У школу — з усмешкай і добрым настроем

- 11:25Адукацыйная прастора

Усмешлівая і жыццярадасная, абаяльная і харызматычная, адкрытая да ўсяго новага і гатовая падзяліцца набытым з навакольнымі, класны кіраўнік 1 класа, любячая жонка і мама дзвюх дачушак, знаўца клуба “Што? Дзе? Калі?” і ўдзельніца народнага ансамбля народнай музыкі “Шчодрыца”. Знаёмцеся — настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 1 Лагойска Святлана Аляксандраўна ІВАНЮШЫНА. Пра любімую работу, цікавыя захапленні, хатнія справы, а таксама пра тое, як усё гэта сумясціць, каб хапіла 24 гадзін у суткі, — наша гутарка з педагогам.

— Святлана Аляксандраўна, чаму вы вырашылі пайсці ў педагогіку?

— З самага дзяцінства я гуляла толькі ў школу, бо ў мяне быў выдатны прыклад перад вачыма — мая мама, настаўніца пачатковых класаў. З пераездам у Лагойск (а нарадзілася я ў Наваполацку) для мяне не знайшлося месца ў дзіцячым садку, і ў 4 гады я стала амаль школьніцай (маме дазвалялі браць мяне з сабой на работу, я сядзела за прыстаўной партай каля дошкі і нават часам чытала першакласнікам казкі, бо чытаць умела ўжо з трох гадоў). Вучылася я ў базавай школе, і пасля 9 класа трэба было вызначацца, кім быць. Для сябе дакладна вырашыла, што мой лёс — быць настаўніцай пачатковых класаў. Праўда, мама не хацела згаджацца з гэтым жаданнем, але ёй прыйшлося саступіць. Я любіла ўсе вучэбныя прадметы: ад музыкі з фізкультурай да матэматыкі і літаратуры. Не магла вызначыцца, што мне падабаецца больш — маляваць, рашаць прыклады або пісаць сачыненні. А ўсе гэтыя навыкі аб’ядноўвала, на мой погляд, толькі прафесія настаўніка пачатковых класаў.

Мама прыняла мае аргументы, і ў свае 15 (было гэта ў 2000 годзе) я стала студэнткай Мінскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа № 1. Я не ўяўляю сабе больш дасканалай навучальнай установы: выкладчыкі, атмасфера, дадатковыя заняткі — усё ў каледжы было гарманічным, лагічным, якасным. Мова навучання, беларуская, адразу прывяла гарадскую школьніцу ў тупік, а потым стала вельмі блізкай і роднай.

Пасля каледжа, у 2004 годзе, я прыйшла туды, дзе працую і зараз, — у сярэднюю школу № 1 Лагойска, толькі пасада адрознівалася. Пачынала свой педагагічны шлях як педагог-арганізатар. Маё крэда: “Калі ты хочаш запаліць сэрцы іншых, важна гарэць самой”. Кожны дзень іду на работу з усмешкай і зараджаюся энергіяй ад усмешак маіх вучняў.

— Што больш за ўсё падабаецца ў рабоце з малодшымі школьнікамі?

— Вучні пачатковых класаў — адкрытыя, шчырыя, любяць цябе толькі таму, што ты любіш іх. З імі адначасова і лёгка, і цяжка. Лёгка, таму што ўсе іх эмоцыі, словы і ўчынкі сумленныя, не штучныя. Але цяжка, бо толькі ад цябе залежыць, як ім далей давядзецца ісці па школьным шляху. Ад таго, які зачын зробіць настаўнік пачатковых класаў, ці зможа ён наву­чыць дзяцей вучыцца, ці зможа прывіць імкненне быць адказным за ўласныя веды, будзе залежаць вынік працы ў далейшым. Я не магу пакуль хваліцца нейкімі асаблівымі поспехамі, бо выпусціла толькі адзін клас, які вучыла ўсе чатыры гады. Мае выпускнікі ўжо студэнты. Некаторыя — будучыя педагогі (гэта асабліва прыемна). Але адно ведаю дакладна: мае вучні любілі школу. Можа, дзесьці з-за нявопытнасці падкачала база, але жаданне вучыцца ў іх дакладна было. І пазітыўны настрой, без якога складана. Мае асноўныя прынцыпы работы заключаюцца менавіта ў пазітыўным стаўленні, жаданні і імкненні да самаўдасканалення. Для мяне важна зрабіць так, каб дзеці, якія прыйшлі ў 1 клас, палюбілі школу, каб вучоба не стала для іх пакараннем.

