У супрацоўніцтве з чэшскімі медыяпедагогамі

- 10:56Адукацыйная прастора

У канцы мая гімназію № 1 імя Ф.Я.Перца Пінска наведала Іна Шмакава, прадстаўніца Асацыяцыі па міжнародных пытаннях (АМО) Чэшскай Рэспублікі. Асацыяцыя займаецца праектамі ў сферы адукацыі, падтрымкай медыяадукацыйных праектаў у Беларусі, і наша гімназія атрымала ў падарунак тэхнічныя сродкі для стварэння школьнага тэлебачання. Мы ўжо два гады працуем у інавацыйным праекце “Укараненне мадэлі фарміравання медыякультуры вучняў ва ўмовах сучаснага інфармацыйна-камунікацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі”.

Пачынаць працу над праектам было няпроста, але з дапамогай куратараў, метадыста Нацыянальнага інстытута адукацыі Алены Мікалаеўны Палейка і начальніка цэнтра прафесійнага развіцця і інавацыйнай адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Алены Уладзіміраўны Радзевіч, быў распрацаваны план праекта і пачалася праца. Нашаму актыўнаму ўдзелу ў праекце садзейнічала супрацоўніцтва з чэшскімі педагогамі. На пачатку нашай працы над праектам, у 2016 годзе, у столінскай сярэдняй школе № 2 праводзіўся семінар з удзелам чэшскіх педагогаў, які наведала амаль уся наша творчая група настаўнікаў.

А ў гэтым навучальным годзе педагогі з Чэхіі выступалі і ў нашай гімназіі. На семінарах, якія праводзілі чэшскія медыяадукатары ў Беларусі, яны шчодра дзяліліся сваімі напрацоўкамі. Напрыклад, Іржы Бенэш прапаноўвае вучням прадставіць горад, у якім яны жывуць, пры дапамозе розных медыя (зрабілі рэферат, электронную кнігу, відэаролік). Такая праца карысная для вучняў тым, што ідзе развіццё крытычнага мыслення, чытацкай пісьменнасці, развіццё кагнітыўных функцый, мысліцельны аналіз і сінтэз, характарыстыка медыя, развіццё агульнага ўяўлення, знаёмства з горадам, у якім жывуць, трэніроўка разважанняў, арыентацыя ў інфармацыі, параўнанне інфармацыі, выбар інфармацыі, планаванне.

Павел Мартыноўскі прапанаваў цікавыя прыёмы работы на ўроках гісторыі і грамадазнаўства: кніжныя гравюры як медыятэксты, якія мэсыджы (паведамленні) яны ўтрымліваюць? Параўнанне розных медыятэкстаў, чаму карыкатура можа сказаць больш, чым фота? Фота як ключавое пытанне ці жывая эмоцыя, якая звязвае гістарычны матэрыял з асабістым вопытам навучэнца. Расказаў, як можна выкарыстоўваць карыкатуру ў якасці праблемнага пытання па розных тэмах, як выкарыстоўваць гістарычныя карты ў якасці сродкаў фарміравання крытычнага мыслення вучняў.

Іржы Трунда пазнаёміў з тым, як медыяадукацыя інтэгравана ў школьную вучэбную праграму, дзе прапісана, якія навыкі і ўменні павінны атрымаць вучні па медыяадукацыі, як медыяадукацыя рэалізоўваецца ў рамках праекта школьнага часопіса. Уладзімір Фойст расказаў аб праекце “Школьны дакументальны клуб як адзін са сродкаў медыяадукацыі”. У гэтым праекце навучэнцы вучацца працаваць у камандзе, асвойваюць тэхніку, праграмы для апрацоўкі відэа, набываюць рытарычныя навыкі, развіваюць камунікатыўныя здольнасці, маюць магчымасць быць паспяховымі ў школьным асяроддзі і рэалізацыі ўласных ідэй, атрымліваюць прафесійную арыентацыю, папулярызуюць сваю школу ў горадзе і рэспубліцы.

