У спалучэнні традыцый і сучаснага вопыту

- 11:24Выхаванне

Ключавыя прыярытэты развіцця выхавання дзяцей і моладзі знайшлі адлюстраванне ў Дзяржаўнай праграме “Адукацыя і маладзёжная палітыка” на 2016—2020 гады, Праграме бесперапыннага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі на 2016—2020 гады і закладзены ў аснову Канцэптуальных падыходаў да развіцця сістэмы адукацыі да 2020 года і на перспектыву да 2030 года. Пералічаныя дакументы з’яўляюцца асноватворнымі і вызначаюць стратэгію функцыянавання айчыннай сістэмы адукацыі, акрэсліваюць асноўныя напрамкі выхаваўчай работы і ўмовы яе паспяховай рэалізацыі. Сёння начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Эдуард Валянцінавіч ТАМІЛЬЧЫК расказвае аб развіцці выхаваўчай работы сярод дзяцей і навучэнскай моладзі і аб асаблівасцях яе арганізацыі.

— Эдуард Валянцінавіч, якія напрамкі ўзяты за аснову выхаваўчай работы ў сістэме адукацыі? Якія з іх застаюцца традыцыйнымі?

— Выхаванне дзяцей і моладзі ў нашай краіне мае канцэптуальна і метадалагічна вывераную ідэалагічную аснову. Наша сістэма выхавання заклікана забяспечыць стварэнне ўмоў для фарміравання і рэалізацыі комплексу мер, якія ўлічваюць асаблівасці сучасных дзяцей, іх сацыяльнае і псіхалагічнае развіццё, фарміраваць перадумовы для аб’яднання намаганняў сям’і, грамадства і дзяржавы ў выхаванні падрастаючага і будучых пакаленняў. Прэзідэнт А.Р.Лукашэнка неаднаразова адзначаў у сваіх выступленнях “важную ролю моладзі як самай актыўнай і творчай часткі грамадства, якой трэба будзе вырашаць асноўныя задачы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў перспектыве”, “… вельмі важна, каб маладыя людзі ўдзельнічалі ў развіцці грамадства, вучыліся жыць па яго законах: прававых і маральных, станавіліся сапраўднымі патрыётамі”.

Арыентуючыся на якасна новы грамадскі статус сацыяльнага інстытута выхавання, неабходна абнавіць выхаваўчы працэс на аснове аптымальнага спалучэння айчынных педагагічных традыцый і сучаснага вопыту, стварыць і ўмацаваць новыя механізмы выхавання; павысіць рэсурснае, арганізацыйнае, метадычнае забеспячэнне выхаваўчай дзейнасці і адказнасці за яе вынікі; фарміраваць сацыякультурную інфраструктуру, якая інтэгруе выхаваўчыя магчымасці адукацыйных, культурных, спартыўных, навуковых, экскурсійна-турыстычных і іншых арганізацый. Вельмі важным з’яўляецца кірунак на павышэнне эфектыўнасці комплекснай падтрымкі неабароненых катэгорый дзяцей (з абмежаванымі магчымасцямі, якія засталіся без апекі бацькоў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы), якая спрыяе іх сацыяльнай рэабілітацыі і паўнавартаснай інтэграцыі ў грамадства, а таксама забеспячэнне ўмоў для павышэння сацыяльнай, камунікатыўнай і педагагічнай кампетэнтнасці бацькоў.

У гэтай рабоце, як неаднаразова падкрэсліваў кіраўнік дзяржавы, неабходна ісці “ад жыцця”, “дайсці да душы і свядомасці кожнага”.

— Эдуард Валянцінавіч, адной з прыярытэтных задач найбліжэйшыя гады з’яўляецца ўдасканаленне патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі.

— Безумоўна, гэта важнейшы кірунак работы сістэмы адукацыі нашай краіны. Патрыятычнае выхаванне — галоўны складнік выхаваўчага працэсу. Мы і далей будзем надаваць належную ўвагу вывучэнню моладдзю выбарчага заканадаўства Рэспублікі Беларусь, найноўшых дасягненняў у сацыяльна-эканамічнай, навуковай, спартыўнай, культурнай сферах; працягваць работу па правядзенні сацыяльна значных культурных мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне гісторыка-культурнай спадчыны, развіццё народных традыцый, выхаванне ў грамадзян любові да Айчыны. Эфектыўнасць работы па патрыятычным выхаванні юных грамадзян можа быць дасягнута з дапамогай сістэмнага, комплекснага падыходу і ў цесным супрацоўніцтве з усімі зацікаўленымі дзяржаўнымі і грамадскімі арганізацыямі.

