Развіццё навукі і адукацыі павінна стаць адной з галоўных тэм Усебеларускага народнага сходу. Такое меркаванне выказаў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Ігар Марзалюк.
“Калі мы не будзем удзяляць развіццю навукі, адукацыі і культуры належнай увагі, то ў краіны не будзе сур’ёзнага руху наперад, тэхнічнага і эканамічнага прарыву, — упэўнены дэпутат. — На мой погляд, неабходна, каб навука і адукацыя былі аднымі з галоўных прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі. Тады ў краіне будуць і фундаментальныя, і прыкладныя тэмы, і прарыўныя тэхналогіі. Без навукі немагчыма стварыць канкурэнтаздольную эканоміку, канкурэнтнае грамадства”.
Ігар Марзалюк лічыць, што роля выкладчыка і настаўніка павінна стаць больш важкай у грамадстве. “Успомніўшы словы Ота фон Бісмарка, які сказаў, што ўсе войны ў свеце выйграе звычайны настаўнік матэматыкі, можна перафразаваць іх: у сучаснай канкурэнтнай барацьбе выйграюць тыя, у каго добрыя настаўнікі”, — лічыць дэпутат. На яго думку, таксама неабходна больш дыферэнцыравана падыходзіць да вучэбнага працэсу. Дрэнна вучышся (маеш толькі 10—15 працэнтаў па профільных дысцыплінах) — не зможаш зрабіць нармальную кар’еру, уладкавацца на прэстыжную работу. Калі ў студэнта або навучэнца паказчык 60 працэнтаў, — гэта ўжо зусім іншы шлях і перспектыва ў працоўнай дзейнасці.
Па словах Ігара Марзалюка, усе чакаюць ад народнага веча, якое мае адбыцца, і адказу на пытанне, якім чынам Беларусь у найбліжэйшай будучыні будзе выбудоўваць эканамічную палітыку. “Мы павінны вырашыць разам, якая эканамічная палітыка для краіны будзе найбольш аптымальнай. І тут мы павінны арыентавацца на развітыя краіны, пераймаць іх лепшы вопыт па падтрымцы і развіцці малога і сярэдняга бізнесу, стварэнні рабочых месцаў, нарошчванні выпуску і экспарту тавараў з высокай дабаўленай вартасцю”, — падагульніў Ігар Марзалюк.