У супярэчанні з інтарэсам саюзніцкіх і добрасуседскіх адносін

- 9:45Інфармацыйная гадзіна

Заява Прэм’ер-міністра Расіі Дзмітрыя Мядзведзева па газавым пытанні, зробленая ім у Бішкеку на нядаўнім пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета, супярэчыць інтарэсам саюзніцкіх і добрасуседскіх адносін Беларусі і Расіі. Такое меркаванне выказаў у размове з журналістамі расійскі эксперт доктар палітычных навук Аляксей Бінецкі.

Эксперт канстатаваў, што ў Расіі не так шмат важных геастратэгічных саюзнікаў: гэта Беларусь на заходнім напрамку, Казахстан на ўсходзе і Арменія на поўдні. “Такая заява супярэчыць інтарэсам Саюзнай дзяржавы, яна супярэчыць інтарэсам саюзніцкіх і добрасуседскіх адносін”, — адзначыў Аляксей Бінецкі.

Гаворачы аб цане газу і нафты, эксперт нагадаў, што ў сваім выступленні ў Бішкеку Дзмітрый Мядзведзеў не намякнуў, а адкрыта сказаў, што адносна Беларусі гэтыя цэны могуць быць даведзены да ўзроўню еўрапейскіх. “Якія на самай справе еўрапейскія цэны, аб гэтым ніхто не ведае, таму што дагавор паміж Газпрамам і Рургазам, падпісаны шмат гадоў назад, з’яўляецца абсалютным сакрэтам, — сказаў Аляксей Бінецкі. — Акрамя таго, цэнаўтварэнне на нафту і газ не залежыць ад колькасці нафты і газу ў трубе. Колькі нафты і газу ў трубе, дакладна ніхто не ведае. Цана залежыць ад іншых фактараў, у асноўным палітычных”.