Такія сустрэчы дапамаглі настаўнікам нашай гімназіі вызначыцца, у якім кірунку рухацца далей, паспрыялі творчай актыўнасці. Настаўнікі і самі паступова пачалі праводзіць майстар-класы, напрыклад, майстар-клас педагогаў В.Ю.Рагашчук і Н.Ф.Клімянковай для настаўнікаў Пінска — “Стварэнне медыяпрадукту (на прыкладзе рэкламы)”, падчас якога аналізаваліся гатовыя рэкламныя відэаролікі і ствараліся свае на тэму сацыяльнай рэкламы (супраць дзіцячага насілля) і рэкламы навучальнай установы. Падчас правядзення Тыдня медыякультуры В.Ю.Рагашчук і Н.Ф.Клімянкова правялі ток-шоу для вучняў 10—11 класаў “Мы — медыядасведчаныя” і конкурс “Аб прафесіях на англійскай мове”, для якога вучні 7—11 класаў стваралі відэаролікі пра сваю будучую прафесію. Н.Ф.Клімянкова прыняла ўдзел у гарадскім конкурсе распрацовак урокаў “Мультымедыйны ўрок”. Вучням вельмі спадабалася квест-гульня “Медыязнайка”. Я на форуме сацыяльна-педагагічных інавацый у Іванаве Брэсцкай вобласці правёў майстар-клас “Стварэнне квест-гульні для выкарыстання на вучэбных занятках і пазакласнай дзейнасці”.

Актыўна і творча ўключыліся ў працу і нашы гімназісты: выпускалі газету “Мерыдыян”, бралі інтэрв’ю ў гасцей, якія наведвалі гімназію, а гэта вядомая спартсменка Аліна Талай і тэлевядучы Юрый Жыгамонт, чэшскія педагогі Павел Мартыноўскі і Іржы Бенэш (інтэрв’ю з нашымі гасцямі былі прадстаўлены на гарадскім конкурсе “Школа-прэс—2017”, вучаніцы 10 класа Кацярына Міранюк і Кацярына Васько атрымалі дыплом І ступені), актыўна ўдзельнічалі ў разнастайных творчых гарадскіх і рэспубліканскіх конкурсах, напрыклад, вучаніца 5 класа Аляксандра Капацкевіч прыняла ўд зел у рэспубліканскім конкурсе “І складаюцца самыя дзівосныя казкі…”, які праводзіў музей Якуба Коласа, дзе атрымала дыплом ІІ ступені за казку “Расінка”.

Вучаніца 9 класа Валерыя Стралец атрымала дыплом на конкурсе апавяданняў на англійскай мове, які праводзіўся ў рамках Міжнароднага кніжнага кірмашу пасольствам Вялікабрытаніі. Вучаніца гімназіі Дар’я Лемяшэўская атрымала дыплом рэспубліканскага фотаконкурсу “Мой Максім Багдановіч” (праводзіўся музеем Максіма Багдановіча). Даша таксама прыняла ўдзел і ў Рэспубліканскім конкурсе работ творчай моладзі “Залатое пяро “Белай Русі — 2017” у намінацыі “Сямейны альбом”. Яна перамагла ў гарадскім і абласным этапах конкурсу, а ў заключным рэспубліканскім этапе атрымала дыплом ІІІ ступені.

Вучні 11 класа прынялі ўдзел у IV Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”. Буктрэйлер да беларускай народнай казкі “Залаты птах”, які стварылі вучні, атрымаў дыплом І ступені на гарадскім этапе конкурсу, дыплом ІІІ ступені на абласным этапе, на заключным рэспубліканскім этапе ўзнагароджаны дыпломам ІІІ ступені і дыпломам Рэспубліканскай выставы дзіцячай творчасці. У мінулым навучальным годзе Вераніка Буткевіч атрымала дыплом ІІ ступені ў Міжнародным конкурсе эсэ “Па той бок экрана”. У гэтым навучальным годзе вучні таксама актыўна прынялі ўдзел у гэтым конкурсе, чакаем падвядзення вынікаў.

Праца ў праекце садзейнічала абуджэнню творчасці вучняў, спрыяла раскрыццю талентаў, бо, працуючы з медыятэкстамі, вучымся аналізу і стварэнню сваіх. Пасадзейнічае гэтаму і наша школьнае тэлебачанне, якое пачнём ствараць з наступнага навучальнага года, а ў гэтым месяцы ў летнім лагеры вучні паспрабуць свае сілы ў якасці рэжысёраў, сцэнарыстаў, відэааператараў, мантажораў.

Павел ЛІЧЭЎСКІ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 імя Ф.Я.Перца Пінска.
Фота аўтара.