць, як прывесці даследчыя праекты навучэнцаў да поспеху

- 12:05Образование

Як зацікавіць навучэнцаў даследчай дзейнасцю? Як захапіць дзяцей гэтай справай і прывесці іх праекты да поспеху? Адказы на гэтыя пытанні добра ведаюць педагогі сярэдняй школы № 1 Касцюковіч. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

— Фарміраванне даследчай кампетэнцыі даўно лічым сваёй першачарговай задачай. Схільнасці да даследаванняў закладзены ў кожным без выключэння вучню. Ва ўсіх ёсць дапытлівасць, імкненне назіраць і эксперыментаваць, самастойна шукаць новыя звесткі пра навакольны свет. Усе дзеці настроены на пазнанне, трэба толькі накіраваць іх у патрэбнае рэчышча, — расказала дырэктар школы Любоў Катлярова.

Па яе словах, ва ўстанове выбудавалі сваю сістэму прывіцця навучэнцам даследчых навыкаў.

— Структурна алгарытм нашай работы можна прадставіць наступнымі кампанентамі: ствараем кропкі росту — кіруем развіццём — дасягаем мэт. Нашы педагогі і вучні знаходзяцца ў пастаянным узаемадзеянні як на вучэбных занятках, так і ў пазаўрочнай дзейнасці. Гэта вельмі важны фактар, — адзначыла Любоў Уладзіміраўна.

Як заўважае настаўніца геаграфіі Вольга Кісялёва, каб абу­дзіць у дзецях імкненне да даследаванняў, трэба разгледзець і падтрымаць іх энтузіязм. 

— Першыя парасткі даследчых навыкаў закладваюцца на ўроках. Але для гэтага заняткі павінны быць для вучняў маленькім адкрыццём. Даследчы складнік прысутнічае ў нашых вучэбных праграмах. Выразна яго вылучыць асабіста мне дапамагаюць тэхналогія праблемнага навучання і тэхналогія “Метаплан”. Менавіта правільная пастаноўка пытання, матывацыя на самастойны пошук ведаў часта становяцца пачаткам маштабных даследаванняў. Як паказвае практыка, тэмы заўсёды ля­жаць на паверхні, і падказваюць іх вучні, калі даць ім свабоду дзеянняў. За апошні час разам з навучэнцамі мы падрыхтавалі 7 паспяховых даследчых работ. Большасць — з рэгіянальным акцэнтам, набліжаныя да праб­лем і патрэб грамадства. Асаб­ліва значна, што ініцыіравалі іх самі дзеці, — паведаміла Вольга Міхайлаўна.

На рахунку вучняў першай касцюковіцкай школы ўжо шмат запатрабаваных ініцыятыў. Так, вучаніца 10 класа Кацярына Зенянкова дэталёва прааналізавала якасць пітной вады ў крыніцах нецэнтралізаванага водазабеспячэння на тэрыторыі роднага раёна. Дзяўчына дасканала вызначала ўтрыманне нітратаў у вадзе з калодзежаў. Вынікі былі перададзены ў мясцовую санстанцыю і водаканал, рэкамендацыі па ачыстцы вады прыняло да ведама кіраўніцтва сельскіх Саветаў, а інфармацыю давялі да насельніцтва. Сацыяльна значнае даследаванне сёлета адзначана пераможным дып­ломам на заключным этапе рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару.

Ужо неаднойчы быў адзначаны і праект дзесяцікласніцы Алісы Мурач, якая прыдумала наватарскі варыянт павышэння ўраджайнасці збожжавых культур.

— Палепшыць ураджайнасць прапаную з дапамогай выкарыстання дронаў. Сутнасць у тым, каб дрон ажыццяўляў маніторынг і сканіраванне поля, а пасля распыляў угнаенні толькі на той тэрыторыі, дзе неабходна. Гэта не толькі станоўча паўплывае на рост і ўраджайнасць збожжавых, а яшчэ дазволіць сэкано­міць угнаенні, знізіць ступень забруджвання навакольнага асяроддзя, — пераканана дзяўчына.

Ідэя Алісы ўвайшла ў лік лепшых на абласным этапе конкурсу “100 ідэй для Беларусі”. Перспектыўнай распрацоўкай ужо зацікавіліся мясцовыя сельгаспрадпрыемствы. Акрамя таго, са сваім праектам яна трапіла на навучанне ў Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк.

— Магчымасці дзіцячага тэхнапарка мы шырока папулярызуем сярод вучняў. На сёння навучанне там прайшлі ўжо 19 нашых хлопцаў і дзяўчат. Іх праекты пасля атрымалі ўзнагароды. Асобныя нават увасабляюцца ў жыццё, укараняюцца ў адукацыйны працэс школы, — расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Святлана Касцянкова. 

Па яе меркаванні, сакрэт пас­пяховай даследчай і праектнай дзейнасці заключаецца ў метадычнай выверанасці і паэтапнасці ўсёй работы, а таксама ў арыентацыі навучэнцаў на рэгіянальны кампанент, на даследаванні, звязаныя з роднымі мясцінамі. Яшчэ адзін аспект — зацікаўленасць.

— Мы нічога не навязваем дзецям, але падтрымліваем іх ініцыятывы. Так даследчая дзейнасць ці стварэнне праекта ператвараецца ў творчы і займальны працэс, да якога далучаюцца ўсе: вучні, педагогі, бацькі, спецыялісты разнастайных службаў. Канечне, нам усім важна, каб работу заўважылі. Таму да прадстаўлення даследавання рыхтуем навучэнцаў загадзя. У нас праходзяць свае школьныя канферэнцыі, якія з’яўляюцца свое­асаблівай рэпетыцыяй перад выступленнямі на рэальных конкурсах. Штогод са сваімі праекта­мі нашы вучні заваёўваюць пераможныя дыпломы, — адзначыла Святлана Анатольеўна.

У сярэдняй школе № 1 Касцюковіч лічаць, што даследчая дзейнасць спрыяе самавызначэнню і асобаснаму станаўленню дзяцей.

— Дапамагчы вучням знайс­ці сябе ў будучыні, стаць самастойнымі, творчымі і ўпэўненымі ў сабе людзьмі — у гэтым мы бачым галоўную сваю мэту, — запэўніла дырэктар Любоў Катлярова.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара