У стане халоднага супрацьборства

- 10:35Інфармацыйная гадзіна

19 лютага ў Эквадоры прайшлі чарговыя ўсеагульныя выбары. Вынікі адкрыта зазначаюць, што дзесяць гадоў кіравання левага прэзідэнта Рафаэля Карэа не прайшлі дарма. Ад сацыялістычных эксперыментаў выбаршчыкі пачалі стамляцца. Тры тэрміны, пачынаючы з 2006 года, колькасць галасоў за самога Карэа і яго аднапартыйцаў расла. На чацвёрты тэрмін Карэа пайсці не рызыкнуў, нягледзячы нават на тое, што яго прыхільнікі набралі 1,2 млн подпісаў (пры неабходных 920 тысячах) за рэферэндум аб унясенні змен у Канстытуцыю. На выбарах 2013 года ў парламент прэзідэнцкая партыя ПАІС атрымала 100 са 137 мандатаў у парламенце, забяспечыўшы сабе дамінаванне і ў выканаўчай, і ў заканадаўчай уладзе.

Вынікі цяперашняга галасавання адкрыта паказваюць, што талеркі з масавым выбаршчыкам у левых яшчэ не пабіты, але задумацца пра збор чамаданаў прыйшоў ужо час. Па выніках цяперашняй выбарчай кампаніі ў Нацыянальную асамблею ў ПАІС засталося 67 галасоў, апазіцыя мае 64. Яшчэ не падведзены вынікі галасавання сярод эквадорскай дыяспары, якая мае 6 месцаў у парламенце, але далёка не факт, што ўсе дэпутаты будуць падтрымліваць менавіта прыхільнікаў Карэа. Так што шансы страціць кантроль над парламентам у сацыялістаў вялікія.

Варта адзначыць, што 137 членаў Нацыянальнай асамблеі выбіраюцца трыма спосабамі: 116 дэпутатаў — у аднамандатных акругах з выкарыстаннем сістэмы адноснай большасці, 15 чалавек выбіраюцца ад агульнанацыянальнай выбарчай акругі з выкарыстаннем прапарцыянальнага прадстаўніцтва, 6 парламентарыяў выбіраюцца ў трох двухмандатных акругах, прадстаўляючы ў парламенце эквадорцаў, якія жывуць за мяжой. Галасаванне з’яўляецца абавязковым для выбаршчыкаў ва ўзросце ад 18 да 65, за выключэннем непісьменных. У выбарах могуць удзельнічаць асобы, якія дасягнулі 16 гадоў, а таксама замежныя грамадзяне, якія легальна жывуць у Эквадоры на працягу пяці гадоў. Не дапускаюцца асобы, прызнаныя тымі, хто знаходзіцца ў стане поўнай адсутнасці памяці, асуджаныя за махлярства ў дзяржаўным сектары або на выбарах, алкаголікі, бамжы і неплацельшчыкі падаткаў.

Што да прэзідэнцкіх выбараў, то там упершыню з 2006 года будзе другі тур, які патэнцыяльна пагражае пройгрышам леваму кандыдату былому віцэ-прэзідэнту (у 2007—2013 гадах) Леніну Марэне (імя ён атрымаў ад бацькоў, якія захапляліся камумнізмам і Кастрычніцкай рэвалюцыяй). З 1998 года Марэна прыкаваны да інваліднай каляскі з-за ранення, атрыманага пры спробе абрабавання. Да выбараў ён займаў пасаду спецыяльнага пасланніка генсека ААН па пытаннях інваліднасці і даступнасці. Для перамогі кандыдату ад левых не хапіла зусім мала. Каб стаць прэзідэнтам, у першым туры неабходна набраць больш за 50% галасоў або больш за 40%, калі адрыў ад найбліжэйшага саперніка складзе не менш за 10%. Марэна атрымаў 39,3%, а яго найбліжэйшы канкурэнт — экс-банкір Гільерма Ласа — 28,1%.

23 лютага Нацыянальны выбарчы савет аб’явіў пра неабходнасць правядзення 2 красавіка другога тура галасавання, таму што ніхто з кандыдатаў не змог набраць колькасць галасоў для перамогі ў першым. Гэтаму папярэднічалі бурныя выступленні ва ўсіх буйных гарадах Эквадора з-за затрымкі з абвяшчэннем вынікаў першага тура. Нягледзячы на запэўніванні пра хуткі падлік галасоў, з улікам “самых сучасных тэхналогій”, улады перанеслі абвяшчэнне вынікаў прэзідэнцкіх выбараў на тры дні. У апазіцыі стварылася ўражанне, што для Марэна хацелі дацягнуць 0,7%, якіх не хапала для перамогі, але ніякія метады не дазволілі настолькі яўна сфальсіфікаваць вынікі галасавання.

Рафаэль Карэа, які пакідае сваю пасаду 24 мая, заваяваў яе дзякуючы сваёй антыамерыканскай рыторыцы, сацыялістычным лозунгам і абяцанням пазбавіцца традыцыйна карумпіраванага палітычнага класа. У заслугу прэзідэнту, які сыходзіць, ставяць паляпшэнне эканамічнай сітуацыі, змяншэнне колькасці бедных, умацаванне адукацыйнага ўзроўню грамадзян. Але пакідае ён прэзідэнцкае крэсла на фоне карупцыйнага скандалу, які разгараецца і закранае ўвесь кантынент: ЗША пачалі расследаванні махінацый бразільскай кампаніі Оdebrecht, падчас якіх высветлілася, што ўлады шэрага лацінаамерыканскіх краін атрымлівалі мільённыя хабары. У спіс тых, хто атрымліваў хабары за выгадныя кантракты, увайшлі чыноўнікі Аргенціны, Калумбіі, Дамініканскай Рэспублікі, Эквадора, Гватэмалы, Мексікі, Панамы і Перу. У Эквадоры ў скандале замешаны былыя і дзеючыя службовыя асобы з блізкага акружэння Рафаэля Карэа.

Нягледзячы на значны адрыў, Ленін Марэна не можа быць упэўнены ў перамозе. Больш за тое, у цяперашніх выбарах прынялі ўдзел восем кандыдатаў. Сем з іх так ці інакш прадстаўлялі радыкальныя або ўмераныя, але правыя сілы апазіцыі. Цяпер, безумоўна, яны аб’яднаюцца, каб прывесці ва ўладу Гільерма Ласа. Кандыдат ад правай Сацыял-хрысціянскай партыі Сінція Вітэры, якая заняла трэцяе месца (16,3%), ужо заклікала да гэтага сваіх выбаршчыкаў. У выпадку поспеху Ласа ад былога нефармальнага саюза левых у Лацінскай Амерыцы застануцца толькі Венесуэла, Куба, Балівія і Нікарагуа. Аргенціна, Перу і Бразілія з гэтай кагорты ўжо выбылі.

Прэзідэнт Карэа ўпэўніў, што калі апазіцыя пераможа 2 красавіка, то яго рух аддасць уладу без супраціўлення, заявіўшы, праўда, пры гэтым, што “Ласа — горшае, што можа адбыцца з краінай”. Так што супрацьстаянне правых і левых не скончыцца, Эквадор застанецца ў стане халоднага супрацьборства як мінімум на чатыры гады.

Алег ВЯРЦІНСКІ.