Значным рэсурсам грамадзянскага і патрыятычнага выхавання навучэнцаў з’яўляецца ўзаемадзеянне з грамадскімі аб’яднаннямі БРСМ, БРПА, іншымі маладзёжнымі аб’яднаннямі, рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем “Белая Русь”, прафсаюзнымі і ветэранскімі арганізацыямі. Фарміраванне лідарскіх якасцей і вылучэнне ўласных ініцыятыў, вопыт новых сацыяльных адносін і творчасці, магчымасць для самарэалізацыі — вось асноўныя стымулы, якія прадастаўляюцца навучэнцам і робяць грамадскія аб’яднанні ўнікальным сацыяльным інстытутам. Асаблівую ўвагу неабходна надаваць садзейнічанню рэалізацыі маладзёжных грамадска значных ініцыятыў і праектаў. Неабходна сфарміраваць нарматыўнае прававое поле для ўзаемадзеяння дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў з адукацыйнымі арганізацыямі.

Адным з галоўных напрамкаў выхаваўчай работы з’яўляецца пашырэнне мер падтрымкі таленавітай моладзі: сацыяльна значных і грамадскіх ініцыятыў моладзі, органаў вучнёўскага і студэнцкага самакіравання, дзейнасці дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў; укараненне інавацыйных форм і метадаў вырашэння актуальных праблем моладзі сіламі самой моладзі; стварэнне ўмоў для самаразвіцця і самарэалізацыі моладзі ў інтарэсах краіны.

Важнымі ўмовамі для развіцця вучнёўскага самакіравання з’яўляюцца гатоўнасць адміністрацыі ўстановы адукацыі падтрымаць новыя справы, праекты школьнікаў, прапанаванне самімі вучнямі новых ідэй, ініцыятыў, удзел іх у калектыўнай творчай дзейнасці.

Важна, каб ужо сёння маладыя грамадзяне былі гатовыя да актыўнага ўзаемадзеяння з дзяржавай, удзелу ў прыняцці адказных рашэнняў. На сустрэчы з навучэнцамі “Моладзь. Погляд у будучыню” кіраўнік дзяржавы падтрымаў ініцыятыву стварэння Рэспубліканскага маладзёжнага парламента.

— Актуальным напрамкам застаецца фарміраванне ў навучэнцаў навыкаў здаровага ладу жыцця. Напэўна, у папулярызацыі заняткаў фізкультурай і спортам мэтазгодна было б выкарыстаць і Еўрапейскія гульні, якія ў нас пройдуць?

— Адназначна, так. Мы ідзём па шляху актыўнага фарміравання ў падрастаючага пакалення адказных адносін да свайго здароўя, садзейнічання навучэнцам у набыцці ведаў, развіцця ў іх уменняў і навыкаў здаровага ладу жыцця, маральных, бяспечных і адказных паводзін, у тым ліку ў інтэрнэт-прасторы. Установы адукацыі павінны наладзіць эфектыўнае ўзаемадзеянне з сем’ямі вучняў у вырашэнні гэтай праблемы, забяспечыўшы шырокую інфармацыйную кампанію па пытаннях мэтазгоднасці абмежавання доступу дзяцей да пэўных сайтаў, прыняць усе неабходныя меры, якія абароняць дзяцей ад уцягвання ў актыўныя дэструктыўныя супольнасці і гульні з суіцыдальным кантэнтам.

У рамках ажыццяўлення прафілактыкі супрацьпраўных паводзін непаўналетніх неабходна забяспечыць на належным узроўні іх занятасць у вольны час, укараняць новыя, інтэрактыўныя формы работы з навучэнцамі, забяспечыць прысутнасць максімальнай колькасці вучняў пры правядзенні прафілактычных мерапрыемстваў, у тым ліку ў шосты школьны дзень, пашыраць прававую асвету.

