У школе № 17 Ліды арганізаваны бацькоўскі ўніверсітэт — што ён дае

- 15:06Образование, Приложение, Шестой день

Белы бант, прыгожая форма, пышны букет і 100 пытанняў: “А што мяне чакае?”, “А ці будзе атрымлівацца?”, “Ці спраўлюся?”… Так пачынае сваё навучанне ў школе кожны першакласнік. Але чамусьці пра бацькоў ніхто так не думае.

А пытанняў перад імі паўстае не менш: “А ці змагу дапамагчы?”, “А ці не прапушчу што-небудзь важнае?”, “Ці спраўлюся?”. Каб зняць гэтае напружанне і дапамагчы бацькам, у нашай школе арганізаваны бацькоўскі ўніверсітэт.

Фармулёўка “ўніверсітэт” гучыць сур’ёзна, важна і пафасна, але за ёй не стаіць жаданне кагосьці павучаць, дакараць ці караць. Няма мэты заняць пазіцыю “Я вас зараз навучу”. Асноўная мэта — зрабіць нашых дзяцей шчаслівымі.

Наш класны калектыў яшчэ зусім малады. Нам толькі другі год пайшоў. Але і мы не сталі выключэннем — у нашым класе таксама дзейнічае бацькоўскі ўніверсітэт. Сваю работу мы будуем выключна на супрацоўніцтве з бацькамі. Цяпер шмат літаратуры, шмат інфармацыі ў адкрытым доступе, але часам вельмі важна проста прагаварыць сваю праблему. Пачуць і зразумець, што ты не ­адзін, што ў суседа па парце таксама так здараецца… І адразу становіцца лягчэй. А часам у працэсе размовы само сабой нара­джаецца рашэнне. Я ні ў якім разе не бяруся сцвяр­джаць, што школа, настаўнік — гэта інстанцыя, якая дасць канчатковы, правільны адказ, як паводзіць сябе з дзіцем у той ці іншай сітуацыі.

Школа тэарэтычна больш падкаваная, але бацькі валода­юць той інтуітыўнай нябачнай сувяззю з дзіцем, якую нішто не заменіць. І трэба толькі дапамагчы ім ад­чуць, дапамагчы правільна сфармуляваць запыт — і ўсё вырашыцца.

Мяне радуе, што школа і бацькі імкнуцца да супрацоўніцтва. І якраз бацькоўскія ўніверсітэты — цудоўная магчымасць працягнуць гэтую нітачку паміж усімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу.

Лепшымі формамі зносін лічу, вядома, жывыя сустрэчы. Стараюся зносіны з бацькамі выбудоўваць так, каб ніхто не адчуваў сябе ўшчэмленым, вінаватым, каб ні ў кога не было задачы нападаць і абараняцца. Лекцыйныя фарматы імкнуся разбаў­ляць гульнявымі практыкаваннямі і заданнямі. Ні адна сустрэча не абыходзіцца без гульнявога кампанента. Для першых сходаў падыдуць гульні “Камплімент”, “Алітэрацыя імя”, “Клубок”, “Асацыяцыі”. Часам уключаю тэставыя заданні, напрыклад, рысуначны тэст “Кактус”. Падчас такіх гульняў у бацькоў ёсць магчымасць прыпыніцца ў штодзённай мітусні і крыху паназіраць за самімі сабой. А спакойныя, усвядомленыя бацькі — шлях да шчаслівай сям’і.

Мне падабаецца нашы сустрэчы разбаўляць літаратурнымі адступленнямі. Так вобразна і ярка, як раскрываюць некаторыя паняцці прытчы, сказаць звычайнымі словамі цяжка. Бацькам майго класа ўжо знаёмы такія прытчы, як “Усё ў тваіх руках”, “Так будзе не заўсёды”, “Пра шчасце”. Незаменную ролю адыгрываюць вершы. Маю скарбонку папоўнілі такія вершы, як “Добра” М.Тахістава, “Кожны дзень у чаканні сустрэчы” Н.Таміліна, “Цуда-лякарства” С.Карпава.

Часам на нашых сустрэчах баць­кі нібы нанова знаёмяцца са сваімі дзецьмі. Так, мы з дзецьмі запоўнілі анкету. Потым на гэтыя ж пытанні аб сваім дзіцяці прапанавалі адказаць бацькам. І толькі пасля гэтага адкрылі адказы дзяцей. Пытанні былі простыя: “Што можа прымусіць цябе ўсміхнуцца? А заплакаць?”, “Чаго ты баішся?”, “Любімае слова”, “Які ты?”, “Чаму б ты хацеў навучыцца?”, “Якую звышздольнасць хацеў бы мець?” і г.д. Па ўсмешках на тварах бацькоў было відаць, што не ўсе чаканні супалі.

У век тэхналогій і сацсетак немагчыма адмовіцца ад месенджараў. Вось і ў нашага класа ёсць суполка “Бацькоўскі ўніверсітэт”, дзе я дзялюся артыкуламі, думкамі адносна выхавання дзяцей. Гэта асобная суполка, у ёй не размяшчаюцца афіцыйныя звесткі аб адукацыйным пра­цэсе, таму бацькі могуць усту­паць у яе і пакідаць па жаданні. Тут жа я дзялюся разважаннямі таленавітых людзей аб выхаванні, напрыклад, Ш.Аманашвілі, А.Бабаянца, А.Ісачанка, Т.Чарнігаўскай.

Напярэдадні Новага года мы стварылі своеасаблівы адвент-каляндар. Кожны дзень у суполцы адкрывалі новае пытанне, якое потым бацькі задавалі свайму дзіцяці. Напрыклад, “Каму лепш жывецца — дарослым або дзецям?”, “Якую вынаходку ты б зрабіў (зрабіла), каб свет стаў лепшым?” і г.д. Гэтыя хвілінкі зносін, адкрыцці са сваімі дзецьмі нікога не пакінулі абыякавымі. Некаторыя бацькі дзяліліся ўражаннямі ў чаце.

Лічу, што бацькоўскі ўніверсітэт патрэбны школе. Таму што праз такую форму зносін мы больш даведваемся пра дзяцей, пра традыцыі і звычкі ў сям’і, што дапамагае нам, настаўнікам, зразумець паводзіны і настрой вучняў, дапамагчы ім, падтры­маць у цяжкіх сітуацыях, ­стаць дзіцяці сябрам. А калі пагля­дзець па-філасофску, то да канца не зразумела, хто каго вучыць: школа бацькоў, ці бацькі дзяцей, ці дзеці — і школу, і баць­коў. Як казаў Сакрат, ніхто табе не сябар, ніхто табе не вораг, але кожны чалавек табе настаўнік.

Навучанне ў бацькоўскім універсітэце не дае дыпломаў, узнагарод і ганаровых грамат. Але дае самае каштоўнае — здаровыя, цёплыя і даверныя адносіны са сваім дзіцем.

 Наталля ХІТРУН,
класны кіраўнік 2 “Г” класа

сярэдняй школы № 17 Ліды
 Фота Ганны МІХАЙЛАВАЙ