— А як гэта зрабіць? Вы ў гэтым годзе якраз набралі першы клас.

— Гэты набор першакласнікаў для мяне быў вельмі хвалюючым. 26 чалавек. Ці спраўлюся? Ці змагу ўбачыць і ад­чуць усіх? Гэта ж вельмі шмат, а рэальнае поле зроку педагога — 18 чалавек. Атрымліваецца, што 8 дзяцей будуць пастаянна выпадаць? Але ўсё аказалася выдатна: дзеці ў мяне цікавыя, лёгка ідуць на кантакт, кожны са сваім унікальным характарам, але няма сярод іх тых, хто выклікаў бы асаблівы клопат, хто зрываў бы ўрокі. 26 пар вачэй, добрых і цікаўных, уважліва сочаць за мной. Таму мне лёгка.

Спадзяюся, што і дзецям лёгка і цікава. Я стараюся ўгадваць іх настрой, выбіраць іх любімыя фізкультхвілінкі, прапаноўваць цікавыя гульні на фізкультуры, здзіў­ляць на іншых уроках. У першым класе лёгка здзівіць невядомымі фактамі, але складана выбудаваць логіку ўрока, бо працаваць самастойна дзеці яшчэ не ўмеюць, а розніца ва ўзроўні ведаў, з якім яны прыйшлі ў школу, вялікая. Таму вучымся ўзаемадзейні­чаць, праяўляць актыўнасць, дапамагаем адно аднаму. Так цікава назіраць, як вучні капіруюць цябе, калі ты даеш ім ролю настаўніка: дзяўчынкі нават валасы распускаюць, каб знешне быць падобнымі да мяне, рукі гэтак жа складваюць. Стараюся не перагружаць, бо менавіта перагрузка прыводзіць да па­дзення цікавасці. Укараняю разнастайныя тэхналогіі: даю заданні, напрыклад, у LearningApps.org, бо гульні ў такім узросце значна лепш дапамагаюць у фарміраванні ведаў, чым сумнае паўтарэнне.

— Святлана Аляксандраўна, на ваш погляд, ці патрэбна адзнака ў пачатковай школе? Наколькі цяпер яна інфарматыўная?

— Гэта, напэўна, маё любімае пытанне. Калі б мне яго задалі гадоў 6 назад, я цвёрда стаяла б на тым, што адзнака вельмі стымулюе навучэнцаў. Дакладней, нават не іх саміх, а бацькоў. Бацькі атрымліваюць за работу зарплату, дзеці — адзнакі. Усё лагічна: сістэма заахвочвання за работу. Аднак ужо амаль 5 гадоў я з’яўляюся прыхільнікам тэхналогіі актыўнай ацэнкі. З моманту знаёмства з ёй у мяне цалкам змянілася стаўленне да адзнакі. Я разумею, што яна зусім не памочнік. Адзнака навешвае ярлыкі, стварае стэрэатыпныя вобразы: “О, ён двоечнік, ён нічога не можа” і “Вядома, яна ж выдатніца”. І гэтыя вобразы-стэрэатыпы вельмі перашкаджаюць дзецям па жыцці. Яны не чуюць добрых думак слабых вучняў і прызнаюць аўтарытэтнымі нават памылковыя версіі выдатнікаў. А яшчэ дзеці вельмі баяцца памыліцца і часта замоўчваюць арыгінальныя версіі адказаў, бо за няправільны варыянт ім знізяць адзнаку. Атрымліваецца, што адзнака вельмі абмяжоўвае і робіць жорсткімі дзяцей. Я гэта па ўласнай дачцэ заўважыла. У мінулым годзе (яна была другакласніцай) з вялікай стараннасцю выконвала дамашнія заданні, а цяпер лёгка “складвае крылы”, калі сутыкаецца з чымсьці, у чым не вельмі ўпэўнена. Бацькам адзнака не дае ніякай зваротнай інфармацыі, гэта проста бал, а якія падводныя камяні хаваюцца за ім — невядома.