У лік напрамкаў развіцця выхаваўчай работы варта аднесці павышэнне эфектыўнасці фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы ва ўстановах адукацыі. Папулярызацыі заняткаў фізкультурай і спортам будуць спрыяць II Еўрапейскія гульні, якія пройдуць у Мінску ў наступным годзе. Гэта значная міжнародная спартыўная падзея павінна знайсці сваё адлюстраванне ў выхаваўчай рабоце ўстаноў адукацыі: у правядзенні фізкультурна-аздараўленчых і спартыўных мерапрыемстваў, інфармацыйных і класных гадзін, конкурсаў малюнкаў, плакатаў, відэаролікаў, а таксама на інфармацыйных стэндах, інтэрнэт-сайтах устаноў адукацыі, у час сустрэч з вядомымі спартсменамі.

— Якія падыходы адлюстраваны сёння ў эканамічным выхаванні дзяцей і моладзі?

— Змены, якія адбываюцца ў сусветнай супольнасці, арыентацыя на павышэнне эфектыўнасці і мадэрнізацыі эканомікі, развіццё прадпрымальніцкай, дзелавой ініцыятывы, беражлівасці актуалізуюць неабходнасць фарміравання эканамічнай і фінансавай дасведчанасці падрастаючага пакалення. Фінансавая дасведчанасць забяспечвае разуменне ключавых фінансавых паняццяў і выкарыстанне атрыманай інфармацыі для прыняцця рашэнняў, якія будуць спрыяць эканамічнай бяспецы і дабрабыту людзей: аб тратах і зберажэннях, выбары адпаведных фінансавых інструментаў, планаванні бюджэту, назапашванні сродкаў на будучыя мэты.

Эканамічнае выхаванне накіравана на фарміраванне эканамічнай культуры асобы, якая характарызуецца пэўным узроўнем эканамічных ведаў, уменняў і навыкаў дзелавой актыўнасці, гатоўнасцю прымаць аптымальныя рашэнні ў рэальнай жыццядзейнасці, развіццём такіх сацыяльна запатрабаваных асобасных якасцей, як ініцыятыва, прадпрымальнасць, самастойнасць, адказнасць, упэўненасць у сабе, імкненне да дасягненняў і паўнавартаснай самарэалізацыі.

Найважнейшымі кампетэнцыямі эканамічна выхаванага маладога чалавека павінны стаць беражлівыя адносіны да навакольнага свету, павага да ўласнасці, працы, вынікаў дзейнасці, уменне прымаць рашэнні і адказваць за іх наступствы, мадэляванне эфектыўных эканамічных паводзін, уменне правільна паводзіць сябе ў свеце каштоўнасцей, вызначаць сваё месца ў жыцці.

У якасці базавых тэхналогій эканамічнага выхавання найбольш выніковымі з’яўляюцца гульнявыя тэхналогіі (дзелавыя, ролевыя, імітацыйныя, арганізацыйна-дзейнасныя, трэнінгавыя, камунікатыўныя гульні), тэхналогіі праектавання, праблемнага (аналіз эканамічных сітуацый) і развіццёвага навучання. Вучэбны праект з’яўляецца таксама адным з найбольш эфектыўных сродкаў фарміравання эканамічнай кампетэнцыі, выкарыстанне якога дазваляе навучэнцам самастойна фармуляваць вучэбную праблему, ажыццяўляць збор неабходнай інфармацыі, планаваць магчымыя варыянты вырашэння праблемы, рабіць высновы, аналізаваць сваю дзейнасць, фарміруючы новае веданне і набываючы новы навучальны і жыццёвы вопыт.

Змест эканамічнага выхавання рэалізуецца пры дапамозе развіцця маладзёжнага прадпрымальніцтва, далучэння дзяцей і моладзі да сацыяльна значнай дзейнасці праз стварэнне і функцыянаванне вучэбных фірм, кампаній, тэхнапаркаў, бізнес-інкубатараў, стартап-цэнтраў і г.д. Стымулюючую ролю ў рэалізацыі зместу эканамічнага выхавання адыгрываюць спаборніцкія мерапрыемствы, канферэнцыі, фестывалі, кірмашы, аўкцыёны, алімпіяды, трэнінгі, выставы, конкурсы, круглыя сталы, экскурсіі, дзелавыя гульні і інш.

— Наколькі важна сёння працоўнае і прафесійнае выхаванне?