Маё меркаванне: для фарміравання адэкватнай самаацэнкі важная якасная зваротная сувязь. На яе часта настаўнікам не хапае часу. У першакласнікаў у нашай школе ёсць перавага: перапынкі ў іх на 10 мінут большыя, і за дадатковую змену я паспяваю даць разгорнутую зваротную сувязь 10 вучням (па чарзе). У першым класе гэта менавіта вусная зваротная сувязь, прадстаўленая ў пісьмовым выглядзе толькі з дапамогай умоўных сімвалаў — значкоў на шкале самаацэнкі і лікавых і літарных абазначэнняў, пра якія мы дамовіліся. Аднак яна больш эфектыўная і інфарматыўная менавіта для бацькоў. Зразумела будзе, калі я скажу, што ў дзіцяці атрымалася сёння напісаць толькі 3 прыгожыя літары (з 9 магчымых), яно змагло напісаць усе злучэнні правільна, але прапусціла літару ў сказах, чым калі б я проста паставіла за работу 6 балаў. Праўда, для гэтага на кожны дзень я распрацоўваю лісточкі самаацэнкі, якія дзеці перадаюць сваім бацькам. Дамашніх заданняў у першым класе няма, але вучні з павышанай адказнасцю і матывацыяй адпрацоўваюць дома з бацькамі тое, што ў іх не атрымалася. І бацькам зразумела, дзе сёння асноўны недахоп у іх дзіцяці.

— У практыцы работы вы выкарыстоўваеце даследчую дзейнасць? Чаму?

— Да ўкаранення ў сваю практыку даследчай дзейнасці я прыйшла пасля ўдзелу больш як 10 гадоў назад са сваімі трэцякласнікамі ў конкурсе “Я — даследчык” у абласным інстытуце развіцця адукацыі. Конкурс натхніў і мяне, і маіх вучняў.

Адназначна магу сказаць: пры правільных арганізацыі і падыходзе даследчая дзейнасць у раннім узросце не прафанацыя. Усе дзеці — па духу даследчыкі. Галоўнае — вызначыць іх інтарэсы, і тут ужо ўсё залежыць ад таленту педагога. Ці зможа ён знайсці тую нішу ў цікавай дзецям тэме, якая будзе арыгінальнай, цікавай яшчэ і дарослым (бо члены журы — дарослыя), ці работа застанецца проста рэфератыўнай (у гэтым таксама ёсць сваё хараство). Але самае важнае, што ў працэсе работы школьнікі абменьваюцца асабістым вопытам, задаюць адно аднаму пытанні, вучацца складаць паведамленні і выступаць перад публікай. Гэта каштоўны вопыт. Я не пішу за сваіх выхаванцаў работы. Пасля таго як яны збяруць пэўную інфармацыю, правядуць доследы і эксперыменты, мы складаем з імі план абароны, і дзеці самастойна прэзентуюць адно аднаму (а затым і дарослым) сваю тэму і мэты, расказваюць пра гіпотэзу і спосабы яе праверкі.

У гэтым годзе я пісала работы з вучнямі 1, 3 і 4 класаў. У фінал абласнога этапу выйшла мая выхаванка з 4 класа. У маёй працы ёсць яшчэ адзін плюс — факультатыўны курс, які я вяду не толькі для сваіх дзетак, але і для ўсіх жадаючых вучняў з розных класаў. Іх настаўнікі дапамагаюць мне, калі я звяртаюся з просьбамі. Але асноўная частка работы (дакладней, амаль уся) — на саміх дзецях.

— Сёння пытанням узаемадзеяння з сям’ёй надаюць вялікае значэнне. Як зрабіць бацькоў сваімі саюзнікамі?

— Мне шанцавала з бацькамі класаў, дзе я працавала. Амаль усе яны вельмі чулыя і ставяцца да ўсіх пытанняў з разуменнем. Нешматлікія — проста не замінаюць. А значыць, мне лёгка з імі супрацоўнічаць. Стараюся право­дзіць сходы так, каб ім было цікава, каб яны маглі выказаць сваё меркаванне, каб даць ім магчымасць пагутарыць і пазнаёміцца. Але тут, мне здаецца, усё роўна галоўная сутнасць — у дзецях. Калі дзеці любяць цябе, бацькі таксама будуць ставіцца да цябе добра. І кола замкнецца.

Цяпер стала лягчэй праінфармаваць бацькоў пра нешта — Viber у дапамогу. Але ў групе ў Viber устанаўліваю дакладныя правілы. Таму і канфліктаў няма. Бацькі не ворагі сваім дзецям. Кожны ідзе насустрач, калі бачыць у табе чалавека, які раздзяляе яго думкі і разумее цяжкасці.

— Падзяліцеся, калі ласка, сваімі планамі на найблі­жэйшую будучыню.

— Планаў шмат. Хачу паспрабаваць свае сілы ў рабоце з дарослымі (педагогамі), і мне даюць такую магчымасць. Хачу скласці паўнавартасны рабочы сшытак для юных даследчыкаў. Чарнавік гэтага сшытка ўжо ёсць. Хачу працягваць удзельнічаць у разнастайных семінарах, майстар-класах, круглых сталах і сустрэчах педагогаў. Галоўнае — знаходзіць для гэтага час.

— Што для вас 8 Сакавіка? Якія падарункі вам дораць на гэтае свята?

— Я не ўспрымаю 8 Сакавіка як нейкі асаблівы дзень. Адзінае, мы заўсёды з дзеткамі вельмі адказна ў класе рыхтуемся да свята. З першымі класамі ў нас традыцыя — ладзіць вялікае свята для мам. Вучым песні, танцы, рыхтуем сцэнкі. Стараемся, каб мамам спадабалася. Са старэйшымі вучнямі прыдумляем арыгінальныя спосабы павіншаваць мам (відэапаштоўкі, літаратурна-музычныя кампазіцыі, сумесныя бацькоўскія сходы). Падарункі атрымліваць я не люблю. Таму, напэўна, не асабліва і запамінаю. Люблю сама дарыць. Але разумею, што апошнім часам загружанасць не дазваляе падысці з усёй душой да справы. Імкнуся падрыхтаваць для тых, каго люблю, штосьці асабістае, значнае.

— Што, на ваш погляд, робіць жанчыну жанчынай?

— Складанае пытанне. Напэўна, уменне прыдумаць праблему на пустым месцы (усміхаецца. — Заўвага аўтара). А яшчэ — жаданне падабацца.

—  Святлана Аляксандраўна, а як вы адпачываеце?

— Удзельнічаю ў гульнях “Што? Дзе? Калі?” на лагойскім гарадскім турніры. Гэта сапраўдная перазагрузка. У склад каманды, якая называецца “Бацькоўскі сход”, уваходзяць бацькі дзяцей, якія ўдзельнічаюць у гульнях. А яшчэ з’яўляюся ўдзельніцай народнага ансамбля народнай песні “Шчодрыца” Лагойскага РЦДК. Мой адпачынак — гэта яшчэ семінары і канферэнцыі. Побач з неабыякавымі педагогамі мне становіцца так лёгка!

— Раскажыце падрабязней пра ваша захапленне спевамі.

— Удзельніцай ансамбля я стала яшчэ ў гады вучобы ў каледжы. Раней таксама спрабавала спяваць, але сольным голасам не валодаю, таму знайшла сябе менавіта ў ансамблі. Ужо 18 гадоў я разам з дзяўчатамі. Гэта вельмі цікавыя асобы. Не ва ўсіх нават ёсць музычная адукацыя, але ўсе проста любяць спяваць, любяць праводзіць час разам, любяць наш рэпертуар. Нам пашанцавала: у дзейнасці калектыву было шмат выездаў. Мы пабывалі ў Расіі, Польшчы, Латвіі, аб’ехалі ўсю Беларусь. Незабыўнымі былі гастролі ў Сочы: 10 дзён якраз у бархатны сезон сумяшчалі спевы на беразе і купанне ў Чорным моры. Наш рэпертуар — гэта песні народныя, аўтарскія (аўтарам іх з’яўляецца наш былы кіраўнік С.Шарамецьеў), а яшчэ песні са зборніка “Песні Лагойшчыны”, якімі мы асабліва ганарымся. Зараз рыхтуемся да конкурсу, дзе будзем выступаць з “Баладай” — песняй, запісанай у Лагойскім раёне.

— А ці хапае часу на ўласных дзяцей?

— Вось у гэтым пытанні вялікі перакос. Часта на ўласных дзяцей часу не хапае. Старэйшая дачка падзяляе маё захапленне — з’яўляецца ўдзельніцай ансамбля “Шчадраняты”, і мы часта выступаем на канцэртах разам. І малодшая заўсёды з намі за кампанію. Мабыць, хутка таксама будзе спяваць.

— Што вы пажадаеце сваім калегам напярэдадні свята?

— Цярпення, лёгкасці ў працы і зносінах, якаснага адпачынку, аплаты, роўнай затрачаным намаганням, разумення. А яшчэ: няхай работа стане любімым хобі! Тады хадзіць на яе будзе — адно задавальненне.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота з архіва педагога.