— Інавацыйнае развіццё нашай краіны, канкурэнтаздольнасць ва ўсіх сферах вытворчасці прымяркоўвае неабходнасць асэнсавання новых тэндэнцый у тэорыі і практыцы працоўнага і эканамічнага выхавання навучэнцаў.

Сёння актуальнай задачай з’яўляецца выхаванне чалавека працы, павагі да працы і да людзей працы, імкненне да працоўных дасягненняў; фарміраванне патрэбы працаваць; далучэнне навучэнцаў да сацыяльна значнай дзейнасці, да асэнсаванага выбару прафесіі. Працоўнае выхаванне накіравана на фарміраванне адказнасці, самастойнасці, канкурэнтаздольнасці, ініцыятыўнасці, прадпрымальнасці. Змест працоўнага выхавання ўключае фарміраванне прафесійнай культуры асобы, патрэбы ў працоўнай дзейнасці, паэтапнае развіццё ў навучэнцаў працоўных уменняў і навыкаў, усведамленне імі працоўнай і разумовай актыўнасці як умовы сацыяльнай і асобаснай паспяховасці, азнаямленне з магчымасцямі асобаснага і прафесійнага станаўлення.

Сёння неабходна садзейнічаць павышэнню эфектыўнасці працоўнага выхавання падлеткаў, укараненню новых падыходаў да арганізацыі прафарыентацыйнай работы. Актуальным з’яўляецца распаўсюджванне вопыту ўдзелу навучэнцаў у прадпрымальніцкай дзейнасці праз рэспубліканскія і міжнародныя праекты эканамічнай накіраванасці, у тым ліку трэнінгі “Маладзёжнае прадпрымальніцтва”, “Пошук бізнес-ідэй”, “Роля іншых прафесій у маёй справе”, “Кар’ерны рост выпускніка прафесійна-тэхнічнага каледжа”, “Павышэнне матывацыі да стварэння ўласнага бізнесу”.

Прафесійнае станаўленне навучэнцаў накіравана на самарэалізацыю асобы ў вучэбна-прафесійнай дзейнасці, развіццё імкнення да свядомага выбару прафесіі, фарміраванне ўяўленняў аб рынку працы, запатрабаванасці і перспектыў прафесіі, якасцей сучаснага прафесіянала і яго ключавых кваліфікацый, прафесійнай кампетэнтнасці і рознабаковага развіцця асобы (веданне замежнай мовы, сучасных інфармацыйных тэхналогій, асноў эканомікі і менеджменту), лідарскіх якасцей і арганізатарскіх здольнасцей.

— Эдуард Валянцінавіч, відавочна, што неабходна павысіць бацькоўскую адказнасць за выхаванне дзяцей.

— Увогуле, калі гаварыць пра зносіны школы і сям’і, то мы павінны наладзіць надзейны мост для ўзаемадзеяння ўстановы адукацыі і бацькоў нашых навучэнцаў. У сучасных умовах узаемадзеянне з бацькамі, ацэнка імі якасці навучання і выхавання павінны абавязкова прымацца да ўвагі, пры гэтым не быць крыніцай канфліктаў і апазіцыі, а станавіцца стымулам для педагогаў, прадметам гонару за дасягненні ўстановы адукацыі.

Неабходна павысіць бацькоўскую адказнасць за выхаванне дзяцей, педагагічную кампетэнтнасць бацькоў і асоб, якiя iх замяняюць, па падрыхтоўцы навучэнскай моладзі да сямейнага жыцця. У гэтай рабоце павінны ўлічвацца індывідуальныя запыты бацькоў, выкарыстоўвацца аналіз даных аб становішчы дзіцяці ў сям’і, актыўныя і інтэрактыўныя метады ўзаемадзеяння, прапаганда пазітыўнага вопыту сямейнага выхавання. Да ліку першарадных задач падтрымкі сям’і і развіцця сістэмы сямейнага выхавання ставіцца задача распрацоўкі эфектыўных метадаў павышэння педагагічнай культуры бацькоў (законных прадстаўнікоў) дзяцей, падтрымка дзейнасці бацькоўскіх асацыяцый і іншых форм сацыяльных ініцыятыў бацькоўскай грамадскасці.

Інтэрв’ю запісала Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.